Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
12.07.2013. Першае апалае лісце, як выцвілыя пад сонцам абгорткі ад цукерак, якія ў дзяцінстве я збіраў у драўляную скрыначку…
Мая прабабуля Крыстына Андрэеўна Шніп (у дзявоцтве Федаровіч) пражыла 62 гады. Нарадзілася ў 1885 годзе, памерла 20.03.1947 года. Яна была жонкай Івана Кандратавіча Шніпа (1866-1916), які ў царскім войску быў уланам і загінуў на Еўрапейскай (Першай сусветнай) вайне ў раёне Крэва. У іх было трое дзяцей – Юзя (майго бацькі бацька), які нарадзіўся ў 1911 годзе і памёр 05.10.1982 года. Пахаваны ў Дубравах. Другі сын – Янка (1914 – 13.05.1961). Пражыў 47 гадоў. Пахаваны ў Дубравах. Дачка – Зенька, у замужжы Зінаіда Іванаўна Раманчык (1915 – 07.08.1985). Жыла і пахавана ў Ракаве.
17.07.2013. Падпісваючы мне кніжку, выдадзеную ў прыватным выдавецтве, паэтка прызналася: “Заплаціла нямала. Думала не траціцца на карэктуру, але мне сказалі: “Тут вось у Вас коска патрэбна ці працяжнік? Не ведаем. Таму раім, каб Ваш рукапіс наш карэктар пачытаў! Ён у нас былы лётчык…”
Лета паміж нас, як паміж пальцаў цёплая вада, працякае…
З мамай, сястрой і братам хадзіў у чарніцы. Збіраў і не еў, бо хацелася збіраць так, каб мама пахваліла. Мама хваліла ўсіх…
18.07.2013. Кожны дзень у выдавецтва тэлефануюць яшчэ не вядомыя нікому… Хацеў напісаць “графаманы”, але, не чытаўшы незнаёмцаў і незнаёмак, не магу іх гэтак абазваць…
08.08.2013. З пяску, абсыпанага шыльнікам, павылазілі грыбы, як цвікі з рассохлых дошак…
Хадзіў з Людмілай у Нацыянальны мастацкі музей на святкаванне 60-годдзя дырэктара гэтага музея Уладзіміра Пракапцова. Урачыстасці пачаліся ў 8 гадзін 8 хвілін і 8 секунд. Сабралася чалавек сто, але начальства было болей, чым проста людзей, і здавалася, што канца выступленням не будзе. Ды не! Пасля васьмі віншаванняў Уладзімір Іванавіч прапанаваў усім выпіць шампанскага, і тут жа амаль усе пайшлі частавацца. Мы з Людмілай напачатку зайшлі ў залу, дзе віселі карціны Пракапцова. Там такіх, як мы, было чалавек пятнаццаць. Работы Пракапцова падобныя на самога Пракапцова…
Я пазнаў яго адразу. Ён быў у джынсавым паношаным, даўно не мытым касцюме і з торбай у руцэ. Мы з ім не бачыліся гадоў пяць, і я думаў, што калі яго сустрэну, то жахнуся ад яго выгляду, бо колькі разоў чуў ад знаёмых, што ён цяпер выглядае, як бомж. Ды не. Да бамжа яму яшчэ далекавата, але і не так далёка. Алег няспешна падышоў, спыніўся і, разглядаючы мяне, пачасаў сабе патыліцу, якая хавалася ў доўгіх валасах. “Што, не пазнаеш?” – запытаўся я. “Пазнаю. Віця”, – без асаблівых эмоцый прамовіў мастак і пачаў мяне абдымаць. Ад Алега я даведаўся, што цяпер ягоная майстэрня над магазінам “Акіян”, у якой раней працавалі Мікола Селяшчук і Уладзімір Тоўсцік. Дамовіліся праз нейкі час сустрэцца, і Алег мне пакажа свае новыя работы. Я хацеў запытацца: “Ты прыйшоў віншаваць Пракапцова?”, але па выглядзе мастака зразумеў, што ён у Нацыянальны мастацкі музей прыйшоў проста адпачыць…
12.08.2013. Паўгода таму дачка Пятра Глебкі прынесла салідны трохтомнік твораў свайго бацькі (выйшаў у 1969-1971 гадах накладам кожны том па 7600 асобнікаў) з просьбай пачытаць і па магчымасці запланаваць хоць невялічкую кніжку ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя”, бо ўжо больш за сорак гадоў паэт не выдаваўся. Сёння ніхто з пісьменнікаў да мяне не прыходзіў, і я змог пачытаць Пятра Глебку. Чытаў доўга, а потым доўга паўтараліся ў галаве знаёмыя са школы радкі:
Ноч. Халодная зямлянка.
