Главное

Будзем з хлебам!

Камбайны працуюць на палетках з азімым ячменем – гэтай культурай па раёне засеяны 807 гектараў. Першыя намалоты паказваюць ураджайнасць ад 23 да 45 цэнтнераў з гектара.

Як расказала начальнік аддзела кадраў, юрыдычнай работы і планавання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Валянціна Скадорва, сёлетні год асаблівы для аграрыяў, таму сітуацыя ў раслінаводстве няпростая.

Камбайнавы экіпаж у складзе Рамана САЛАЎЁВА і Сяргея КІСЯЛЯ – на жытнёвых палетках гаспадары

– Па даных метэастанцыі Валожын, у маі на тэрыторыі раёна выпала 6,8 міліметра ападкаў пры норме 66,7 міліметра, у чэрвені пры норме 75,9 міліметра – толькі 7,4. З 10 чэрвеня метэастанцыя паставіла глебавую засуху, калі ў 20-сантыметровым слоі глебы назіраецца менш за 10 працэнтаў вільготнасці. А недахоп вільготнасці – стрэс для раслін, бо яна – адзін з фактараў, які садзейнічае росту і развіццю, засваенню макра- і мікраэлементаў, – патлумачыла Валянціна Іванаўна. – Адбылося выгаранне пасеваў – асабліва на ўзвышаных участках. Усяго па раёне пацярпелі 1092 гектары – каля 7 працэнтаў пасяўных плошчаў. Таму гаспадаркі ўбіралі іх на зернесянаж і на корм жывёле. Дажджы, якія прайшлі ў чэрвені, крыху выправілі сітуацыю. Безумоўна, леташняга ўраджаю збожжа не атрымаем, аднак цяпер азімы ячмень па раёне паказвае ўраджайнасць 39 цэнтнераў з гектара. Таму – будзем з хлебам!

Камбайнеры Віктар МАРГУЛЕВІЧ і Вячаслаў КВЯТКОЎСКІ на жніве стараюцца ад душы

Увогуле ж у жніўную кампанію-2023 аграрыям трэба ўбраць 19209 гектараў зерневых культур. З іх ячменем засеяны 4234 гектары, жытам – 2481 гектар, пшаніца размясцілася на плошчы 6893 гектары, пад трыцікале адведзены 4220 і авёс – 817 гектараў.

Ва ўборцы хлеба будуць задзейнічаны 73 камбайны. Плануецца, што ў гарачую пару вяскоўцам прыйдуць на дапамогу шэфы са сталіцы.

Вадзіцель МАЗа Юрый СІЗОЎ працуе толькі з пазітывам

У сельгасупраўленні “Бабровічы” на жніве заняты чатыры камбайнавыя экіпажы. Пакуль нікога на дапамогу не прыцягвалі. Работнікі свае – надзейныя, адказныя, старанныя, на рахунку кожнага не адна ўборачная кампанія. Усе яны ўбіраюць збожжавыя на полі каля вёскі Белакорац.

Камбайнавы экіпаж Віктара ТУРА і Дзмітрыя СТЭЛЬМАШЭНКІ ведае цану хлеба

Пад азімы ячмень у гаспадарцы адвялі 140 гектараў. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, ураджай вырас нядрэнны – збіраюць па 43 цэнтнеры на круг.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА