Пяшчотна, цёпла, ласкава гаворыць пра сваю сядзібу па вуліцы Кірава, 83 у Валожыне карэнная мінчанка Вольга Азізі. Дзякуючы ўласным старанням і любові, якая адчуваецца на кожным кроку, яна стварыла тут свой маленькі райскі куточак і атрымлівае сапраўдную асалоду. Больш таго, у 53 гады Вольга Міхайлаўна пачала жыццё з новага ліста: яно заззяла яркімі фарбамі не толькі на падворку, але і ў душы.
Адрас гераіні аповеду нам падказала суседка новай гаспадыні Алена Бандарык, з якой яны цесна пасябравалі. Сёння нават цяжка ўявіць, што і дом, і сам зямельны надзел былі ў такім заняпадзе, што з цяжкасцю верылася ў іх адраджэнне.
– Жыллё набыла ў 2018 годзе, – расказвае Вольга Міхайлаўна. – Мне дасталіся стары дом і запушчаны ўчастак, на якім расла крапіва ў чалавечы рост. Па факце, каб можна было жыць у доме, давялося яго разабраць: засталіся толькі чатыры сцяны з праёмамі для дзвярэй і вокнаў, над галавой – неба, пад нагамі – зямля. Пачала чытаць і вывучаць усе тонкасці і прамудрасці будаўніцтва – хацела, каб у мяне былі выкарыстаны толькі натуральныя бясшкодныя будаўнічыя матэрыялы: дрэва і ЦСП (цэментна-стружкавыя пліты). Узводзілася ўсё часткамі. Напачатку былі зроблены дах, столь, адна міжпакаёвая перагародка, сцягванне. Далей – вокны і дзверы.
Пасля пачала планаваць, як бы хацела ўладкаваць, напрыклад, сучасную кватэру-студыю ў 42 квадратныя метры. Урэшце, набыла брус і там, дзе папярэдне меркавалася быць тэраса, з’явілася яшчэ паўдома, дзе зараз кухня, туалет і ванна. А вось тэрасу дабудавалі спераду і яна арганічна дапоўніла жыллё.
Калодзежа на падворку не было: давялося падводзіць ваду, рабіць мясцовую каналізацыю, цалкам мяняць электраправодку. Акрамя таго, што тэрыторыя была ўся зарослая быльнягом, на ёй ляжалі ў прамым сэнсе кучы рознага хламу. Адсюль былі вывезены камунальнай службай тры вялікія кантэйнеры смецця. Прыбірала літаральна па каменьчыку – цвёрда ведала, што давяду да ладу.
– На сёння Вас па праве можна назваць прафесіяналам будаўнічай справы?
– Не ведаю. Тады мне ўсё гэта настолькі падабалася, што я нават задумалася: каб была крыху маладзейшая, мне б хацелася выкупляць старыя дамы і прыводзіць іх у парадак.
У мяне “хвароба” – мець прыватны дом. Вось як дорага дзяцінства… Канікулы праводзіла ў бабулі, што жыла ў Магілёве. У нас быў дом з мезанінам. У прадзядулі былі крэсла-качалка і механічны гадзіннік з боем. Гэта засталося на ўсё жыццё – пакуль не набыла крэсла-качалку і гадзіннік з боем, я жыць не магла.
– Калі Вы ўпершыню адчулі сябе гаспадыняй у доме і зразумелі, што мара стала явай?
– У мяне не было такога, што я доўга прывыкала і мне гэты дом здаваўся чужым. Не паспела прыдбаць, як зрабіла клумбу і пасадзіла ружы. На жаль, першынцы прапалі. Далей сталі з’яўляцца іншыя кветкі, дэкаратыўныя дрэвы і кусты. Ружы таксама прыжыліся і радуюць пышнай квеценню. А яшчэ – мне вельмі пашанцавала з суседзямі. Гэта таксама важна на новым месцы – сустрэць роднасную душу.
Як выбрала Валожын? Выпадкова. Наведваючы матулю ў Барысаўцы, што на Іўеўшчыне, не раз праязджала па Гродзенскай трасе каля Валожына. Аднойчы мой знаёмы – гэта было летам 2017 года, – які падвозіў мяне, запытаўся: “У Валожыне была калі-небудзь?” Адказала, што не. Тады ён прапанаваў проста праехацца па горадзе і паглядзець. Я нават не ўяўляла, што Валожын увесь на горках. Мяне гэта падкупіла, бо мне гэта вельмі падабаецца. Быў нейкі шыкоўны дзень: жнівень месяц, усё цвіло, дыхала спякотай. І я закахалася ў яго краявіды назаўсёды!
Вольга Азізі
– Апошнія трыццаць гадоў Вы пражылі далёка-далёка за межамі Беларусі – у Алжыры. І ў немаладым узросце не пабаяліся пачаць жыццё з новага ліста. Ці цяжка пускаць карані ў незнаёмым горадзе?
– Мне не было страшна. Бо я заўсёды ведала, што вярнулася ў родную Беларусь. Праўда, не ведала, як і калі. І зараз не магу надыхацца яе паветрам, налюбавацца прыгажосцю, уладкаванасцю, чысцінёй. Як пяецца ў добра вядомай песні: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара