Аграгарадок Ракаў рыхтуецца да правядзення раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023”.
Распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў, якія нададуць мястэчку новае аблічча: ён уключае 19 пунктаў. У першую чаргу – гэта добраўпарадкаванне дарог і вуліц. На сёння ўжо новае асфальтавае пакрыццё з’явілася на вуліцах Маладзёжная, Радашковіцкая, Пушкіна. Выкананы капітальны рамонт дарогі ў вёсцы Арлоўшчына – усе работы праводзіла ДРБУ № 167.
Запланаваны капітальны рамонт вуліцы Юбілейная з устройствам водаадвядзення, добраўпарадкаванне вуліцы Камсамольская таксама з водаадзвядзеннем, рамонт вуліцы Мінская, плошчы Свабоды, вуліцы Савецкая да аўтавакзала. Будуць адрамантаваны кантэйнерныя пляцоўкі, агароджа каталіцкіх могілак, пафарбавана агароджа на праваслаўных могілках.
Абновяцца фасады будынкаў сельвыканкама, бібліятэкі. Гандлёвыя аб’екты па вуліцах Мінская і Савецкая таксама сустрэнуць гасцей годным выглядам.
Далучыцца да навядзення парадку і чысціні павінны і самі ракаўчане, асабліва тыя, хто пражывае па вуліцах Мінская, Пушкіна, Бястужава, на плошчы Свабоды – менавіта тут пройдуць масавыя гулянні.
Аляксандр МЯКІНКА, старшыня Ракаўскага сельвыканкама:
– Прымаць і ўшаноўваць хлебаробаў Валожыншчыны – вялікі гонар. Таму Ракаў цяпер знаходзіцца, можна сказаць, у прыемных клопатах: работы, ды і сродкі вызначаны аб’ёмныя. Радуе, што хоць маленькімі крокамі, але ідзём да запаветнай мары, бо калісьці планавалася, што Ракаў стане вёскай будучыні. А тое, што будзе зроблена зараз, упрыгожыць мястэчка на доўгія-доўгія гады. Такога маштабнага абнаўлення ў нас не было з часу атрымання статуса аграгарадка.
Добрую ініцыятыву праявілі нашы прадпрымальнікі і робяць маленькім ракаўчанам сапраўдны падарунак: зараз збіраюць грошы на абсталяванне дзіцячай пляцоўкі. Яна размесціцца каля ракі Іслач – там, дзе брацкая магіла. Ужо зняты верхні грунт, укладваецца плітка, будуць устаноўлены шэсць лавак, закуплены два камплекты арэляў, горак, іншых прыстасаванняў для дзіцячых забаў.
Ірына ШУТ, жыхарка вуліцы Радашковіцкая:
– Ужо трыццаць гадоў, як я па размеркаванні патрапіла сюды на працу. Ракаў палюбіла ўсёй душой: мне вельмі падабаецца тут, ды і маёй сястры, якая прыязджае ў госці, – таксама. Нягледзячы на бурнае развіццё, ён і калісьці прыцягваў сваёй адметнасцю і своеасаблівасцю. Асабліва мне вельмі падабаецца наш касцёл – туды разам з мужам ходзім на набажэнствы кожную нядзелю. Ну а прыемныя ўражанні адчула, калі прыехала з маленькай радзімы і ўбачыла на вуліцы новае асфальтавае пакрыццё, – атрымаўся сапраўдны сюрпрыз. Здаецца, і транспарт цяпер па вуліцы ціхенька едзе, не грукаціць, як раней. Таму вялікі дзякуй усім, хто паклапаціўся пра добраўпарадкаванне нашага аграгарадка.
Дзмітрый ХВІН, жыхар 2-га завулка Піянерскі:
– Ведаеце, хацелася б, каб усё рабілася не толькі пад “Дажынкі”, а паступова: напрыклад, з’явілася ямка на дарозе, тут жа замайстраваць, а не чакаць, калі яна ператворыцца ў вялікую яміну. Парадак не наводзіць трэба, а падтрымліваць пастаянна. Асабіста мяне хвалюе, што гаспадары некаторых уласных сядзіб наводзяць парадак толькі на сваіх падворках, а вось што робіцца за агароджай уздоўж вуліцы – іх зусім не хвалюе. Ля некаторых за лета вырас бур’ян у калена. Ну няўжо так цяжка абкасіць тую ж траву. Кожны ж хоча гаспадаром звацца. Толькі якім?! Думаю, пара прымаць меры адміністрацыйнага ўздзеяння – можа тады “гаспадарлівасць” і прачнецца. Калі ўжо жывеш у прыватным сектары, то, будзь добры, паважай і зямлю, і навакольных людзей, бо нездарма ж кажуць, што сустракаюць па адзенні. Гавару так, бо вельмі люблю свой Ракаў, дзе нарадзіўся і жыву.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА