У Валожынскай дзіцячай бібліятэцы адбыўся круглы стол з нагоды адкрыцця праекта па папулярызацыі сямейнага чытання і сямейных традыцый сярод жыхароў горада “Сям’Я”. На мерапрыемства завіталі матулі, якія ўжо з двух-трох гадоў адкрываюць сваім дзецям свет кнігі, прыводзяць у бібліятэку, а таксама шматлікія зацікаўленыя асобы.
Першай да прысутных звярнулася загадчык установы Святлана Янкоўская. Яна яшчэ раз нагадала, што свет дзіцяці пачынаецца з сям’і і любоў да кнігі нараджаецца менавіта тут. Ад сваіх родных малыя атрымліваюць асновы ведаў аб навакольным свеце, уяўленне пра дабро і зло, прыстойнасць, паважлівае стаўленне да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Сям’я для дзіцяці з’яўляецца першай школай адносін з людзьмі, дзе малыя набываюць пэўны жыццёвы вопыт, які захоўваецца назаўсёды. Важна, каб любоў да кнігі перадавалася з пакалення ў пакаленне. Чытанне развівае памяць, уяўленне, адкрывае свет прыгод і ведаў, радасці і падарожжаў, чароўных сяброў і хвалюючых загадак, а сямейнае, да таго ж, выклікае сумесныя перажыванні.
Святлана Аляксееўна зазначыла, што ў бібліятэцы ёсць магчымасць выбраць кнігу, якая будзе цікавая для ўсёй сям’і. Бацькі могуць параіць прачытаць творы, што самі чыталі ў дзяцінстве, падзяліцца сваімі ўражаннямі ад іх, а пасля пачуць думкі на гэты конт сына ці дачкі.
Метадыст цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Зянько расказала, што з мэтай прыцягнуць дзяцей да чытання з дапамогай адраджэння традыцый сямейнага чытання, стварэння цэнтраў сямейнага чытання, выхавання ў хлопчыкаў і дзяўчынак любові да кнігі, выпрацоўкі навыкаў удумлівай працы з ёй, фарміравання мастацкага густу, патрэбы звяртацца да кнігі ў пошуку адказаў на пытанні, духоўнай згуртаванасці сям’і, умацавання ўнутрысямейных адносін, развіцця культуры чытання аддзел маркетынгу ЦРБ распрацаваў новы праект “Сям’Я”, разлічаны на 2023-2025 гады.
Ірына Міхайлаўна прапанавала ўвазе прысутных прыкладны план работы на 2023 год і адзначыла, што ў працэсе яго рэалізацыі могуць быць розныя змены і дапаўненні, работнікі бібліятэкі будуць рады любой прапанове з боку бацькоў ці іншых удзельнікаў праекта.
Цікава было паслухаць псіхолага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алену Жданюк. Работа з сям’ёй прадугледжвае далучэнне бацькоў і дзяцей да кніг, арганізацыю сумеснага вольнага часу, выхаванне духоўнасці, этыкі сямейных адносін. Алена Віктараўна расказала пра галоўныя механізмы ўплыву бацькоў, родных і блізкіх на фарміраванне дзіцяці як асобы. Гэта, у першую чаргу, – перайманне, а таксама заахвочванне, прыняцце і паважлівыя адносіны да выбару сына ці дачкі. Трэба памятаць, што свет не стаіць на месцы, з’яўляецца шмат новага, цікавага, і перш чым нешта крытыкаваць, неабходна ўважліва вывучыць, каб самому ў гэтым арыентавацца. Так сёння моладзь любіць чытаць мангу, манхву, маньхуа, коміксы. І хочацца адзначыць, што сярод іх ёсць сапраўды добрыя рэчы. Альтэрнатывай класічнаму чытанню можа стаць праслухоўванне аўдыякніг. Гэта таксама мае месцы быць, бо развівае слыхавую памяць. Важна ісці ў нагу з часам і выкарыстоўваць тыя магчымасці, што з’явіліся.
Выхаваць у дзіцяці любоў да чытання – у гэтым бачыць сваю асноўную мэту Валожынская дзіцячая бібліятэка ў рабоце з сям’ёй. Радуе, калі хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць установу з мамамі і татамі, бабулямі і дзядулямі, разам выбіраюць, а затым чытаюць кнігі. Сумеснае правядзенне часу збліжае малых і дарослых, выхоўвае нават больш, чым прамое павучальнае слова. Добра вядома, што сям’я заўсёды была і застаецца першым і галоўным пасрэднікам паміж кнігай і дзіцем, бо менавіта тут фарміруецца цікавасць да друкаваных выданняў, выхоўваецца чытацкі густ. Назаўжды застануцца ў памяці рабят казкі, апавяданні, якія пачулі ў дзяцінстве.
Айцец Сергій зазначыў, што кніга – вялікі дар чалавеку ад Бога. Біблія і бібліятэка – аднакаранёвыя словы. Тэма духоўнасці заўсёды прысутнічала ў творах пісьменнікаў. Зварот да праваслаўнай кнігі – магчымасць пераасэнсаваць ідэалы, знайсці адказы на многія жыццёвыя пытанні. У сям’і, дзе ён вырас, практыкавалася сямейнае чытанне, адсюль узнікла любіў да кнігі, якая замацавалася ў прывычку. Цяпер святар усё больш карыстаецца электроннай кнігай.
У віхуры падзей сёння на чытанне застаецца ўсё менш часу, а таму вельмі важнай задачай з’яўляецца падбор літаратуры. Менавіта работнікі бібліятэкі могуць падказаць найбольш актуальныя творы. Па статыстыцы, у свеце самым вялікім попытам карыстаецца Біблія. На жаль, у нас яна яшчэ рэдка практыкуецца для сямейнага чытання, бо няшмат ёсць пераказаў і перакладаў, якія можна рэкамендаваць дзецям.
Матулі, што завіталі на пасяджэнне, поўнасцю падтрымалі праект. Яны лічаць вельмі важным і неабходным такое пачынанне, як далучэнне дзяцей да чытання.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара