Летась у калектыў Валожынскай раённай ветэрынарнай станцыі прыйшлі на працу маладыя ветурач-бактэрыёлаг Валерыя Аліфяровіч і лабарант-бактэрыёлаг Маргарыта Пашкевіч.
З дзяўчатамі мы пазнаёміліся падчас экскурсійнай паездкі маладых спецыялістаў на прадпрыемствы раёна, што была наладжана вясной упраўленнем райсельгасхарчу і арганізацыйна-кадравым аддзелам райвыканкама. На рабочай вопратцы яскрава чыталася, якую арганізацыю прадстаўляюць яны. Тады і напрасілася на інтэрв’ю.
Валерыя Аляксандраўна і Маргарыта Антонаўна працуюць у бактэрыялагічным кабінеце дыягнастачнай лабараторыі. Ветурач займаецца вывучэннем узбуджальнікаў бактэрыяльных інфекцый, а лабарант прымае матэрыял на даследаванне і робіць аналізы.
– Нарадзілася ў горадзе Асіповічы Магілёўскай вобласці, – расказвае В. Аліфяровіч. – Выбірала прафесію зусім выпадкова: напачатку паступала ў Віцебскі медуніверсітэт на фармацэўта – хацела пайсці па бабуліных сцежках. Але па балах на бюджэт не праходзіла – перайшла дарогу на іншы бок і падала дакументы ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію на факультэт ветэрынарнай медыцыны. Ведала, што напрамую з жывёлай працаваць не буду: лячыць – гэта не маё. А вось даследаваць хваробу, з-за чаго яна ўзнікла – вельмі цікава. Працэс складаны і не хуткі.
Непасрэдна прадмет “Мікрабіялогія” мы праходзілі адзін год на другім курсе. У ветакадэміі ўсё сфакусіравана на лячэнні жывёлы. Таму ветурачоў многа, а ветурач-бактэрыёлаг – адзін на раён. Спецыфіка яго работы ніякім чынам не падобная на работу ветэрынарнага ўрача ў гаспадарцы. Ты маеш зносіны з нечым невядомым і даследуеш яго. Таксама вывучаем, наколькі эфектыўна ўздзеянне медыцынскіх прэпаратаў на тое ці іншае захворванне.
Можна сказаць, што, прыйшоўшы на работу, давялося вучыцца нанова – даведвацца інфармацыю з інтэрнэту, чытаць кнігі. На сёння я ўжо прайшла павышэнне кваліфікацыі і паступіла ў другі раз у сваю альма-матар, толькі на ветсанэксперта. За год работы зразумела, што мне бліжэй правяраць якасць выпускаемай прадукцыі.
У нас вельмі харошы загадчык лабараторыі Раіса Васільеўна Федаровіч – да яе заўсёды можна звярнуцца і за дапамогай, і за парадай. Ды і ўвогуле калектыў райветстанцыі прыняў цёпла. Кіраўніцтва паклапацілася пра жыллё – арганізацыя здымае кватэру і аплачвае за яе. Для маладога работніка гэта важны і вялікі бонус.
Маргарыта Пашкевіч родам са Смаргоні. Прафесію лабаранта атрымала ў Ільянскім аграрным каледжы.
– Паступала сюды, можна сказаць, за кампанію разам са сваімі знаёмымі, – гаворыць Маргарыта Антонаўна. – Хаця з дзяцінства жадала быць ветэрынарам, пасля з гадамі меркаванне змянілася – хацелася займацца з дробнай хатняй жывёлай. Але ўсё навучанне ў каледжы накіравана на буйную жывёлу, якая ўтрымліваецца ў сельгасарганізацыях. Прыйшоўшы ў Валожынскую райветстанцыю, адкрыла для сябе вельмі многа ўсяго новага: напачатку працавала ў аддзеле сералогіі, дзе праводзяцца даследаванні крыві. А з прыходам Валерыі Аляксандраўны перайшла ў бактэрыялагічны кабінет: мы аднаго ўзросту і працуем у адным кірунку. Работа лабаранта-бактэрыёлага мне падабаецца. Увогуле ў нашай дыягнастычнай лабараторыі мы ўсе ўзаемазамяняльныя: можам і кроў даследаваць, і на корманарыхтоўку з’ездзіць, каб вызначыць якасць кармоў.
Пакуль вялікіх планаў на будучыню не будую – унікаю ў прафесію і вучуся кожны дзень.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА