24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны, і адна з іх узяла чытаць маю кніжку “Страла кахання, любові крыж”. Міхась тут жа запытаўся: “А чым Вас Шніп зацікавіў?” “Гэта мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!” – адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшыся да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй “Баладу камянёў”, якую яна хоча пачытаць, бо “там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны”…
28.08.2011. Мінуў тыдзень, як мы з Людай вярнуліся з адпачынку на Нарачы, а я ўсё ніяк не магу ўвайсці ў каляіну гарадскога жыцця. І ўвесь гэты мінулы тыдзень, як сумны сон, што сніцца мне пад шум нарачанскіх сосен…
Пад вечар у госці зайшоў сябра, які ў нас не быў цэлы год. Калі пачало цямнець, госць пацікавіўся: “А дзе ж вашы дзеці?” І мы з Людай амаль хорам адказалі: “Выраслі!”
29.08.2011. На сцяжыне праз сасоннік сухія пачарнелыя шышкі, як малыя вожыкі, якія прыкінуліся мёртвымі, убачыўшы мяне…
31.08.2011. Цяпер амаль усе дзеці пішуць так, што нічога не разбярэш. А ўсё з таго, што ў школе не карыстаюцца пропісямі, па якіх можна навучыцца прыгожа пісаць. Помню па сённяшні дзень, як мне пасля першага класа з-за дрэннага почырку настаўніца задала на лета перапісаць у сшытак увесь пропіс. Прайшоў месяц, прайшоў другі, праз тыдзень у школу, а я і не браўся за летняе заданне. І, відаць, нічога б і не рабіў, калі б, сустрэўшыся з настаўніцай, не пачуў грознае: “У школу прыходзь з перапісанай пропіссю, а калі ж нічога не пісаў, то можаш і далей гойсаць па палях!” Пасля гэтага цэлы тыдзень, з раніцы да вечара, сапсаваўшы кучу сшыткаў, я выводзіў літаркі, і ў школу прыйшоў з выкананым заданнем. І мая першая настаўніца Марыя Вікенцьеўна Шніп мяне пахваліла…
03.09.2011. Восенню 2003 года з Вольгай Іпатавай, Лідзіяй Савік і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Глуск на святкаванне юбілею Сяргея Грахоўскага. Па дарозе ў гарадскі пасёлак не абмінулі могілкі каля вёскі Глуша Бабруйскага раёна, дзе пахаваны Алесь Адамовіч, які памёр 26 студзеня 1994 года. Могілкі не надта вялікія, але вельмі зарослыя дрэвамі і кустамі. І, калі б мы не ведалі, што на магіле ляжыць велізарны валун, на якім выбіта “Алесь Адамовіч”, то, магчыма, і не знайшлі б, дзе пахаваны пісьменнік…
12.09.2011. Вечарэе. Чайкі над Свіслаччу, як вялікія белыя мухі над чорным восеньскім мёдам…
13.09.2011. Па радыё невядомая мне кампазітарка хваліцца: “Нядаўна я сама пачала пісаць тэксты. Наш мэтр паэт Зотаў мне сказаў, што ты мяне без працы пакінеш, а я на гэта толькі пасмяялася, бо сапраўды ў мяне добрыя тэксты атрымліваюцца. Нядаўна за дзень напісала чатыры песні, і я думаю, што цяпер абыдуся без паэтаў…”
14.09.2011. Еду ў тралейбусе. Падыходзіць кантралёр: “Вашы праязныя дакументы?” “Я студэнт!” – спакойна адказваю я. “А чаму сівы?” – “Цяжка вучыцца!”
23.09.2011. Наша суседка працавала псіхолагам у школе. У яе былі муж і дачка-студэнтка. Мы разам некалькі разоў пілі гарбату. Пры сустрэчы суседка як псіхолаг вучыла нас, як трэба жыць, каб усё было добра, як у яе. І толькі мы пачалі верыць у псіхалагічныя парады, як адным восеньскім вечарам псіхолаг прыбегла да нас у кватэру са слязамі на вачах і крыкам: “Ратуйце! Мяне муж хоча застрэліць з паляўнічага ружжа!” Суседку мы ўратавалі, і яна недзе праз паўгода развялася з мужам, а яшчэ праз паўгода ад яе сышла дачка…
24.09.2011. Мастацкія творы – каштоўныя каменьчыкі ў пяску жыцця, які прасыпаецца праз сіта вечнасці…
30.09.2011. Выступаў у музеі Янкі Купалы на вечарыне, прысвечанай 95-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Юрэвіча. Узгадалася, як у 1996 годзе мы разам адпачывалі ў Доме творчасці “Іслач”. Уладзімір Міхайлавіч быў з дачкой Галінай, а я з жонкай і малымі дзецьмі Веранікай і Максімам. Амаль кожны дзень разам гулялі па лесе. Уладзімір Міхайлавіч расказваў дзецям цікавыя гісторыі пра лясных жыхароў, а з Людмілай і мной гаварыў пра літаратуру. У сталовай кармілі не заўсёды добра, і я ў ёй атруціўся. І вось сяджу на лавачцы, трымаюся за жывот і грэюся на сонцы, ні на што не спадзеючыся. Лякарства аніякага ні ў нас, ні ў здраўпункце. І калі б Уладзімір Міхайлавіч не даведаўся пра маю хваробу, то, відаць, мы б раней тэрміну вярнуліся дамоў, а так ён прыслаў да нас дачку з лекамі, і я, выпіўшы пару таблетак, хутка ачуняў. Пасля майго выздараўлення мы яшчэ бліжэй пазнаёміліся, і кожны дзень праводзілі ў шчырых і доўгіх размовах…
06.10.2011. Праблемы са старымі бацькамі не даюць спакойна жыць і працаваць, таму і з’явіліся вось гэтыя радкі:
Як на чорнай галеры
Да вясла прыкаваны,
Ты і сёння на працы.
