Адрас гераіні замалёўкі нам падказалі ў Івянецкім сельвыканкаме: вёска Суднікі, вуліца Маладзёжная, дом 23. Тут пражывае Ала Іванаўна Сівакова.
У дзень нашай рэдакцыйнай камандзіроўкі з самага ранку разгулялася мяцеліца – ды так раз’юшылася, што за некалькі гадзін наваліла гурбы снегу. Але дарожка ля дома, куды прыехалі, была расчышчана – і, напэўна, не раз. На ганку нас сустрэла ветлівая, рухавая і маладжавая гаспадыня. Крыху здзівіўшыся, бо ехалі да ветэрана працы, зайшлі ў хату. Кінуліся ў вочы проста стэрыльная чысціня і ідэальны парадак – нібыта ніхто не жыве. Усё абсталявана з густам, на сучасны манер, прытым без празмернасцей, дзякуючы чаму ў доме вельмі прасторна, светла і ўтульна – ажно здаецца, што дыхаць тут неяк лёгка-лёгка. Як і размаўляць, дарэчы, з самой гаспадыняй.
За гадзіну размовы ўсё жыццё пранеслася перад вачамі: няпростае, з выпрабаваннямі і цяжкімі стратамі. Але яно не зламала, не пакалечыла, а навучыла ніколі не апускаць рукі, шмат працаваць, увесь час імкнуцца наперад і не спыняцца ні на хвіліну – ва ўсім бачыць толькі пазітыўнае і стваральнае.
– Нарадзілася непадалёк – у вёсцы Баброўнікі ў сям’і сялян: бацька працаваў конюхам, малако вазіў, маці была паляводам, пасля даяркай. Нас у сям’і трое было, – так пачала сваю біяграфію Ала Іванаўна. – Да 1968 года ў нас не было электрычнасці – урокі рабіла пры лямпе. Але восем класаў Суднікаўскай школы скончыла з адзнакай і без экзаменаў паступіла ў Маладзечанскае медвучылішча. Пасля вучобы накіравалі на работу ў 1-ю гарадскую Маладзечанскую бальніцу ў аддзяленне траўматалогіі. На той час медыцынскіх сясцёр не хапала – гэта была катастрофа. Мне дзявятнаццаць гадоў, санітарцы васямнаццаць, калідор 70 метраў буквай “Г” і 70-80 чалавек хворых. Санітарка маладая, ёй пагуляць хацелася: у дванаццаць ночы пойдзе, а я застаюся адна. Гэта цяпер рэанімацыі ёсць, а раней і ляжачыя, і кропельніцы – усё на нас было. Зарплата маленькая – 60 рублёў, дык суткамі рабіла – паўсутак спала. Бо ў бацькоў дзіця было малое – чатыры гады, памагаць не было каму. Кватэру знімала, так і жыла.
Пасля перавялі ў аперацыйную: гінекалагічныя, хірургічныя, траўмалагічныя аперацыі. Цяжка было. Адно выратоўвала: людзі надта добрыя былі, асабліва санітарачкі: і накормяць, і чаем напояць, ссабойкі прынясуць вясковыя, падзеляцца апошнім.
Паступова жыццё стала наладжвацца: выйшла замуж, нарадзілася дачка, атрымалі кватэру. Муж скончыў БАТУ, і Пётр Іванавіч Пятровіч, які тады ўзначальваў саўгас імя Маякоўскага, перацягнуў яго ў Суднікі, даў жыллё. Так у 1985 сям’я Сіваковых пераехала сюды.
– Работы па спецыяльнасці не было: далі паўстаўкі на ФАПе і ездзіла ў Ракаў, – працягвае мая суразмоўца. – Транспарт хадзіў двойчы на дзень: у шэсць раніцы туды і назад у дзевяць вечара. Суткамі рабіла. А дома – дзеці, гаспадарка вялікая, вымушана была перайсці ў калгасную сталовую. Працавала і поварам, і кухоннай рабочай, і загадчыцай. Буфет быў, гандлявалі і 250 чалавек кожны дзень кармілі. Пасля памочніца звольнілася, і я засталася ўвогуле адна. І прыбірала, і гатавала: выбегу на вуліцу і чакаю, каб хто 40-літровы бідон дапамог падняць. Праверак было безліч: неяк пісала, у адным месяцы 25 разоў прыязджалі. Памятаю, адзін раз увечары прыехала жанчына з Мінска, такая ва ўзросце. У мяне халат доўгі, полы падвязала, падлогу мыю, а пот ручаём па твары цячэ. Яна прыйшла і кажа: “А чаго вы прыбіраеце?” Кажу: “Няма каму”. “Дык вы повар?” – “Так”. Яна нават на кухню не пайшла нічога правяраць – так і паехала.
Каб наўкола была прыгажосць, трэба працаваць, працаваць і працаваць.
Я звыклая да работы: калісьці ў аперацыйнай побач з доктарам па 10-12 гадзін стаяла.
Таму сядзець склаўшы рукі – для мяне цэлая пакута.
І зараз зімой сабе справу заўсёды знайду: няма калі сумаваць – занятая з ранку да вечара. Пакуль сілы ёсць, усё раблю сама. Увесь час у руху – а ў гэтым і ёсць сэнс жыцця.
У 1993 годзе цяжка захварэў муж. Аперацыя прайшла няўдачна, далейшае лячэнне таксама не прынесла выздараўлення – праз год яго не стала. Ала Іванаўна засталася адна ў 42 гады: дачка вучылася на 2-м курсе ў Барысаўскім педвучылішчы, сын заканчваў восьмы клас. Колькі давялося ёй папрацаваць, каб паставіць іх на ногі, ведаюць толькі недаспаныя ночы і мазолістыя рукі. Больш таго, з цягам часу ў доме пачалася вялікая будоўля і перапланіроўка, з’явіліся ўсе выгоды: водазабеспячэнне, электрычнае ацяпленне. Ды і сам дом – што знадворку, што ўнутры – не саступае гарадскім катэджам.
…Ала Іванаўна ўжо пятнаццаць гадоў на заслужаным адпачынку, а да гэтага часу працуе: была і выхавальніцай, і нянечкай, і качагарам у дзіцячым садку, цяпер засталася тут вартаўніком. Любяць прыязджаць у бацькоўскі дом шасцёра ўнукаў і маленькі праўнучак. Міжволі падумалася: жыве мая гераіня на вуліцы Маладзёжнай, вось і стараецца крочыць у нагу з часам, і разам з тым не старэць ні душой, ні целам. І гэта ёй удаецца на ўсе сто!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА