13 лютага 2025 года ў Пяршайскай сярэдняй школе прайшоў урок мужнасці, прысвечаны Дню памяці воінаў — інтэрнацыяналістаў.
Гэты дзень адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь 15 лютага, бо менавіта 15 лютага 1989 года апошні савецкі салдат перайшоў мост пагранічнай ракі Амудар’я пад Тэрмезам. У гэты дзень завяршыўся вывад савецкіх войск з Афганістана. Вайна ў Афганістане доўжылася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён. З таго часу мінула 36 гадоў.

Да нас на сустрэчу прыехала Кацярына Валер’еўна Кароль – карэспандэнт газеты “Працоўная слава”. На сустрэчу прыйшоў і ўдзельнік вайны ў Афганістане Аляксандр Пятровіч Бродзік.
Нашу гутарку Кацярына Кароль пачала вельмі эмацыянальна. Паставіла касету ў магнітафон …Мы з заміраннем сэрца слухалі песню пра вайну, пра Кабул, пра горы, пра маладых хлопцаў, якія ніколі не вернуцца дамоў…
Потым яна расказала пра свайго бацьку, Валерыя Міхайлавіча Дунаеўскага, які з кастрычніка 1984 года служыў 2 гады ў Кабуле. Мы глядзелі на прэзінтацыю, на фотаздымкі, на маладога афіцэра, на жыхароў Кабула, на горы, на савецкіх салдат… Кацярына Валер’еўна пад кожны слайд гаварыла такія словы, што сціскалася сэрца. Колькі маладых хлопцаў загінула! Праз вайну ў Афганістане прайшло больш 28 тысяч хлопцаў з Беларусі. Загінула 723, 12 прапалі без звестак. Трое беларусаў званне Героя Савецкага Саюза атрымалі пасмяротна: Мікалай Пятровіч Чэпік, Васіль Васільевіч Шчарбакоў, Андрэй Аляксандравіч Мельнікаў. Трое беларусаў з Валожынскага раёна загінулі на Афганскай зямлі: Іван Вацлававіч Мазура, Валянцін Міхайлавіч Сліж, Павел Францавіч Падрэз.
Выпускнікі Пяршайскай сярэдняй школы таксама ваявалі ў Афганістане: Станіслаў Мядоўскі, Аляксандр Пашкоўскі, Аляксандр Гушча, Раніслаў Савіцкі, Браніслаў Звярынскі, Юрый Бобрык, Віктар Мянцюк, Пётр Галоўскі, Ігар Рэзнік.
Аляксандр Пятровіч Бродзік пераехаў у аг.Пяршаі з горада Мінска. Цяпер працуе вартаўніком у нашай Пяршайскай сярэдняй школе. Немнагаслоўны. Пра вайну гаварыць цяжка. За яго гавораць узнагароды: медаль “За баявыя заслугі”, медаль Рэспублікі Афганістан “За выдатную вайсковую службу”, медаль воіну-інтэрнацыяналісту “Ад удзячнага афганскага народа”. Аляксандр Пятровіч служыў таксама, як і бацька Кацярыны Валер’еўны, у Кабуле з 07.08.1986 года па 04.05.1988 года.
Усім, хто загінуў на вайне ў Афганістане, мы прысвяцілі хвіліну маўчання.

Празвінеў званок. Вучні з цікавасцю разглядалі фотаздымкі з сямейнага архіва Дунаеўскіх, ордэн Чырвонай Зоркі, які ўручылі Валерыю Міхайлавічу за месяц да смерці ў 2011 годзе.

Па-рознаму ацэньваюць падзеі тых гадоў. Па-рознаму глядзяць на Афганскую вайну тыя, хто аддаваў загады, тыя, хто іх выконваў. Для тых і другіх дзеянні, якія адбываліся, маюць страшную назву – вайна. Вайна, якая ніколі не павінна паўтарыцца. Вайна, урокі якой мы павінны запомніць на ўсё жыццё. Мы не павінны забываць трагедыю народа Афганістана і проста абавязаны помніць тых, хто ваяваў, рызыкаваў жыццём дзеля міру на зямлі.
Лізавета Кушаль, Настасся Маркевіч — члены гуртка “Юны журналіст”