І глядзіш на шпалеры,
Як на ціш акіяна,
Як праз краты, праз пальцы.
На адным з іх пярсцёнак
Залаты, як былое,
Калі ты быў дзіцёнак,
І было залатое
Нават тое, што смеццем
Пад нагамі ляжала…
08.10.2011. Пра імпрэзу “Зярно к зярняці…”, якая была прысвечана 95-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Юрэвіча і прайшла ў музеі Янкі Купалы, я ўжо запісваў у дзённіку. Пра гэту імпрэзу ў некаторых газетах з’явілася інфармацыя. “На вечарыне, апроч пісьменнікаў і навукоўцаў Вячаслава Рагойшы, Міколы Аўрамчыка, Анатоля Бутэвіча, Навума Гальпяровіча ды іншых, выступілі студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі” – так піша адна газета, але ж на вечарыне ні Рагойшы, ні Аўрамчыка, ні Бутэвіча не было. Гэта значыць, што інфармацыя напісана з прэс-ліста, які быў распаўсюджаны загадзя. У другой газеце чытаем: “Сярод гасцей былі і вядомыя літаратуразнаўцы, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Віктар Шніп, Мікола Аўрамчык, Вячаслаў Рагойша, Алесь Бадак”. Зноў у перакліку ёсць пісьменнікі, якіх не было ў музеі: “М. Аўрамчык, В. Рагойша, А. Бадак”. Дарэчы, карэспандэнтка з гэтай газеты прысутнічала і ўвесь час нешта запісвала. На вечарыне выступала Галіна Шаблінская, але, мяркуючы па прыведзеных інфармацыях, яе не было…
09.10.2011. Ужо стала традыцыяй там, дзе адбылася аўтааварыя і загінулі людзі, ставіць невялічкія крыжы і класці вяночкі. Усё гэта выглядае не толькі, як смутак па загінуўшых, але як і напамін тым, хто любіць хуткую язду, што, калі будзеш ляцець на машыне на злом галавы, то можа здарыцца так, што і па табе паставяць такі прыдарожны крыжык. Учора на Астравеччыне з акна экскурсійнага аўтобуса бачыў каля пятнаццаці мясцін, дзе загінулі людзі…
11.10.2011. Стаю на аўтобусным прыпынку і чытаю абвесткі. Самая нечаканая: “Были утеряны костюмные мужские брюки синего цвета. Просьба вернуть за вознаграждение!”, і тут жа дадзены нумар тэлефона…
12.10.2011. Паблізу з выдавецтвам, дзе я працую, на праспекце Пераможцаў ужо амаль збудаваны трыццацідвухпавярховы дом, і цяпер на яго садзяцца вароны, як горныя арлы…
Патэлефанавала з Валожына Валянціна Гіруць-Русакевіч, каб запрасіць мяне на вечарыну, прысвечаную памяці Пятра Бітэля. 18 кастрычніка будзе дваццаць гадоў, як наш зямляк памёр і быў пахаваны ў Вішневе побач з Канстанцыяй Буйло. На жаль, не змагу паехаць, бо якраз у гэту суботу трэба быць абавязкова ў Пугачах, дзе жыве мой бацька, якому ў мінулым месяцы споўнілася 80 гадоў…
Апалыя кляновыя лісты, як абгорткі, у якіх былі вершы…
22.10.2011. Раніца. Ветрана. І чорны воран шалёна лётае ў двары, як шматок чорнай ночы, якую парвалі восеньскія вятры…
25.10.2011. Патэлефанавала жанчына, каб даведацца, як можна выдаць кнігу, каб атрымаць ганарар. Піша прозу і паэзію. Я ёй расказаў усё, і жанчына прызналася, што ў верасні вярнулася з Францыі, дзе пражыла 17 гадоў. Муж быў французам. З ёй у Беларусь прыехалі двое дзяцей, якія, акрамя французскай, іншых моў не ведаюць. Старэйшаму хлопцу 16 гадоў, а меншаму 11. На маё пытанне: “Чаму вярнуліся?” жанчына адказала: “У Францыі сярод французаў немагчыма жыць, калі ты не француз!”
