Навучэнка Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў Валерыя РУДОВІЧ стала фіналісткай рэспубліканскага конкурсу дзіцячага малюнка “Нам мір запаведана берагчы” і адзначана спецыяльным прызам. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў напрыканцы мінулага тыдня.
Конкурс прайшоў трэці раз, яго арганізатарам выступіла Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў. Творчае спаборніцтва прысвяцілі 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У работах дзеці адлюстравалі сваё бачанне вайны. Многія ўдзельнікі прысвяцілі карціны сваякам, якія прайшлі франтавымі дарогамі. У конкурсе прынялі ўдзел больш за 2 тысячы юных мастакоў з усіх куткоў краіны. А ў фінал прайшлі ўсяго 63 канкурсанты ў трох узроставых катэгорыях – ад 7 да 15 гадоў.
Лаўрэатаў і дыпламантаў конкурсу выбірала кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі член Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кіраўнік студыі ваенных мастакоў Цэнтральнага дома афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Мікалай Апіёк, а таксама прадстаўнікі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын, Мінскага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Беларускага Фонду міру. Вартых работ аказалася шмат, і суддзі прынялі рашэнне вызначыць лепшых у кожнай узроставай катэгорыі, а таксама ўзнагародзіць удзельнікаў спецыяльнымі прызамі.
Валерыя Рудовіч прадставіла малюнак “Толькі наперад” у намінацыі “Яны змагаліся за Радзіму” ва ўзроставай катэгорыі 7-9 гадоў і атрымала перамогу на раённым, а пасля і на абласным узроўнях. Гэта не першы яе поспех: зусім нядаўна дзяўчынка ўвайшла ў лік пераможцаў рэспубліканскага этапу конкурсу дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету” з работай “Пакроў”. Рыхтавала яе Вольга Мікалаеўна Прыёмка.
– Юная мастачка другі год вучыцца ў ДШМ па класе выяўленчага мастацтва, – расказала педагог. – Упершыню яна малявала акрылавымі фарбамі, якія ёй падарылі на Новы год. Працавала доўга, скрупулёзна і вельмі адказна. Прыступаючы да конкурсу, напачатку мы з дзецьмі ў экцыклапедыях вывучалі ваенную тэматыку, а пасля выбіралі, каму што бліжэй. В. Рудовіч пажадала намаляваць танк і салдатаў са зброяй у руках. Давялося паглыбляцца ў тэму, многа параўноўваць, дакладна разбірацца, у якой форме тады былі салдаты, з якімі аўтаматамі ішлі ў бой, якая пушка ў танка і гэтак далей.
Валерыя – здольная і таленавітая вучаніца, але талент трэба развіваць. І гэта вялікая праца. Захапленне дачкі падтрымлівае матуля – тройчы на тыдзень пасля ўрокаў у гімназіі прывозіць яе на заняткі ў школу мастацтваў. Шмат увагі развіццю юнага даравання надае і педагог В. М. Прыёмка: яна любіць дзяцей і справу, якой займаецца. І, як бачна, сумесная праца прыносіць варты плён.
Алена ЗАЛЕСКАЯ