Што ні скажы пра хлеб, то мала
Сёлета ў Валожыне пройдзе вялікая ўрачыстасць – абласныя “Дажынкі”. Згодна з менталітэтам, гасціннасцю, традыцыямі нашага народа ўвесь раён загадзя рыхтуецца да гэтай знакавай падзеі. Кажуць так: “Калі жадаеш гасцей сустракаць – патрэбна і хату прыбіраць”, “Калі свіран збожжам багаты – то і гасцей поўна хата”, “Дастаём усе абновы і нарады – і гасцям будзем рады”, “Ручнік вышываны даставай, лажы пад хлеб-каравай, ды і гасцей сустракай”.
Вось вырашыў унесці свой невялікі ўклад у гэту перадсвяточную справу: надарылася жаданне яшчэ раз успомніць і нагадаць сучасніку – асабліва маладому пакаленню – пра хлеб і яго здабыткі, аб працы хлебароба, мукамола, хлебапёка, каб не гублялася памяць пра хлеб і выхоўваліся паважлівыя адносіны да прадукту нумар адзін на нашым стале.
Хлеб – паняцце мнагазначнае. Жыта, пшаніца, ячмень, авёс, проса, сорга, кукуруза, рыс – гэта ўсе хлебныя злакі. У кожнага з іх свой твар, свая радаслоўная, свае смакавыя якасці. Для нас бліжэй жыта, пшаніца, ячмень, авёс – гэта проста хлеб. Жытнія і пшанічныя буханкі хлеба, пшанічныя батоны, булкі і пірагі, жытнія (аржаныя) і ячменныя бліны і многа-многа іншага печыва – “румянага асартыменту” – усё гэта шматаблічны і разнастайны хлеб.
Хлебу і хлебаробу прысвечаны вершы, апавяданні і іншыя змястоўныя творы, напісаны песні, навуковыя даследаванні, філасофскія трактаты. Ён вызначаны ў народных песнях і былінах, у казках, прыказках, прымаўках, расквечаны і адухоўлены ў ткацкіх вырабах і вышыванках нашых матуль і бабуль, увекавечаны мастакамі, апеты пісьменнікамі, асэнсаваны філосафамі. Хлеб у розных формах і відах – ад зерня да буханкі – можна ўбачыць на карцінах, габеленах, плакатах, фотаздымках, паштоўках, паштовых марках, гербах краін, у музеях. Як гавораць у народзе: “Не адзін празаік і паэт паламаў мноства пер’яў, спісаў мноства чарніл і не адзін стос аркушаў паперы, а мастак сцёр не адну тузіну пэндзляў і змаляваў незлічоную колькасць памераў палатна, каб усхваліць хлеб, хлебароба і яго працу”.
Усхвалялі хлеб і хлебароба шматлікія беларускія літаратары. Да радасці і болю заўважны радкі твораў класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы. І тут цяжка перадаць камусьці перавагу, бо кожны паэт і празаік укладаў у сваіх творах пашану і павагу, любоў і моц сваёй душы, веліч свайго сэрца. На маю думку і погляд, ніхто не сказаў так пранікнёна, яскрава і дасціпна пра хлеб, як народны паэт Беларусі Ніл Сямёнавіч Гілевіч у сваёй паэме “Родныя дзеці”. Чытаючы радкі твора, узрушваецца душа, да болю замірае і сціскаецца сэрца, успамінаецца вясковае дзяцінства, расказы бацькоў, дзядоў і бабуль пра іх нялёгкае жыццё, працу і здабыткі. І галоўнае – пра хлеб надзённы.
У сённяшні час, калі жывём у дастатку і сытасці, радкі гэтага твора вельмі актуальныя для сучасніка і падрастаючага пакалення. І, лічу, яны павінны стаць Гімнам хлебу. Вось таму і хачу прывесці іх цалкам:
Адступленне шостае – педагагічнае
Хлеб… Чорны, белы, шэры, сітны.
З чарэні хлеб і фармавы.
Хлеб – мой і твой, яго і ўсіхны.
Ні для каго – не дармавы.
Хлеб… Аржаны, аўсяны, ячны,
З дамешкам бульбы і з гірсой.
Хлеб… Толькі смачны, вечна смачны –
Калі зароблены і свой.
Хлеб кмінны, з рошчынай-закваскай,
І – прэсны, пышны, на дражджах.
Самой зямлі цяплом і ласкай
П’яніць ягоны водар-пах.
Хлеб – у дзяжы і на лапаце,
На подзе ў печы, на стале.
І на далонях шчаснай маці,
Што дзецям лусты раздае.
Хлеб… Не за свой загар румяны,
А за святло, што ў душы нёс,
У песнях з сонцам ён зраўняны,
Як цар зямлі – з царом нябёс.
О, як ён клаўся, свежы бохан,
На бел абрус ці на ручнік!
І пры размове нават з Богам
Так не свяціўся працаўнік.
Хлеб… Хай пляткараць у пляткарні,
А я скажу: ніякі дух,
Як той, што ўночы тхне з пякарні,
Ва мне не родзіць столькі дум.
І так не будзіць успаміны
Пра перажытае калісь,
Што і да самай дамавіны
На дне душы не адбаліць.
Хлеб… Пайка ўвелічкі з васьмушку –
На восем душ, на цэлы дзень, –
І ні прыварку, ні прытруску
Ані на грам – ні скуль-нідзе!
Хлеб… Як збавенне ў хату несла
Вясна ажымкі-праснакі –
З гнілое бульбы перамерзлай
І травяной трухі-мукі…
Хлеб… Чуў салдат бяссмерця прысмак,
Калі з кішэні шыняля
Вымаў усохлы недагрызак
Скарынкі – чорнай, як зямля…
Вось гэткі быў ён – наш салодкі
Надзённы хлеб у грозны час.
І з ім мы выстаялі ўсё-ткі –
Каб нашай волі сцяг не згас!
За Перамогу ваявала
І тая скібка, што ў сірот
Ад рота маці адрывала,
Каб не аслаб без хлеба фронт.
Было – такое – на планеце!
І не віна тут мацярок,
Што сёння іх нашчадкаў дзеці
Не ўсюды помняць гэты ўрок.
Што нехта гібла-раўнадушны,
Хто зерня з роду не ласкаў,
Ад сытай роскашы аглухшы,
Не чуе хлеба горкіх скарг:
Таго, что ў полі ад знямогі
На дол цярушыцца, на дол –
Дажджу асенняму пад ногі,
А не на бел абрус, на стол;
Таго, што ўжо і на абрусе
Пакрасаваўся, а цяпер –
Ляжыць на сметніку, у брудзе,
І мохам-плесняю цвіце…
О, хлеб наш, хлеб! Хоць і няўдзячны,
Нярупны множыцца ядок –
Заўжды жаданы, вечна смачны
На свеце будзе твой кусок.
І аж дакуль Зямлі зялёнай
Трымцець на лёсу цеціве –
Найпершым клопатам надзённым
Тут будзе клопат пра цябе.
* **
Даруй, чытач, што азадачыў:
Ты па радках маіх прабег,
А педагогікі – не ўбачыў:
Усё – пра хлеб, адно пра хлеб…
Ну, так, пра хлеб… Але дакорам
Ты не спяшы мяне пырнуць,
А паспрабуй углыб, у корань
Навукі школьнай зазірнуць.
Ці не даволі верыць слепа
Той педагогіцы, браток,
Што пачынаецца не з хлеба,
Не з мазаля бярэ выток?
Мо годзе фікцый і абстракцый?
Без працы – школе грош цана!
Каб чалавек душы не страціў –
Ёсць педагогіка адна:
Вучыць любові і пашане
Да хлеба труднага ў жыцці.
А мы? Што славім? Што ўзвышаем?
Пра што пяём, бы ў забыцці?
Каму спрыяем і наровім?
Каго гадуем? Спажыўцоў?
А як жа хлеба ім наробім
Мы – без аратых і жняцоў?
Ты за экранам сочыш зрэдку?
Прызнайся: згледзеў там хоць раз,
Як дзеці ў полі рвуць свірэпку
Ці гоняць статак на папас?
Не згледзеў, брат! Затое з рання
І аж да вечара – штодзень
Ты можаш бачыць на экране
Маленькіх скачучых людзей.
Пяюць і скачуць – усе чыста!
Такое ўражанне парой –
Што нам мільёнаў сем артыстаў
Паставіць сёння ж трэба ў строй!
Я разумею, разумею –
Уздым культуры, рост патрэб…
Але… з іх кожны мае жменю –
І жменя цягнецца па хлеб!
Без хлеба скачацца не надта!
А хлеб буханкай не расце:
О, колькі трэба, каб з зярнятка
Падняўся колас у расе!
Так патрабуе ўжо ў калысцы
Дагляду мудрага дзіця,
Каб у жыццё аратым выйсці,
А не нахлебнікам жыцця!
Другім знакавым творам пра хлеб з’яўляецца ў беларускай народнай творчасці казка “Лёгкі хлеб”. Як тут змястоўна і трапна, з нейкай доляй гумару, выказаны мудрасць народа і здабыткі хлеба надзённага. Пажадана, каб гэтыя творы заўсёды былі пад рукой: яны павінны быць на працоўным стале выхавацеляў дзіцячых устаноў і настаўнікаў школ. І, наогул, трэба ўвесці ў абавязковыя выхаваўчыя праграмы навучальных устаноў – прывіць памяць пра хлеб. Тут нічога складанага няма. Бяром за аснову чатыры пары года, і ўсе віды працы, якія выконваюцца ў полі ў гэты час па здабытках хлеба. Тут шырокае поле дзейнасці – толькі праяўляй творчы падыход да справы згодна з узростам дзяцей. Як пазнаецца смак хлеба ў дзяцінстве і не забываецца ў старасці, так пашана і павага да хлеба, да працы хлебароба і хлебапёка павінны быць выхаваны ў чалавека з калыскі да старасці. Зразумела, у кожнага свой асабісты смак хлеба, але адносіны павінны быць адны – пашана і памяць.
Усім добра вядомы выраз “Хлеб – усяму галава!”. Ён тысячы разоў паўтораны, але не загавораны, ён жыве і застаецца ў народнай памяці. Мы настолькі прызвычаіліся да гэтага выразу, што часам не звяртаем увагі, не задумваемся, не ўнікаем у яго сэнс. А ён такі: гэта гісторыя чалавецтва. У хлебе – упартая, настойлівая, фізічная, разумовая праца, салёны пот хлебароба і хлебапёка. Ад першага зярнятка, кінутага ў глебу ў эпоху неаліту, да жытняга і пшанічнага коласа, які выспявае на нашых вачах сёння; ад першага спечанага праснака на вуголлях да буханкі хлеба, шыкоўнага пірага і рознага печыва зараз. Тут зададзены і трыумф, і трагедыя ў вечнай барацьбе чалавека за хлеб.
“Хлеб – усяму галава!” Паўтаруся, выраз вядомы, але мы забыліся, адкуль ён узяты. Старая прымаўка сцвярджае: “Рыба – вада, ягада – трава, а хлеб – усяму галава!” Тут і параўноўваць няма чаго, бо зразумела і бясспрэчна: як малітва, як песня, як закліканенне – Хлеб.., Хлебу.., Хлебам.., Пра Хлеб…
Хлеб на стале… Ён ляжыць перад намі, асэнсаваны народнымі прыказкамі, абласканы прымаўкамі, успеты песнямі і як бы адушаўлёны людской верай у яго надзейнасць і жыватворную сілу. “Хлеб на стол – так і стол на прастол, а хлеба ні крошкі – стол дошкі”. Сапраўды, свежаспечаны бохан хлеба, які аддае гарачынёй хатняй печы і сваім водарам, лежачы на стале-прастоле, адчувае важнасць свайго зямнога прыцяжэння, вабіць апетытным смакавым пахам і, як важная асоба, ганарыцца сабой. Хтосьці з пісьменнікаў выказаў сваю думку пра хлеб так: “Бохан хлеба надаецца і бачыцца мне сонечнай кропляй сусвету, цёплай рукатворнай планетай, на скарынцы якога запякліся ў розных пачуццях, бедах і радасцях людскіх уся гісторыя земляробства і хлебапячэння”.
Мы прывыклі да выгляду, смаку, паху хлеба. Ён даўно ўжо стаў нашай штодзённай ежай. Больш за ўсё надзвычайна тым, што ён ненадакучліва прывычны. Ды што там да яго прывыкаць – ён для нас абавязковы: як вада, паветра, сонца, як само жыццё… “Без розуму пракалоцішся, а без хлеба не пражывеш”, “Без хлеба і ад мёду нудзіць”. “І бяду з хлебам можна з’есці”. “Хлеба ні куска і ў хаце нуда, а хлеба акрай – і пад елкай рай”. Тут адно прызнанне – без хлеба не абыдземся! Мы спазнаём гэта спаўна толькі, прабачце, праз свой страўнік. Хлеб – наша яда. І нашым апетытам рэгулюецца яго ўлада над намі – гэта азначае ўладу зямлі і хлебнага поля над намі. Як апрацуеш поле, як падрыхтуеш глебу, як пасееш зерне, як будзеш даглядаць – тое будзеш мець. Пасееш хлеб, а можа давядзецца есці мякіну.
У сённяшні час, калі ў нас на стале заўсёды ёсць хлеб і пры гэтым разнастайны, нам прапісаны сытасць і дастатак. Як кажуць: “Вялікаму куску хлеба рот радуецца”. Менавіта тады хлеб становіцца прывычным воку і адчуванню. Ён проста як быццам непрыкметны пры сваёй наяўнасці і паўсядзённай незалежнасці. Вучоны, даследчык, прыродазнавец, натураліст Клімент Аркадзьевіч Ціміразеў гаварыў пра пшанічны хлеб як пра самае вялікае вынаходніцтва чалавечага розуму. У сваіх работах, ацэньваючы хлеб, ён як бы звяртаўся да нас з грамадскім ганьбаваннем: “Мы не звяртаем часам увагі на самыя заўважныя факты толькі таму, што яны вельмі звычайныя і прывычныя для нас”.
Вядома, калі ты хочаш есці, то перш за ўсё ўспамінаеш пра хлеб, а не пра яго паходжанне. “Без печкі холадна, а без хлеба голадна”. “Пры галодным страўніку і ў галаве туман”. “Голадна ў жываце, холадна і ў галаве”. “Без вячэры і хлеба падушка ў галовах круціцца”. “На пусты жывот ні на танцы, ні на працу”.
Гэта так па жыцці – больш за ўсё думаецца пра хлеб у час голаду. Тут варта ўспомніць апавяданне Змітрука Бядулі “Пяць лыжак заціркі”. Голад наганяе страх на чалавека, але страшней за ўсё бяздумная сытасць. Людзі, стварыўшы культ хлеба і ў час імкнення да бяздумнай сытасці, часам становяцца неахайнымі да хлеба, а часам нават і грэбуюць ім. “Не помніць карова зімы, дачакаўшыся лета”.
Чаго-чаго, а хлеба ў нас цяпер удосталь. Гэта наша заваяванне, а яшчэ больш – наша шчасце! І часам становіцца вельмі крыўдна, што многія людзі – асабліва тыя, хто не зведаў голаду, галоднага ліха, дрэнна і неахайна адносяцца да хлеба. Тое, што хлеб прадаецца ў нас танна, не азначае, што ён дастаецца лёгка. Буханка хлеба ўмяшчае ў сабе не толькі працу хлебароба і хлебапёка, але рабочага, навукоўца і ў цэлым усяго народа. Гэта трэба паважаць. Гэтым трэба даражыць.
Мець кожны дзень хлеб на стале і не ведаць нічога пра яго – ненармальна: усё роўна, што быць душэўна сляпым чалавекам, які не помніць свайго роду. Сёння, калі людзям утульна, цёпла, сыта, усяго хапае з лішкам, хлеба ў магазінах, якога хочаш, добразычлівыя адносіны да хлеба не заўсёды прысутнічаюць, а ў гарадскіх умовах жыцця – тым больш. Гэта можна назіраць у сталовых розных устаноў, асабліва кафэ і рэстаранах падчас правядзення розных банкетаў. Хлеб, які застаецца на сталах, проста выкідваюць у адходы, а затым на сметнік. Такую непавагу можна назіраць каля гандлёвых кропак штодзённа, калі недаедзены хлеб кідаюць пад ногі – добра, калі якая- ебудзь птушка падбярэ. А што робіцца ў хлебных крамах і хлебных аддзелах у супермаркетах з пратэрмінаваным хлебам. Добра, калі яго своечасова вяртаюць на перапрацоўку, а часцей за ўсё ён буцвее і разам з адходамі трапляе на сметнік. Не адна буханка, а цэлыя паддоны. Вось тут варта прыгадаць радкі верша Петруся Броўкі на рускай мове:
Эй, ты, попирающий корку ногою,
Ты топчешь достоинство наше людское.
Ты мать оскорбил, ты обиду нанес
Земле, на которой родился и рос.
Таму ў вырашэнні праблемы патрэбны комплексны і праграмны падыход не толькі ў выхаванні сучаснага чалавека і падрастаючага пакалення, але планавае і праграмнае ўздзеянне існуючых улад.
Зноў пра памяць пра хлеб. Якой яна бывае? Калі чалавек яе страчвае? А калі яна застаецца ў ім чырвонай лініяй на ўсё жыццё?
Успамін першы. Дзесьці ў школьныя гады мне трапілася кніжка пра ўспаміны былых вязняў канцэнтрацыйных лагераў у гады вайны. У адным з іх адбіралі самых здаровых вязняў для медыцынскіх іспытаў. Людзей размяшчалі ў лазарэце на некалькі тыдняў. Добра кармілі, давалі ўдосталь хлеба, на працу не адпраўлялі. У такіх умовах людзі праз тыдзень расслабляліся, забываліся пра голад. Ежы і хлеба хапае, займацца няма чым. Знаходзілі аркуш паперы, малявалі шахматную дошку, а з мякішу хлеба ляпілі шахматныя фігуры. Такім чынам бавілі час, забыўшыся пра тое, што некалькі дзён таму хлеб для іх быў марай і цаной жыцця. У нейкі момант прыходзілі медыкі, уводзілі вакцыны для доследу – лёс гэтых вязняў заканчваўся трагічна.
Успамін другі. На пачатку сямідзясятых гадоў мне давялося быць нейкі час у горадзе Луга Ленінградскай вобласці. Там быў знаёмы з адной жанчынай. Твар яе выглядаў сумна і заклапочана – адбітак галодных блакадных дзён. Яна была блакадніцай – прабыла ў блакадным Ленінградзе амаль да апошніх дзён. Напрыканцы яе вывезлі на Вялікую зямлю – у Лугу. Так і засталася ў гэтым горадзе, у Ленінград больш не вярнулася. Усе яе родныя загінулі ад голаду ў час блакады. Яна многае расказвала пра галоднае жыццё. Увесь час па жыцці яе праследаваў смак, пах і выгляд хлеба даваеннага часу.
Думкі пра хлеб не сыходзілі з галавы. Некаторыя людзі на гэтым трацілі розум. Вось па гэтай прычыне выжыўшыя блакаднікі да апошніх дзён у мірны час трымалі скарынку хлеба пад падушкай.
Што такое голад? Адказ просты: калі вельмі-вельмі хочацца есці. Калі няма чаго есці аднаму чалавеку – гэта непрыемна, калі многім людзям – бяда, народу – няшчасце. Мне падаецца, што хлеб – жывая істота. Ён таксама мае памяць і прытым доўгую памяць – у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова. І ў нейкі пэўны момант помсціць чалавеку за яго бяздумнасць, бяздушша, бяспамяцтва і неахайныя адносіны. Гэтым ён нагадвае пра сябе, дае падставу чалавеку задумацца і абдумацца ў сваім жыцці.
Страх голаду з’яўляецца галоўным выхавальнікам. Стра і толькі страх… Тут узнікае нейкі жыццёвы ланцужок ад нашых адносін да хлеба да яго спажывання, а ад спажывання – да адносін. Хлеб – наша мера працы і мера спажывання, галоўны паказчык дабрабыту нашага грамадства.
Гаворка пра хлеб важнейшая таму, што ён вызначае велічыню нашых клопатаў: своечасова апрацаваць поле, пасеяць зерне, унесці ўгнаенні, своечасова падкарміць, захаваць ад непагоды, зберагчы ад хвароб і шкоднікаў, своечасова сабраць ураджай, не згубіць зерне на палях і дарогах, паважаць і цаніць працу кожнага, хто шчыраваў над ім, не кідаць хлеб і не грэбаваць ім у сытасці.
Разважаючы на зададзеную тэму, вымушаны рабіць некаторыя адступленні, але яны ўсё роўна будуць звязаны з хлебам.
Хлебнае поле… Як яно выглядае ў розную пару года? Узаранае і падрыхтаванае для сяўбы поле, а затым унясенне зерня ў глебу нагадвае скарбніцу, якая праз год адкрые сваё багацце – залатыя зярняткі будучага ўраджаю. Пасля сяўбы зерневых культурых і іх усходаў поле пакрываецца аксамітнай зелянінай. Зімой поле ўкрывае белы дыван. У пачатку лета, калі расліны ідуць у колас, і да самага калашэння яны мяняюць свой колер ад аксамітнай зеляніны да светлай марской хвалі з сізаватым адценнем. Асабліва ў гэты час жытнёвае поле становіцца казачна прыгожым. Сцябліны жыта высокія і пры лёгкім подыху ветра калышуцца, утвараючы хвалю за хваляй, якая ідзе ад краю да краю і нагадвае жытнёвае мора. Пры выспяванні каласоў поле становіцца жаўтавата-залацістым – яно ўбірае ў сябе поўную палітру колераў і музыку фарбаў. Глядзіш і дзівішся, глядзіш і не наглядзішся. А калі яшчэ ўбачыў васількі ў жытнёвым полі, хочацца спяваць і радавацца гэтаму шчасліваму моманту. Чым больш глядзіш на спелы колас, тым больш зачароўваешся. Гэта такая хатка на тонкай ножцы, якую пабудавала адно зярнятка, стварыўшы мноства зярнятак і даўшы кожнаму свой утульны куток, сваю асабістую кватэру. Глянеш на поле, яно падымаецца і падабаецца велічным зерневым горадам, адчуваючы важнасць свайго зямнога прыцяжэння.
А як у час жніва спявалі жнейкі, услаўляючы жытнёвы колас і нялёгкую працу! Слухаючы іх, можна ўявіць, як звініць наліты спелы колас, як быццам і ён спявае сваім саламяным голасам, ствараючы вечную песню – незабыўную, ураджайную. Голас жнеек да коласа, а голас коласа да голасу жнеек утвараюць адзіную песню – гімн хлебнаму полю і новаму ўраджаю, атрыманаму дзякуючы ўпартай і шчырай працы хлебароба, зямлі з яе жыватворнымі сокамі і прыродным сілам: сонцу, дажджу, ветру. Сонца дае цяпло і святло, дождж наталяе вільгаццю, ветрык дапамагае калашэнню – усё гэта ў супольнасці налівае колас, надае сілу і моц.
Невыпадкова я назваў хлебнае поле скарбніцай. Уся расліна зерневых культур ідзе ў справу і выкарыстоўваецца чалавекам: ад карэнняў да зерня. Пры сяўбе карэнні зерневых паляпшаюць структуру глебы, а калі густа пасеяць – асабліва ячмень ці авёс, то яны выпарваюць пустазелле. Салома сцяблін таксама запатрабавана. Стагоддзямі стрэхі хат, гаспадарчых пабудоў рабіліся з жытняй кулявой саломы. Пры малацьбе снапоў жыта адбіралася салома ў кулі. Такім чынам назапашваўся саламяны матэрыял для стрэх. Знаёмы дзядок гаварыў, што, калі ў вёсцы будаваліся і стрэхі пакрываліся свежай кулявой жытняй саломай, а яна была жаўтавата-залацістага адцення, то стрэхі выглядалі быццам сланечнікі ў полі.
