Алена Конаўка працуе ў культуры раёна больш за трыццаць гадоў.
У прафесію прывёў яго вялікасць выпадак – ён і стаў лёсавызначальным. За гады Алена Іванаўна зрабілася прафесіяналам з вялікай літары ў гэтай галіне. Пацвярджэннем чаму з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды за працу, сярод якіх – Падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Штодзённая работа, вельмі насычаная на розныя падзеі, сустрэчы, мерапрыемствы, адміністрацыйныя і арганізацыйныя справы, ператварылася ў сэнс жыцця. Творчым працэсам заняты не толькі працоўны, але і вольны час, бо, як вядома, калі ў большасці людзей выхадныя і святочныя дні, у работнікаў культуры – наадварот: іх місія – весяліць душу, ствараць настрой, несці пазітыў. І варта адзначыць, што пад мудрым кіраўніцтвам Алены Конаўкі валожынскія культработнікі з гэтай задачай спраўляюцца на ўсе 100!
– Алена Іванаўна, з чаго пачынаецца працоўны будзень дырэктара раённага цэнтра культуры?
– З аналізу, што было недароблена ўчора, бо новыя ўстаноўкі могуць паступіць позна ўвечары. З вырашэння агульных пытанняў – гэта матэрыяльная база клубных устаноў, патрэбныя фінансавыя ўкладанні на правядзенне будучага мерапрыемства. З планавання работы: збіраемся калектывам, абмяркоўваем, хто канкрэтна чым будзе займацца, якія функцыі будзе выконваць – акрамя сваіх асноўных як артыстаў, метадыстаў, рэжысёраў і гэтак далей.
– Правільна разумею, што Вам даводзіцца сумяшчаць гэтыя творчыя пасады і адначасова ўсім кіраваць?
– Не зусім так. У культуры працуюць спецыялісты рознага профілю – разам мы выпрацоўваем алгарытм. Зацішша ў нас не бывае. Праводзім унутраныя мерапрыемствы – маленькія, лакальныя: гэтым заняты клубныя фарміраванні. Ёсць мерапрыемствы гарадскія, раённыя, абласныя і рэспубліканскія, мерапрыемствы, прысвечаныя прафесійным святам, мітынгі, мерапрыемствы асабліва ідэалагічнага кірунку. Як бачыце, спакою няма. Вось цяпер рыхтуем на паралелі сваё свята да Дня работнікаў культуры і ўдзел у такім жа абласным у Салігорску, раённыя “Дажынкі”.
– Цікава даведацца, што адбываецца на творчай кухні падчас падрыхтоўкі да нейкага мерапрыемства?
– Калі наш непасрэдны кіраўнік – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культура і па справах моладзі райвыканкама Ірына Жданюк ставіць перад намі задачу і гаворыць, што трэба будзе правесці, напапачатку ў сваім калектыве абмяркоўваем, думаем, прапаноўваем усе складальнікі будучай падзеі. У аснове: для чаго праводзім, што хочам паказаць людзям, што мы можам? А калі не можам, то праз пэўны адрэзак часу магчымасці ў нас ужо павінны з’явіцца. Безумоўна, ёсць мерапрыемствы традыцыйныя, якія праводзяцца штогод, але і тут не возьмеш сцэнарый мінулага года – патрэбна падабраць такія словы, каб яны зачапілі людзей, пакінулі ў душы прыемны след.
– А калі гаварыць пра мерапрыемстваы, што праводзіцца ўпершыню. Вы яго павінны спачатку ўявіць? Як шукаеце “затраўку”?
– Усю адказнасць бяру на сябе, кінуць на сваіх работнікаў – не маю права. Дапамагаюць практыкі і тэарэтыкі. Разумеем: трэба правесці дастойна, хораша і душэўна. Напрыклад, зусім нядаўна людзі з іншых краін прымалі ў нас беларускае грамадзянства: гэты дзень павінен запомніцца ім як вельмі адказны крок у жыцці і разам з тым як урачыстасць дзяржаўнага ўзроўню. Як зрабіць, каб не было “суха”, а пранікнёна, бо яны ж у зале хваляваліся, думаю, не менш, чым мы.
Доўга размаўляла з начальнікам аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС, чытала Канстытуцыю. У інтэрнэце знаёмілася з падобным вопытам правядзення калег з іншых рэгіёнаў, чытала водгукі тых, хто прысутнічаў. Усё прапускала праз сябе.
– Як “старое” падаць па-новаму?
– У першую чаргу, гэта новыя людзі, якія працуюць на сцэне. Вось чаму мы і радуемся, калі да нас прыходзяць маладыя спецыялісты. Гледачы любяць новыя твары. Адсюль – новы рэпертуар, новае выступленне і нават само правядзенне.
– Алена Іванаўна, творчыя людзі – яны асаблівыя?
– Я б сказала, што яны вельмі ранімыя, бо душу ўкладаюць у работу, і, не дай Бог, каму-небудзь не спадабаецца – гэта ж маё, разумееце. У іх свой сусвет, сваё ўспрыняцце навакольнага, свой стан душы. Ім нельга перашкаджаць, бо для тварэння патрэбна натхненне. А яго “не закажаш” – яно павінна прыйсці. Толькі тады атрымліваецца творчы “прадукт” на дзясятачку.
– Як Вы ставіцеся да падначаленых: строга, патрабавальна ці з разуменнем? Як захаваць гэты баланс?
