З гэтага месяца пачалася новая рубрыка — «Баба Наста расказвае». Мудрая і вясёлая Баба Наста будзе штомесяц дзяліцца самым цікавым пра беларускую культуру, традыцыі і кухню. Спачатку яна ўсё разведае сама, а потым раскажа і чытачам пра тое, што адлюстроўвае нас як беларусаў. Чытайце, смакуйце і адкрывайце для сябе роднае! Далучайцеся, каб не прапусціць нічога важнага!
Баба Наста даведалася, што тканы пояс можа быць не толькі ўпрыгажэннем, але і абярэгам і нават памяццю роду.
Самыя цікавыя факты пра гэта расказала майстрыха па традыцыйным ткацтве пояса «на ніту» Марыя Ганчарык:

– Аказваецца, пояс суправаджаў чалавека ад нараджэння да смерці. Нават у пахавальным абрадзе яго клалі пасярэдзіне труны, але не завязвалі – гэта сімвалізавала разрыў жыццёвага цыкла, а пояс павінен быў дапамагчы ўстаць на Страшны суд. Калі казаць пра нашы валожынскія паясы, то важна ведаць – гэта наша нематэрыяльная культурная спадчына. Нашы паяскі адрозніваюцца ад усіх – яны вузкія (2-2,5 см), узорныя, малінавыя і бардовыя, з такімі ўзорамі, як капыцік, вароняе вочка, галінкі, грабелькі і гэтак далей. У калекцыі ёсць аўтэнтычныя паясы, нават стогадовыя.

З даўніх часоў пояс лічыўся сувяззю душы і цела, абярэгам ад злых духаў. Яго называлі пашпартам чалавека: па колеры і ўзорах можна было пазнаць род і сацыяльнае становішча. Без яго хадзіць было грахом. Казалі і так: «распаясацца» – азначала пазбавіцца сувязі з родам, страціць сілу. Пояс прыраўноўваўся да нацельнага крыжа. Здымалі яго толькі ў лазні і на Купалле.



Пояс быў і практычным: падпяразваў адзенне, замяняў кішэні. Мужчыны насілі за поясам сякеру, малаток, мяшэчак з махоркай, жанчыны – ключы ці сумачкі, асабістыя рэчы. Цяжарныя павязвалі чырвоны поясок на голае цела – для добрага выношвання і развіцця немаўляці. Паясы ўпрыгожвалі: святочныя былі ярчэйшымі, з багата аздобленымі канцамі. Павязвалі паясы і на чырвоны кут, пралку. Жанчыны насілі паясы, перавязаныя пасярэдзіне сукенкі ці спадніцы, мужчыны – направа або налева, у залежнасці ад рэгіёну і сямейнага статусу.

Калі заглянуць глыбей у гісторыю, то там хапае яшчэ шмат цікавых фактаў: ткацтва і прадзенне з даўніх часоў лічыліся магічнымі заняткамі і неабходнай часткай жыцця чалавека. Паясы – частка генетычнай памяці, якую мы носім дагэтуль. І гэта неабходна адчуваць і разумець.





