Два гады таму выпускніца Віцебскага медыцынскага каледжа прыбыла ў Валожын па размеркаванні.
Ужо ў жніўні сыходзіць тэрмін абавязковай адпрацоўкі, аднак спецыяліст не мае намеру пакідаць наш горад. Дзяўчына, нягледзячы на малады ўзрост, вельмі сур’ёзна ставіцца да жыцця ва ўсіх яго праявах. Па-даросламу ацаніла адносіны да сябе дружнага калектыву РЦГіЭ, непасрэдна – кіраўніка Паўла Мікалаевіча Сарокі, а яшчэ зарплату і прадастаўленае службовае жыллё. Ды і сам горад ураджэнцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці падаўся прывабным і ўтульным, з цудоўнай геалакацыяй адносна сталіцы. Таму, і гэта вельмі прыемна, малады спецыяліст застаецца з намі.
Алена Анатольеўна, хоць па характары даволі камунікабельная, спачатку адчувала сябе на першым працоўным месцы не вельмі ўпэўнена. У сваіх ведах адносна тэорыі не сумнявалася, а вось што тычыцца практыкі, то яе юнай супрацоўніцы не хапала. Аднак вопытная калега Рыма Гасціловіч, якая цудоўна ведае работу аддзела эпідэміялогіі, падзялілася вопытам і навыкамі. Сапраўдным выпрабаваннем для структурнага падраздзялення, якое адказвае за эпідэміялагічны стан на тэрыторыі Валожыншчыны, стала адпрацоўка кантактаў, правядзенне эпідрасследавання падчас эпідэміі каранавіруса. Вось дзе спатрэбіліся энергічнасць і адказнасць маладога спецыяліста. Адказная за арганізацыю ідэалагічнай работы Святлана Нахай у сваю чаргу высока цэніць яе творчы патэнцыял і заўважае, што без Алены немагчыма ўявіць ніводнае мерапрыемства цэнтра.
Фельчар-гігіеніст, эпідэміёлаг. Так гучыць назва спецыяльнасці нашай гераіні па дыпломе. Нават людзі, далёкія ад дзейнасці санітарнай службы, безумоўна зразумеюць, што за кожным з трох слоў – вялікі пласт з навукі і практычнай дзейнасці ў галіне прафілактычнай медыцыны. А колькі нарматыўнай дакументацыі, што рэгулюе яе, патрэбна вывучыць, каб годна справіцца з абавязкамі. Што ж, як кажуць, галоўнае – пачаць (і гэта ўжо зроблена), а вопыт прыйдзе абавязкова, калі маецца жаданне развівацца і пацвярджаць адукацыю.
Сёння, калі амаль гатова развітацца са статусам маладога спецыяліста, памочнік урача-эпідэміёлага смела і з аптымізмам глядзіць у будучыню. Працоўным месцам задаволена, жыць ёсць дзе, магчымасць павышаць свой прафесійны ўзровень таксама маецца. Застаецца толькі пажадаць міламу і працавітаму медыку моцнага здароўя і асабістага шчасця.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара