Интервью

З творчасцю па жыцці…

Па выніках работы за мінулы год дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі раёна Марыя КУШНІР адзначана Падзякай старшыні райвыканкама. Сам цэнтр стаў пераможцам у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі” ў раённым конкурсе “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. А, увогуле, скарбонка дасягненняў педагогаў і юных творцаў Валожыншчыны досыць значная – яны вызначыліся на вобласці і нават на рэспубліцы. Усё гэта сведчыць аб тым, што і ў наш час можна зацікавіць дзяцей займацца творчасцю.

– Марыя Валянцінаўна, раскажыце, калі ласка, пра шлях у прафесію.

– Бывае так, што ўражанне, якое запала ў дзіцячую душу, пакідае след на ўсё жыццё, вызначае лёс чалавека. Менавіта так здарылася і са мной. У школьныя гады, як і большасць маіх равеснікаў, наведвала гурткі Дома піянераў нашага горада: вязанне, мяккую цацку, макрамэ і бальныя танцы. Займацца было цікава. Цяпер усё гэта можна знайсці ў Інтэрнэце, а тады знаёмствы і зносіны з аднагодкамі з іншых школ адбываліся менавіта тут. Як навучылася тады вязаць пруткамі і кручком, так умею рабіць і зараз.

У педагогіку вядуць дзве дарогі. Адна дарога – гэта дынастыя, другая – гэта выпадак. Мой, якраз, другі варыянт: хацела стаць дызайнерам-архітэктарам або быць фотажурналістам. Але паступіла ў педагагічны ўніверсітэт, бо падабалася праца педагога, шлях, спалучаны з творчым пошукам. Пасля заканчэння прыйшла працаваць у Валожынскі раённы цэнтр творчасці і зразумела: пазл склаўся. Праз 10 гадоў, у ліпені 2016 года, узначаліла яго. Сёння цяжка ўявіць эфектыўную работу ўстановы без ініцыятыўнага творчага калектыву. Некаторыя педагогі з майго дзяцінства – цяпер мае калегі…
Фатаграфаваць, дарэчы, я не перастала. Выдатныя здымкі атрымліваюцца ў мяне на экскурсіях, у лагерах і на розных мерапрыемствах.

Быць педагогам не проста, бо, каб вучыць дзяцей, трэба шмат ведаць самому, пастаянна павышаць прафесійны ўзровень.
Як кіраўнік заахвочваю прафесійную кампетэнтнасць, высокі ўзровень інтэлектуальнага развіцця, адказнасць і дысцыплінаванасць, імкненне да авалодання новымі ведамі і тэхналогіямі.
Люблю вясёлы нораў людзей, іх запал і аптымізм – гэта як дадатак у нашай рабоце.
У кожным педагогу дадатковай адукацыі я стараюся адзначыць добрыя якасці, перспектыву творчага развіцця, спрыяць асабістаму самавыяўленню.
Правільна раяць псіхолагі: «Будзьце святам для сябе, і вы абавязкова станеце святам для іншых!»

– Што прапануе ўстанова дадатковай адукацыі дзецям і падлеткам у наш час?

– Сёння цэнтр творчасці – гэта больш за 40 аб’яднанняў па інтарэсах, якія рэалізуюць праграмы развіцця дзіцячай творчасці па розных профілях: мастацкім, турысцка-краязнаўчым, грамадска-гуманітарным, фізкультурна-спартыўным, тэхнічным, ваенна-патрыятычным, мастацка-моўным, сацыяльна-камунікатыўным, інтэлектуальна-пазнавальным. У адукацыйнай прасторы спалучаюцца розныя віды дзейнасці: навучанне, творчасць, спорт, адпачынак. Займацца да нас прыходзяць дзеці з 4 гадоў. Таксама праводзім розныя масавыя мерапрыемствы і конкурсы.

– Як зацікавіць цяперашняе пакаленне, калі яно, можна сказаць, “жыве” ў гаджатах і айфонах?

– Ёсць дзеці, якія, безумоўна, глядзяць цік-токі, іншыя розныя відэа і пры гэтым жадаюць прэзентаваць сябе. Але прэзентацыя павінна быць карыснай, напоўненай сэнсам. Дэкаратыўна-прыкладная творчасць заўсёды запатрабавана. Вырабы хэнд-мэйд карыстаюцца попытам як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. Таксама сучасным хлопчыкам і дзяўчынкам цікавы такія віды дзейнасці, як валянне з воўны, выцінанка, вырабы з прыроднага матэрыялу: напрыклад, сена. Інтэрнэт не заменіць жывыя зносіны, магчымасць сустракацца з равеснікамі, дзяліцца творчымі здабыткамі і перамогамі. Нягледзячы на ўзрост, у душы кожны застаецца дзіцем.

– Хутка два гады, як у цэнтры з’явілася сучасная пляцоўка для баўлення вольнага часу. Раскажыце пра яе больш падрабязна.

– Мне падабаецца ствараць. Адно з маіх захапленняў – дызайн. Прапаноўваю цікавыя ідэі сваім калегам, з розных матэрыялаў вырабляем прадметы інтэр’ера для інтэрактыву. Time-кафэ “ВМесте” – гэта вольная прастора са зручнай мэбляй, міні-сцэнай, грыфельнай, магнітна-грыфельнай сценкамі і аргтэхнікай, якая дазваляе карысна бавіць вольны час. Летась падчас пленума Мінскага абласнога савета Беларускай піянерскай арганізацыі адбыўся семінар “Брэндынг як стратэгія развіцця ўстановы адукацыі”. Быў прадстаўлены вопыт работы на прыкладзе кафэ, расказалі пра асноўныя складальнікі брэнда: назва, слоган, стыль.

– Што асабіста Вам прыносіць штодзённая работа?

– Ад сваёй працы не стамляюся, наадварот, кіраванне творчым калектывам педагогаў і заняткі з таленавітымі дзецьмі даюць драйв. Люблю і заахвочваю, калі са мной спрачаюцца. Па-першае, так нараджаецца ісціна, па-другое, людзі, якія спрачаюцца пра творчасць, ніколі не будуць да яе абыякавымі. Калектыў педагогаў пастаянна ў пошуку новых ідэй і форм работы. Педагогі і навучэнцы, як адно цэлае, часта становяцца пераможцамі і прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню – ад раённых да рэспубліканскіх.

Ты сонны дух вачэй разварушы,
Каб ён прарос і паляцеў раскута.
Не забывайся, ты спачатку скульптар,
Што лепіць сонца з маладой душы.

– Як стала вядома, на рэспубліканскім этапе конкурсу “Архнавацыя-2022” у намінацыі “Архітэктурнае макетаванне” макет касцёла Святога Юзафа ў Валожыне быў адзначаны дыпломам. Раскажыце, як працавалі над яго стварэннем?

– Старажытны касцёл – жамчужына архітэктуры пачатку ХІХ стагоддзя, паўстаў ва ўсёй сваёй велічы перад наведвальнікамі рэспубліканскай выставы ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Макет касцёла Святога Юзафа быў вынесены на суд строгага і кампетэнтнага журы. Сумесная праца атрымала заслужаную ўзнагароду. Так, па выніках работы журы рэспубліканскага конкурсу 1-е месца прысуджана групе навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Самацветы” (педагог дадатковай адукацыі Ірына Аляксандраўна Згірская). Дарэчы, сама работа засталася на выставе ў галоўнай установе дадатковай адукацыі краіны.

– Сапраўдным шэдэўрам – не пабаюся такога параўнання – атрымаўся і макет былой сядзібы Фердынанда Рушчыца?

– Так, на працягу 2020-2022 гадоў рэалізоўваўся абласны педагагічны праект “Вывучэнне гісторыка-культурнай спадчыны краю праз узаемадзеянне з соцыумам”. З гісторыяй раёна звязаны лёсы многіх знакамітых у Беларусі і за яе межамі людзей. Валожыншчына з’яўляецца радзімай мастака-пейзажыста, вучня вялікіх мастакоў Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы – Фердынанда Рушчыца. Гэта і дало штуршок для распрацоўкі праекта “Фердынанд Рушчыц – майстар пэндзля з Багданава”. Каб стварыць яго сядзібу, прыйшлося шмат папрацаваць з архіўнымі дакументамі і фотаздымкамі.

Таксама на працягу апошніх трох гадоў педагогамі цэнтра рэалізуецца абласны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах адукацыйнага мастацка-тэхналагічнага кластара”, у рамках якога прадстаўлены матэрыял на рэспубліканскі конкурс “Лепшая метадычная распрацоўка па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў ва ўстанове дадатковай адукацыі”. Наша работа адзначана на вобласці дыпломам 2-й ступені ў намінацыі “Праект”.

У цэнтры творчасці выдадзены даведнік “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны”, які ўключае ў сябе адукацыйныя маршруты па Валожынскім раёне. У ім пазначаны месцы, дзе размешчаны гістарычныя і архітэктурныя помнікі. Адзін з маршрутаў «Зямля і неба Фердынанда» распрацаваны з мэтай наведвання месцаў, звязаных з жыццём і творчасцю мастака-пейзажыста, нашага славутага земляка Фердынанда Рушчыца.

– З чаго складаецца поспех у рабоце? Падзяліцеся сакрэтам.

– Заўсёды памятаю пра тое, што прафесія педагога дадатковай адукацыі патрабуе перш за ўсё арганізатарскіх здольнасцей, творчага і індывідуальнага падыходу да кожнай асобы. У калектыве важна дзейнічаць у адной камандзе і адчуваць падтрымку калег.

У сваёй штодзённай рабоце мы знаходзім адказы на многія пытанні. Як правесці педсавет або нараду з творчым калектывам? Як зрабіць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах займальнымі? Як стварыць умовы і ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу цэнтра творчасці? Як наладзіць сацыяльныя сувязі і партнёрства, а таксама быць запатрабаванымі ў рэгіёне? Дапамагаюць энтузіязм, пачуццё абавязку, адказнасць і добрасумленнасць, ініцыятыўнасць і працавітасць работнікаў. Мы стараемся рабіць усё для таго, каб дзецям было ў нас цікава і ўтульна. Творчасць – гэта не проста прыгожая карціна або песня, гэта тое, што ідзе ад самага сэрца і душы…

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