Перастрэлка. Цішыня.
Неба чыстае, як шклянка.
Тупат быстрага каня…
15.08.2013. Па запрашэнні музеяўцаў Музея Янкі Купалы ездзіў у Радашковічы, дзе ў мясцовым цэнтры культуры і адпачынку ўдзельнічаў у “Вечарынцы ў Паўлінкі” з нагоды 100-годдзя пастаноўкі п’есы Янкі Купалы ў Радашковічах…
У 1913 годзе Янка Купала перадаў тэкст п’есы драматычнаму гуртку ў Мінску. Заснавальнікамі гэтага калектыву былі Фларыян Ждановіч, Ігнат Буйніцкі і Алесь Бурбіс. Яны меркавалі адкрыць у Мінску беларускі прафесійны тэатр, але ўлады не далі дазволу. Драмгурток пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча паставіў “Паўлінку”, але пастаноўка была забаронена. Толькі дзякуючы намаганням Аляксандра Уласава і самога Купалы быў атрыманы дазвол на паказ спектакля ў Радашковічах, які адбыўся 15 жніўня 1913 года ў будынку мясцовай пажарнай дружыны. Гэта была прэм’ера “Паўлінкі” на беларускай зямлі. Так Радашковічы, разам з Вільняй і Санкт-Пецярбургам, увайшлі ў тройку першых мясцін, дзе была пастаўлена п’еса Песняра…
Ад маіх Пугачоў да Радашковіч недзе кіламетраў дваццаць. Думаю, што ў 1913 годзе хоць адзін мой аднавясковец быў на прэм’еры “Паўлінкі”…
Музей Янкі Купалы адкрыў выставу “Янка Купала і тэатр”, правёў творчую сустрэчу з акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Марыяй Захарэвіч і Паўлам Яскевічам, а фальклорныя калектывы “Гуда” і “Рада” падарылі ўсім прысутным музыку і спевы, якія гучалі 100 гадоў таму, і без якіх не праходзіла ніводная беларуская вечарынка…
З Міхасём Казлоўскім, Анатолем Бутэвічам, Пятром Васючэнкам і ягонай жонкай схадзілі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Ксёндз нам падарыў буклецікі, у якіх напісана: “Упершыню г. п. Радашковічы ўпамінаецца ў 1447 годзе ад рымакаталіцкага касцёла Святой Тройцы. Фундатар касцёла Пётр Гедыголдавіч, намеснік Смаленска. Першы касцёл быў збудаваны з дрэва. У 1734 годзе касцёл быў адрамантаваны. Неўзабаве пажар знішчае будынак касцёла. Намаганнямі кс. проб. Жылінскага быў закладзены ў 1855 годзе краевугольны камень на будову цяперашняга касцёла. Кансэнкрацыя новазбудаванай святыні адбылася ў 1859 годзе біскупам Жылінскім. Колькасць парафіян: 883 – католікі, прваслаўных – 200, яўрэяў – 1160. Як апавядалі старэйшыя парафіяне, паны прыязджалі да святыні на св.
