Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
10.08.2009. Першы дзень на працы пасля адпачынку. Адпачынак праляцеў так хутка, што павукі не паспелі развесіць на маім стале паміж рукапісамі павуціну, каб злавіць муху, якая засталася жыць без мяне ў маім кабінеце…
02.08.2010. У суботу ўсёй сям’ёй ездзілі на вяселле. Яно было незвычайнае, безалкагольнае. Задоўга да вяселля мучыўся пытаннем: “Што буду рабіць паўдня сярод амаль ста чалавек, якія не п’юць?” І, калі вяселле закончылася, а яно праляцела хутка і весела, пачуў ад сына: “Я хачу, каб, калі буду жаніцца, і ў мяне на вяселлі ніхто не піў!”
Пасля адпачынку першы дзень на працы. Усе жывыя і здаровыя. Выйшла некалькі новых кніжак. На практыку на паўтара месяца да нас прыйшло дзесяць чалавек студэнтаў. Прачытаў ім цэлую лекцыю па беларускай літаратуры і кнігавыдавецкай справе і адпусціў дамоў. Цяпер, як звычайна, моладзь прыйдзе ў канцы месяца. Праўда, бывае, што студэнты з’яўляюцца на практыку праз тыдзень пасля таго, калі практыка ўжо закончылася. Але і ў гэтым выпадку я нікому праблем не ствараў, бо ўсё разумею: “Маладыя гады… Маладыя жаданні…”
04.08.2010. У маім дзяцінстве ў вёсцы летам амаль усе дзеці хадзілі ў адных трусах: хто ў чорных, хто ў сініх. І ўсе мы былі такія загарэлыя і мурзатыя, што часам дарослыя вяскоўцы не пазнавалі, чые мы. І лета было такое доўгае, як сцяжына ў спёку да сажалкі за вёскай, і такое кароткае і імклівае, як цень ад хмурынкі, што на хвіліну схавала сонца. І, узгадваючы леты свайго дзяцінства, мне і сёння горача ў ногі ад таго пылу і пяску, па якім мы, дзеці, хадзілі босыя і ў адных трусах…
Гарачыня. Думкі ў галаве, як сытыя пчолы ў гаршку з мёдам…
Сёння на працы цішыня. Ніхто з аўтараў не турбуе, нібыта спякліся…
05.08.2010. На працы праз акно бачу карчму, зробленую ў вясковым стылі. На вуліцы стаіць печ, каля печы сабачая будка, у якой, прывязаным за нагу, жыве певень. Кожны дзень у печы смажаць яешню і кураціну. Кожны дзень певень кукарэкае: ці то ён радуецца, што ў яго іншы лёс, чым у яго братоў і сясцёр, ці злуецца, гледзячы на людзей і агонь у печы…
06.08.2010. У выдавецтва да мяне прыязджаў з Талачынскага раёна мужчына гадоў пяцідзесяці, які выглядае на гадоў семдзесят. Загарэлы да чарнаты, бо цэлы дзень на прыродзе – пасе кароў. У роце тры зубы: два зверху, адзін знізу. Мужчына прывёз пятнаццаць сшыткаў па дванаццаць старонак са сваімі творамі. “У мяне вочы баляць, таму я ў сказах не стаўлю ні кропак, ні косак. Вы маладзейшы, і ваша такая работа – расстаўляць кропкі і коскі!” – сказаў мужчына і пачаў расказваць, пра што ён піша. А піша ён пра кароў, якія, калі вельмі горача, дрэнна дояцца. Піша пра базы даных, якія знаходзяцца ў космасе, дзе збіраецца ўся наша разумовая энергія. Развітваючыся са мной, мужчына прапанаваў: “Калі вы захочаце лаяць нячыстую сілу, то лайце яе ад майго імя. Яна мяне баіцца!”
09.08.2010. Патэлефанаваў з Маладзечна краязнавец Міхась Казлоўскі. Запрасіў на канферэнцыю, прысвечаную Уладзіміру Караткевічу, якую ён арганізоўвае ў бібліятэцы, дзе працуе. Даведаўся ад Міхася, што ўчора ўздоўж дарогі ў бок Вілейкі за 20 хвілін бура амаль усе дрэвы, як касой траву, скасіла. Адразу ўспомніўся бацька, які цяпер адзін у вёсцы…
13.08.2010. Збіраюся ў вёску да бацькі. Тры разы хадзіў у краму. Здаецца, усё купіў, што трэба. Але…
15.08.2010. Паўз Лягезы праз алешнік працякае невялічкая рачулка Яршоўка. У дзяцінстве часам цэлымі днямі сядзеў каля яе і глядзеў на ваду. І вырашыў я паказаць сваім сябрам і жонцы Яршоўку. Прыйшлі. А рачулкі і няма. Толькі рэчышча з белым пяском і заімшэлымі камянямі. Пасля ўжо дзядзька Віця расказаў, што за Лягезаўскай гарой, дзе пачынаецца Яршоўка, бабры зрабілі велізарную плаціну, і ўвесь луг і кустоўе затапілі. Цяпер там чатыры бабрыныя хаткі…
16.08.2010. Вяртаюся з працы. Гарачыня, хоць ужо і вечарэе. Заходжу ў тралейбус і чую: “Я хачу на мора! Я хачу на мо-о-ра!! Я хачу на мо-о-о-ра-а-а!!!” Гляджу, хто ж гэта так раве? А раве малы гадоў чатырох. У яго ўзросце, гадуючыся ў бабулі Ганны ў Лягезах, я не толькі не ведаў, што на свеце ёсць мора, а і пра Мінск нічога не ведаў, і наогул я не ведаў, што ёсць яшчэ нейкія людзі, акрамя тых недзе сарака чалавек, сярод якіх я жыў…
17.08.2010. У сваім кабінеце сярод старых выданняў знайшоў кніжку “Прага мастацкасці” (1996) Генадзя Шупенькі, які нядаўна памёр. Кніга падпісана адной з супрацоўніц выдавецтва: “Паважанай, мілай, якая так шмат зрабіла, так дапамагла, каб гэта кніга пабачыла ўсё-такі свет (…). Хай жа Бог дае (…)”. Пажаданні Генадзя Шупенькі шчырыя і светлыя, але яго кніга, як непатрэбная, ужо 14 гадоў пыліцца ў выдавецкай шафе. Словам, ты дзякуеш некаторым людзям і дорыш ім сваю “прагу мастацкасці”, а ім гэта нічога не патрэбна…
28.08.2010. На вуліцы змрочна, церусіць дождж. Я напёк дранікаў і ўсіх, хто дома, накарміў. З вёскі патэлефанаваў брат Вова. Ён цяпер у бацькі. А я з мамай… І нам усім добра і спакойна…
Праз некалькі дзён дзецям зноў ісці ў школу. Спрабую ўспомніць свой першы школьны званок і не магу. Затое добра памятаю выпускны вечар. Мне ў той дзень якраз выпала пасвіць кароў у радоўцы, таму на мерапрыемствах, якія былі днём у школе, я не быў. Крыху было і крыўдна, што ўсе мае аднакласнікі на ўрачыстай лінейцы атрымліваюць пасведчанні аб заканчэнні Пугачоўскай васьмігодкі, а я ганяюся за каровамі, але мне было і спакойна, бо я быў пазбаўлены развітання са школай. Вечарам, прыгнаўшы з радоўкі кароў і пераапрануўшыся ў касцюм, пайшоў у клуб на выпускны вечар…
Змрочна. Дробны дождж. З Чырвонага касцёла пасля вянчання выйшлі маладыя. Маладыя і прыгожыя. Мы з Людмілай на хвіліну спыніліся, нібы жыццё для нас спынілася на хвіліну…
02.08.2011. Другі дзень, як адпачываю. Выйшаў на вуліцу, каб прайсціся, і прыйшоў на працу…
Цямнее. У двары равуць, як рэзаныя, два чорныя каты, якіх ловяць старыя гаспадыні, каб занесці дамоў… Праз паўгадзіны сцямнелася, катоў амаль не чуваць, і толькі галасістыя бабулі на ўвесь двор клічуць дамоў сваіх чорных катоў, якіх не бачна ў цемры…
24.08.2011. Учора да Міхася Казлоўскага ў бібліятэку прыйшлі дзве дзяўчыны, і адна з іх узяла чытаць маю кніжку “Страла кахання, любові крыж”. Міхась тут жа запытаўся: “А чым вас Шніп зацікавіў?” “Гэта мой зямляк, і ён з маім старэйшым братам Грышкам аднакласнікі!” – адказала бландзінка. Сёння Міхась быў у Мінску і, зайшоўшыся да мяне, расказаў пра знаёмства з маёй зямлячкай Ліляй Сасноўскай і папрасіў падпісаць ёй “Баладу камянёў”, якую яна хоча пачытаць, бо “там вельмі шмат пра нашы родныя мясціны”…
28.08.2011. Мінуў тыдзень, як мы з Людай вярнуліся з адпачынку на Нарачы, а я ўсё ніяк не магу ўвайсці ў каляіну гарадскога жыцця. І ўвесь гэты мінулы тыдзень, як сумны сон, што сніцца мне пад шум нарачанскіх сосен…
31.08.2011. Вазон вырас такі вялікі, што спатрэбілася падпорка, каб ён не паламаўся. І я прынёс з вуліцы палку. Праз месяц вазон засох, а палка прарасла…
02.08.2012. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшла імпрэза, прысвечаная 100-годдзю Пятра Бітэля. На ёй прысутнічалі дачка Ала Пятроўна, сын Андрэй Пятровіч і ўнучка Тамара Іванаўна. Вяла імпрэзу Ганна Запартыка, ад якой усе даведаліся, што цяпер у архіве-музеі ёсць асабістая справа Пятра Бітэля пад № 497…
14.08.2012. Усе раз’ехаліся адпачываць, і я ўжо другі дзень дома сумую з папугаем Северусам. Ён гаварыць не ўмее, а я лётаць…
17.08.2012. Сёння 35 гадоў, як я пачаў друкавацца. У газеце “Чырвоная змена” быў змешчаны мой верш:
Сямнаццаць мне,
Нібы сямнаццаць
Зрабіў я крокаў па жыцці.
Жыццё я толькі пачынаю,
Сябе ў сабе я адкрываю,
І добра разумею я –
Жыццё нялёгкая дарога,
Што пачалася ад парога
Бацькоўскай хаты
Любай, добрай…
Жыццё – заўсёды вышыня!
29.08.2012. У кватэры, дзе жыў бацька, пасялілася восень – на падлозе ляжыць руды ліст з яблыні, які заляцеў праз расчыненую фортку… “Мне некуда больше спешить…” – загучала ўва мне, калі я выйшаў з пустой кватэры, дзе жыў бацька…
31.08.2012. Ключ ад кватэры, дзе трыста сутак адсядзеў бацька, аддаў гаспадыні. Аддаў, як спаліў мост, па якім можна было вярнуцца ў мінулае…
06.08.2013. Другі дзень на працы пасля адпачынку, і да мяне сёння была чарга пісьменнікаў, як чарга пенсіянераў у сабесе…
13.08.2013. Быў на Вайсковых могілках, дзе ўдзельнічаў у памінальным мітынгу і ўскладанні кветак да помніка Якубу Коласу. Людзей сабралася, як заўсёды, не мала, але і не многа. Прыйшлі пісьменнікі (восем чалавек), родныя сям’і паэта, а таксама навукоўцы і супрацоўнікі музеяў сталіцы. Перад пачаткам выступленняў на помніку правае вока Якуба Коласа было зацягнута павутой, у якой трапятаў жоўты лісток, як агеньчык свечкі. У час мітынгу наляцеў вецер, парваў павуту, і вызвалены лісток узляцеў над могілкамі…
15.08.2013. Па запрашэнні супрацоўнікаў музея Янкі Купалы ездзіў у Радашковічы, дзе ў мясцовым цэнтры культуры і адпачынку ўдзельнічаў у “Вечарынцы ў Паўлінкі” з нагоды 100-годдзя пастаноўкі п’есы Янкі Купалы ў Радашковічах…
У 1913 годзе Янка Купала перадаў тэкст п’есы драматычнаму гуртку ў Мінску. Заснавальнікамі гэтага калектыву былі Фларыян Ждановіч, Ігнат Буйніцкі і Алесь Бурбіс. Яны меркавалі адкрыць у Мінску беларускі прафесійны тэатр, але не далі дазволу. Драмгурток пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча паставіў “Паўлінку”, але пастаноўка была забаронена. Толькі дзякуючы намаганням Аляксандра Уласава і самога Купалы, быў атрыманы дазвол на паказ спектакля ў Радашковічах, які адбыўся 15 жніўня 1913 года ў будынку мясцовай пажарнай дружыны. Гэта была прэм’ера “Паўлінкі” на беларускай зямлі. Так Радашковічы, разам з Вільняй і Санкт-Пецярбургам, увайшлі ў тройку першых мясцін, дзе была пастаўлена п’еса Песняра…
Ад маіх Пугачоў да Радашковіч недзе кіламетраў дваццаць. Думаю, што ў 1913 годзе хоць адзін мой аднавясковец быў на прэм’еры “Паўлінкі”…
З Радашковіч мой дзед Іосіф Іванавіч ішоў на вайну з немцамі… З Радашковіч мой бацька Анатоль Іосіфавіч ішоў служыць у войска… У Радашковічы я ўпершыню прыехаў, калі мне было васямнаццаць. Прыехаў з Мінска на аўтобусе, каб потым пяшком ісці ў родную вёску. На электрычцы не паехаў, бо помнілася нядаўняя жудасная аварыя з чалавечымі ахвярамі на станцыі “Крыжоўка”. Пачуўшы адказ на маё пытанне “Як тут дайсці да Пугачоў?”, што спачатку трэба дайсці да станцыі “Радашковічы”, а гэта дванаццаць кіламетраў, я хуценька сеў назад у аўтобус і вярнуўся ў Мінск…
