Авторская колонка Виктора ШНИПА

Снег

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

* * *
Першага снегу святло,
Ты для мяне, як свята.
Сонца памалу ўзыйшло
З коміна крайняй хаты.
Вецер сцяжыну маю
Ноччу замёў на лузе.
Ціха на ганку стаю,
Снег патушыць баюся.
                                    07.12.1982

1965. На вуліцы мароз, завея. Хачу паваляцца ў гурбах, але бабуля Ганна не пускае, кажа: «Замяце снегам, як зайца, а мне тады шукай цябе. Сядзі дома...» І я сяджу, гляджу ў акно. І раптам бачу каля студні белага, як вылепленага са снегу, голуба. Нічога не кажучы бабулі, выбягаю на вуліцу. Голуб не ўцякае – амаль задубеў. Як камяк снегу, нясу птушку ў хату. Прагнаўшы з печы ката, загортваю голуба ў хустку, кладу на цёплае месца і іду ў пакой да бабулі. «Ну што, ужо на вуліцу збегаў?» – пытаецца бабуля. І я, расказаўшы пра голуба, клічу яе паглядзець на птушку. Ідзём да печы, а на ёй – як лапінкі снегу, белыя галубіныя пярынкі. І бабуля мне кажа: «Паляцеў твой галубок у цёплую краіну, дзе ніколі не бывае снегу...»

1972. Гэта было даўно, і ў нас не было тэлевізара. У суседкі быў – невялікі, чорна-белы і ўсяго з адной тэлепраграмай. А мне, малому, так хацелася паглядзець мульцікі! Праўда, зрэдку выпадалі шчаслівыя дні, калі суседка пускала дзяцей у хату «на кіно». І мы ўжо сядзелі каля тэлевізара, нібы каля вогнішча, у якім пяклася бульба, і чакалі. Кожны чакаў нечага свайго. А мяне клікала мама дахаты, каб ішоў дапамагчы агледзецца. Часцей за ўсё выпадала напаіць карову і даць ёй сена. Я рабіў гэта з ахвотай, бо пасля зноў мог збегчы да суседкі. І ўсё ж тэлевізара мне не хапала, і ён мне часта сніўся, як далёкія цёплыя краіны, якія часам даводзілася бачыць па тым жа тэлевізары.
    І вось у адзін зімовы дзень суседка некуды з’ехала і пакінула маёй маме ключы ад хаты. Мама, зрабіўшы ўсё ў суседкі па гаспадарцы, павесіла ключ на цвічок. А я гэтага толькі і чакаў. Мама з хаты, а я за ключ – і хутчэй да суседкі. Уключыў тэлевізар і гляджу. Якраз паказвалі казку пра Снягурачку. Снягурачка прыгожая-прыгожая, і калі яна ў канцы фільма прапала, я заплакаў. І вырашыў ісці ў лес шукаць Снягурачку, каб прызнацца ёй у каханні. Напачатку хацеў знесці з хаты вазон, каб у знак свайго кахання падарыць Снягурачцы, але перадумаў, бо мама заўважыць прапажу. Ідучы ў лес, склаў верш для Снягурачкі. Доўга лазіў па гурбах, клікаў прыгажуню, але яна так і не паказалася. «Відаць, баіцца», – вырашыў я і сказаў Снягурачцы, што калі я ёй спадабаўся, то няхай яна забярэ мой верш сабе на памяць, а я заўтра прыду за адказам. І, напісаўшы верш на снезе, пайшоў дамоў. Спаў дрэнна, чакаў раніцы, і як толькі развіднела, пабег у лес. Верша на снезе не было. І я яшчэ больш паверыў у Снягурачку і нават зусім не падумаў, што ноччу была мяцеліца і яна замяла і мой верш, і мае сляды.