Салома была пасцеллю – у прамым і пераносным сэнсе: на ёй нарадзілася і вырасла чалавецтва. З саломы рабілі маты, завешвалі вокны, дзверы ў хатах у час лютых зімовых маразоў і мяцеліц. Салому здрабнялі, запарвалі, і яна ішла на корм жывёле. На поўдні здробненую салому дабаўлялі ў гліну: рабілі замес і “будавалі” саламяныя хаты. Выкарыстоўвалі салому і для ацяплення жылля: скручвалі ў скруткі па некалькі метраў, заносілі ў хату да печкі, а пасля паступова раскручвалі, кладучы ў печку. Мякіна, якая атрымлівалася з каласоў пры малацьбе, запарвалася і была добрым кормам для жывёлы. У галодныя гады яе дабаўлялі ў муку пры выпяканні хлеба. Хлеб з вялікай колькасцю мякіны іншы раз называлі ніякім, але ён выратоўваў жыцці людзей. Пры сарціроўцы збожжа атрымліваюць фуражнае зерне, з якога рыхтуюць іншыя віды кармоў.
Цяпер больш увагі хочацца звярнуць жытняму хлебу. Каштоўнасць яго па саставе ці ўтрыманні пажыўных рэчываў вельмі значная. Пры заквасцы, а затым пры выпяканні хлеба з жытняй мукі адбываецца ферментацыя, колькасць пажыўных рэчываў узрастае. Ужываючы толькі адзін жытні хлеб з вадой, чалавек спакойна можа працягваць сваю жыццядзейнасць.
Як казалі старэйшыя дзяды: “Тлушчу не нажывеш, але і не памрэш”. Яшчэ ў школьныя гады дзесьці ў творах пісьменнікаў чытаў, што вязняў у царскіх турмах за непадпарадкаванне каралі – садзілі ў карцар на хлеб і ваду. Вядома, голад адчуваўся, але жытнёвы чорны хлеб дапамагаў жыць. Яшчэ некалькі стагоддзяў таму манахі-пустэльнікі, што адыходзілі ў лясы, харчаваліся толькі хлебам, вадой і раслінамі. І выжывалі. Такім чынам, можна сцвярджаць, што зерне жыта і атрыманы з яго звычайны чорны хлеб утрымлівае практычна ўсе неабходныя рэчывы для жыцця. Інакш кажучы, іскры запальвання, што ёсць у ім, даюць тонус жыццю чалавека. Што цікава, па пажыўных рэчывах жытні хлеб можна параўнаць з фінікамі. На Блізкім Усходзе манахі, знаходзячыся ў пустыні, харчаваліся толькі фінікамі з вадой. І гэтага хапала для жыцця.
З цягам часу чалавек навучыўся далучаць да жытняй пшанічную муку. Хлеб атрымліваўся яшчэ больш якасным па ўтрыманні бялкоў, вугляводаў, прыродных цукраў і мноства вітамінаў. Многія з’яўляюцца прыхільнікамі толькі жытняга (аржанога) хлеба. Варта ўзгадаць такія гатункі хлеба, як дамашні аржаны хлеб, чорны хлеб “Віленскі”, а ў дзевяностых гадах у Мінску выпякаўся аржаны хлеб “Раўбіцкі” – ён быў вельмі якасны і смачны.
Працуючы над матэрыялам, звяртаю ўвагу на некаторыя словаўтварэнні і словазлучэнні і пачынаю асэнсоўваць іх значэнне і прызначэнне. Напрыклад: збожжа – збажына, жыта – жыццё, хлеб – глеба, скіба – луста. Я не мовавед і не буду нічога сцвярджаць, але тут адчуванне чагосьці цэлага, аднакарэннага і маючага адны вытокі, бо кожнае слова звязана з хлебам і жыццём чалавека. Сама назва зерня – жыта, гаворыць пра многае: што яна звязана з самім жыццём чалавека, яго існаваннем. Старажылы ўзгадвалі, што яшчэ да вайны існаваў цікавы сорт хлеба. Зерне было драбнейшае, больш цямнейшае і важкае ў аднолькавых аб’ёмах са звычайным жытам. Гэта сорт прызнаўся для сяўбы на бедных глебах, асабліва на пясчаных узгорках. Сцябліны яго былі ніжэйшыя, а колас напалову меншы, чым у звычайных сартоў жыта. Як бы там ні было, але ўраджай атрымлівалі, і зямля не пуставала.
Агратэхніка была такая: напачатку ўзворвалі поле і сеялі сіні горкі лубін, які заворвалі падчас цвіцення, а затым сеялі зерне такога жыта. Што цікава, калі была патрэбна рошчына і яе рыхтавалі з гэтага зерня, то яна атрымлівалася больш якасная, чым са звычайнага жыта. Гэта гаворыць пра тое, што энергетычная ўласцівасць і каштоўнасць такога зерня была значна вышэйшая. Вось вам і “іскра запальвання”.
Добра памятаю, як старыя людзі адрэзаную лусту хлеба называлі скібай, а скібу тлустай глебы пасля плуга свежаўзаранага поля параўновалі з лустай хлеба. Як тут усё ўзаемазвязана, узнікае асацыяцыя: зерне, кінутае хлебаробам у скібу глебы, якая яго прыкрывае і засцерагае ад маразоў і засухі, дае яму жыццё. З глебы вырастае сцябліна з коласам, паўнюткім зярнятак будучага хлеба. Хлеб, у сваю чаргу, харчуе жыццё чалавека. Вось гэты вечны кругаварот і ёсць само існаванне і жыццё.
У кожнага свой смак і пах хлеба. Ён нам даецца з дзяцінства і застаецца на ўсё жыццё. Кожны аддае перавагу свайму хлебу: хто любіць спечаны на подзе – подавы хлеб, а іншы – спечаны ў форме, фармавы хлеб. У кожнага свая перавага да гатунку хлеба. Мне асабіста запомніўся смак і пах хлеба і сам гатунак з жытняй мукі з дабаўленнем бульбы, які пякла маці ці бабуля на подзе ў печы. Помніцца дзедава хата і даволі вялікіх памераў печ. Бабуля гэту печ хваліла, бо ў ёй добра выпякаўся хлеб. Яго пяклі раз у тыдзень – звычайна ў суботу. У пятніцу з вечара замешвалі цеста: рашчынялі на цёплай вадзе ў спецыяльнай хлебнай дзяжы. У якасці кіслі выкарыстоўвалі рошчыну – рэшткі цеста ад папярэдняй выпечкі, радзей – хлебны квас. Каталізатарам магла служыць і сама дзяжа, якая значны час ужывалася пры выпяканні хлеба. Дарэчы, самай лепшай лічылася дзяжа, зробленая з дубовых клёпак. Дзяжу ставілі ў цёплае месца. Накрывалі палатнянай сурвэткай – надзежнікам і векам, а паверх – яшчэ цёплай посцілкай ці кажухом. З боку печы, там, дзе прыступкі на ляжанку, быў зроблены ўслон – вось тут, як на прастоле, заўсёды пачэсна стаяла дзяжа. Яе здымалі, калі трэба было рашчыніць новы хлеб ці перад яго выпяканнем. Паміж выпяканнем хлеба ў дзяжы захоўваліся невялічкія рэшткі кіслі для закваскі. На другі дзень зранку туды дабаўлялі муку і нанова замешвалі цеста, якое ставілі ў цёплае месца, каб яно ўкісла і падышло. Выпякалася шэсць-сем боханаў хлеба – з разліку адзін бохан на дзень. Форма хлеба звычайна была круглая, зрэдку ў некаторых гаспадынь ён мог быць авальным і нават прамавугольным. Памеры ў кожнай гаспадыні розныя – гэта залежала ад колькасці едакоў у сям’і. Бохан хлеба быў вагой, як гаварылі, на дзесяць-пятнаццаць фунтаў. Дарэчы, любую форму выпечанага на подзе хлеба называлі боханам, а ў бляшанай форме – буханкай.
Выпяканне хлеба – вельмі значная педзея для сям’і і асабліва для жанчыны-маці. Добра спечаны хлеб для гаспадыні – нешта большае, чым прыгатаваная ежа. Выпяканне хлеба для жанчыны быў нейкім магічным рытуалам, які суправаджаўся мноствам дзеянняў і забарон. Варта адзначыць, што спечаны хлеб з новага ўраджаю называлі заможным хлебам. Лічылася, што ён прыносіць у хату дастатак, спрыяе сям’і, якая да гэтага моманту старанна шчыравала ў полі з вясны да восені.
Акрамя адмысловай хлебнай дзяжы, зноў жа памеры якой у кожнай гаспадыні былі розныя, павінны былі быць пад рукой і іншыя атрыбуты для выпякання хлеба. Напрыклад, драўляная хлебная лапата, на якой фармаваўся з цеста будучы бохан хлеба і з дапамогай якой садзіўся ў печ. Звярніце ўвагу на словы: садзіўся ў печ. Сапраўды, хлеб саджалі ў печ з павагай і акуратна, як самага паважанага госця ці нявесту – у чырвоны кут хаты, прытрымліваючыся існуючых рытуалаў. Яшчэ былі патрэбны качарга і памяло. Пасля таго, як печ вытаплівалася, качаргой выгортвалі вуголле на прыпечак у загнетак. Памялом, якое рабілася са свежых галін хвоі і кожны раз новае, падмятаўся под печы – рабіць гэту справу гаспадыні трэба было акуратна. А які пах разліваўся па хаце ў гэты момант! Водар хвоі зліваўся з жарам печы, напамінаючы пах першабытнага вогнішча. Затым, каб праверыць, ці гатова печ да саджэння хлеба, гаспадыня брала маленькую жменю мукі і пасыпала на под печы: калі мука апальвалася да карычневага колеру, а не гарэла, то лічылася, што печ гатова.
У кожнай гаспадыні былі свае сакрэты, рытуалы і прыкметы пры падрыхтоўцы да замесу цеста і выпякання хлеба. Існавалі такія прыкметы: пакуль хлеб у печы, не садзяцца на печ, бо хлеб сапсуецца. Калі хлеб пячэцца – не падмятай хату: спарыню (Дух хлеба) вымяцеш. Выняты з печы хлеб не рэжуць, пакуль не астыне – інакш увесь хлеб сапсуецца.
Яшчэ адна важная справа для выпякання хлеба – дровы. Яны нарыхтоўваліся загадзя, ды не абы-якія. Асабліва цаніліся альховыя, бо іх кара не ўтрымлівала дзёгаць. Яшчэ іх называлі царскімі дровамі. Пашырана выкарыстоўвалі бярозу – стараліся, каб на ёй было менш кары, выбіралі асяродак. Існавала такая прымаўка: “Асінавыя дровы сіпяць, яловыя страляюць вугольчыкамі, хваёвыя дымяць і капцяць, бярозавыя і альховыя полымем шугаюць і жарам абдаюць”.
Выпаліўшы печ і падрыхтаваўшы яе для выпякання хлеба, гаспадыня здымала дзяжу з падышоўшым цестам і ставіла на ўслон прыпечка печы. Побач ставілася лаўка, на якую клалі драўляную хлебную лапату. На лапату пасыпалі тонкім слоем муку – дзеля таго, каб сфарміраваны бохан хлеба пры яго саджэнні акуратна “з’ехаў” з лапаты на под печы. Нярэдка на лапату пад цеста падкладвалася дубовае, кляновае, капуснае лісце ці лісце аеру і хрэну. Звычайна лісце нарыхтоўвалі старэйшыя дзеці. Лісце чаранкамі нанізвалі на ніткі і развешвалі на гарышчы для вялення.
Мая бабуля любіла і паважала выпякаць хлеб на аеры. Лісце аеру нарыхтоўвала яшчэ ўлетку і раскладвала яго пад павеццю і вяліла. Пры патрэбе брала неабходную колькасць лісця, наразала і выкарыстоўвала па прызначэнні. Падчас выпякання такога хлеба па хаце разліваўся аерны водар, які зліваўся з гарачым хлебным пахам печы. Гэта цяжка перадаць, гэта на ўсё жыццё… Яшчэ заўсёды ў ржаны хлеб бабуля дабаўляла кмен – пах і смак хлеба ад якога быў надзвычайны.
На святы, калі бабуля пякла пірагі, у цеста яна дабаўляла чарнушку, ці, як правільна называць, чорны кмен. Ізноў магу сказаць, што пах і смак пірагоў ад такой прыпрывы атрымліваўся асаблівы. Не толькі смачнай, але і прыгожай была адрэзаная луста – як быццам пасыпана макам. Наогул, гэта расліна вельмі карысная, але, на жаль, пра яе забыліся. Раней яна вырошчвалася на агародзе ў кожнай гаспадыні.
Што цікава? Падрыхтаваўшы ўсё для выпякання хлеба, бабуля брала з дзяжы кавалак цеста і ў руках выкачвала патрэбны круглы бохан, далей садзіла яго на лапату. Сфарміраваны бохан “агароджвала”: рабіла вялікім пальцам вакол бохана чатыры накрыж насечкі – такім чынам, крыж быў засцярогай ад нячыстай сілы і залогам, каб хлеб удаўся. Яшчэ напярэдадні яна брала памытую вялікую бульбіну, разразала яе напалову і нажом выразала форму ліста, а затым гэтай бульбінай аздабляла ўзорам бохан хлеба перад тым, як пасадзіць у печ. Калі ў дзяжы заставалася цеста, то фарміравала невялічкі бохан, садзіла ў печ і пасля выпякання чамусьці называла яго “Ясікам”. Ён прызначаўся для дзяцей і прыносіў ім вялікую радасць.
Пасля выпякання гатовыя боханы хлеба даставалі з печы і клалі ў радок на той жа самай лаўцы, дзе ляжала лапата, а дзяжа ізноў займала сваё пачэснае месца “на прастоле”. Дарэчы, гарачы хлеб не дазвалялася рэзаць, а тым больш – гарачым есці. Калі хлеб астываў, боханы клалі ў вызначанае месца. Для гэтага ў хаце на сцяне ў вярху столі пад бэлькамі была зроблена спецыяльная паліца. Паліцу засцілалі льняным палатном у выглядзе доўгага ручніка і клалі на яго свежаспечаныя боханы, а затым пакрывалі хлеб такім жа палатном – ручніком. Пры такім захоўванні хлеб ніколі не чарсцвеў, а толькі мог усыхацца. Усохлы хлеб складвалі ў торбачку і захоўвалі да некаторага часу. Яго называлі пастушковым, касцовым, жнейкавым. Пры патрэбе бралі і залівалі ў збане халоднай вадой. Хлеб размакаў, і ў выніку атрымліваўся падкіслены напой, падобны на хлебны квас. Яго называлі сырым квасам. Ён добра наталяў смагу ў час працы ў полі ці на лузе і надаваў людзям сілу.
Хлеб патрэбен быў і за сталом. Калі сям’я садзілася за стол, гаспадар уставаў, здымаў з паліцы бохан і разразаў папалам па зробленых насечках.
Адразу палову хлеба гаспадар вяртаў на паліцу, а другую палову клаў з краю стала на настольнік і накрываў ім бохан (настольнік – гэта абрус без карунак). Ад гэтай паловы бохана ён краіў кожнаму едаку лусту хлеба, калі той з’ядаў – адразаў новую. Хлеб наразаўся толькі па патрэбе. Дарэчы, існавалі прыкметы і звычаі: сонца зайшло – не пачынай новага бохана хлеба, а то ён не будзе спорным, ды і наогул гаспадарка разладзіцца. Ну а калі была такая вострая неабходнасць, то першы адрэзаны акрайчык не елі, а пасля вячэры зноў прыстаўлялі да пачатага бохана хлеба. Калі акраец падавалі даросламу, гаварылі: “На табе акрайчык, каб быў сын Мікалайчык”. Вельмі тоўстую лусту на ўсю буханку называлі па рознаму: абёртка, аколіца, луста, скіба. Часцей за ўсё ўжывалі слова “луста”. Калі па нейкіх прычынах на снеданне не ставалася хлеба, раніцай пяклі пры агні ў печы скавароднік (з хлебнага цеста, якое яшчэ не падышло) або праснак (з прэснага цеста, часам замешанага на сыроватцы). Іншы раз, не магу сказаць дакладна, выпякалася на скаварадзе бондачка: для яе прыгатавання браўся лепшы гатунак мукі, прасяваўся праз сіта, туды дабаўляліся смятана, цукар і рабіўся замес.
Акрамя таго, існаваў такі парадак: бохан хлеба, які ляжаў на стале, ніхто з дзяцей не меў права кранаць і, тым больш, ад яго адразаць лусту. Калі каму з дзяцей быў патрэбен хлеб, ён звяртаўся да старэйшых і толькі з іх дазволу ім адразалася луста хлеба. Дарэчы, хлеб з’ядаўся толькі седзячы і без усякіх там гульняў. Чаму быў заведзены парадак? Па-першае, гэта павага да хлеба; па-другое, устаноўлены і вызначаны жыццём вопыт. Калі хлеб упаў са стала ці з рук, яго падымалі, прасілі прабачэння (хлеб лічылі жывой істотай), цалавалі і клалі на прыпечак печы, а затым аддавалі хатняй жывёле ці птушкам.
З хлебнай рошчыны рабілі спецыяльны напітак, які называлі саладухай. Сапраўды, ён быў вельмі карысны і асабліва для страўніка: у ім утрымлівалася мноства спажыўных рэчываў і вітамінаў. Ён наталяў смагу і надаваў сілы. Чым больш саладуха стаяла ў дзяжы, тым больш яна станавілася кіслай і ператваралася амаль што ў воцат. Гаспдыні выкарыстоўвалі гэты кіслы напітак для сваіх мэт пры прыгатаванні ежы замест сённяшняга штучна-хімічнага воцату. Мы, дзеці, употайкі ад бацькоў бралі гэты кіслы напітак, дабаўлялі туды цукар і невялічкую колькасць пітной соды і атрымлівалі шыпучку.
Нахлынуў яшчэ адзін успамін – усё пра смак хлеба. Хіба ж можна забыцца, калі маці адразала лусту аржанога хлеба на перакус і паверх намазвала маслам і пасыпала трошкі соллю. Гэта незабыўнае.
Дачакаўшыся выспявання суніц, збярэш іх, разложыш на лусту хлеба, трошкі зверху лыжкай падушыш і пасыплеш цукрам – такая смаката атрымліваецца, што словамі нельга перадаць. Гэты кіславата-салодкі смак з пахам суніц на ўсё жыццё.
Пра хлеб і толькі пра хлеб… Каб быць больш дакладным, пры апісанні хлеба і якім ён быў у гісторыі нашага народа прывяду вытрымку з энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі”, Мінск, 1989 г., стар. 513, аўтар В. С. Цітоў: “Спажыўныя якасці хлеба – смак, арамат, каларыйнасць, мяккасць, наздраватасць і іншае – залежылі ад віду і гатунку мукі, наяўнасці састаўных кампанентаў (дамешкаў), рэцэптуры і тэхналогіі прыгатавання. У беларусаў здаўна асноўным у харчаванні быў жытні (чорны) хлеб. На святы выпякалі пшанічныя пірагі з начынкай і без яе: у якасці начынкі ўжываліся вантробы, тварог, яйкі ў скаромныя тыдні, каша, мак, грыбы, рыба – у посныя дні. Нярэдка жытнюю муку змешвалі з аўсянай, ячменнай, пшанічнай, грэчневай, гарохавай у пэўных прапорцыях: звычайна бралі адну палову жытняй, другую – якой-небудзь іншай мукі. У якасці дамешкаў да жытняй мукі ўжывалі і бульбу (хлеб бульбяны). Жытні хлеб розніўся таксама гатункам мукі, яе памолам, наяўнасцю мякінных рэшткаў. Звычайным на стале беларускага селяніна быў хлеб з ачышчанага і перавеянага збожжа (хлеб шатраваны). Муку, атрыманую з ачышчанага збожжа, нярэдка прапускалі праз рэшата або сіта (хлеб пытляваны, сітны). Сітны хлеб (чысцяк, пірог) выпякалі на свята, яго падносілі і як дар дарагім гасцям. У буднія дні многія сяляне, апрача патраванага, ужывалі ў ежу хлеб, як яго называлі, пушны з мякінымі рэшткамі. У крайняй нястачы “святая мякіна” складала да паловы саставу хлеба. Пра такі хлеб казалі: “Па ім калі чорт прабяжыць, дык нагу заскабіць”. Асабліва цяжка прыходзілася ў пачатку вясны ў галодныя гады, якімі ў Беларусі былі 1812, 1831, 1863, пачатак 1920-х і 1930-х гадоў. Тады ў хлеб дабаўлялі лебяду, высушанае і патоўчанае лісце маладой папараці, балотнага бабоўніку, верасу, капытніку, вадзяных гарлачыкаў, кветкі канюшыны, дзятліны, а таксама тоўчаныя жалуды, бярозавую кару і іншае.
Такім чынам, калі мы гаворым пра якасць хлеба, то ў першую чаргу ён залежыць ад віду і гатунку мукі, а яна, у сваю чаргу, ад якасці памолу зерня. Прайшоў вялікі прамежак часу, у якім чалавек ствараў прылады для памолу зерня: ад першай каменнай зерняцёркі да драўляных і каменных жорнаў, сучасных млыноў. Тут павагу трэба аддаць жорнам, бо яны стагоддзямі служылі чалавеку. Я добра помню той час, калі ў кожнай сялянскай сям’і ў сенцах стаялі жорны. Пры стараннай і нялёгкай працы за дзень на каменных жорнах можна было змалоць два-тры пуды зерня. Вядома, што пры памоле зерня ў млыне від і гатунак мукі быў лепшы, але і плата мліва складала дзясятую частку ад прывезенага ў млын зерня, што для беднякоў было не пад сілу. Для жорнаў у сенцах хаты быў адведзены чысты вугал. Тут, акрамя жорнаў, амаль нічога не ставілі – на сцяне маглі вісець рэшаты і севяняк (сяўня – ёмістасць для ручной сяўбы). Побач магла стаяць ступа – прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Атрыманыя з ячмяню крупы (груца) у хатніх умовах мелі свой непаўторны смак і пах – іх нельга параўнаць з сённяшнім панцаком.
Навукоўцы сцвярджаюць, што агонь і асваенне агню першабытным чалавекам дапамагло стаць яму чалавекам сучасным. Згодзен! Але я магу сцвярджаць наступнае: хлеб дапамог першабытнаму чалавеку стаць чалавекам сучасным. Ад першага назірання ў прыродзе за дзікім зернем да яго збірання, ад першага кінутага ў глебу зярняці і атрымання першага ўраджаю, ад першага адбору зерня да селекцыі, ад палкі-капалкі да бараны-сукаваткі, ад сахі да жалезнага плуга і бараны, ад саматужнай працы да прыручэння дзікіх жывёл для апрацоўкі зямлі, ад паравой машыны да сучаснай тэхнікі і новых агратэхнічных прыёмаў апрацоўкі зямлі, да стварэння цэлай навуковай базы – селекцыі, аграноміі і г. д. Усё гэта патрабавала ад чалавека фізічных і разумовых дзеянняў, давала падставу для развіцця.
Такім чынам, каштоўнасць хлеба ў нашым жыцці складваецца і вымяраецца гісторыяй чалавецтва. Якасць хлеба – гэта якасць нашага жыцця. Нашы адносіны да хлеба вывяраюцца асабістай культурай, выхаваннем і нават патрыятызмам. Хлеб заўсёды служыў сімвалам жыцця і дабрабыту. Калі звярнуць увагу на тое, якія патрабаванні прад’яўляем мы да хлеба, а іх многа: форма, смак, колер, пах, асартымент – вось тут неабходна абдумана і сур’ёзна ўзважыць сваю патрэбнасць у прадукце нумар адзін на нашым стале. А якое патрабаванне можа быць у хлеба да нас? Яно адно: быць ашчаднымі і выхаванымі!
Быць з хлебам – гэта заўсёды адчуваць у сябе цяпло жыцця. Хлеб перадае нам увесь свой зямны зарад – энергію Сонца, Цяпло, Паветра. Чым больш мы будзем ведаць пра хлеб, тым каштоўней ён будзе для нас. І ўспамінаць пра гэта неабходна не толькі ў цяжкі час.
Фёдар КАВАЛЕНКА,
жыхар аграгарадка Ракаў