Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
04.03.2013. Да мяне на працу заходзіў Вячаслаў Рагойша. У наступным годзе нашаму Ракаву спаўняецца 550 гадоў. Вячаслаў Пятровіч думае, як адзначыць гэты юбілей, і хоча падключыць да правядзення мерапрыемства мяне і Людмілу. Мы не супраць, а тым больш, што цяпер крыжамі маіх бацькоў мы прыбіты да Ракаўскай зямлі…
Вада ў Свіслачы амаль цалкам вызвалілася з-пад лёду і цяпер, як ртуць у градусніку, паказвае на вясну…
06.03.2013. На працы, перабіраючы старыя паперы ў шуфлядах, знайшоў паперчыну з фрагментам свайго верша, якога цалкам, здаецца, у мяне няма. Занатаваў у сваім дзённіку з-за трэцяга і чацвёртага радкоў:
…Гучыць і над зямлёй плыве
Праз нашы душы, як вякі,
Дзе чорныя чарнавікі,
З якіх, нібы з раллі, ўстае святло
Самотнае, як тое, што было,
І вечнае, як закапаны клад…
Гляджу, як будуецца высотны дом. На будаўніках чырвоныя каскі, як божыя кароўкі, што грэюцца пад вясновым сонцам…
08.03.2013. Яна ішла па снезе, як па белых ружах…
10.03.2013. Нядзельная раніца. Па нашым двары ходзяць вароны і галубы, нібыта ўсе людзі ператварыліся ў гэтых птушак…
11.03.2013. Леанід Маракоў прынёс да працягу сваёй кнігі “Галоўная вуліца Мінска. 1890-1940 гг.” карту Мінска 1910 года, якую сам зрабіў. У размове пахваліўся, што пачаў працу над кнігай пра плошчу Свабоды “Галоўная плошча Мінска. 1500-2000 гг.”. “Будзе бомба!” – усміхаючыся, на развітанне сказаў Леанід…
16.03.2013. Вясна. Жабы яшчэ не прачнуліся, а графаманы адзін за адным ужо ходзяць па рэдакцыях…
Праз гурбы прабіраюся да крамы. У галаве гучыць радок: “Як пасля снежнага выбуху!”
17.03.2013. Машыны ў снезе, як рознакаляровыя цукаты ў белым зефіры…
24.03.2013. Ліда Шніп, будучы на выхадныя ў Пугачах і сфатаграфаваўшы заснежаную, але расчышчаную вуліцу, дзе стаіць мая родная хата, даслала здымак. Гляджу на хату, і мне здаецца, што там і цяпер жывуць мае мама і тата і чакаюць вясну…
25.03.2013. Прыходзіў Анатоль Клышка, падарыў мне сваю кніжку “Тысяча арэшкаў” (Загадкі для дзяцей і дарослых), а таксама маю кніжку “Пошук радасці” (1987), якую ён купіў перад тым, як я яму падарыў з аўтографам. А цяпер амаль усе маладыя кніжак сваіх не дораць старэйшым, а старэйшыя, амаль усе, маладых не купляюць…
26.03.2013. Жыццё цудоўнае, як запаленыя свечкі на святочным торце…
28.03.2013. Тэлефанаваў Адам Мальдзіс. Павіншаваўшы з добрым і арыгінальным “Пугачоўскім цырульнікам”, сказаў: “Вы мяне згадваеце, пішучы пра вечарыну Шамякіна: “Найбольш з усяго запомнілася тое, што Адам Іосіфавіч выглядаў, як ксёндз”. А я і павінен быў стаць ксяндзом, бо хацеў бацька, аднак, убачыўшы, што я ўсё нешта пішу і друкуюся, змірыўся з маім жаданнем быць пісьменнікам…”