1972. У аднакласніцы Танькі зімой памёр бацька. Было яму крыху больш за сорак. І нас, яе аднакласнікаў, павезлі на санях у Дубравы на могілкі. Дзень быў сонечны, нават крыху цёплы. Я ўпершыню бачыў, як памерлага чалавека закапваюць у зямлю, і, едучы назад, думаў пра смерць. І раптам пачуў крык нашай настаўніцы: «Віця! Прымі пальцы!» У гэты момант нашы сані размінуліся з сустрэчнымі, але так, што ўдарыліся аб нашы і якраз па маіх пальцах. Болю не адчуў і нават не спалохаўся, калі на снежную дарогу закапала кроў...

1972. Прачнуліся сярод ночы ад крыкаў на вуліцы: «Пажар!» Гарэла ўжо ў які раз Руткевічава хата. Маці з бацькам, схапіўшы вёдры з вадой, пабеглі на пажар, а мы, дзеці, уткнуліся ў акно. Снег быў чырвоны, і здавалася, што гарыць усё навокал. Праз нейкі час страшная чырвань, нібы кроў, усмакталася ў снег, і дамоў вярнуліся бацькі. Раніцой я пайшоў глядзець Руткевічаву хату. Яна была чорная, як вялізарны вугаль, які прабіўся на гэты свет праз тоўстыя гурбы і, спалохаўшыся свайго з’яўлення ў нашай вёсцы, застыў, увесь аблеплены ледзяшамі і пачарнелым снегам. Я падышоў бліжэй да абгарэлай хаты і ў садзе пад яблыняй сярод абледзянелых ануч убачыў процівагаз. Але ён мне падаўся абгарэлай чалавечай галавой, у якой ад начнога жаху павылазілі вочы, і я, не выбіраючы дарогі, па чорным снезе хутчэй пабег дахаты.

*   *   *
Белае золата снегу ўначы
Сыплецца, сыплецца на Пугачы –
Вёску маю, у якой зноў не спіцца.
Сэрца ў грудзях, як у клетцы сініца,
Б’ецца і плача па тым, што прайшло,
Быццам патухла святое святло
Тут, дзе самота і радасць мая,
Тут, дзе заўсёды сваім буду я,
Быццам бы гэтая ў снезе дарога,
Крыж ля дарогі, цяпло ля парога
Хаты бацькоўскай, дзе сёння не спіцца.
Хочацца мне ад самоты напіцца,
Каб пра самоту, як вечнасць, забыцца,
Слухаць, як сыплецца снег уначы
Золатам студзеня на Пугачы –
Вёску маю, адзіноту маю,
Дзе я ў сабе сябе не пазнаю…

Маці прачнецца, і бацька прачнецца,
Стане на вуліцы неба віднецца.
І весялей зноў застукае сэрца,
Нібы жыццё маё нанаў пачнецца…

1980. Дзед распавядаў. Зіма была завейная. І неяк з самай раніцы ён адправіў на санях свайго сына, майго бацьку, у суседнюю вёску завезці мяшок мукі сваяку. Дарога невялікая, але прайшло паўдня, а хлопец усё не вяртаецца. І выйшаў дзед на дарогу, каб паглядзець, ці хто едзе. І бачыць – кругом балотца, што паміж Пугачамі і Татарамі, мой бацька сноўдаецца на санях. Давялося дзеду ісці і самому браць у рукі лейцы, бо майго бацьку паўдня вакол балота нейкая мана вадзіла.

1982. Выбраўся ў вёску. Еду ў аўтобусе, драмлю, і раптам ужо за Ракавам шафёр спыняецца і кажа: «Усе вылазце, далей не паеду – уся дарога замецена снегам». У аўтобусе заставалася чалавек пятнаццаць, але ўсе паслухмяна павыходзілі і патэпалі ў свае вёскі. Да маіх Пугачоў заставалася кіламетраў дзесяць, і я таксама падыбаў разам з усімі. Праз нейкую гадзіну наш натоўп распаўся на невялічкія кампаніі, а я наогул застаўся адзін. Некалькі разоў нас абганялі машыны, але ніводная не спынілася. І я ўжо страціў надзею, што нехта хоць некага падвязе. І калі дахаты заставалася кіламетры тры, каля мяне спыніўся «Фольксваген», з якога пачуўся голас: «Паэт, садзіся – падвязу, а то, гляджу, не дапаўзеш дахаты...»

