Прэзентацыя новай кнігі “Час задумацца” да 69-годдзя беларускай паэткі, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, грамадскага дзеяча, нашай зямлячкі Валянціны Гіруць-Русакевіч, адбылася ў зале раённага цэнтра культуры.
Кніга, якая выйшла ўжо пасля смерці паэткі, была выдадзена за сродкі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Вялікі ўклад унеслі ў яе выданне сябры паэткі, Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывіца” – Ірына Карнаухава. Яна з’яўлялася складальнікам зборніка, а рэдактарам стаў намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Літаратура і мастацтва”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп.
У зале раённага цэнтра культуры быў аншлаг: сабраліся сябры паэткі, яе калегі, родныя і блізкія… Са сцэны гучалі вершы і песні, аўтарам якіх з’яўлялася Валянціна Гіруць-Русакевіч, але нямала прагучала і вершаў-прысвячэнняў самой паэтцы. Яе новая кніга “Час задумацца”, якую яна не паспела сабраць да канца і выдаць пры жыцці, вучыць нас любові да сваёй Радзімы, адзін да аднаго, да бацькоў і да жыцця. Дзякуючы родным Валянціны Францаўны і ўдзельнікам народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь”, у кнігу ўвайшла вялікая колькасць не надрукаваных вершаў. Гледачы з заміраннем сэрца слухалі вершы і са слязьмі на вачах глядзелі запісы паэткі, якая пакінула вялікі след на нашай роднай Валожыншчыне. Падчас мерапрыемства на сцэне была сімвалічная кампазіцыя з уласнымі рэчамі Валянціны Францаўны, а таксама свечка з жывым агнём, як сімвал нашай памяці аб слаўнай пяснярцы зямлі Валожынскай. Пасля завяршэння мерапрыемства адбылося ўскладанне кветак на магілу паэткі.