1 мая Зігмунт Сільвестравіч Лужынскі адзначыў 75-гадовы юбілей.
У дзяцінстве – хлопец з простай сялянскай сям’і, у мудрым узросце – кіраўнік і гаспадар з вялікай літары. Зараз спраўна займаецца падсобнай гаспадаркай, трымае, як і некалі бацькі, шмат жыўнасці і сцвярджае, што кожны дзень адкрывае ў сельгасвытворчасці штосьці новае, хаця з’яўляецца дыпламаваным і, галоўнае, спрактыкаваным спецыялістам у гэтай галіне. Прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзіць раённая ветэранская арганізацыя, падтрымлівае цесныя сувязі з кіраўнікамі-ветэранамі раёна. Яго галоўным жыццёвым правілам было і застаецца – усё рабіць ад душы.
З. С. Лужынскі нарадзіўся на хутары Батуркі Сугваздаўскага сельсавета. Своеасаблівы хутарскі ўклад наклаў адбітак на ўсё яго далейшае жыццё: на паводзіны, характар, прафесійную дзейнасць, адносіны да Радзімы. Бацькі былі хоць і сяляне, але жылі нябедна. Галоўным багаццем лічылася зямля, а яе мелася ў Лужынскіх 17 дзесяцін сенажаці і 12 дзесяцін – ворнай зямлі. Бацька быў харошы кравец, і зімой яго забіралі ў дамы, дзе ён па тыдню, а то і больш, абшываў цэлыя сем’і. Справа гэта ў тыя часы была вельмі запатрабавана і прыносіла добры прыбытак.
– У нас быў такі закон: госці ў доме – паважаныя людзі, ім заўсёды ўсё самае лепшае ставілася на стол. Сустракаліся ж нячаста, таму гаворкі доўжыліся па некалькі гадзін. Любілі радню, любілі, як хтосьці з іх наведваўся, – успамінае Зігмунт Сільвестравіч. – Вось гэта цеплыня адносін, сумленнасць, справядлівасць асабліва запомніліся з дзяцінства.
Бацькі на такім прыкладзе і выхоўвалі сваіх шасцярых сыноў. На жаль, трое з іх памерлі ў вайну. Гэта акалічнасць аказала ўплыў на Зігмунта, як і тое, што хлопец бачыў, як бацькі шмат працуюць, таму рана стаў дапамагаць ім.
З цеплынёй узгадвае З. С. Лужынскі і пачатковую чатырохкласную школу ў Мілашах:
– Школа якая была? Дом вясковы: у адной палове жыла сям’я Лоўчых, у другой – займаліся дзеці. Нас вучылі Яўгенія Фамінічна Чаплінская і Галіна Канстанцінаўна Зялкоўская (Петухова) – настаўнікі ад Бога. Мы лічылі, што гэта людзі, якія прыносяць шчасце ў хату: веды давалі такія, што і сёння ўдзячны ім.
Самае важнае, складанае і патрэбнае на пасадзе начальніка – работа з людзьмі. А кіраўнікі – гэта асаблівы статус, бо яны доўга працуюць, ведаюць вытворчасць, маюць вялікі жыццёвы вопыт. Я з імі раіўся, часам – дыскуціраваў, ды так, што пасля нават сваё меркаванне мог памяняць у іншы бок. Але мне давяралі.
Пасля былі Захажэўская васьмігодка, першая гарадская школа – патрапіў у апошні выпуск з 11-гадовым навучаннем. Першы год пасля заканчэння школы нікуды не паступаў – хварэлі бацькі, пакінуць іх адных з меншым братам не мог. Але сядзець без справы – не ў характары Зігмунта Сільвестравіча: летам пайшоў працаваць памочнікам брыгадзіра ў калгас, а з восені ўладкаваўся на Сугваздаўскую пошту паштальёнам.
Калі ж паехаў паступаць у Горкаўскую сельскагаспадарчую акадэмію на механіка, зайшоў да Сяргея Сяргеевіча Маляўскага, які там ужо вучыўся і той даў параду пайсці вучыцца на заатэхніка.
Сельскагаспадарчыя спецыяльнасці былі запатрабаваны: конкурс складаў 2,8 чалавека на адно месца. Навука пра жывёлу аказалася досыць цікавай, нягледзячы на тое, што ён быў чалавекам ад зямлі. Але адна справа – даглядаць гаспадарку, зусім іншая – разбірацца ў фізіялогіі жывёлы. Вучыўся старанна, бо разумеў, што веды спатрэбяцца ў далейшай рабоце.
Маладога спецыяліста накіравалі ў саўгас “Карпавічы”, што ў Вілейскім раёна, а праз год пайшоў служыць у армію. Пасля звальнення неяк сустрэў Мікалая Сікорскага, з якім вучыўся ў Мілашах і добра ведаў: ён працаваў інжынерам у калгасе “17 верасня” – адным з лепшых у нашым раёне. Той расказаў пра яго старшыні Сяргею Данілавічу Сіпачу – разумнаму арганізатару, талковаму гаспадарніку, які строга трымаў дысцыпліну. Разам яны пераманілі перпесктыўнага работніка і далі пасаду галоўнага заатэхніка. Быў гэты 1975 год, з якога і пачынаецца працоўная біяграфія Зігмунта Сільвестравіча на роднай Валожынскай зямлі.
