Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
22.01.2015. Побач з выдавецтвам будуецца дом. Ужо завершаны чацвёрты паверх. Уначы яго зацерушыла снегам. Будаўнікі-туркмены перад тым, як працаваць, зляпілі снегавіка. Надзелі на яго зялёную каску, у якіх ходзяць толькі начальнікі, і доўгі час фатаграфаваліся. Калі фотасесія была скончана, будаўнікі забралі ў снегавіка каску і пакінулі яго ў самоце…
23.01.2015. Слухаю Булата Акуджаву. Адчуванне, нібыта я на ягоным канцэрце ў Цэнтральным доме літаратараў у Маскве. Поўная зала. Праз дзве гадзіны амаль усе прысутныя кінуліся да сцэны, каб атрымаць аўтограф. А я з сябрамі з Літінстытута выйшаў з ЦДЛа і паехаў у інтэрнат…
24.01.2015. У дварах засыпаныя снегам легкавікі, як ложкі з казкі пра прынцэсу на гарошыне…
25.01.2015. Стог саломы ў заснежаным полі, як узыходзячае сонца. Мы з бацькам на санях едзем да яго, і чым бліжэй, тым мне цяплей…
Патэлефанавала сястра Валя і паведаміла, што сёння на 92-м годзе жыцця ў гадзіну ночы памерла цётка Шурка…
26.01.2015. З сястрой Валяй, яе мужам і стрыечнай сястрой Аняй ездзіў у Татары на пахаванне цёткі Шуркі… Абапал дарогі заснежаныя палі і шэра-белыя, месцамі зялёна-белыя лясы. Вясковыя хаты, як намаляваныя… У Татарах жывуць чалавек дзесяць. Вуліца прачышчана ад снегу, а да большасці хат і сцежак няма…
З Лягезаў прыехаў дзядзька Віця, цётка Лёдзя і Валька з Крапіўнікаў. Іх прывёз Вова (сын дзядзькі Віці). З Ракава прыехала цётка Марыя. Яе прывёз Сяргей. Каля цёткі Шуркі былі цётка Аля з дзядзькам Толем і іх сыны Алег і Сяргей з жонкай Светай і сынам Максімам. І яшчэ чалавек пяць вяскоўцаў…
На крыжы напісана: “Раманчык Аляксандра Міхайлаўна. 18.09.1923 – 25.01.2015”. Я прывык цётку называць Шуркай і для мяне Аляксандра, нібыта зусім іншы чалавек…
З Сяргеем цёткі Алі з’ездзілі ў Гарадок па святара. Ад святара даведаліся, што ў Гарадку цяпер жывуць 300 чалавек. Ёсць пачатковая школа, а потым дзеці ездзяць у Аляхновічы. У маіх Пугачах 500 чалавек, а раней у Гарадку было болей людзей…
Святар малады. Усю дарогу расказваў пра сваю паству: “У царкву мала ходзяць. Многія кажуць, што як пойдуць на пенсію, дык тады і ў царкву пойдуць…”
Пасля адпявання прысутныя правялі цётку Шурку да крыжа на канец вёскі, ад якога паехалі ў Пажарышчы на могілкі. Калі б не далакопы з Ракава, не было б каму і труну несці…
Могілкі вялікія. Магілы не густа. Дзе старыя пахаванні, там лес, а на новых толькі кусты і то сям-там… Дол выкапаны глыбокі. Дзядзьку Віцю спадабаўся: “А Ніне выкапалі толькі на метр…”
Пахадзіў па могілках. І тут Шніпоў хапае… Цётку Шурку пахавалі каля мужа, з якім яна пражыла гадоў дзесяць. Першы муж пахаваны ў Маладзечне… З цёткай Аляй схадзілі да магіл, дзе пахаваны яе свёкар са свякрухай… На могілках ціха, як у Бога за пазухай…
Вярнуліся ў хату цёткі Шуркі, дзе ўжо ніколі не будзе цёткі… За памінальным сталом цётка Марыя зноў з пеўчымі з Ракава спявала і вяла ўсю жальбіну па цётцы. Аня папрасіла, каб я сказаў. Сказаў, не ведаю ці спадабалася цётцы Шурцы. Я даўно з ёй не гаварыў…
Пасля стала да мяне падышоў сусед цёткі Шуркі. “А я з Вашым бацькам дваццаць гадоў кароў пасвіў! Харошы быў чалавек! Мне з ім добра было! А я Вас у газетах чытаю!” – абдымаючы мяне, сказаў стары. “А як Вас завуць?” – пацікавіўся я. “Міхаіл Аляксандравіч Брысь! Лёгка запомніць! На ката ўсе крычаць: “Брысь!”, а ў мяне прозвішча такое” – усміхаючыся, адказаў стары…
Развітаўшыся з усімі, паехалі да бацькоў на Ракаўскія могілкі. Перадалі ім паклон ад родных і знаёмых…
Вярнуўся дамоў. Сумна, як у заснежаным полі, дзе сям-там віднеюцца лапікі зямлі і стаяць дробныя адзінокія кусты…
28.01.2015. Збіраемся перавыдаць “Блакадную книгу” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна. Ранкам а дзясятай тэлефанаваў у Санкт-Пецярбург. Дачка Марына папрасіла ператэлефанаваць праз пару гадзін. Данііл Аляксандравіч, якому пайшоў 97-ы год, сам падняў слухаўку і без затрымак адказаў на ўсе мае пытанні. Цікавячыся, на якой мове будзем перавыдаваць “Блакадную книгу”, Данііл Аляксандравіч сказаў, што ён не супраць, калі з цягам часу мы выдадзім і беларускамоўны варыянт…
29.01.2015. Сёння раней звычайнага вярнуўся дахаты. Вячэраю. І раптам бачу: у нас яшчэ навагодняя ялінка стаіць…
Прыязджаў Міхась Казлоўскі. Набраў у лік ганарару кніг “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак”, якую ён укладаў. Гартаючы фаліянт, Міхась узгадаў 1984 год, калі, жывучы ў Маладзечне ў інтэрнаце, ён стварыў мастацкую гасцёўню імя Язэпа Драздовіча. Тады ў Міхася была невялікая бародка, і ён быў падобны да мастака. Нярэдка, калі сустракаўся з некаторымі дзяўчатамі, чуў воклічы: “Прывітанне, Язэп Драздовіч!” Міхасю такое чуць не заўсёды падабалася, і неяк адной знаёмай ён заявіў: “Зіна! Зіна! Каб Бог даў мне зрабіць для Беларусі палову таго, што зрабіў Язэп Драздовіч, я быў бы задаволены, а пакуль што мне да Драздовіча вельмі далёка!” Сёння, гледзячы з любоўю на кнігу, Міхась сказаў: “Не ведаю, што я зрабіў добрага ў гэтым жыцці, але вось кнігу пра Язэпа Драздовіча зрабіў!”
31.01.2015. З Людмілай глядзелі скандынаўскі фільм “Анёлы сусвету”. Дзея адбываецца ў Ісландыі, у бальніцы. Фільм дэпрэсіўны. Узгадалася Ракаўская бальніца і яе пацыенты. У палаце, дзе ляжаў бацька, стаялі тры ложкі. Бліжэй да бацькі ляжаў Вова, мужчына гадоў сарака пяці. З ім можна было пагаварыць. Далей каля акна, захутаўшыся ў коўдру, у час маіх прыездаў заўсёды спаў незнаёмы. Ён хутка памёр. Вова хадзіў па калідорах бальніцы, выходзіў на вуліцу. Размаўляў з маім бацькам. Каб хворым было весялей, я прывёз радыё, якое Людміла даўно купіла ў Берліне падчас паездкі на Дні беларускай літаратуры. Калі бацька памёр, мы нічога бацькавага з бальніцы не забралі. Засталося і нямецкае радыё…
01.02.2015. Раптам засвяціла сонца. І зіма стала такой, як у дзяцінстве, светлай і роднай…
02.02.2015. Ужо амаль два месяцы перад сном чытаю Восіпа Мандэльштама. Па некалькі твораў для роздуму, для суцехі. Нядаўна пачаў верш, прысвечаны паэту:
Бяссонніца. Гамер. У ветразях пажар.
Ты спісак караблёў чытаеш, як малітву.
Не той герой, хто сёння выйграе бітву,
А той, хто, прайграўшы,
не зрачэцца мар…
Заходзіў Вячаслаў Рагойша. Набыў кніжку Язэпа Драздовіча. Нагадаў мне, што сёлета ў нас на радзіме два юбілеі – Валожына і Ракава. Сёння ж я ў сваіх паперах знайшоў верш, які быў напісаны 4 кастрычніка 2002 года і прысвечаны землякам:
Што нам Парыж далёкі,
што нам Кракаў,
І Амстэрдам, і Лондан той сівы.
Мы маем гонар свой, мы маем Ракаў,
Дзе ўсе святлом касцёла і царквы
Асветлены і вечнасці слугуюць,
Ствараюць слову роднаму прасцяг,
І словы тут з анёламі сябруюць,
І не губляюцца ў сівых вяках.
Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем,
І новы дзень не кане ў небыццё,
Бо гэты дзень, нібыта Храм, ствараем,
І будзе ў ім, нібыта Бог, жыццё…
З гэтым вершам я выступаў на Ракаўскіх чытаннях, што праводзіў Вячаслаў Рагойша ў Ракаўскай школе.
03.02.2015. На працы. Гляджу з дзявятага паверха, як па лёдзе на Свіслачы ходзяць дзве дзяўчынкі гадоў па дванаццаць. Ходзяць, узіраючыся праз лёд у цёмную зімовую ваду, нібы шукаюць мяне…
04.02.2015. Снегапад. Снегавік каля легкавушкі, нібы абсыпаны снегам гаспадар машыны, які чакае жонку, а яна ўсё не выходзіць з кватэры, бо збіраецца ў дальнюю дарогу…
05.02.2015. Па замерзлай Свіслачы слізгае снег, як па небе аблокі белыя…
06.02.2015. Быў у Нацыянальным мастацкім музеі. Удзельнічаў у адкрыцці выставы жывапісу і графікі народнага мастака Беларусі Уладзіміра Стэльмашонка (1928-2013) і прэзентацыі кнігі “100 шэдэўраў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”, якая выйшла ў “Мастацкай літаратуры”. Прыйшоў рана, таму нейкі час меў магчымасць спакойна пагаварыць з мастакамі, якія прыйшлі следам за мной. Аляксей Марачкін, даведаўшыся, што выйшла кніжка “Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак”, сказаў: “Калі б я даў свае вершы пра Драздовіча, Шніп мяне б не надрукаваў!” Пачуўшы гэта, Уладзімір Тоўсцік усміхнуўся: “А ты б даў пад пседаўнімам!” “Мой псеўданім усе ведаюць!” – адказаў Аляксей. Георгій Ліхтаровіч прызнаўся, што ўпершыню за вершы (пра Язэпа Драздовіча) яму налічаны ганарар.
Віктар Барабанцаў напомніў, што партрэт Людмілы чакае нас у ягонай майстэрні. Я абяцаў, што хутка забяром падарунак. Алесь Квяткоўскі ў нядзелю едзе ў Магілёў. Клікаў у дарогу. Я адмовіўся. Праўда, хочацца з’ездзіць, але баюся прастыць, бо наступным тыднем будзе кніжная выстава, дзе мяне чакае шмат клопатаў…
11.02.2015. Пачала працу ХХІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. У новым месцы. Праспект Пераможцаў, 14. Прасторна, светла, кніжна, людна…
13.02.2015. На сёлетняй кніжнай выставе-кірмашы галоўным госцем з’яўляецца Кітай. Два дні, як удзельнічаю ў размовах з кітайскімі выдаўцамі і ў сумесных прэзентацыях. Сёння вярнуўся дадому з выставы, як з Кітая…
14.02.2015. Кнігі прыгожыя, як чытачы…
15.02.2015. Кніжная выстава прайшла, а Кнігі і чытачы засталіся…
25.02.2015. “Іосіф Бродскі памёр ад таго, што не авалодаў камп’ютарам. Відаць, і я ад гэтага памру…” – сказаў пісьменнік, просячы мяне дапамагчы знайсці наборшчыцу для новай аповесці…