07.11.2011. З Сашкам Бурым пасля школы ідзём катацца на санках. Санкі адны і мае, таму я першым з’язджаю з гары. З’язджаю няўдала – стукаюся ў бярозу і разбіваю нос. Убачыўшы кроў, кідаю санкі і бягу няведама куды ў глыб лесу. Снег у лесе стаптаны, але па кроплях крыві Сашка мяне знаходзіць і потым на санках вязе мяне дамоў, як параненага барына…
Які ўжо раз, прыходячы ў краму, кладу сваю торбу для захоўвання ў скрынку пад № 13, бо ўсе астатнія занятыя…
11.11.2011. У скверы невялічкія кучы апалага лісця, як залатое кратавінне…
15.11.2011. Дзень карацее, нібыта светлая палонка на рацэ часу зацягваецца чорным лёдам…
17.11.2011. Выступаў у Мінскім дзяржаўным вышэйшым авіяцыйным каледжы. Калі зайшоў у актавую залу, дык на хвілю аслупянеў – мяне чакала каля паўтысячы курсантаў у вайсковай форме. Пасля выступлення некалькі чалавек падышлі да мяне і запыталіся, дзе можна набыць мае кніжкі…
22.11.2011. У друку з’явілася інфармацыя, што ў Мазыры за адну дзяўчыну загінулі тры мужчыны. Праўда, загінулі недарэчна. Аднак мне ўзгадалася легенда пра Дзявочую гару, што ў шасці кіламетрах ад маіх Пугачоў. Даўным-даўно ў нашай мясцовасці жыла прыгажуня і ў яе былі закаханыя тры хлопцы, якія адначасова прапанавалі ёй выйсці замуж. “Выйду за таго, хто хутчэй ускоціць валун на гару!” – сказала прыгажуня. Гара была высокай, а валуны цяжкія, і ў хлопцаў ад натугі разарваліся сэрцы. Пасля гэтага мясцовыя людзі схапілі прыгажуню і на гары закапалі жывой разам з памерлымі жаніхамі, паклаўшы на магілу тры валуны…
03.12.2011. Сухое лісце, як пялёсткі сонца, якое адцвіло…
З Маладзечна патэлефанаваў Міхась Казлоўскі і расказаў пра сённяшнюю паездку ў Ракуцёўшчыну, якую арганізавала Валянціна Гіруць-Русакевіч для членаў валожынскага літаб’яднання “Рунь”. І мне, слухаючы Міхася, захацелася да сваіх землякоў у фальварак, дзе два летнія месяцы 1911 года жыў Максім Багдановіч…
14.12.2011. Жывучы ў Мінску, паэт Мікола Федзюковіч як член Саюза пісьменнікаў стаў на ўлік у беллітфондаўскую паліклініку. І неяк зімой, добра застудзіўшыся, Мікола пайшоў да дактароў. Тыя паслухалі дыханне і прыпісалі банькі. Паставіўшы банькі на спіну хворага, дактары выйшлі з працэдурнага кабінета. І вось ляжыць
паэт паўгадзіны, гадзіну, і ніхто не прыходзіць. “Відаць, так трэба!” – думае Мікола і церпіць невыносны боль ад банек. І толькі праз дзве гадзіны дактары ўспомнілі, што яны лечаць паэта…
20.12.2011. Каля крамы “Рамонак” сустрэў пісьменніка. Кажу: “Прыйдзі ў выдавецтва і забяры свае выкупленыя кнігі!” “А навошта мне яны!” – адказвае пісьменнік і ўсміхаецца…
24.12.2011. Коля Ганьчын прыйшоў п’яны на вяселле і, закрычаўшы: “Маю права!”, ускочыў на святочны стол і пачаў танцаваць. Праз пару хвілін усе госці следам за маладымі выбеглі з хаты. За сталом застаўся дзед з бабай, які, выпіўшы сто грам, запытаўся: “А чаго гэта ён? Здурэў ці што?” “Гэта ж ягоная дзеўка замуж выходзіць!” – адказала старая…
25.12.2011. “П’яны Коля Ганьчын, натанцаваўшыся на вясельным стале і выпіўшы самагонкі, зваліўся на падлогу, як забіты. І пакуль госці бегалі па полі па гурбах за маладой і маладым, дзед з бабай напусцілі ў хату дзяцей, сабак і катоў, якія тут жа пачалі піць і есці, што засталося на сталах і валялася на падлозе…” – сёння бацька працягнуў расказваць пра вяселле, на якім дзяўчына Колі Ганьчына выходзіла замуж за іншага. “А што далей было?” – пытаюся ў бацькі, які, расказваючы, смяецца, аж плача. “Шафер Славік у гурбе каля хаты знайшоў поўны бідон самагонкі, і праз паўгадзіны ў вёсцы ўсе былі п’яныя!” – завяршыў бацька свой успамін пра вяселле, на якім і ён быў…