– З аднаго боку, было лягчэй працаваць: маіх бацькоў ведалі і паважалі, таму і да мяне адносіліся прыхільна, – расказвае суразмоўца. – Цікавая сітуацыя была. Прыязджаю на пашу: чатыры гадзіны дня, пастух сядзіць і яшчэ кароў не выганяе. Кажу, што трэба ўжо жывёле быць на полі. А ён у адказ: “Дык мы і з бацькам ніколі раней не выганялі”. Праўда, паслухаўся. Даводзілася лавіраваць – размаўляць так, каб не пакрыўдзіліся, бо свае ж людзі, але тэхналагічны працэс павінен строга выконвацца. Без яго ў сельгасвытворчасці – аніяк. Калі казаць па-навуковаму, генетычны патэнцыял жывёлы на 70 працэнтаў залежыць ад вырошчвання, а кармленне – гэта галоўнае.
Бачачы такі гаспадарскі падыход да работы, З. С. Лужынскага незадоўга перавялі намеснікам старшыні калгаса. Але арганізатарскія і кіраўніцкія задаткі хутка заўважылі на раённым узроўні і прапанавалі пасаду галоўнага заатэхніка ўпраўлення райсельгасхарчу.
На кожнай планёрцы спецыялістам гаварыў: “Мы павінны падняць прэстыж пошты”. І ў нас атрымалася. Калі прыйшоў, Валожынская пошта займала трэцяе месца з нізу сярод 22 вузлоў паштовай сувязі ў вобласці. А як адыходзіў – замацаваліся на 5-6-й пазіцыі зверху: нас апярэджваў сярод сельскіх, як мы, толькі Копыль.
– У раёне было 27 калгасаў. Шчыльнасць жывёлы – у два разы большая, чым зараз. Ды і людзі трымалі па адной, а то і па дзве каровы. Свіней налічвалася тры тысячы, – распавядае Зігмунт Сільвестравіч. – Нідзе ніколі саломы не заставалася на полі, бо трэба было і гаспадарцы, і калгаснікам даць. Жывёлагадоўчая прадукцыя была запатрабавана – пастаўкі ішлі па ўсім Савецкім Саюзе: у Маскву, Ленінград, Арменію, Азербайджан, і гаспадаркі мелі ад яе прыбытак. Імя Леніна, “1 Мая, імя К. Маркса, “Верны шлях” лічыліся калгасамі-мільянерамі. Сельгаспрадпрыемствы ўзначальвалі талковыя і дальнабачныя гаспадарнікі – арганізацыйным пытанням я многаму вучыўся ў іх.
Праз тры гады ён стаў намеснікам начальніка ўпраўлення па жывёлагадоўлі – тут даводзілася больш займацца селекцыяй. Дзесяць гадоў кіраваў З. С. Лужынскі ўсёй сельскагаспадарчай галіной раёна – за гады работы ўдалося укараніць шмат новага і перадавога.
Раённы вузел паштовай сувязі, які З. С. Лужынскі ўзначаліў у 2001 годзе, – асобная старонка ў жыццёвым летапісе: з яе пачынаў і заканчваў свой працоўны шлях.
– Праблемы былі. Цякучасць кадраў складала больш за 30 працэнтаў, – узгадвае Зігмунт Сільвестравіч. – Што гэта такое на пошце? Прафесіяналамі не становяцца ж за паўдня: паштальёна трэба навучыць, паказаць, правезці па ўчастку. Пры гэтым падумаць: ці будзе ён яшчэ рабіць? За ім жа адказнасць вялікая: грошы, карэспандэнцыя, збройка была – з пішталетам ездзілі суправаджальныя. Другі момант. Пачалі асвойваць новыя паслугі: наладзілі работу з камбінатам бытавога абслугоўвання, адкрылі магазін, кафэ ў Івянцы, прапанавалі кліентам падвоз тавару пра ходу паштовай машыны. Многія не верылі і нават пасмейваліся, што з гэтага выйдзе нешта талковае. Паштальёны пачалі афармляць падпіску. Кантраляваў зарплату кожны месяц – не дай Бог, каб яна зменшылася хоць на рубель, бо гэта – катастрофа. Людзей можна прыцягнуць і заахвоціць толькі годным заробкам.
Размаўляць, а пасля пісаць пра людзей таго пакалення можна бясконца. Як трапна заўважылі ў народзе: “Пра лёс кожнага цэлая кніга атрымаецца, напісаная праўдай жыцця”. Яны – сапраўдная скарбонка мудрасці, выхаванасці, інтэлігентнасці, адданасці даручанай справе, вялікай адказнасці.
Такім быў і застаецца Зігмунт Сільвестравіч Лужынскі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота з архіва рэдакцыі