29.03.2013. За апошнія тры месяцы, дзякуючы інтэрнэту, наладзіў сувязь з некаторымі сваякамі, якіх не бачыў па гадоў 20 ці наогул не ведаў пра іх існаванне. На мінулым тыдні пазнаёміўся з траюраднай сястрой Наталляй Каральковай. Мая бабуля Параска і яе бабуля Дуня – родныя сёстры. Сёння Наталля даслала мне здымкі нашых прадзеда Андрэя і прабабулі Магдалены. Іх прозвішча – Сарока. Сярод атрыманых мной здымкаў ёсць і здымак вучняў Беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны ў Радашковічах, дзе вучыўся муж Еўдакіі Бародзіч Уладзімір Ігнатавіч (1907-1997), які ў той час быў добра знаёмы з Максімам Танкам…
Ад траюраднай сястры Наталлі Каральковай даведаўся, што наша прабабуля Магдалена нарадзiлася ў 1877 годзе і пражыла 74 гады. Пахавана ў Дубровах побач з мужам Андрэем…
30.03.2013. Інтэрнат Літаратурнага інстытута. 1986 год. Мой сябра паэт з Чалябінска Генадзь Суздалеў запрасіў да сябе ў пакой, каб разам чакаць прыезду ў госці ягонага сябра – артыста Валерыя Залатухіна. Тады мабільных не было, і мы з Генадзем сядзелі ўсю ноч у чаканні. Не дачакаліся. Сёння прыйшла вестка, што народны артыст Расіі Валерый Залатухін памёр…
31.03.2013. Каля суседняга пад’езда ходзіць кот, як з “Майстра і Маргарыты”…
04.04.2013. Самае папулярнае друкаванае выданне – гэта грошы. Сказаў не я, але…
07.04.2013. У “Беларускім Гістарычным Зборніку” № 18 надрукаваны артыкул “Беларускія гімназіі ў жыцці Заходняй Беларусі (1920-1930-я гг.)”, у якім напісана: “Унiкальнай з’явай культурнага жыцця заходнебеларускага краю з’яўлялiся беларускiя гiмназii. Хоць iх было няшмат – у пачатку 1920-х гадоў працавалi 6 такiх сярэднiх школ (у Вiльнi, Гродне, Нясвiжы, Навагрудку, Радашковiчах, мястэчку Гарадок Вiлейскага павета), аднак яны захоўвалi i развiвалi традыцыi беларускай нацыянальнай школы. (…) Пазiцыi беларускiх гiмназiй увесь час слабелi. Не вытрымаўшы ўцiску i фiнансавых цяжкасцей, спынiла сваё iснаванне беларуская гiмназiя ў Гродне. З-за тых жа праблем, а таксама аддаленасцi ад густанаселенай мясцовасцi кiраўнiцтва гiмназii ў Гарадку з 1922 г. спрабавала перанесцi яе ў Валожын, але праз 2 гады польскiя ўлады наогул закрылi школу. Такi лёс напаткаў i гiмназiю ў Нясвiжы”. Гарадок знаходзіцца ў кіламетрах шасці ад Пугачоў, і некалькі маіх аднавяскоўцаў вучыліся ў Гарадоцкай беларускай гімназіі. Пра гэта я даведаўся недзе дваццаць пяць гадоў таму, калі яшчэ жылі тыя старыя, у якіх можна было шмат пра што распытацца, але, але…
13.04.2013. На вуліцы ціха. Туман. Адчуванне, быццам сяджу ў роднай вясковай хаце і чакаю з працы бацькоў…
16.04.2013. Пасля смерці бацькоў адчуў, што дзяцінства, якое ўспаміналася як блізкае мінулае, стала такім далёкім, нібыта яно наогул мне прыснілася…
17.04.2013. На месцы філфакаўскага інтэрната БДУ выкапаны катлаван глыбінёй метраў пяць. Будаўнікі ў ім ужо больш за паўгода змагаюцца з вадой, якая перашкаджае працаваць. Палова катлавана, якая бліжэй да Свіслачы, чорнага колеру – ляжыць торф, а другая палова – пясчаная. Назіраючы за будаўніцтвам, я ўвесь час думаю, што ў торфе будаўнікі павінны знайсці калі не косці маманта, дык рыцарскія латы…
18.04.2013. Нарэшце пабачыў шпакоў, якія вярнуліся з выраю. Шпакі чорныя, як афрыканцы…
