12 мая – дзень медыцынскай сястры
Да прафесійнага свята Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама ўзнагароджана медыцынская сястра працэдурнага кабінета педыятрычнага аддзялення райбальніцы Ларыса ХАДАРЦЭВІЧ.
Пра тое, што будзе медсястрой, Ларыса Уладзіміраўна ведала з дзяцінства: бабуля працавала санітарачкай, і ўнучка любіла збіраць і расстаўляць розныя ампулы і флакончыкі. Гледзячы на такія дзіцячыя забавы, бабуля жартам казала: “Во, расце будучая медсястра”. Словы аказаліся прарочымі, хаця дзяўчынцы пашчасціла ніколі не ляжаць у бальніцы. Калі ж была ў санаторыі, ёй там падабалася медыцынская сястра. Вырашыла атрымаць гэту прафесію. Таму паступіла ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча і ў 1991 годзе прыехала на работу ў родны раён. Маладога спецыяліста накіравалі ў самае складанае аддзяленне – рэанімацыі і анэстэзіялогіі райбальніцы.
– Безумоўна, без тэарэтычных ведаў аказваць медыцынскую дапамогу прафесійна немагчыма, а вось практычныя навыкі набываюцца з гадамі. У нашай прафесіі ўсё робіцца рукамі: і той жа ўкол даць, і ціск памераць. Яшчэ калі праходзіла практыку, трапіліся вельмі харошыя настаўнікі: у прыватнасці, старшая медсястра Францішка Адамаўна Прыёмка – медык ад Бога – дала неацэнны вопыт. У калектыве рэанімацыі побач са мной працавалі маладыя дзяўчаты: калектыў падабраўся згуртаваны – мы дапамагалі адзін аднаму. Розныя выпадкі надараліся: бывае, глядзіш на хварога і здаецца: ну не выхадзім. А ён папраўляецца і пасля, калі дзесьці на вуліцы сустракаецца, дзякуе за лячэнне і клопат, – расказвае медсястра.
Праз сем гадоў угаварылі перайсці ў педыятрычнае аддзяленне – быць бліжэй да дзяцей. Адразу была паставой медсястрой, а пасля стала працэдурнай з сумяшчальніцтвам старшай медсястры.
– Тут працаваць таксама нялёгка, асабліва з самымі маленькімі пацыентамі, за якіх вельмі хвалююцца матулі, – дзеліцца Ларыса Хадарцэвіч. – Дзіцятка плача і не раскажа чаму: ці гэта яму балюча, ці – страшна. Яно бачыць чалавека ў белым халаце і такім чынам рэагуе. Каб зрабіць патрэбную працэдуру, яго трэба супакоіць: напрыклад, пераключыць увагу на птушачку за акном. Хлопчыкам кажам: “Ты ж будучы салдат, а салдаты не плачуць!” Дзяўчынак называем прынцэсамі ці каралеўнамі, а яны заўсёды прыгажуні, і слязінкі на вачах ім зусім не пасуюць. Даводзіцца ведаць сучасныя дзіцячыя мультфільмы, каб размаўляць пра іх любімых герояў і быць на адной хвалі. Дзеці ж розныя: ёсць адважныя, як хлопчыкі, так і дзяўчынкі – сапраўдныя смельчакі, якія кажуць: “А нічога страшнага, калі цёця у катэтар увядзе лякарства”. Самі пачынаюць дапамагаць, раскручваць бінты. А ёсць і такія, калі нават проста заходзіш у палату, каб толькі тэмпературу памераць, яны ўжо плачуць. Да іх трэба знайсці падыход. Увогуле, працуючы ў педыятрычным аддзяленні, адчуваю вялікую адказнасць за маленькага чалавечка, таму, ставячы катэтар, так хочацца, каб усё атрымалася з першага разу – каб як мага менш прычыніць яму болю.
Ларыса Уладзіміраўна не ўяўляе сябе ні ў якой іншай прафесіі. Яе выбар і місія – знаходзіцца побач з хворым з першых секунд шпіталізацыі да поўнага выздараўлення і дзякуючы свайму добраму сэрцу і моцнаму характару праходзіць гэты нялёгкі шлях разам з ім.
Медыцынскія сёстры, як анёлы жыцця, дапамагаюць пацыентам бальніцы ў самых цяжкіх сітуацыях, таму ў кожнай гісторыі выздараўлення абавязкова ёсць іх нябачная, але такая бясцэнная праца.
Калі выпісваюцца з нашага аддзялення маленькія пацыенты і махаюць табе ручкай, а матулі радасна ўсміхаюцца і кажуць дзякуй за тое, што паправіліся, адчуваю сапраўднае задавальнне, а таксама разумею вялікую важнасць сваёй прафесіі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