Міхась Казлоўскі сказаў: “Калі б чыгунку праклалі праз Радашковічы, а не побач з Маладзечна, то сёння ў Маладзечне жыло б, як цяпер у Радашковічах, шэсць тысяч жыхароў, а ў Радашковічах, як у Маладзечне, – сто тысяч”. І Вязынка, дзе нарадзіўся Купала, была б у межах горада Радашковічы. Ну а да маіх Пугачоў было б ад Радашковіч кіламетраў пяць. І я сёння б, хутчэй за ўсё, жыў у горадзе Радашковічы, а не ў сталіцы…
Музей Янкі Купалы адкрыў выставу “Янка Купала і тэатр”, правёў творчую сустрэчу з акцёрамі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Марыяй Захарэвіч і Паўлам Яскевічам, а фальклорныя калектывы “Гуда” і “Рада” падарылі ўсім прысутным музыку і спевы, якія гучалі 100 гадоў таму, і без якіх не праходзіла ніводная беларуская вечарынка…
З Міхасём Казлоўскім, Анатолем Бутэвічам, Пятром Васючэнкам і яго жонкай схадзілі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Ксёндз нам падарыў буклецікі, у якіх напісана: “Упершыню г. п. Радашковічы ўпамінаецца ў 1447 годзе ад рымакаталіцкага касцёла Святой Тройцы. Фундатар касцёла Пётр Гедыголдавіч, намеснік Смаленска. Першы касцёл быў збудаваны з дрэва. У 1734 годзе касцёл быў адрамантаваны. Неўзабаве пажар знішчае будынак касцёла. Намаганнямі кс. проб. Жылінскага быў закладзены ў 1855 годзе краевугольны камень на будову цяперашняга касцёла. Кансэнкрацыя новазбудаванай святыні адбылася ў 1859 годзе біскупам Жылінскім. Колькасць парафіян: 883 – католікі, праваслаўных – 200, яўрэяў – 1160. Як апавядалі старэйшыя парафіяне, паны прыязджалі да Святыні на святую імшу, слугі з вазамі і фурманкамі стаялі на вялікім пляцы перад касцёлам. Як скончылася святая імша, шляхта збіралася на спатканні, а слугі праводзілі продаж, абмен тавару, прывезенага з сабой. На жаль, час зрабіў сваё. Плошча перад касцёлам стала забудаванай, а невялікая частка забрана ў маёмасць керамічнай фабрыкі. Напрыканцы пяцідзясятых, на пачатку шасцідзясятых касцёл быў забраны пад керамічную фабрыку. Быў збудаваны другі паверх, пастаўлены станкі для прадпрыемства. Па прадукцыі ўтворанага цэха ў будынку святыні (рабілі свечкі парафінавыя), можна сказаць, будынак не згубіў свайго духоўнага назначэння. (…) У гэтай святыні 12.07.1882 года атрымаў сакрамент святога Хросту выдатны беларускі пісьменнік Янка Купала, які пражываў са сваімі
бацькамі непадалёк у вёсцы Вязынка. У касцёле ёсць маленькая каплічка з цудоўным святым абразом Маці Божай Вострабрамскай, які вернікі называюць “Абраз – слаўны Божымі ласкамі”. Кожную нядзелю а 18 гадзіне спраўляецца імша, падчас якой вернікі прадстаўляюць свае просьбы перад цудатворным абразом”.
25.08.2013. Мамінай сястры Шурцы ў гэтым месяцы споўнілася 90 гадоў, а ў які дзень – ніхто не ведае. Жыве яна ў вёсцы Татары, што ў трох кіламетрах ад Пугачоў. Усё збіраюся схадзіць да цёткі і ніяк не збяруся. Калі я да школы жыў у Лягезах, то і цётка Шурка выхоўвала мяне. Памятаю, як яна прыходзіла да нас у госці ў Пугачы, а я потым яе далёка праводзіў і, развітаўшыся, падоўгу не вяртаўся дамоў, бо плакаў, успамінаючы сваё жыццё ў Лягезах, дзе мне было добра з бабуляй Ганнай, цёткамі Аляй, Шуркай і дзядзькамі Ванем і Віцем…