10 красавіка ўдзельнікі народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” Лідзія Гардынец, Ядзвіга Калясінская, Галіна Гражынская, Вера Глінская і Наталля Жылевіч наведалі Пяршайскую сярэднюю школу, дзе сустрэліся з вучнямі старэйшых класаў і настаўнікамі.

З вялікай асалодай і зацікаўленасцю дзеці слухалі творцаў, якія распавядалі пра сябе і свой шлях у паэзію. Паэты чыталі свае вершы аб прыродзе, каханні і вясне. Але больш за ўсё было твораў пра родную Беларусь, пра маленькую радзіму, пра непаўторнае хараство і мілагучнасць беларускай мовы. У гэты дзень са сцэны гучалі не толька вершы, але і аўтарскія песні ўдзельнікаў калектыву Вольгі Дзядуль і Дзмітрыя Завацкага.

Не абышлі паэты і вечную тэму Вялікай Айчыннай вайны. У юбілейны год Перамогі, яны гучалі асабліва кранальна і не пакінулі нікога абыякавым.