Імшу, слугі з калёсамі і фурманкамі стаялі на вялікім пляцы перад касцёлам. Як скончылася св. Імша, шляхта збіралася на спатканні, а слугі праводзілі продаж, абмен тавару, прывезенага з сабой. На жаль, час зрабіў сваё. Плошча перад касцёлам стала забудаванай, а невялікая частка забрана ў маёмасць керамічнай фабрыкі. Напрыканцы пяцідзясятых, на пачатку шасцідзясятых касцёл быў забраны пад керамічную фабрыку. Быў збудаваны другі паверх, пастаўлены станкі для прадпрыемства. Па прадукцыі ўтворанага цэху ў будынку святыні (рабілі свечкі парафінавыя), можна сказаць, будынак не згубіў свайго духоўнага назначэння. (…) У гэтай святыні 12.07.1882 года атрымаў Сакрамент св. Хросту выдатны беларускі пісьменнік Янка Купала, які пражываў са сваімі бацькамі непадалёку, у вёсцы Вязынка. У касцёле ёсць маленькая каплічка з цудоўным святым абразом Маці Божай Вастрабрамскай, які вернікі называюць: “Абраз – слаўны Божымі Ласкамі”. Кожную нядзелю а 18 гадзіне спраўляецца Імша, падчас якой вернікі прадстаўляюць свае просьбы перад цудатворным Абразом”.
17.08.2013. Ездзіў у Пугачы. На жаль, адзін… Ідучы з аўтобуса, здалёку ўглядаўся: “Ці стаіць хата?”…
У двары і ў агародзе ўжо восеньскія колеры і парадкі. Яблыкі ў траве самотныя – ніхто не падымае…
Скошаны за хлевам дзядоўнік знасіў у кучу і спаліў. Узгадалася, што ў апошні год жыцця ў вёсцы бацька вынес з хлева салому і падпаліў. Суседзі злаваліся, баючыся пажару. З усмешкай падумаў: “Бацька паліў, а цяпер і сын паліць! Абое рабое!”
Дзядзька Шура (бацькаў стрыечны брат) навастрыў мне косы. Казаў, каб, прыехаўшы, не абміналі яго хату, прыходзілі ў госці. Дзядзьку 71 год…
Куды ні гляну, усюды бачу маму і бацьку…
На аўтобусным прыпынку было чалавек дзесяць аднавяскоўцаў і ніводнага знаёмага… Дамоў ехаў з нябачнымі бацькамі, якія выйшлі ў Ракаве каля могілак…
20.08.2013. Учора ў Дубравах у возеры дзеці знайшлі мясцовую мастачку Яўгенію Васілеўскую, якая нарадзілася ў Пугачах 3 ліпеня 1928 года. Да апошніх дзён жыцця яна малявала родныя краявіды і дарыла школе і знаёмым. Узгадалася Алена Кіш, якая малявала дываны. Восенню 1949 года яна была знойдзена мёртвай у рове з вадой…
21.08.2013. Горача. Мама з бацькам сядзяць на лаўцы каля хаты. Па двары ходзяць куры. У хлеўчыку рохкаюць свінні. У агародчыку квітнеюць кветкі, над якімі гудуць пчолы. Бацькі размаўляюць паміж сабой… Я расплюшчваю вочы… Горача…
27.08.2013. Першы восеньскі дождж пахне танным яблычным віном… Прайшла навальніца, як вечнасць прайшла…
28.08.2013. Поўня, як клубок залатых нітак, што выпаў з маміных рук… Хочацца, каб мама і бацька былі разам і ў небе…
29.08.2013. Восень, як бульбіна, коціцца з дзіравага кошыка часу…
30.08.2013. Сонца, як ліст залаты на акне, за якім цяпер жывуць мае бацькі…
02.09.2013. Хварэю, і ўсё навокал, як хворае…
03.09.2013. Снілася Вужканава. Сосны і шум Балтыйскага мора. Прачнуўся. За акном змрочна, і дождж, як хвароба, якой трэба перахварэць, каб трапіць у восень…
04.09.2013. Хварэю. Сяджу ў пакоі перад акном, як у велізарным акварыуме, у якім поўна ўсяго, а вады няма…
Белы маладзік, як шкарлупіна яйка, з якога вылупіўся восеньскі цмок…
05.09.2013. Лета. Цеплыня. Басанож іду па сцяжынцы. І нішто мяне яшчэ не хвалюе, акрамя каменьчыкаў, якія колюцца…
08.09.2013. Сёння майму бацьку было б 82. Гадоў трыццаць ён прапрацаваў у калгасе пастухом. Увесь час быў з канём, як і трэба было. І не ведаў бацька, што па амерыканскіх мерках ён быў каўбоем…
У 1986 годзе ў гэты дзень Людміла Рублеўская, пражыўшы тыдзень у інтэрнаце Літінстытута на чацвёртым паверсе, паднялася з сяброўкай на сёмы, дзе мы і пазнаёміліся…
14.09.2013. Сабраўся ў вёску бульбоўнік касіць, але ранішні восеньскі дождж змыў мой план, як пажоўклы ліст бульбоўніку з баразны…
15.09.2013. З Пятровічам і нашымі Людміламі ездзілі ў Пугачы. Родная хата была амаль мёртвая. Недзе праз паўгадзіны наша прысутнасць ажывіла яе. З’явіліся цяпло ў пакоях, утульнасць і адчуванне, што бацькі некуды часова пайшлі, даручыўшы нам, дзецям, весці гаспадарку…
Скасіў бульбоўнік. Мама б пахваліла…
Яблыкі ў траве гніюць. Лісце, ападаючы, яшчэ не можа іх схаваць…
Пад’ехалі ў Давідовічаў лес. Крыху пашукалі грыбоў. Назбіралі ладна падасінавікаў. Не пахвалішся перад бацькамі…
На былым нашым полі стаяць белыя мяшкі, як белыя прывіды з таго часу, калі мы самі выбіралі бульбу…
17.09.2013. Зноў снілася вёска. Што снілася? Не памятаю. Нешта сумнае-сумнае, як павуцінка на прыдарожным валуне…
“Сэрца збалеўшы, не трэба чапаць!” – казаў бацька, калі ў яго быў добры настрой…
18.09.2013. Тыдзень таму з Міхасём С. абмяняліся кніжкамі. Прынёсшы дахаты падарунак, я ўбачыў, што кніжка без аўтографа. Сёння праз Фэйсбук Міхась мне паведаміў: “Чытаю твайго “Цырульніка”… Там, як конікі з травы, выскокваюць вобразы і метафары! Талстой бы зганьбіў такую прозу: “Это как идти за плугом, пританцовывая”. Але я не Леў Мікалаевіч, і мне падабаецца”. Я ўзгадаў Міхасю пра яго кніжку без аўтографа, і ён мне праз пару хвілін прыслаў вось гэтыя радкі:
У гэтай кнізе аўтараў – капа,
Хай не міне іх слава нескупая,
Ды не хапае Віктара Шніпа,
Нібы паветра, Віці не хапае!
19.09.2013. Ёсць людзі, якім нельга верыць, але мы ім верым, бо яны гавораць тое, што мы хочам пачуць…
Іду праз восеньскі дождж, як праз павуціну…
Нельга купіць натхнення. Можна кніжку купіць…
21.09.2013. Я з Людмілай, сястра Валя з мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы. Выбіралі бульбу. Вясной пасадзілі два мяшкі. Сёння выбралі два. Бульба не прапала…
На зямлю, з якой выбралі бульбу, нападала кляновага лісця, і поле стала не такім самотным, як толькі што было ў час, калі мы корпаліся ў разараных бульбяных градках…
Паблізу хаты паліў бульбоўнік. Сыры. Болей было дыму, чым агню. За час, пакуль выбіралі бульбу, бульбоўнік увесь так і не згарэў. Перад ад’ездам я перанёс вогнішча падалей ад хаты, бо мама сказала б: “Гэта ж трэба! Агонь кінулі і паехалі…”
Заехалі да мамы і бацькі на Ракаўскія могілкі. Паблізу нядаўна з’явіліся дзве новыя магілы. Памерлыя былі маладзейшымі за нашых бацькоў…