Авторская колонка Виктора ШНИПА

Храм

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

  1. Вясновае разводдзе, нібы пачатак патопу. На возе мяне і сястру Валю бацькі вязуць у Дубравы ў царкву хрысціць. Нашы будучыя хросныя – бацькаў брат Славік і маміна сястра Аля – трымаюць нас на руках, як жывых лялек. Мне хоць і пайшоў трэці год, але я раву, як рэзаны. Бацька злуецца: “Вось ты, Ніна, выдумала нейкую язду ў царкву. Прывезлі б дахаты папа – і ўсё было б, як трэба…” Усе маўчаць, а я раву. Недзе там за гарою царква…
  2. На Радаўніцу з бабуляй Ганнай адведалі ў Крывічах магілку майго дзеда Міхася. Я, як толькі можа пяцігадовы хлапчук, дапамог бабулі з грудка вырваць траву і пасыпаць яго свежым жоўтым пясочкам. Падфарбавалі агароджу, паклалі каля крыжа некалькі велікодных яек. Дачакаліся бацюшку, які хадзіў па могілках і чытаў за памерлых малітвы. І толькі сабраліся ісці дахаты, як раптам наляцеў моцны вецер і наўкол пацямнела. Загрымеў першы вясновы гром, узляцелі з дрэў, як сухое чорнае лісце, вароны. “Пабеглі хутчэй дамоў!..” – занепакоіўся я, але бабуля ўзяла мяне за руку і спакойна павяла ў царкву. У Храме было шмат людзей і светла…
  3. З бацькам на возе еду ў Гарадок. Па дарозе распытваюся, дзе і што і чаму ўсё так, а не іначай. Бацька ў добрым настроі і таму расказвае з ахвотай пра ўсё на свеце. Праязджаем каля могілак. Маглі б проста праехаць, але бацька спыняе каня і вядзе мяне на могілкі паказаць, дзе і хто пахаваны з нашых блізкіх. У самім Гарадку спыняемся каля рэшткаў Храма, і тут бацька мяне заводзіць у сцены царквы і кажа: “Паглядзі ў неба…” Я гляджу, і ён пытаецца: “Што бачыш?” “Неба…” – адказваю я. “А ў небе?” Я маўчу, а бацька кажа: “А там Бог…”
  4. У школе я добра бегаў, і мяне павезлі на спаборніцтвы ў Ракаў. Прабег нядрэнна. Да аўтобуса дахаты было яшчэ шмат часу, і нам дазволілі пабадзяцца па мястэчку. Наш фізрук некуды сышоў, старэйшыя хлопцы таксама пайшлі невядома куды, а я застаўся адзін. Куды пайсці? І я пайшоў у царкву, каб паслухаць, як мяне вучыла бабуля, Божаньку. Зачынена. Перайшоў дарогу – далей за хатамі бачыўся высокі прыгожы касцёл. Падышоў да яго. Дзверы адчынены. Заходжу, а там змрочна і конь з возам, з якога людзі згружаюць нейкія вялізныя мяшкі. Едучы дамоў, пра сваю вандроўку па Ракаве я расказаў фізруку, які на мой аповед усміхнуўся: “У касцёл у мяшках прывезлі новых грэшнікаў і цяпер усю ноч будуць з іх малоць муку. Будзеш грашыць – і цябе змелюць…”

12.04.1985. У Вішневе быў на пачатку адзінаццатай гадзіны. Пятро Бітэль і яго жонка Ніна Пятроўна былі дома, чакалі мяне. Перакусіўшы добра, заселі з Пятром Іванавічам чытаць яго новую паэму “Тупікі”, якую ён нядаўна закончыў. Назву будзе мяняць. Чыталі недзе гадзіны чатыры. Чыталі па чарзе. Затым Пятро Іванавіч павёў мяне па Вішневе. Паказаў царкву, якая была пабудавана ў 1865 годзе, і касцёл XV стагоддзя. Узышлі на гару насупраць царквы. На гары былі калісьці могілкі. Кажуць, тут недзе пахаваны Сымон Будны. Цяпер растуць маладзенькія хвоі і шмат расце шыпшыны, якая якраз зацвіла. Прыгожа. З гары відаць усё Вішнева і наваколле. Пятро Іванавіч паказаў рэшткі крыжа – жалезная рэйка. Было іх тры – стаялі на адной лініі… Паглядзелі касцёл. На гары ёсць нейкая яміна ці то ад выбуху, ці то так ад чаго. У ёй расце шыпшына. Пайшлі да рэчкі Ашмянкі. Бачыў рэшткі млына. Пятро Іванавіч паказаў падмуркі былых яўрэйскіх дамоў. Наогул, у Вішневе было шмат яўрэяў, якія трымалі крамы і г. д. У вайну 1941-1945 гадоў Вішнева амаль усё згарэла, але яшчэ шмат засталося дамоў. Старых, чорных, з дзвярамі адразу на вуліцу. Рэчка раней была большай, было шмат рыбы. Драўляным і хісткім мастком перайшлі на другі бераг. Схадзілі ў школу, дзе адзінаццаць гадоў Пятро Іванавіч працаваў…

