Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа.
15 верасня ў нашай краіне шырока адзначалася свята – Дзень бібліятэк Беларусі, якое было ўстаноўлена ў 2001 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дата тады была выбрана невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень 96 гадоў таму адкрылася Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Гэта самае буйное кнігасховішча краіны, бібліятэчны фонд якога налічвае каля 10 мільёнаў адзінак. Ініцыятарам свята ў той час выступіла Беларуская бібліятэчная асацыяцыя. Сёння бібліятэкі – гэта шматфункцыянальныя ўстановы, якія паспяхова выконваюць інфармацыйную, сацыякультурную, адукацыйную, камунікатыўную функцыі.
Пачатак 70-х гадоў мінулага стагоддзя. У маёй хатняй бібліятэцы ў Пугачах, акрамя школьных падручнікаў, усяго толькі дзве мастацкія кніжкі – «Палескія рабінзоны» Янкі Маўра і «Мы з Санькам у тыле ворага» Івана Сяркова. «Рабінзонаў» выменяў у суседа за бацькаў сцізорык, а кніжку пра Саньку купіла ў Гарадку мама. І я марыў пра бібліятэку, як у калгасным клубе. І тут на табе – прыходзіць мама і кажа: «Наш прадсядацель з’язджае і нам аддае газавую пліту, этажэрку і кучу кніжак…» І цэлых паўдня я насіў дахаты тыя кніжкі, не ўчытваючыся ў іх назвы. На этажэрку ўсе не ўлезлі. Астатнія занёс на гарышча. І вось стаў чытаць. Ніводнай мастацкай – адны матэрыялы партыйных з’ездаў, пленумаў і г. д. Ды ўсё ж бярог я тыя таміны і гартаў іх, спадзеючыся натрапіць на тое, пра што марылася.
Мне хацелася мець сваю бібліятэку. І я пачаў паціху выкупляць у сяброў кніжкі. Аднак мая бібліятэка збіралася вельмі марудна. І тут мой аднакласнік Сашка параіў украсці з калгаснай бібліятэкі пару кніжак, якія мне найбольш хочацца мець. А ў мяне на той час не было ніводнай кніжкі вершаў. І пайшоў я з Сашкам на злачынства. Пакуль мой сябар размаўляў з бібліятэкаркай, я ўзяў з паліцы зборнік вершаў Міхася Чарота і схаваў за пазуху. На большае не адважыўся…
У канцы 70-х калгасную бібліятэку з клуба перавезлі да Вярбіцкай, якая жыла адна ў вялікай хаце. Прыязджаючы з Мінска, я забягаў у гэту бібліятэку. Бібліятэкарка, жанчына адукаваная, ведала ўсё, што ёсць у яе гаспадарцы, і спецыяльна да майго прыходу падбірала выданні, якія могуць мяне зацікавіць. Усё ў бібліятэцы было добра летам, а восенню пацякла страха, і кніжкі намоклі. І сумна было глядзець на гэта багацце, якое не ўсім патрэбна…
Заходзячы ў вёсцы ў хаты сяброў, я шукаў месцы, дзе могуць быць кніжкі. Але часцей за ўсё, акрамя газет, у хаце не было чаго чытаць. Людзям было не да кніжак. І ўсё ж былі дзівакі (чамусьці іх называлі дурнямі) і ў нашай вёсцы, якія, нават пасучы кароў, бралі з сабой кніжку…
Мой дзядзька Славік, набадзяўшыся па свеце, вярнуўся на нейкі час у Пугачы да бацькоў. Сышліся суседзі, каб паглядзець, якога гэта ён багацця навёз цэлую машыну. І калі ўбачылі, што выгружаюцца кніжкі, пасмяяліся і разышліся. Адзін я быў задаволены – дзядзька дазволіў мне тое-сёе выбраць сабе. Сярод некалькіх была кніжка пра Гулівера. Я і сёння памятаю тыя ілюстрацыі, што ў ёй былі надрукаваны.
Прыехаўшы ў Мінск і не маючы на кніжкі грошай, я хадзіў па кнігарнях і там іх чытаў. Асабліва добра атрымлівалася з паэзіяй. У гарадскую бібліятэку запісацца мне ў галаву не прыходзіла. Аднак у мяне былі сябры, якія мелі цудоўныя хатнія бібліятэкі і якія не шкадавалі даць пачытаць кніжку.
Адзін з маіх сяброў, закончыўшы філфак, нейкі час напачатку 90-х працаваў вясковым бібліятэкарам. Можа б, і сёння працаваў, калі б не было сям’і, якую трэба карміць. А чытачоў у яго было мала – амаль адны школьнікі, і то ў час вучобы. Аднак не шкадуе, што быў бібліятэкарам, бо начытаўся, як прафесар.
У 1999 годзе на сваёй юбілейнай вечарыне лаўрэат літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа Максім Лужанін з вышыні сваіх 90 гадоў сказаў: “На пачатку стагоддзя ў нашых бібліятэках беларускіх кніжак можна было пералічыць на пальцах. Цяпер у нас ёсць свае слоўнікі, энцыклапедыі – усё, што трэба, каб беларусы адчувалі сябе нацыяй, таму Беларусь была, ёсць і будзе!”
І сапраўды на сённяшні дзень у нас у бібліятэках ёсць усё, што душа пажадае, бо бібліятэка – гэта скарбніца, дзе захоўваюцца залатыя Словы нашай нацыі.
Бібліятэка – гэта наш Рым, у які ў кожнага з нас павінна быць свая дарога.
Бібліятэка – гэта адзін з вялікіх кітоў, на якім трымаецца наша адукацыя.
Бібліятэка – гэта мара кожнага дзіцяці, якое навучылася чытаць.
Бібліятэка – гэта цэнтр сусвету беларускага Слова.
Бібліятэка – гэта сонца ў нашых кватэрах, якое ніколі не заходзіць.
Бібліятэка – гэта жывытворная крыніца святла, якая напаўняе нашы душы Верай, Надзеяй і Любоўю.
Бібліятэка – гэта наша мінулае, наш сённяшні дзень і наша будучыня.
Бібліятэка – гэта школа, дзе ты сам вучань і сам настаўнік.
Бібліятэка – гэта наша вечнасць.
І прыходзім мы ў бібліятэку з любоўю і павагай, і бібліятэка прыходзіць у нашы сэрцы з любоўю і павагай.