Пяць гандлёвых кропак абсталяваны ў прыватных дамах гаспадароў: у Валожыне, аграгарадках Ракаў, Пяршаі, вёсках Яршэвічы і Суднікі.
Адкрыць уласную справу і самае галоўнае – працаваць дома стала магчымым дзякуючы Дэкрэту № 7 “Аб развіцці прадпрымальніцтва” і Указу № 345 “Аб развіцці гандлю, грамадскага і бытавога абслугоўвання”, якія былі прыняты напрыканцы 2017 года. Дэкрэт прадугледжвае кардынальнае змяненне механізмаў узаемадзеяння дзяржаўных органаў і бізнесу, мінімізуе ўмяшанне службовых асоб у работу суб’ектаў гаспадарання і ўзмацняе механізмы самарэгулявання бізнесу, яго адказнасць за сваю справу перад грамадствам. Пры гэтым захоўваецца мінімальна неабходны ўзровень кантролю з боку дзяржавы.
Такія прэферэнцыі створаны дзяржавай спецыяльна для развіцця малога і сярэдняга бізнесу на перыферыі. На вёсцы прадпрымальнікі могуць працаваць і ўвогуле за адну базавую велічыню ў месяц, а вось юрыдычныя асобы плацяць толькі падатак на прыбытак – шэсць працэнтаў.
Адкрыццё крамы ў прыватным доме для многіх прадпрымальнікаў абумоўлена перш за ўсё значнай эканоміяй на пастаянных выдатках – калі памяшканне ва ўласнасці, то адпадае такі важны артыкул выдаткаў, як арэндная плата. Для некаторых гэта зручна, калі рабочае месца знаходзіцца побач. Нават з дома выходзіць не трэба: дастаткова адкрыць дзверы ў іншы пакой – і ты ўжо на працы. Ды і кантраляваць такі бізнес у разы прасцей, у выпадку найму работнікаў.
Пералік населеных пунктаў, якія падпадалі пад дзеянне заканадаўчых актаў, вызначаў Мінскі абласны Савет дэпутатаў. У нашым раёне такіх населеных пунктаў ажно 420 – усе, акрамя аграгарадкоў. Колькасць “смельчакоў”, якія рашыліся на такі адказны крок, за пяць гадоў з моманту стварэння заканадаўчай базы трымаецца на адным узроўні: пяць дамоў-магазінаў. За гэты час хтосьці, паспрабаваўшы, звярнуў дзейнасць, хтосьці аддаў дом у арэнду, і там гандлем займаецца не сам гаспадар, а іншы індывідуальны прадпрымальнік. З’явіліся і новыя прыватнікі.
З іх ліку – мінчанін Віктар Галімскі, які адкрыў прыватную гандлёвую кропку на малой радзіме сваіх бацькоў у вёсцы Яршэвічы. Менавіта тут пражывае яго дзядуля па мацярынскай лініі – былы дырэктар школы Вітольд Іванавіч Пліскоўскі.
– Усё прыйшло спантанна, – расказвае Віктар Іванавіч. – Першае, што ёсць памяшканне, а менавіта – гараж пры доме, які не выкарыстоўваецца. У нас яго называлі складам. Трэба паспрабаваць зрабіць у ім рамонт. Пасля з’явілася думка: а можа абсталяваць тут магазін? Пачаў вывучаць пытаннне, патрапіў на Дэкрэт № 7. Вось такім быў мой шлях у прадпрымальніцкую гандлёвую дзейнасць – ні ўяўлення, ні дачынення, ні навыкаў у якой ніколі не меў. Сам я па прафесіі тэхнік-механік.
Напачатку вынес усё лішняе з памяшкання, заклаў гаражныя вароты – паставіў дзверы, цалкам правёў новую электрыку, абсталяваў санвузел – прабіў свідравіну і падвёў ваду, уласнымі рукамі зрабіў увесь рамонт. А пасля пайшоў, як кажуць, “прабіваць” сваю дарогу.
Вечарамі ў Інтэрнэце чытаў заканадаўства – напісана там даволі даступна. Падаў заяву ў Валожынскі райвыканкам. У 2019 годзе зарэгістраваўся як прыватны прадпрымальнік. А ў 2020-м адкрыў “Магазін прадуктаў” па вуліцы Школьнай, 2 у Яршэвічах. Яго гандлёвая плошча невялікая – 23 квадратныя метры, а агульная – 80. Акрамя мяне як дырэктара, створаны два новыя рабочыя месцы прадаўцоў.
З пастаўкай тавараў няма ніякіх праблем. Напрыклад, хлеб завозіцца кожны дзень, малочныя прадукты – два разы на тыдзень. Асартымент разнастайны, маецца невялікая група бытавой хіміі.
Не падлічваў, але думаю, што затраты, зробленыя на абсталяванне і адкрыццё, за чатыры гады работы пакрыў. Аднак самае важнае не гэта. Галоўнае, што я шмат дапамог сваім бабулі і дзядулю: у іх доме з’явіліся вада, санвузел, новая электраправодка. Мяне радуе, што Яршэвічы ажываюць і разбудоўваюцца: на зіму з навасёлаў тут засталіся 10 сем’яў, якія павялі сваіх дзяцей у мясцовую школу.
На сёння не шкадую, што адкрыў уласны бізнес. Я атрымаў каласальны вопыт: у пачынаннях, продажы, дакументацыі, зносінах. Дарэчы, часта езджу па нашай Беларусі. Цікавы вопыт у гэтым кірунку на Віцебшчыне, а менавіта ў Глыбоцкім раёне – там гэта сфера вельмі развіта: амаль праз дом ёсць нейкая майстэрня ці магазінчык. Абавязкова стараюся зайсці: у кожнага ж свая задума і ідэя – мне цікава паглядзець, як абсталяваны магазіны на невялікай плошчы. Напрыклад, у адным спадабалася вітрына з цукеркамі – такую ж пасля ўстанавіў у сябе.
Хочацца адзначыць, што ўсё новае – гэта даўно забытае мінулае. У 30-40-х гадах мінулага стагоддзя гандаль ва ўласным доме быў вельмі развіты. Што тычыцца нашага Валожына, то гандлярскай справай актыўна займаліся яўрэі. Успамінаецца з далёкага дзяцінства, як па вуліцах горада ездзіў на кані гандляр-нарыхтоўшчык. У возе ў яго заўсёды быў розны тавар: людзі здавалі яму, як цяпер кажуць, другасную сыравіну, а тады гэта былі проста рэчы, якія ўжо выйшлі з ужытку – у народзе іх называлі анучы, а ён прапаноўваў узамен які-небудзь тавар. Прыезду гэтага гандляра мы, малыя дзеці, вельмі чакалі, бо тады ў нас было сапраўднае свята – можна было папрасіць у бацькоў, каб яны абмянялі рэчы на ярка-бурштынавы пеўнік на палачцы, зроблены з цукру і вады. Гэта цукерка была самым смачным ласункам.
Яшчэ адзін выпадак адбыўся падчас даўнішняй творчай камандзіроўкі ў Белакорац. Ездзілі пісаць пра цікавую гісторыю буслоў, якія штогод абсталёўвалі жытло на адным з падворкаў, а, разгаварыўшыся з гаспадыняй, даведаліся, што ў адной частцы яе дома калісьці быў магазін на вёсцы. Дарэчы, сама жанчына ўсё жыццё адпрацавала прадаўцом – вельмі любіла сваю работу і мела поспех, у далейшым па яе сцежках пайшлі дочкі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