  1. Аднойчы ў інтэрнат Літінстытута да мяне зайшоў рускі паэт, які нарадзіўся ў Беларусі, Валерый Казакоў. Пагаварыўшы пра жыццё-быццё, ён прапанаваў: “Паехалі да мяне ў госці. Я цябе хоць пакармлю нармальнай ядой…” Жыў Валера недзе далёка, на ўскраіне Масквы. Перад тым, як ехаць да яго на кватэру, ён вырашыў прайсціся са мной па вуліцах вячэрняга горада. Ішлі доўга, і я думаў, што Валера мяне вядзе ў нейкі рэстаран. А прыйшлі ў царкву. Зямляк купіў свечкі, і мы іх запалілі за нашу Беларусь. Дома, пачаставаўшы, Валера даў мне пачытаць перад сном Біблію. На той час святыя кніжкі былі рэдкасцю, і я зачытаўся да гадзін дзвюх ночы. Хацеў заснуць, але не змог – у галаве круціліся словы: “И все это суета сует и томление духа под солнцем…” У пяць гадзін раніцы апрануўся і, нічога не сказаўшы Валеру, паехаў да сябе ў інтэрнат…
    У васьмідзясятых гадах, калі людзі перасталі баяцца хадзіць у храмы, мая сястра Валя папрасіла мяне быць хрышчоным бацькам яе сына. Я згадзіўся, і мы паехалі ў Ракаў у царкву. Людзей у Храме не было. І бацюшка, пасля таго як атрымаў, што яму на той дзень Бог паслаў, пацікавіўся: “Як будзем хрысціць младзенца: па поўнай праграме ці па скарочанай?” Майму швагру якраз не выпадала расцягваць святую справу на невядомы час, і ён згадзіўся на “кароткую праграму”. Гадавалы Сярожа роў у мяне на руках, а я кусаў губы, каб не засмяяцца, успомніўшы недзе вычытанае: “Харашо гарланіць. Відаць, камсамольскім важаком будзе…”
  2. У падмаскоўны Загорск у Сергіеву лаўру я ездзіў на святыя святы. Апошнім разам паехаў з Людмілай. І якраз трапілі, што некалі дзён таму назад там быў вялікі пажар – гарэлі келлі манахаў. Залатыя купалы храмаў, пачарнелыя ад дыму сцены манаскага будынка, чорныя вялікія вароны на яшчэ чорных голых дрэвах, і манахі ў чорным, як цені з мінулага, і мая Людміла сярод усяго гэтага, як Рагнеда…
  3. У які горад ці мястэчка ні прыеду, першае, што хочацца ўбачыць і куды схадзіць, – гэта Храм. Пасля чарговага свята паэзіі ў Ракуцёўшчыне госці са сталіцы, і ў тым ліку я, ідучы па дарозе да электрычкі, зайшлі ў царкву, каб паставіць свечкі па Максіму Багдановічу. Следам за намі заляцела сінічка і, пакуль мы былі ў Храме, лётала пад купалам…
    У Дубравах на рэштках Храма ў канцы васьмідзясятых, відаць, каб прыцягнуць увагу да разбуранай святыні, нехта фарбай напісаў: “Тут хрысцілі Янку Купалу!” Але і гэты святы падман не ўратаваў рэшткаў Храма…
    Раніцай 26 ліпеня 2005 года ў Вільні ў Свята-Духавым манастыры, дзякуючы Людміле, упершыню ў жыцці спавядаўся. Потым прыняў прычасце. Перад споведдзю і прычасцем пасля амаль бяссоннай ночы адчуваў сябе не вельмі добра. Да ўсяго на вуліцы ішоў дробны дождж і было змрочна, як навокал, так і ў душы. Спавядаўся айцу Алегу. Адразу ж пасля споведзі і прычасця адчуў лёгкасць ва ўсім целе, нібыта з мяне нешта цяжкое дасталі, з чым я хадзіў столькі гадоў, і выкінулі. І светла было ў Храме, і светла было на вуліцы і ў маёй душы…

