Нядаўна ў РЦК прайшоў конкурс “Супербабуля-2023”. Ганаровы тытул заваявала Таццяна Шакун з Валожына – маладая бабуля дзвюх цудоўных унучак, маці траіх дзяцей, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 г. Валожына. Пра ўдзел у конкурсе, жыццё ў прамым сэнсе 24/7 мы з ёй і пагутарылі.
– Таццяна Алегаўна, па-першае, хачу запытацца пра ўражанні: што адчувалі на сцэне, калі былі падведзены вынікі? Пры гэтым разумею: Вы штодня ўмоўна знаходзіцеся на міні-сцэне ў класе перад дзясяткамі дапытлівых маленькіх вачэй. Тут жа аўдыторыя зусім іншая.
– Безумоўна: перамога ёсць перамога! Якія ўражанні? Цудоўныя! Ну а калі казаць пра сам конкурс, да яго мы рыхтаваліся ўсёй сям’ёй. Я выйшла на сцэну разам з унучкамі. Мне падабаецца песня Валянціны Талкуновай “А час, а час, ідзе сабе, ідзе…”, калі ўзгадваецца дзяўчынка, дзяўчына, нявеста, матуля, бабуля. Усе пераўвасабленні і пастаралася паказаць у прэзентацыі. Дарэчы, гэта не першы мой подыум, таму вырашыла: чаму б і не?! Мы сталі лепшай шматдзетнай сям’ёй сярод супрацоўнікаў па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці, маю ў скарбонцы дасягненняў званне “Суперматулі”, лагічным завяршэннем стаў і тытул “Супербабулі”.
– Кожная з гэтых іпастасяў – розная?
– У дзявоцтве, калі яшчэ не была замужам, мне казалі: “Як з’явяцца ўнукі, будзеш іх любіць больш, чым дзяцей”. Тады не разумела і не задумвалася. А на самай справе – гэта праўда. Ніколі ж не думала, што ў 40 гадоў стану бабуляй. У мяне трое дзяцей: не паспела яшчэ адпачыць ад усіх дзіцяча-школьных клопатаў і турбот, таму што самаму малодшаму 15, а тут нарадзілася адна ўнучка, а пасля – другая.
– Што самае галоўнае, на Ваш погляд, у ролі жонкі, матулі, бабулі, і якая розніца паміж імі?
– Стаўшы бабуляй, вельмі шмат часу праводжу з унучкамі – дзеці столькі ўвагі не мелі, бо трэба было многа працаваць, на кватэру зарабляць, каб набыць уласнае жыллё. Ну а зараз, як гаворыцца, на расслабленні. Усё ўмею, у доме ўсё ёсць – самая пара заняцца нашчадкамі. Унучкі з нараджэння пражываюць разам з намі, і так склаліся абставіны, што ў большай ступені іх гадуем мы з мужам.
– Ёсць розніца: займацца выхаваннем як бацькі ці як бабуля з дзядулем?
– У маладосці на першым месцы была работа, а пасля ўжо дзеці. Цяпер – наадварот: унучкі на першым месцы, мы ўсё робім разам. Любая справа можа пачакаць – і посуд непамыты крыху пастаіць. Бо дзяўчынкі растуць, кожны дзень адкрываюць для сябе гэты свет, у іх з’яўляюцца новыя і новыя пытанні: учора не пачулі адказ, а сёння ўжо маюць сваё ўяўленне і разуменне.
– Можа, гэта педагагічны вопыт усё-такі аказвае ўплыў?
– Ведаеце, прафесія педагога дапамагла, калі ў старэйшай унучкі ўзніклі праблемы з маўленнем. Вырашыла добра “паднаціснуць”, каб яна змагла пайсці ў школу разам са сваімі аднагодкамі, таму шмат займаліся – у маіх дзяцей такога не было. А самае галоўнае ў выхаванні іншае: каб яны выраслі людзьмі. Важна ў першую чаргу быць чалавекам. І я магу ім гэта перадаць.
– Пагадзіцеся, сучасны свет зусім іншы.
– Іншы, але ёсць якасці і рысы ў чалавеку, якія цаніліся і будуць цаніцца: дабрыня, міласэрнасць, дапамога адзін аднаму. Справядлівасць, часам і смеласць. На сёння яны ў дэфіцыце, але ўласцівы кожнаму чалавеку, маленькаму – тым больш.
– А Вы не думаеце, што яны будуць белымі варонамі сярод іншых?
– У сваёй сям’і мы заўсёды раімся, нават з дзецьмі, як паступіць, што зрабіць у той ці іншай сітуацыі. А то ў бабулі з дзядулем свая пазіцыя, у бацькоў – іншая: адны штосьці дазваляюць, другія – не.
– Як прыходзіце да кампрамісу?
– Размаўляем, тлумачым, паказваем, возім паўсюдна – унучкі заўсёды з намі. Нават у вёсцы: там капаем, садзім, полім, убіраем – усё робім разам, дзядуля катае іх на трактары. У басейн ходзім, едзім у розныя забаўляльныя цэнтры, на экскурсіі – дзеці нічога такога не бачылі. Чытаем кніжкі вечарам.
– Адчуваю, што ўнучкі для вас – святло ў акне.
– Праменьчык сонейка ў душы.
– У Вашых дзяцей няма рэўнасці да ўнукаў?
– Неяк аднойчы сярэдні сын Жэня запытаўся: “Мама, калі ў мяне з’явяцца дзеці, ты іх будзеш гэтак сама любіць і выхоўваць?” На што адказала: “Народзяцца, прывозьце – буду рада. Я ж яшчэ маладая, маю сілы, для мяне вялікая ўцеха і радасць прысвячаць сябе ўнукам”.
– Можаце сказаць, што бабуля з дзядулем больш лаяльныя, шмат чаго дазваляюць, закрываюць вочы на некаторыя свавольствы?
– Як трэба, то і голас можам павысіць. Мы ж нарадзіліся не толькі ў рознае стагоддзе, але і ў розны час, таму даводзіцца падстройвацца пад іх. Але якасць выхавання павінна заставацца заўсёды. Нават і ў школе. Адукацыя ёсць адукацыя. А вось чалавека выгадаваць не кожнаму дадзена.
– Зрабіць гэта становіцца ўсё складаней?
– Калі да мяне ў першы клас прыходзяць дзеці, фундамент у іх ужо закладзены – у сям’і, у дзіцячым садку. А далей настаўнік разам з бацькамі павінны накіраваць дзіця ў правільнае рэчышча: навучаць, выхоўваць, паказваць на ўласным прыкладзе. Кожны з іх пасля сам выбера сваю дарогу.
– Не памылюся, калі скажу, што Вашы першыя выпускнікі прыводзяць цяпер у першы клас ужо сваіх дзяцей. Удаецца знайсці паразуменне паміж пакаленнямі? Розніца вялікая?
– Сённяшнія дзеці зусім іншыя. Усю інфармацыю яны атрымліваюць не ад жывых людзей, а ад тэхнікі. А як яны будуць размаўляць, калі машына маўчыць? Аніяк. З імі трэба гаварыць – і шмат гаварыць.
– Напэўна, адсутнасць жывых зносін і з’яўляецца адной з прычын, што сучасныя дзеткі пазней пачынаюць размаўляць?
– Думаю, што так. Дарослым проста неабходна паболей разам быць са сваімі дзецьмі: не 15 хвілін, не паўгадзіны. Ведаеце, калі мы ў школе праводзім мерапрыемства, а маці на яго не прыходзіць, бо кажа, што не можа выспацца, надта змарылася, суткі была на рабоце, – як жанчына разумею яе. Аднак яна нават і не ўяўляе, наколькі важна для дзіцяці ўбачыць сярод прысутных родны твар, паказаць і пахваліцца, чаму навучыўся, атрымаць адабрэнне і падтрымку ў любімых вачах? Рэаліі сённяшняга часу такія: бацькі – у тэлефонах, дзеці – таксама, толькі б ніхто нікому не перашкаджаў. А пасля задаёмся пытаннем: як жа выхаваць годнага чалавека, клапатлівага сына ці дачку?
У школе стараюся шмат надаваць увагі менавіта выхаванню і развіццю ў маленькіх людзей харошых якасцей. Напрыклад, працавітасці, бо для школьніка менавіта вучоба з’яўляецца працай. І нялёгкай працай.
– Увогуле, дзеці ідуць на кантакт?
– Яны гатовы расказваць пра ўсё на свеце, толькі б іх слухалі, з імі займаліся, вельмі рады ўдзельнічаць у мерапрыемствах. І нават мае былыя вучні, а цяпер дзевяцікласнікі, часта заходзяць у клас і расказваюць пра свае справы, прыслухоўваюцца да парад. Галоўнае, закласці ў іх добрае зярнятка: яно абавязкова дасць парасткі.
– Ваша ж асноўная задача – даваць веды.
– Усё роўна ў адукацыі павінна быць хоць кропля выхавання. Элемент выхавання ёсць на кожным уроку, у любым тэксце, у любой задачы. А калі да гэтага працэсу з поўнай аддачай і разуменнем далучацца і бацькі, то дзеці будуць паважаць і бацькоў, і настаўнікаў, і школу, і сваю краіну.
Толькі з нараджэннем унукаў у нас з’яўляецца шанс вярнуцца ў свет чараўніцтва – перачытаць казкі, перагледзець дзіцячыя фільмы і ўбачыць свет вачамі малыша! І адчуць: як жа цудоўна і казачна проста быць бабуляй!
– Якая Вы бабуля?
– Па натуры халерык, строгая, але справядлівая. Складана, не ўсім гэта падабаецца. Але ёсць свае плюсы і харошыя рэзультаты. Мае ўнучкі не сядзяць у тэлефонах ці планшэтах і нават не просяць іх, каб пагуляць, бо яны заняты намнога больш карысным і цікавым. Мы малюем, выразаем, лепім, ідзём гуляць на вуліцу – замяняем віртуальныя забавы на рэальныя. І атрымліваем безліч станоўчых эмоцый і ўражанняў!
– Як жа бацькам столькі ўвагі надаваць дзецям, калі трэба спраўляцца са шматлікімі іншымі абавязкамі?
– Трэба запытацца ў тых жонак-матуль-гаспадынь, у якіх расце па 5 і больш дзяцей. Трэба запытацца ў нашых бацькоў, як яны паспявалі выхоўваць нас, жывучы без усялякіх выгод. У кожнага ў сям’і павінны быць абавязкі – па сілах і магчымасцях. А як жа інакш дзіця можа чамусьці навучыцца? Час проста праляціць – незаўважана і непрыкметна, яны вырастуць, пойдуць у дарослае жыццё, але з якім багажом? Думаць пра гэта трэба сёння.
– Адчуваю, што Вы – моцная жанчына. А бывае такое, што хочацца паплакацца ў падушку?
– Маючы траіх дзяцей, выпрабаванняў было нямала. Жыццё зрабіла мяне моцнай. Тым не менш мінуты слабасці бываюць у кожнай жанчыны. Аднак слёзы лічу не слабасцю: наадварот, вадой выльеш тое, што назбіралася негатыўнае, далей выпрамішся па струначцы і ізноў наперад!
На фота “Супербабуля-2023” Таццяна ШАКУН з дачкой Анастасіяй і ўнучкамі Ганначкай і Варварай
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