Авторская колонка Виктора ШНИПА

Поле

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

Холад ля хаты пасе снегіроў.
Сонца замецена снегам у полі.
Бацька дадому сцяжыну прывёў,
Следу не бачна ва ўсім наваколлі.
Аб даланю ён цярэ даланю,
Тупае весела, курыць цыгарку.
Маці гаворыць: “Ідзі да агню”.
Бацька смяецца: “А лепей бы чарку”.
Мурзік на печы ля нас не ўсядзеў,
Скочыў да бацькі за стол, на калені.
Воўну і песню матуля прадзе,
Не заўважае слязы ў задуменні.
Гэты малюнак прыпомніўся зноў.
Аркуш паперы ў мяне прад вачамі.
Полем, дзе сонца пад беллю снягоў,
Песня матулі плыве за плячамі.
22.09.1982

1965. Мне пяць гадоў. Яшчэ месцамі ляжыць снег, а ўжо гусенічны трактар, які, відаць, адзіны ў калгасе, арэ поле. Трактарыст, заўважыўшы мяне, спыняецца і кліча ў кабіну. Трактар раве і трасецца, як шалёны, а я сяджу ў хлопца на каленях і гляджу на дарогу, па якой ідуць дзяўчаты і крычаць: “Пракаці нас, Пятруша, на трактары!..”

1969. Мама з бабуляй Параскай сярпамі жнуць калгаснае жыта, бацька косіць, мой малодшы гадавалы брат спіць сярод снапоў, а я спрабую ўсім дапамагаць. Побач жнуць суседзі. Поле вялікае, і на ім у некалькіх месцах сярод збожжа віднеюцца яблыні, грушы і слівы. Бацька расказвае, што яны засталіся ад хутароў, і паказвае, дзе быў сад майго дзеда. І я іду па жыце ў наш сад сярод жыта, і ніхто не бачыць мяне...

1975. Ганяць у поле кароў са сваімі аднагодкамі я не любіў. Трэба рана прачынацца, а пасля цэлы дзень сядзець у полі, паглядаць на гадзіннік і ўвесь час быць гатовым абараніць сябе ад хлопцаў, якія абавязкова паспрабуюць камандаваць табой, як сабакам. Цяпер у вёсцы кароў мала, і ў поле асабліва няма каму і куды ганяць. Да ўсяго праз поле, дзе я пасвіў кароў, ужо некалькі гадоў, як пракапана глыбокая канава – збіраліся правесці газ у суседнюю вёску і не правялі. І канава ў полі, як трэшчына на тым жыцці, у якім мне ніколі ўжо не жыць...

1976. Жыў у нас кот Мурзік. Хоць і стары ён быў, але мы, дзеці, яго вельмі любілі, і бацькі не праганялі яго з хаты. І неяк восенню падсяліў нам старшыня калгаса кватарантаў з ружжом. Не ўпаляваўшы на возеры качак, ідучы праз поле дахаты, напаткалі дзядзькі Мурзіка і дзеля забавы застрэлілі. Я амаль паўдня шукаў ката і, знайшоўшы яго забітага, паплакаўшы, пахаваў тут жа ў полі. І вырасла ў полі высокая-высокая трава, сярод якой ходзіць хлапчук і шукае Мурзіка…

1976. Зіма. Еду з бацькам на санях у поле, дзе стаіць заснежаны стог саломы. Навокал ні следу. Бацька расказвае, як ён, яшчэ хлапчуком, са сваім бацькам ехаў у Гарадок, і ўсю дарогу праз поле за імі бег воўк. А за намі – толькі вецер...

1980. “А ў полі крынічанька...” – спяваюць жанчыны. І я слухаю іх, і я ведаю тое поле, дзе пакуль яшчэ ёсць крынічанька...

Мне век ісці ў высокую зару,
І не дайсці мне да зары ніколі.
Я з травамі шчаслівымі згару,
Каб асвяціць не пройдзенае поле.

Сваю дарогу ўспомніць да драбніц
І не клясці свой лёс, а толькі верыць,
Што пройдзе ўсё, ды боль не адбаліць,
І дома вецер не зачыніць дзверы.

Зару любові век не затушыць,
За мной трава, як полымя, шугае.
Хлапчук праз поле чыстае бяжыць,
І цень яго
                  за ім
                           не паспявае.

08.07.2012. Даслухаўшы мой расповед пра тое, як я ў дванаццаць гадоў хадзіў у Вязынку да Янкі Купалы, каб паказаць яму свае вершы, сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч запытаўся пра назву маёй вёскі. “Пугачы!” – адказаў я і нечакана пачуў, што зімой 1968 года Міхась Канстанцінавіч, будучы за Ракавам на паляванні з сябрам, заблудзіўся. Невядома, колькі б блукалі паляўнічыя па палях, калі б не напаткалі каля лесу на гары хлапчука з санкамі, які на іх пытанне, дзе тут бліжэйшая вёска, з якой можна выехаць на аўтобусе, адказаў, што непадалёку ёсць Пугачы, і паказаў ім, як туды зайсці. “Дык ці не Вы, Віктар, былі тым хлапчуком, які нас выратаваў?” – запытаўся Міхась Канстанцінавіч. “Магчыма!” – адказаў я і расказаў, як у дзяцінстве, катаючыся каля лесу з гары на санках, напаткаў паляўнічых, якія запыталіся ў мяне, дзе тут якая вёска, каб там быў аўтобусны прыпынак, і я паказаў дарогу ў Пугачы. Паўспамінаўшы той далёкі час, мы з Міхасём Канстанцінавічам вырашылі, што нашы гісторыі пра паляўнічых і хлапчука – гэта адна гісторыя пра нас…