23.05.2010. У Навасёлкі знаёміцца з траюрадным дзядзькам Леанідам Жыткевічам, які цяпер на пенсіі і ў вольны час малюе, давялося ехаць аднаму – Людміла падпрастыла, а сын Максім паехаў з аднакласнікамі ў Тальку на экскурсію. Анатоль Блашчыцын – мой далёкі сваяк – уляцеў у электрычку на Маладзечна за хвіліну да адпраўлення. Усю дарогу прагаварылі, таму гадзіна язды праляцела незаўважна. У Дубровах нас ужо чакаў Леанід на машыне. Побач стаяў нейкі дзіўны трактар, за рулём якога сядзеў стары. Да яго залезла пажылая кабета з электрычкі і яны паехалі. Леанід паведаміў, што гэты трактар чалавек змайстраваў сам. Яму цяпер 77 гадоў. Па дарозе ў Навасёлкі спыніліся каля Дуброўскай царвы, дзе якраз ішла служба – Анатоль захацеў пакінуць памінальныя запіскі. У царкве было каля дзесяці чалавек. Збудаванне драўлянае. На ўваходзе вісіць шыльда на беларускай мове: “Беларуская Праваслаўная царква ў імя Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Адноўленая ў 90-х гадах ХХ стагоддзя стараннямі свяшчэнніка Іаана Крупко”. Святар у Дубровах вядомы і як паэт. Асобныя ягоныя вершы краязнавец Міхась Казлоўскі дапамог надрукаваць у маладзечанскіх газетах. У Храме шмат іконаў. Многія тканыя. Напрыканцы службы ў царкву была занесена шырокая сіняя лава – пачалася падрыхтоўка да адпявання памерлага. Памёр пяцідзесяцітрохгадовы Руды з Навасёлкаў. Леанід не змог успомніць, як яго завуць. Адстаяўшы да канца службу, мы працягнулі сваю дарогу…

07.11.2010. Учора маму прывезлі з ракаўскай бальніцы да нас. Сёння з Людмілай хадзіў у царкву Пятра і Паўла. Мы маліліся, а каля нас амаль увесь час бегалі малыя дзеці, як херувімы…

13.08.2011. Адпачываць можна і нікуды не выязджаючы з Нарачы, што многія і робяць, седзячы ў шашлычных. Мы ж прыехалі, каб спазнаваць мясціны, у якіх цяпер часова жывём. На жаль, цікавых экскурсій для адпачываючых прапаноўваецца малавата…
Па дарозе ў вёску Княгініна ад экскурсаводкі даведаўся, што раней наш курортны пасёлак называўся мястэчкам Купа. І гэта мястэчка было не менш слаўнае, чым цяпер, маючы назву курортны пасёлак Нарач…
Вёска Княгініна вядомая з XV стагоддзя. У ёй Троіцкая царква збудавана ў канцы XVІІ стагоддзя. Храм драўляны, невялікі, захаваліся вельмі старыя іконы. У царкве каля сценкі стаіць прыгожы крыж з пазнакай: “Жертва воина Константина Дубяго. 25 марта 1914 года”. Каля Храма пахаваны а. Мітрафан (1864.V.25 – 1928.Х.1) і ягоная жонка Алена (1864.V.20 – 1949.ІХ.13), а таксама мітрафорны протаіерэй Мікалай Башко (1927.29.03 – 1996.28.02)…
Праязджаючы каля Пількаўшчыны, экскурсаводка паведаміла, што гэта родная вёска Максіма Танка і прачытала ягоны верш пра Нарач. На жаль, наведванне магілы паэта не ўваходзіць у экскурсійны маршрут…
У Будславе мы з Людмілай і Максімам ужо былі два гады назад. Частка касцёла цяпер рэстаўрыруецца, а так нічога не змянілася. Праўда, сёння сам Храм мне падаўся не такім велізарным, якім я ўбачыў яго ўпершыню…
Крыху ад’ехаўшыся ад Будслава, экскурсаводка падзякавала за ўвагу і сціхла. І амаль гадзіну мы ехалі дамоў сярод цікавых мясцін, чытаючы ўказальнікі…
07.01.2012. На вуліцы светла, як у Храме…

22.02.2012. У Храме ўсе, як радня…

* * *
Я па снезе глыбокім да мамы іду,
І навокал нідзе анікога няма.
Знаю – снег ператворыцца ў дождж
і ў ваду,
Толькі трэба, каб спаць уляглася зіма.