– Для мяне самае галоўнае як для дырэктара – быць чалавекам. Ужо на другім месцы – творчасць, прафесіяналізм. Да кожнага трэба мець падыход, знаходзіць кантакт – па шаблоне нічога не атрымаецца. Дырэктар – гэта нішто, калі ў яго няма калектыву.
У далёкія часы я ішла працаваць толькі дырэктарам раённага Дома культуры, тады была цэнтралізацыя – стала дзяржаўная ўстанова культуры са структурнымі падраздзяленнямі, калі далучылі сельскія клубныя ўстановы: мы выйшлі з-пад аддзела і сталі самастойнымі. І зараз у маім падпарадкаванні дзевяць клубных устаноў. Там – людзі, гурткі і калектывы, матэрыяльна-тэхнічная база, тэрыторыя вакол будынкаў. Усё гэта трэба трымаць у полі зроку.
– Узгадайце, калі ласка, той момант, як выбіралі прафесію?
– Першага жніўня споўнілася трыццаць чатыры гады, як працую ў культуры раёна. У маёй роднай Багданаўскай школе было цікава вучыцца: 700 вучняў, па суботах праводзіліся вечары адпачынку, ладзіліся розныя мерапрыемствы. Прымала актыўны ўдзел у іх: сцэнарыі пісала, арганізоўвала, выступала на сцэне, толькі не спявала.
Успамінаецца 1985 год: быў праект пабудовы Дома культуры вялікага ў пасёлку Багданаў – за школай, дзе стадыён і помнік. У Багданаве ж не было клуба – меўся толькі Дзясятніцкі сельскі клуб. Я на той час хадзіла ў 10-ы клас. Планавала паступаць у Віцебскі ветэрынарны інстытут – ведала, што буду лячыць жывёлу. Памятаю, прыехаў колішні кіраўнік культуры раёна Дзмітрый Грышкевіч у сельвыканкам. І вось выклікае мяне старшыня Міхаіл Данілавіч Журкевіч і кажа: “Леначка, ты ж свая, ведаю, што добра вядзеш мерапрыемствы, нешта пішаш. Паглядзі вунь, Дзмітрый Уладзіміравіч праект прывёз: гэта ж будзе двухпавярховы новы будынак, і ты зможаш працаваць у ім. Ідзі вучыцца на культработніка. Скончыш – да хаты прыедзеш, навошта недзе блукаць па свеце”.
І яны мяне ўгаварылі. Думаю: “Можа, і сапраўды паехаць паступаць у Інстытут культуры, але бацькам нічога гаварыць не буду”. У школе не верылі, што я так зраблю, бо не ўяўлялі мяне ў гэтай прафесіі. А калі бацькі даведаліся – вырашылі, што жартую. Тым не менш, паехала, ні разу там не быўшы: ведала, што ёсць Мінск, ёсць станцыя метро “Інстытут культуры”. Ад перапалоху напісала два сачыненні: адно на рускай, другое – на беларускай мове, седзячы ў аўдыторыі № 114. Нараніцу паглядзела ў спісы – прозвішча няма, значыць, можна далей ісці. Унутраны экзамен, раней жа білеты цягнулі: гляджу, а там заданне напісаць афішу – мерапрыемства, як цяпер памятаю, прысвечана Дню сям’і. Падыходжу да камісіі, а яны пытаюцца: “Што ў вас там у клубе праходзіць?” Адказваю: “У нас у клубе проста канцэрты, а чаму яны там прысвечаны – няважна. А калі яшчэ артысты прыедуць – дык гэта ўвогуле свята”. Расказваю, рукамі размахваю. Яны слухалі-слухалі мяне і пытаюцца: “А ці вялікі клуб?” – “Не, драўляны”. – “Там хтосьці ёсць?” – “Ну, не зусім”. Пасля ўжо мне куратар расказала: “Ты б сябе чула. Такое пачуццё, што там – дварэц. І камісія вырашыла, што ты – работнік культуры”.
Ну вось так паступіла на факультэт методыкі культасветработы і рэжысуры, адвучылася, прыехала працаваць загадчыкам Дзясятніцкага сельскага клуба. А ў Багданаве за пяць гадоў так нічога і не пабудавалі. Далей арганізоўваўся аўтаклуб – і я стала яго першым загадчыкам. З цягам часу пры кіраўніцтве Ірыны Васільеўны Мандрык перайшла метадыстам у раённы Дом культуры.
– Калі прапанавалі Вам пасаду дырэктара раённай установы культуры, разумелі ўсю адказнасць?
– Ішла працаваць часова, а атрымалася, што на пастаянна. У мяне добрыя былі настаўнікі. Аліна Генрыхаўна Барадака: не пабаюся сказаць, што яна – спецыяліст вышэйшага класа; Іна Уладзіміраўна Шыбут, якая зараз працуе ў Мінску; Сяргей Уладзіміравіч Шаблыка – колішні кіраўнік аддзела культуры. Усе яны – сапраўдная каманда прафесіяналаў, у якіх вучылася ўсяму.
– Што б хацелася пажадаць работнікам культуры напярэдадні прафесійнага свята?
– Творчасці, добрых слухачоў і гледачоў, наведвальнікаў бібліятэк, музеяў, цеснага супрацоўніцтва з усімі структурамі – у першую чаргу з адукацыяй. Моцнага здароўя, падтрымкі і разумення з боку блізкіх людзей, людской павагі і дабрыні.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