17.01.2012. У скверы над снегам свецяцца ліхтары, як зімовыя гарлачыкі, якія распускаюцца, калі пачынае цямнець...

22.01.2015. Побач з выдавецтвам будуецца дом. Ужо завершаны чацвёрты паверх. Уначы яго зацерушыла снегам. Будаўнікі, перад тым як працаваць, зляпілі снегавіка. Надзелі на яго зялёную каску, у якіх ходзяць толькі начальнікі, і доўгі час фатаграфаваліся. Калі фотасесія была скончана, будаўнікі забралі ў снегавіка каску і пакінулі яго ў самоце…

10.11.2016. На снезе кляновы ліст. Скукожаны, але залацісты. Праходзячы міма, я прыпыніўся на міг, і пайшоў далей па снезе, як па прыску, у якім яшчэ ёсць залацістае вуголле…

11.12.2016. Азярына пакрылася лёдам. Азярыну засыпала снегам. І ты ідзеш па ёй, як па заснежанай зямлі, ведаючы, што пад табой глыбокая вада. Па тваіх слядах заўтра яшчэ нехта пройдзе. Потым яшчэ і яшчэ. І твае сляды згубяцца ў сцяжыне, пад якой вада, пра якую не ўсе будуць ведаць. І прыйдзе вясна. І растане снег на лёдзе. Апошняй знікне пратаптаная сцяжына. І ты будзеш глядзець на ваду, як на неба, у якім знікла сцяжына, па якой ты ішоў з дому і вяртаўся, па якой ішлі людзі і вярталіся. А неба будзе чыстым, як вада азярыны, і будзе плыць сонца, як клубок, у якім склубіліся мільёны і мільёны сцяжын…

07.01.2017. З Міёнай а палове сёмай раніцы былі на Мухлі. 25 градусаў марозу! Неба чыстае. Зорнае. Ветру няма. Снег трашчыць. Дрэвы ад марозу патрэскваюць. Да нас далучыліся гуляць Джэк з Анатолем. Сабакі гойсалі па снезе, як малыя дзеці. Мы стаялі і ўспаміналі маразы нашага дзяцінства. 25 градусаў – гэта ўжо не так і страшна. Чакаем 30.

08.01.2017. Мароз. Ты ідзеш па снезе. Ён рыпіць. І ты чуеш музыку зімы, ад якой табе светла і цёпла. Ты выходзіш з горада, як з гаража, у якім поўна машын. Наперадзе снежная прастора і неба. І там за небакраем твая родная хата, у якой, ты верыш у гэта, зімуе тваё сонца. А сонца, што на небе – гэта… ты і сам не ведаеш, што гэта, бо яно цяпер не грэе, а толькі свеціць. І ты ідзеш па снезе. І сляды за табою, як ноты зімовай санаты…

13.01.2020. Белы маладзік, як човен напоўнены снегам.

*   *   *
Засыпаны снегам дамы і платы,
Засыпаны снегам былыя гады,
Дзе мы маладыя, як сённяшні снег,
Які заўтра будзе вадою са стрэх
Сцякаць на зямлю і ў зямлі прападаць,
Каб снегам ізноўку, хоць некалі, стаць.
Засыпаны снегам дамы і платы,
І ты сярод снегу, нібыта святы,
Ідзеш без дарогі па белым святле,
Нібыта па хмары, па белым сяле,
Якое тут ёсць, быццам сённяшні снег,
Які заўтра будзе вадою са стрэх
Сцякаць на зямлю 
                                і ў зямлі прападаць...
Вятры, як нябачныя дрэвы, шумяць,
І снег, быццам белыя птушкі, ляціць.
І хочацца плакаць, і хочацца жыць
У гэтых засыпаных снегам дамах,
Нібыта ў далёкіх забытых гадах,
Дзе мы маладыя, як сённяшні снег,
Які заўтра будзе вадою са стрэх
Сцякаць на забытую Богам зямлю,
Якую, як ты, я таксама люблю
За гэтыя ў снезе дамы і платы,
За тыя, што тут адшумелі, гады...