Мая мама цяпер Там далёка жыве,
Ды я чую – яна шэпча мне: “Не спяшай…”
Шэпт яе паўтараюць званы на царкве,
І ўва мне, як званочак, трапеча душа.

Мне па снезе глыбокім ісці сто гадоў.
Ды яны пралятуць, як над полем вятры.
Паміж мамай і мной не гады, а Любоў,
Што над полем заснежаным
сонцам гарыць…

28.04.2016. У Храме, як у акамянелым небе…

09.12.2016. У Храме-помніку ў гонар Усіх святых адбылася ўрачыстая цырымонія “Вяртанне” – закладка капсулы з зямлёй з месца пахавання Максіма Багдановіча. Стаяла ганаровая вайсковая варта. Было шмат прадстаўнікоў духавенства, дзяржаўнай улады, творчай інтэлігенцыі, навукоўцаў, супрацоўнікаў музеяў, бібліятэк, студэнтаў і проста добрых людзей. Пасля ўрачыстасцей у Белай зале Храма адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Калі ўсе мы разам ляцім да зор…”. Выходзячы з Храма, падумалася: “Вось так бы адзначаліся ўсе юбілеі нашых славутых людзей!”

15.04.2017. У храме Труны Гасподняй у Ерусаліме а 12.45 сышоў Жыватворны агонь, які чакалі паломнікі з усяго свету.
Я памятаю свой першы Вялікдзень. Мне было гадоў шэсць. Я тады гадаваўся ў Лягезах у бабулі Ганны. У той дзень у мяне якраз два малочныя верхнія зубы вырваліся, таму добра памятаю Свята. З самага ранку з сябрамі Сашкам і Людай мы пайшлі на хутар да Такушоў у жачкі. Нас там за святочны стол пасадзілі. Вяртаючыся дахаты каля Яршоўкі, Люда аддала мне свае панчохі, каб не замачыць у вадзе. Я іх паклаў у кішэні, што былі ў пінжаку. Спыніліся каля вярбы. На ёй было шмат коцікаў, і Люда захацела, каб мы з Сашкам іх наламалі ёй. Каб было хутчэй, я пачаў галінкі перагрызаць. Раз грызануў, другі і… два верхнія зубы амаль вылезлі са сваіх месцаў. Ад нечаканага болю я кінуў недаламаную галінку вярбы і пабег дадому. Следам пабегла Люда з крыкам: “Аддай панчохі!” Аддаў толькі дома, дзе нікога не было. Родныя былі ў гасцях у Барановых. Я прыбег туды са слязамі на вачах. “Што здарылася?” – наперабой усе пачалі пытацца. “Зубы…” – адказаў я і разінуўся. Дзядзька Ваня, не памятаю ўжо як, але вырваў тут жа мне іх і сказаў, каб нёс дахаты і паклаў пад падушку для мышкі, якая мне за гэтыя старыя зубы дасць новыя. Я так і зрабіў.

19.12.2017. Ходзім з Людмілай па вузкіх вулках Барселоны, як па лабірынце Мінатаўра. Людзей амаль не сустракаем. Навокал усё незнаёмае і чужое. Крыху неяк страшнавата. Заходзім у крамы, кавярні. Разглядаем інтэр’еры. Нічога не купляем. Выходзім з вулкі на пляц, на якім стаіць храм. У храме, як дома, дыхаць робіцца лягчэй і на душы спакайней…

06.09.2018. На вуліцы цёмна. Час ад часу перагаўкваюцца сабакі, нібыта ў вёсцы. Слухаю і ўспамінаю Пугачы. Басанож іду па вясковай вуліцы. Пыл цёплы, як прысак. Прыходжу дадому. Халоднай вадой мыю ногі. Іду спаць. Сплю. І прачынаюся ў Мінску. На вуліцы цёмна. Раніца. Іду з Міёнай гуляць на Мухлю. Над азярынай туман. І цішыня. Як у Храме, куды я прыйшоў першым.

19.01.2021. Вадохрышча. Мароз крыху прыцішыўся. Трымаецца на 15. На працы наша сакратарка Ірына Анатольеўна хадзіла ў царкву па ваду. Там пачула, што як адпявалі Філарэта, над царквой кружыліся чайкі, як вір.