26.02.2015. Удзельнічаў у першым пасяджэнні Рады па грамадскіх сувязях Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сярод выступоўцаў цікава было паслухаць скульптара Івана Міско, артыста Арнольда Памазана, кампазітараў Ігара Лучанка і Эдуарда Зарыцкага, рэжысёра Барыса Луцэнку, драматурга Аляксея Дударава, кінарэжысёраў Вячаслава Нікіфарава і Аляксандра Карпава-малодшага, мастака кіно і тэатра Уладзіміра Чарнышова, архітэктара Анатоля Шабаліна. Усе гаварылі пра праблемы ў культуры і шляхі іх вырашэння. Напрыканцы выбралі старшыню Рады. Ім стаў цудоўны чалавек і фотамайстар Юрый Іваноў. Вяртаўся дамоў са светлай думкай: “Можа нешта і атрымаецца вартае з нашых пасяджэнняў…”
27.02.2015. Ёсць абмен вопытам, але і ёсць абман вопытам…
02.03.2015. Сніліся Лягезы. Навокал сонечна, зелена і ўсё такое роднае-роднае, нібыта гэта не сон, а ява. Я сяджу на беразе Яршоўкі і лаўлю рыбу, якая ў празрыстай плыні, як ільдзінкі. Раптам паплавок знікае ў вадзе і я выцягваю… сонца, якое праз хвілю пачынае затухаць. Навокал робіцца змрочна, шэра і холадна. Я прачынаюся. На вуліцы віднее, ідзе зімовы дождж, а на дрэвах у двары сядзяць вароны, як выгнаннікі з раю…
Снег растаў. Туман растаў. Дзень растаў. Гляджу на вуліцу праз шкло, як праз расталы снег, як праз туман, як праз дзень, і бачу цемру, як ваду, у якой зацішылася жыццё ў чаканні вясны…
04.03.2015. На возеры ні снегу, ні лёду. Белыя лебедзі, як белыя анёлы, каля берага пачарнелага…
05.03.2015. Быў у БДУ на філфаку. Удзельнічаў у прэзентацыі збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Усе выступоўцы гаварылі, што тэкстолагамі зроблена велізарная праца. Было прыемна чуць добрыя словы і ў адрас супрацоўнікаў “Мастацкай літаратуры”. Потым з выкладчыкамі кафедры, якой загадвае Таццяна Іванаўна Шамякіна, па-сямейнаму пасядзелі за гасцінным сталом. Вяртаўся дахаты з думкай: “Яшчэ ёсць каму вучыць беларускіх настаўнікаў…”
06.03.2015. У мяне па чацвяргах у 13.10 заняткі са студэнтамі 4 курса Інстытута журналістыкі, а па пятніцах у 17.50 са студэнтамі 3 курса. Сёння перад святам я на журфак прыйшоў а палове пятай. Думаў, можа, які верш дапішу, а тут студэнткі з’явіліся. З шасці чалавек ходзяць чатыры. Планаваў закончыць раней, каб паспець на 18.00 на прэзентацыю кнігі свайго даўняга сябра. Разгаварыліся. Праз хвілін сорак я некалькі разоў паўтарыў, што можна разыходзіцца, а дзяўчаты не сталі спяшацца, а адна, найбольш актыўная і прагная да ведаў, сказала: “У нас з Вамі пара самая апошняя на тыдні. Цяпер мы павінны былі б быць на фізкультуры, а мы прыйшлі да Вас, бо нам з Вамі цікава!”
07.03.2015. Снілася мора. Я ў адпачынку. На душы нейкая трывога, і я тэрмінова вяртаюся ў Пугачы, а там усё замецена. Чамусьці адразу не пайшоў да бацькоўскай хаты, а пачаў адкопваць са снегу хату Сашкі Балотніка. Адчыніў дзверы, а там пуста. Тады пабег да роднай хаты, якая ўжо вызвалілася са снегу. Зайшоў у двор. Расчыніліся дзверы, і мне насустрач выйшаў сын Максім, і я прачнуўся…
12.03.2015. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы “З друкарні пана Марціна Кухты”, якая прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння друкара.
14.03.2015. Прагляд харошага фільма, як яшчэ адно пражытае жыццё…