Выкананне правілаў пажарнай бяспекі ў вясновы перыяд, эфектыўнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, правілы спальвання смецця на прысядзібным участку – гэтыя і іншыя актуальныя тэмы абмеркаваў начальнік Валожынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Сівы з працоўным калектывам КСУП «Пяршаі-2014».


У ходзе дыялогу Аляксандр Ігаравіч распавёў пра важнасць выканання правілаў бяспекі ў побыце, прывёў прыклады пажараў, якія адбыліся з-за чалавечай няўважлівасці і нядбалага абыходжання з агнём, нагадаў прысутным нумары выкліку экстраных службаў і парадак дзеянняў у выпадку выяўлення ўзгарання, бо, калі бяда прыходзіць, важна не разгубіцца і хутка адрэагаваць.
Асаблівы акцэнт быў зроблены на важнасці ўстаноўкі ў дамах і кватэрах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія ўжо неаднаразова даказвалі сваю эфектыўнасць.

Не абышлі ўвагай і тэму рызык, звязаных са знаходжаннем на лёдзе.
«Чалавеку дастаткова правесці 10-12 хвілін у халоднай вадзе, каб атрымаць пераахаладжэнне арганізма несумяшчальнае з жыццём. Таму важна памятаць, што бяспечным лічыцца лёд зялёнага або блакітна-зялёнага колеру таўшчынёй не менш за 7 см. Брудны або бура-шэры лёд звычайна ўжо падталы і нетрывалы, і знаходзіцца на ім небяспечна», – адзначыў Аляксандр Сівы.


У завяршэнні мерапрыемства ўсім удзельнікам былі ўручаны памяткі і буклеты з рэкамендацыямі ад МНС.
