Общество

Цуд павінен адбыцца

Беларускі Чырвоны Крыж штогод праводзіць кампанію пад назвай “Ёлка жаданняў”. Сёлета яна распачалася 7 снежня і будзе доўжыцца да 14 студзеня 2023 года. Яе мэта – павіншаваць з Новым годам хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: дзяцей са шматдзетных, няпоўных, прыёмных і апякунскіх сем’яў, дзяцей з інваліднасцю, а таксама бежанцаў або вымушаных мігрантаў.

У дабрачынным навагоднім праекце актыўны ўдзел прымае і Валожынская раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Антаніна Трацэўская разам з валанцёрамі 8 снежня разнеслі лістоўкі з заклікам прыняць удзел у акцыі індывідуальным прадпрымальнікам горада і тым, што гандлююць на рынку. А ўжо 15 снежня многія з іх адгукнуліся і ўнеслі сваю лепту ў агульную справу дабрыні. Былі ахвяраваны 132 рублі грашамі, 110 адзінак новага адзення: курткі, шапкі, шкарпэткі і інш., 5 пар абутку, 40 адзінак канцтавараў, 30 цацак, 6 упаковак прысмакаў і 2 кілаграмы пячэння.

Актыўны ўдзел у акцыі прынялі індывідуальныя прадпрымальнікі Анастасія Казакевіч, Святлана Бычкоўская, Вольга Бычкоўская, Аліна Занямонец, Сяргей Іода, Наталля Гасціловіч, Андрэй Бразінскі, Святлана Ломаць, Вольга Сташэўская, Аксана Вінаградава, а на рынку – Л. Ф. Скляповіч, З. П. Данько і інш.

У кожнага жадаючага яшчэ ёсць магчымасць далучыцца да дабрачыннага праекта “Ёлка жаданняў”, стаць на нейкі час чараўніком, каб падарыць свята дзецям. Гэта могуць быць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, але і фізічныя асобы, арганізацыі і прадпрыемствы. Сувеніры, цацкі, цукеркі і іншае да Новага года можна купіць самастойна і перадаць у арганізацыю ці аказаць спонсарскую дапамогу на іх набыццё.

З ахвяраванняў будуць сфарміраваны падарункі для выхаванцаў Валожынскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і ўручаны ім падчас навагодняга ранішніка ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Таксама прэзенты атрымаюць хлопчыкі і дзяўчынкі, што жывуць у доме сямейнага тыпу і шматдзетных сем’ях.

Анжэла РАДЫНА