Старшыня савета Валожынскай раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна ЦІГАНІНА вызначана лепшай сярод работнікаў арганізацыі, якая праявіла сябе ў грамадскай дзейнасці, сярод прадстаўнікоў тэрытарыяльнага грамадскага кіравання.
– Галоўная мэта нашай арганізацыі – тварыць дабро і рабіць усё, каб быў не забыты ніводзін чалавек, які стваральнай працай мацаваў дабрабыт нашай любай Валожыншчыны, – адзначыла Таццяна Фёдараўна.
Усе ўзгадваем дзядуляў, бабуль, шчаслівае дзяцінства і любімую вёску. Менавіта там цяпер засталіся людзі, часам адзінокія, якія так маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Робім мы ўсё дарма: ад душы, ад сэрца, на ўласным энтузіязме, ініцыятыве, вынаходлівасці. Часам не шкадуем сваіх сродкаў, а ўзамен атрымліваем сардэчную цеплыню і шчырую падзяку бездапаможных вачэй састарэлых, інвалідаў, афганцаў.
Надараецца і такое, калі няма каму сказаць словы ўдзячнасці – гэта магілы расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны. І многія члены нашай арганізацыі ўзялі на сябе такую місію – даглядаць за месцамі апошняга спачыну мужных змагароў за мір. Галоўнае – прывучаць сваіх дзяцей, унукаў у дні памяці абавязкова прыносіць сюды кветкі, расказваць ім пра страшныя падзеі той вайны.
Кажуць, хто не памятае мінулага, у таго няма будучыні. Таму клопат пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцлагераў, дзяцей і інвалідаў вайны – наш асноўны абавязак. Ім ужо нічога не патрэбна – ні золата, ні брыльянтаў, а даражэй за ўсё – добрае слова. Мы чуем гэта падчас зносін з імі.
Вялікай павагай і пашанай карыстаюцца ветэраны працы, узнагароджаныя за працоўныя перамогі дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі. І вельмі радуе, што некаторыя з іх, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яшчэ дапамагаюць роднай гаспадарцы.
Ключавой задачай ветэранскай арганізацыі з’яўляецца патрыятычнае выхаванне чалавека з цвёрдай сацыяльнай пазіцыяй, сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Патрыятызм як грамадскі набытак асобы характарызуецца гонарам і адданасцю сваёй Радзіме, павагай да гісторыі. Ветэраны заўсёды з’яўляюцца ў гэтым прыкладам – шчыра любяць нашу краіну, ганарацца яе дасягненнямі і жадаюць жыць у міры і згодзе. Нам хочацца ўсяляць упэўненасць моладзі, што ў іх ёсць свой дом, свая краіна, і ў любой сітуацыі трэба стаяць за яе гарой, таму што гэта зямля продкаў – цудоўная, чыстая, незалежная.
Дзеці з’яўляюцца нашым сэрцам, шчасцем і радасцю. Ветэраны заўсёды стараюцца прымаць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, вучыць іх дабрыні, разуменню, пачуццю спагады і міласэрнасці.
У нашай рабоце таксама вельмі важна ўзаемасупрацоўніцтва з сельвыканкамамі, ваенкаматам, БРСМ, саюзам афіцэраў, прафсаюзамі, Чырвоным Крыжам, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, школамі, касцёламі і цэрквамі. Мы разам павінны несці дабро.