25.04.2012. Вада ў азярыне, што нядаўна вызвалілася з лёду, рудаватая, як гарбата з лясных і палявых зёлак…

11.09.2015. У апошнія дні жніўня і першыя вераснёўскія, калі вучыўся ў школе, амаль заўсёды пад вечар хадзіў у лясок, што паблізу нашай хаты. Раскладаў вогнішча і пёк цэлае вядро маладой бульбы. Сам еў і прыносіў бацькам і сястры з братам. Бацькі, відаць, думалі, што мне вельмі моцна есці хочацца, а я кожны дзень, капаючы лапатай бульбу, думаў пра тое, што як давядзецца яе выбіраць па-сапраўднаму, то яе ўжо меней будзе на полі…

31.01.2016. Наваколле стала шэрым, і толькі снег, як белы асфальт, ляжыць на палявой дарозе…

04.10.2017. У полі стаяць цэментавыя слупы. На іх раней віселі драты аж да хутара, што быў на ўзлессі. А цяпер на слупах павуціна. І ты глядзіш на яе і думаеш, што яна створана з дыму, з туману і слёз…

23.10.2017. Прастудзіцца не атрымалася. Нічога страшнага. Прылёг. Накрыўся па вочы, зажмурыўся і… паляцеў над Пугачамі. Над роднай хатай, над садам, над Гаіком, над полем, дзе пасвіў з бацькам кароў, над Юстынавай гарой, над Далідовічавым лесам. Лячу і думаю: “Я ж цяпер у Мінску ў ложку ляжу. Я ж ніколі не лятаў гэтак, як цяпер лячу. А вось лячу, нібыта ўмею лётаць”. Лётаў доўга. Злётаў у Ракаў, у Дубравы, у Лягезы, у Татары, у Крапіўнікі, у Валожын. У Мінск не паляцеў. Проста разжмурыўся і ўбачыў сябе ў ложку, накрытым па самыя вочы.

26.04.2018. У полі яблыня. Ноччу закрасавала. Яблыня белая, нібыта на яе ўзлез снег, што доўга недзе хаваўся і раптам захацеў паглядзець, куды сышла зіма…

27.11.2018. Дома лепей, чым дзе. Цёпла і светла. Нікуды не спяшаешся. Ляжыш, сядзіш, глядзіш, чытаеш, пішаш, думаеш… І ўсё ж напачатку думаеш. Думак у галаве, як пчол у вуллі. Хапае там і трутняў. Да вясны далёка, і ты яшчэ не чакаеш яе. Вясна сама прыйдзе. Ды што казаць пра вясну, калі яшчэ зімы не было. І ты глядзіш на снег, якім абсыпана трава ў двары, і ўзгадваеш зімы, калі з-за снегу з горада ў вёску не мог прыехаць аўтобус. І ты дадому дабіраўся электрычкай. Ішоў праз Дубравы. Абавязкова заходзіў на могілкі. І радаваўся, калі там не было новых магіл. І потым ішоў па снежным цаліку праз поле, праз лес, праз вёску, зноў праз поле. Баяўся, што ваўкі галодныя нападуць. Усміхаўся слядам зайца. Вітаўся з варонамі і сарокамі. І хацелася як мага хутчэй прыйсці дадому, а часам хацелася, каб гэты шлях да бацькоў быў бясконцым. Як гэта ўсё было даўно! І па той дарозе, па якой ты хадзіў з электрычкі, цяпер амаль ніхто не ходзіць. А ты ўсё ідзеш і ідзеш. Ідзеш і ідзеш…

03.09.2019. Адзінокая пчала лётае над адзінокай палявой кветкай, што стаіць сярод восеньскай травы. І ты стаіш над кветкай і пчалой, як Гулівер, які ўпершыню ўбачыў такую маленечкую кветку і такую маленечкую пчалу…

23.10.2021. У мяне ёсць жыццёвыя планы на некалькі гадоў наперад. Я іх не запісваю і не прамаўляю ўслых. Яны жывуць ува мне, як птушкі ў чыстым полі. Як птушкі, якія не маюць у полі гнёздаў. І яны пужлівыя. І яны ўсё адлятаюцца і адлятаюцца ад мяне да небакраю, за якім ніколі ім не быць. А я ўсё іду за імі, і мне здаецца, што я сам стаў птушкай у чыстым полі, якая не мае крылаў, але ведае, што трэба ісці, калі не можаш ляцець.


БАРАЗНА
Баразна – гэта трэшчына
паміж ворывам і дзірваном.
У час дажджу
баразна становіцца рэчышчам,
па якім цячэ неба.
Баразна заўсёды ў чаканні.
Яна адкрытая і безабаронная,
але яна можа абараніць.
І памятаючы крокі аратага,
яна сумуе і чакае яго.
Баразной перакрэсліваецца пустэча.
І я, ідучы праз поле,
па свежай баразне
трапляю ў свой спакой.
23.01.1995