У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” прайшла выстава “Цяпло гліняных цудаў” Алега і Ірыны Капуста.
Алега Канстанцінавіча – члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці – добра ведаюць не толькі ў раёне, але і за яго межамі, бо той з задавальненнем прымае ўдзел у розных мерапрыемствах рэгіянальнага і абласнога ўзроўняў. Ад кожнага з іх застаюцца непаўторныя ўражанні, асабліва ад такіх маштабных, як “Гліняны звон”, “Александрыя збірае сяброў”, “Славянскі базар”. Шматлікія дыпломы і іншыя ўзнагароды, што прывозіць адтуль, яскрава сведчаць аб сапраўдным майстэрстве нашага героя.
Падчас свят мужчына ніколі не адказваецца правесці майстар-клас па вырабе прадметаў посуду на ганчарным крузе. Гэты працэс захоплівае, бо нельга застацца раўнадушным, калі на тваіх вачах літаральна за некалькі хвілін кавалак гліны ператвараецца ў кубак, збан ці іншую пасудзіну. Гледзячы збоку, здаецца, што ўсё вельмі лёгка, але гэта зусім не так: адзін няправільны рух і старанні аказваюцца дарэмнымі.
Алег Капуста нарадзіўся і вырас у вёсцы Шэлеўшчына, што непадалёк Івянца. Магчыма, адсюль на генетычным узроўн і бяруць свой пачатак вытокі яго таленту, бо пасёлак спрадвек славіўся майстрамі ганчарнай справы.
Пасля арміі ён стаў вучнем ганчара на Івянецкім заводзе мастацкай керамікі. Калі асвоіў азы прафесіі, пачаў працаваць самастойна, набірацца вопыту. Лёс склаўся так, што праз некаторы час ён пазнаёміўся з мінчанінам, які выкладаў у Акадэміі мастацтваў і меў сваю майстэрню. Менавіта ў гэты час малады чалавек самастойна авалодаў многімі прамудрасцямі ганчарства.
У 2008 годзе Алег Канстанцінавіч уступіў у Беларускі саюз майстроў і звольніўся з завода. Пачаўся самастойны творчы шлях.
Калі стаў майстрам, да яго захаплення далучылася і жонка Ірына Баляславаўна. Яна добра ўмее ляпіць і з ахвотай дапамагае мужу ў рабоце. Жанчына таксама нарадзілася непадалёк Івянца. Калі вучылася ў школе, хадзіла на гурток да вядомага на Валожыншчыне краязнаўца Алега Раманоўскага. Педагог прывіў дзяўчыне выдатны мастацкі густ. Паўплываў на будучы прафесійны выбар майстрыхі і дзядзька Міхаіл Звярко, што працаваў ганчаром на заводзе і з захапленнем расказваў пра сваю работу.
Кожны, хто наведаў экспазіцыю “Цяпло гліняных цудаў”, атрымаў велізарнае эстэтычнае задавальненне. Тут можна было не толькі паглядзець, але і набыць цудоўныя вырабы, што выходзяць з-пад рук Алега Канстанцінавіча і Ірыны Баляславаўны.
Для юных наведвальнікаў выставы Ірына Баляславаўна правяла майстар-клас па вырабе з гліны зайца. Дзеці з радасцю паўтаралі за ёй немудрагелістыя дзеянні. Пад кіраўніцтвам майстроў у іх усё выдатна атрымалася. А затым у хлопчыкаў і дзяўчынак была магчымасць праявіць уласную фантазію. З натхненнем яны ляпілі казачных персанажаў, жывёл, прадметы хатняга ўжытку і беражліва неслі гэта багацце дамоў.