Вось i пачаў цiха i павольна сыпаць з неба дробны сняжок. Парывы ветру яго падымаюць, круцяць i кiдаюць на зямлю, заганяюць у завуголлi i шчылiны будынкаў. Раптам вецер трошкi прыцiхае, а мяцелiца-завiруха дзесьцi ў небе пачынае яшчэ мацней трэсцi сваю пуховую пярыну, i ўжо з неба ляцяць буйныя i важкiя сняжынкi.
Снег! Колькi радасцi ён прыносiць людзям! Не трэба глядзець на пачарнелыя палi, згубiўшую сакавiты зялёны колер, пажоўклую траву, быццам асiрацелыя i распранутыя дрэвы. Снег апранае ўсё, хоць пакуль i невялiкай таўшчынi ўбранства атрымліваецца, бо перашкаджае вецер, але ўсё ж, якi-нiякi ўбор ёсць ва ўсix.
З надыходам зiмы людзi паволi пачынаюць клапацiцца i рыхтавацца да вялiкiх зiмовых свят – сустрэчы Новага года i Каляд. Традыцыi святкаваць iх ўжо не адно дзесяцiгоддзе, aле ўсё роўна кожны чалавек чакае iх з хваляваннем, з пачуццём радасцi i чакання чагосьцi чароўнага, як калiсьцi ў дзяцiнстве. I вось памяць, незвычайная чалавечая машына часу, пераносiць мяне ў той час, калi я зусiм яшчэ маленькая i веру ў розныя казкi i цуды.
Зiма з моцнымi мяцелiцамi i ветрам на вулiцу прынесла столькi снегу, што, каб не было шкла ў акне, можно было б дакрануцца да яго рукой, не выходзячы з хаты, верхавiнкi высокага плота месцамi ледзь-ледзь бачныя з-пад снегу. А чараўнiк-мароз так спраўна размаляваў шыбы некаторых акон, што нiякi дыпламаваны мастак не дакажа.
У адзiн з такix зiмовых дзён, нягледзячы на наступствы царыцы-зiмы i моцнага морозу, завяршыўшы ўсе паўсядзённыя справы, матуля пачынае кудысьцi збiрацца. А мяне данiмае цiкаўнасць i вялiкае жаданне пайсцi разам з ёй, патаптацца па снезе, паглядзець, што i дзе яна будзе рабiць. Не звяртаючы ўвагi на мае допыты i капрызы, матуля мяне браць з сабой не хоча, а распавядае так: “Я пайду ў лес да Дзеда Мароза, каб ён даў мне елачку, бо хутка прыйдзе Новы год”. А, каб я не сумавала, абяцае даць мне ўжо падсушанай на шасце каля печы кавалак каўбасы з хлебам. Гэта матулiна “хiтрасць” спрацоўвае, i я пагаджаюся сядзець у хаце i чакаць яе.
Праз некаторы час пачынае шарэць, мне становiцца трывожна, i я, хвалюючыся, думаю, калi ж вернецца мама з лесу ад Дзеда Мароза? Aле неўзабаве скрыпнулi i адчынiлiся дзверы, на парозе бачу “прыпудраную” снегам сваю матулю. Мне стала радасна, што мама вярнулася, aле дзе ж елачка, па якую яна хадзiла? I адразу чую адказ на сваё нямое пытанне: “Ды вунь стаiць у сенцах! Хай троху сагрэецца i адыдзе ад марозу i снегу! Вечарам прыедзе бацька, i мы пaставiм яе ў пакоi”. I мама накiроўваецца па сваix хатнix справаx, а мяне чакае новае мучэнне – чакаць тату з работы, бо гуляць з цацкамi, калi тут адбываецца нешта незвычайнае, зусiм не хочацца.
Калi ўжо добра сцямнела, стала чуваць, як тата вяртаецца на трактары дахаты, свецячы вялiкiмi фарамi i прабiваючы коламi новыя снежныя сумёты, па раней расчышчанай дарозе. I я кручуся каля дзвярэй з нецярпеннем i дзiцячай трывогай, бо ведаю, што тата, прыйшоўшы з працы, яшчэ будзе ўвіхацца па гаспадарцы, а мая справа з елачкай можа пачакаць.