У катлаване на месцы інтэрната філфака БДУ ў тарфяной жыжы капаюцца будаўнікі, як мележаўскія людзі на балоце…
19.04.2013. Растаў снег, і на клумбе жоўтыя і белыя недапалкі, як абляцелыя пялёсткі кветак смерці…
Пад дрэвам каля сцяжыны, па якой год таму хадзіў да бацькі на кватэру, прабіліся з сухой травы, як прывітанне з таго свету ад мамы і таты, дзве жоўтыя кветачкі (на гэтым месцы мінулы год была толькі адна)…
20.04.2013. З братам Вовам, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы… Адразу заехалі на Ракаўскія могілкі да бацькоў. Снегу няма. Помнікі сумныя, як сіроты…
Непадалёку бацькоўскіх магіл завіхаліся далакопы. Мы падышлі і даведаліся, што ў Ракаве памёр былы пажарнік, якому было 73 гады. У доле вада, і мужчыны накідалі яловых галін, але яна ўсё роўна прасвечваецца праз іх. “Гэта не бяда! Некалькі дзён таму мы тут паблізу капалі. Выкапалі, чакаем труну, а тут раптам хлынула вада з зямлі і нацякла аж па самыя берагі. Давялося закапаць і ісці на новае месца. А вада тут усюды, бо крыніцы б’юць!” – расказаў старэйшы далакоп…
Над могілкамі праляцелі журавы, нібыта спецыяльна, каб мы паглядзелі ў неба…
Ходзячы па могілках, натрапілі на сціплую магілу, на якой напісана: “Тут спачывае нястомны працаўнік, настаўнік Адам Малахавіч Прышчэпаў (11.07.1894 – 22.05.1964).
Могілкі – гэта нашы каменныя энцыклапедыі, у якіх болей таямніц, чым тлумачэнняў…
У вёсцы каля хат суха, і толькі каля нашай стаіць вада – няма каму з ёй змагацца… У хаце на сценах два замоўклыя гадзіннікі. Адразу падумалася, што адзін мамін, а другі бацькаў…
Суседка Зіна Мальчыкава падышла да плота пагаварыць. Расказала, што два тыдні таму ў Мінску памёр яе брат Коля. Пахавалі ў Дубровах. Яму было 56 гадоў. Узгадалася, як Коля ішоў у войска. Я быў на выправах. З роднага дому ў невядомы свет Колю павезлі на грузавой машыне, і цяпер на грузавой машыне Коля вярнуўся ў родную зямлю…
Суседзі з нашых бяроз і клёна спусцілі сок. Трохлітровыя слоікі пад дрэвамі свецяцца на сонцы і асвятляюць тыя часіны, калі жылі бацькі…
У садзе пад яблынямі там-сям ляжаць яблыкі. За зіму не змерзлі, і іх можна есці… Кусты агрэсту, як скруткі калючага іржавага дроту…
Брат расчыніў стары чамаданчык, у якім мама захавала мае лісты і газетныя публікацыі вершаў. Усё пажаўцелае, нібыта з фронту…
Псаджаныя мамай касачы вось-вось закрасуюць…
У паштовай скрынцы рудая лістота, як попел…
З сястрой вырашылі, каб зямля не дзічэла, пасадзіць грады…
Зайшліся да бацькавага стрыечнага брата Шуры, які ўжо 21 год, як з жонкай Дзінай пераехаў з Маладзечна. Падарыў дзядзьку “Пугачоўскага цырульніка”…
У горад вярталіся, як з планеты, на якой жылі бацькі…
21.04.2013. Выступаў у бібліятэцы імя Пушкіна на пасяджэнні абласнога творчага аб’яднання “Жывіца”. Прысутнічала чалавек трыццаць. На жаль, моладзі амаль не было. Запомніўся мужчына, які задаў пытанне: “У мяне акрамя музы-жонкі ёсць яшчэ дзве музы, да якіх можна прыйсці ў любы час і яны мяне абагрэюць і накормяць. А ў Вас колькі такіх муз?”
24.04.2013. З Вячаславам Рагойшам, Яўгенам Лецкам, Ганнай Запартыка і Людмілай Рублеўскай ездзіў у Маладзечна на канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці Язэпа Драздовіча, якую арганізаваў Міхась Казлоўскі…
У вагоне электрычкі поўна старых. Едуць на лецішчы, як у іміграцыю…
“Не паліце сухую траву!” – кожны год вясной усё гучыць і гучыць з дынамікаў у вагонах. А трава ўсё гарыць і гарыць…
Лапікі снегу абапал чыгункі, як шкура з вялікай белай змяі, якая прачнулася пасля зімы і цяпер мяняе свой колер…
Чым далей ад Мінска, тым больш пусцеюць вагоны. Старыя выходзяць на сваіх станцыях, як паміраюць у свой час…
Мы гаворым пра літаратуру, нібыта больш няма пра што гаварыць…
У Маладзечне на вакзале вецер, нібыта п’яны дворнік, які нядаўна прачнуўся, мяце туды-сюды смецце і пыл… Нас сустрэў Міхась Казлоўскі, як тутэйшы Ной… Да бібліятэкі імя Максіма Багдановіча ідзём па вуліцы Прытыцкага. Вуліца пешаходная, як маскоўскі Арбат…
Па-за планам канферэнцыі выступіла настаўніца Маладзечанскай СШ № 12 Алена Сымановіч. Дваццаць гадоў таму яна вучылася на філфаку ў Вячаслава Рагойшы. Пачала выступленне з віншавання Вячаслава Пятровіча з ордэнам Скарыны, а закончыла: “Мне, Вячаслаў Пятровіч, Ваш падручнік па літаратуры не падабаецца. Ён вельмі складаны. Не для нашых дзяцей!”
Ад’язджалі са станцыі “Фестывальная”. Міхась Казлоўскі, паказваючы на могілкі, якія непадалёку, сказаў: “Там на ўзгорку пахаваны Мікола Ермаловіч…” Пасля Ермаловіча згадалі Міколу Капыловіча. “На вечарыну, якая была прысвечана Міколу, з Мінска аніводзін ягоны таварыш-пісьменнік не прыехаў, хоць і абяцалі…” – уздыхнуў Міхась Казлоўскі і перавёў размову на весялейшае, на Язэпа Драздовіча…
Дамоў ехалі, гаворачы пра літаратурную крытыку. Людміла ўсё запісала на дыктафон, каб не прапалі цікавыя думкі Вячаслава Рагойшы, Яўгена Лецкі і Ганны Запартыкі…
Абапал дарогі высякаюцца кусты і выразаюцца вялікія дрэвы. Пні, мокрыя ад соку, свецяцца ў рудой траве, як патэльні, на якіх пячэцца наша будучыня…
Вярнуліся дамоў, нібыта пабываўшы ў гасцях Язэпа Драздовіча. І радасна на душы, і сумнавата…
25.04.2013. З сябрам ездзілі на лецішча. Дапамог яму разгрэбці кратавінне ў агародзе… Вецер выганяў сухое лісце з двара. Здавалася, што лісце само ўцякае, баючыся, што мы зараз раскладзём вогнішча і спалім яго…
Шпакі чорныя, а песні ў іх светлыя… Муха праляцела па пакоі, радуючыся, што перазімавала… Шкельцы ў траве, як ільдзінкі, што яшчэ не расталі… Бусел стаіць у буслянцы, як чалавек пасля доўгай жыццёвай дарогі на споведзі… Буслянка з буслом, як цэнтр вясны… Вада ў азярыне, якая нядаўна вызвалілася з лёду, рудаватая, як гарбата з лясных і палявых зёлак… Коцікі на вярбе, як чмялі, якія п’юць мёд з вясновага сонца і паветра… Хвалі б’юцца аб бераг, нібыта будзяць траву… Лапікі снегу, як белая шчыгрынавая шкура… Ялінам няёмка, што яны зялёныя…
28.04.2013. За акном на вуліцы цішыня, нібыта спыніўся час…
29.04.2013. Праз расчынены балкон залецяела муха, думаючы, што нікога дома няма…
Пішучы вершы без рыфмаў і рытму, некаторыя адразу думаюць пра перакладчыкаў, якім будзе лягчэй рабіць сваю чорную справу…
“Мне ўжо не быць прыгожым!” – уздыхнуў сусед Дзіма, гледзячы на шпака, што сядзеў на шпакоўні…