На маё вялiкае здзiўленне, бацька, зайшоўшы ў хату, накiраваўся адразу ў пакой, несучы перад сабой нейкае цяжкое металiчнае кола, якое паклаў на падлогу каля сцяны. Потым, быццам здагадаўшыся пра маю нецярплiвасць, пачаў адчыняць другую створку ўваходных дзвярэй i занёс у пакой елачку. Пасля пры дапамозе маленькай сякеркi завастрыў ствол дрэва i ўставiў яго ў прынесенае кола. Назiраючы за татам, так хацелася падысцi блiжэй, каб усё лепш разгледзець, але строгi бацькаў наказ, блiзка не падыходзiць i не замiнаць, працаваў спраўна, i я цixенька назiрала за яго рухамi з далёкай адлегласцi. I вось нарэшце тата, у некалькiх месцах прычапiўшы вяроўку да ствала елкi, “навязаў” яе за вялiкiя загнутыя цвiкi ў сцяне i, хiтравата падмiгнушы мне адным вокам, дазволiў падысцi да зялёнай прыгажунi.
У тую хвiлiну моцна закалацiлася сэрца i апанаваў нейкi невядомы страх, але спакойныя словы падышоўшай ззаду матулi дапамаглi перасiлiць гэтыя пачуццi i падысцi блiжэй, дакрануцца да калючай лясной госцi. Елачка была сапраўдная прыгажуня, на мой дзiцячы погляд: верхавiнай яна ледзь не датыкалася да столi, на ёй было шмат тоўстых i пухнатых галiнак, пакрытых iглiцай. А якiм непаўторным i прыемным хвойным пахам напаўняла ялiнка ўвесь пакой!..
Трохi пазней мама прынесла вялiкi кораб з кардону, поўны рознакаляровых i блiскучых цацак. Чаго там толькі не было! Перакладзеныя ватай i тонкай празрыстай паперай, ляжалi радамi маленькiя снегавiчкi ў рознакаляровых шапачках, серабрыстыя пеўнiкi з чырвонымi грабеньчыкамi, тонкiя блакiтныя i ружовыя, крышку перакручаныя шкляныя ледзяшы, пачаткi кукурузы, невялiчкiя фiгуркi лясных жахароў: мядзведзiкi, зайчыкi, совы. А колькi было шарыкаў – ад маленькага да вялiкага – мне было немагчыма палiчыць! Некаторыя з iх былi аднолькавыя празрыстыя, напоўненыя ў сярэдзiне дожджыкам, aле было шмат з выемкамi i малюнкамi. Яны былi розных колераў i прыгожа паблiсквалi сваiмi “шчочкамi” пры свеце лямпачкi.
Перад тым, як павесiць усё гэта хараство на елачку, тата замацаваў на ёй рознакаляровую гiрлянду, спачатку праверыўшы яе працаздольнасць: асцярожна здымаў кожную насадку-кветачку i пераглядаў малюсенькiя лямпачкi, а потым, калi ўсё было гатова, развесiў i падключыў яе. Рознакаляровыя агеньчыкi прыгожа паблiсквалi на лясной прыгажунi, ствараючы сапраўдную казку ў хаце. I, нарэшце, калi быў развешаны апошнi пучок дожджыку, мама прынесла нейкую невялiкую фiгурку. На маё здзiўленне, сказала, што гэта i ёсць Дзед Мароз, i ён можа выканаць якое-небудзь жаданне або падарыць падарунак.
Засынаючы пасля такога багатага на ўражаннi дня, я, ужо лежачы ў сваім ложку пад коўдрай, яшчэ доўга думала, як гэты маленькi Дзед Мароз, якi цяпер стаiць пад прыгожа прыбранай елачкай, можа прынесцi мне падарунак, а самае галоўнае – як ён, нежывы, мог перадаць такую елачку маёй маме?..
Шмат часу прайшло з той пары, калi я, будучы малым дзiцем, перажывала ўсё вышэй напiсанaе. А з сённяшняга погляду, зазiрнуўшы ў той далёкi час, разумею, што там, у мiнулым, вакол мяне была сапраўдная казка, побач жыло цiхае шчасце, якое стваралi сваiмi рукамi мае яшчэ жывыя i маладыя бацькi…
Анастасія ІСЛАЧОВА