Валожыншчына славіцца многімі таленавітымі, знакамітымі, вядомымі далёка за яе межамі людзьмі. Шчырай працай, поспехамі і дасягненнямі яны праслаўляюць свой маленькі куточак зямлі, дзе пачынаўся іх жыццёвы шлях. Сярод такіх славутых землякоў – кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязей з грамадскасцю факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія ЛУК’ЯНЮК. Сёння яна наша суразмоўца.
– Юлія Мікалаеўна, пачнём з дзяцінства: раскажыце, калі ласка, пра сваю маленькую радзіму – самыя цікавыя і яркія моманты жыцця.
– Нам заўсёды здаецца, што пра сваю малую радзіму ведаем усё ці амаль усё. Але, адпраўляючыся ў падарожжа, нам хочацца хутчэй вярнуцца дадому – у той дом, дзе мы нарадзіліся, на тую вуліцу, дзе выраслі, у тое месца, якое завём малой радзімай. Здавалася б, пра свой родны Валожын ведаю ўсё. Люблю яго ўсёй душой. Але кожны раз, прыязджаючы сюды, як бы адкрываю яго нанова. Гэта невялікі, але вельмі ўтульны гарадок. Кожная маленькая частка яго мае сваю гісторыю.
Вырасла я на народных песнях, вершах, казках. Іх мне расказвалі мая любімая бабуля Жэня і прабабуля Ганна. Дзякуючы ім, з дзяцінства палюбіла народную творчасць. Пазней, ужо студэнткай 2 курса філфака, запісала ўсё на дыктафон для дыялекталагічнай практыкі, захаваўшы для сваіх дзяцей гэтыя выдатныя творы.
Яшчэ я бегала басанож па роснай траве, любавалася кветкамі, заслухоўвалася спевамі птушак. Вельмі любіла збіраць лекавыя расліны разам з бабулямі для вянка на Купалле. Дзякуючы ім, ведаю назвы вельмі многіх лекавых траў.
– Раскажыце пра свае карані, бацькоў, якія жыццёвыя арыенціры яны ў Вас заклалі?
– Я расла ў шматдзетнай сям’і. У мяне былі малодшы брат і сястра. З першых гадоў жыцця адчувала любоў бацькоў, іх клопат і ласку – гэта самыя дарагія мае людзі. Матуля, Галіна Міхайлаўна, нарадзілася і вырасла ў вёсцы Аўгустова. Бацька, Мікалай Мікалаевіч, родам з Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Пазнаёміліся яны і пажаніліся яшчэ студэнтамі Белдзяржуніверсітэта імя Леніна. Мама скончыла філалагічны факультэт, тата – юрыдычны. Тата быў інтэлектуалам са спакойным, добрым і цярплівым характарам. Ён вельмі рана захварэў, таму мама ставіла нас на ногі адна. Вядома ж, ёй было нялёгка, але ніколі не скардзілася – яна ў мяне аптыміст. Усё сваё жыццё яна прысвяціла дашкольнай адукацыі і ўжо 40 гадоў выхоўвае дзяцей у дзіцячым садзе.
Мой дзядуля, Міхаіл Ільіч Круглік, – удзельнік Другой сусветнай вайны. Меў шмат узнагарод. Ганаруся, што адным з мільёнаў людзей, якія абаранялі нашу Радзіму, быў мой дзядуля. Буду беражліва захоўваць памяць аб ім у сваім сэрцы і расказваць пра гэта яго нашчадкам: толькі памяць і ўспаміны могуць па-сапраўднаму злучыць усіх нас у адзінае цэлае.
– Што сёння ўзгадваецца са школьных гадоў?
– Са школай шмат звязана: перамогі і няўдачы, радасці і расчараванні. Успамінаю сваю першую настаўніцу Зінаіду Барысаўну Лужынскую. Менавіта яна навучыла вучыцца, заклала ўпэўненасць у тым, што ў мяне атрымаецца ўсё, за што б я не ўзялася, – за ўрокі жыцця ўдзячна ёй і сёння.
З поўнай упэўненасцю магу сказаць, што ў нашай Валожынскай гімназіі –самыя таленавітыя настаўнікі, якімі кіравала тады Тамара Іванаўна Інфаровіч. Кампетэнтная, душэўная, у меру строгая і здольная перадаваць веды вучню.
З цеплынёй успамінаю настаўніцу нямецкай мовы і свайго першага класнага кіраўніка Лілію Фёдараўну Балашка. Гэты выкладчык захапляе глыбінёй ведаў, падыходам да справы і стараннасцю да таго, каб вучні змаглі не проста даведацца матэрыял, а менавіта засвоіць, зразумець і ўсвядоміць. Дзякуючы яе патрабавальнасці і строгасці ва ўніверсітэце я ведала нямецкую мову лепш за ўсіх у групе.
Як самага любімага настаўніка хочацца адзначыць нашага класнага кіраўніка Алену Алегаўну Буклыс. Вельмі вясёлы, добры і светлы чалавек, заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу, даць параду, а таксама выдатны настаўнік. Менавіта яна так згуртавала наш клас, што праз 27 гадоў пасля заканчэння гімназіі мы сябруем. З Аленай Алегаўнай і сёння часта сустракаемся.
– Пра што марылі ў дзяцінстве і як гэта ажыццявілася ў дарослым жыцці?
– Хацела стаць настаўніцай. Садзіла брата і сястру і гуляла з імі ў школу. Усё было па-сапраўднаму: і журнал з адзнакамі, і дзённікі, і праверка дамашніх заданняў. Брат вучыцца не хацеў, таму атрымліваў двойкі.
Я ажыццявіла сваю мару. Калі паступіла на філалагічны факультэт БДУ, было адчуванне, што трапіла ў казку. Кожная дысцыпліна, якую вывучала, прыносіла радасць. Яшчэ на першым курсе вырашыла паступаць у аспірантуру і з цягам часу абараніла кандыдацкую дысертацыю. Маю дзве вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасцях эканаміст-менеджар, выкладчык рускай мовы як замежнай (ёсць з чым параўнаць!).
Сёння выкладаю любімыя мною мовы. Ужо сем гадоў займаюся з алімпіяднікамі, рыхтую адораных дзяцей да алімпіяд па рускай мове рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Магу з упэўненасцю сказаць, што першапачаткова абрала правільны шлях.
– Думаю, нашым чытачам будзе цікава больш падрабязна даведацца пра Вашу штодзённую работу.
– На факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта выкладаю з 2004 года. Трэці год узначальваю кафедру тэхналогій камунікацыі і сувязей з грамадскасцю. Місія кафедры – падрыхтоўка канкурэнтаздольных высока-кваліфікаваных спецыялістаў у галіне рэкламы і сувязей з грамадскасцю – сінэргія навукова-педагагічнага патэнцыялу і бесперапыннай прафесіяналізацыі студэнтаў і магістрантаў.
Пад тэрмінам “тэхналогіі камунікацыі” разумеюцца як уласна тэхналагічныя аспекты камунікацыі, асабліва звязаныя з ужываннем найноўшых інфармацыйна-камунікатыўных сродкаў, так і сацыяльныя камунікатыўныя тэхналогіі. У навуковую і навучальныя праграмы кафедры ўвайшлі дысцыпліны, прысвечаныя вывучэнню камунікацыі, у тым ліку рэкламнай, журналісцкай, піараўскай.
Хоць на кафедры працуе параўнальна няшмат чалавек – 19 выкладчыкаў (разам з пазаштатнымі), яны паспяваюць ствараць маштабныя падзеі. Выкладчыкі і студэнты далі жыццё адкрытаму міжнароднаму студэнцкаму камунікатыўнаму форуму “PR-кветка”, “Акадэмія камунікацыі”. На базе кафедры адкрыта магістратура па спецыяльнасці “Медыякамунікацыі”, штогод праходзіць праграма павышэння кваліфікацыі для спецыялістаў “Сучасная прэс-служба”. Кафедра мае свой філіял – Нацыянальны прэс-цэнтр Рэспублікі Беларусь.
Педагогіка – гэта настолькі шырокае поле для прафесійнага і асобаснага развіцця, што вучыцца і павышаць свой узровень можна пастаянна. Чым больш працую, тым больш разумею, як шмат чаго яшчэ хацелася б дасягнуць.
– Што цэніце ў людзях?
– З дзяцінства нас вучаць быць правільнымі. Кажуць, што такое добра, што такое дрэнна. Аднак з узростам межы паміж гэтымі паняццямі размываюцца. Так, у юнацтве лічыла беражлівасць станоўчай рысай характару. З гадамі зразумела, што ёсць падобнае паняцце – скупасць. А гэта ўжо адмоўная якасць. Але распазнаць іх у чалавеку вельмі складана.
Больш за ўсё цаню дабрыню, шчырасць, спагадлівасць, тактоўнасць і чуласць. Не цярплю, калі ў чалавеку спалучаюцца нахабства і інтэлектуальная абмежаванасць. Не дарую несправядлівасць.
– Раскажыце пра Вашу сям’ю.
– Мой самы вялікі поспех у жыцці – мая сям’я, кола зносін і ўсё, што маю сёння. У мяне двое дзяцей. Дачка Ганна вучыцца ў 11 класе, сын Арцём – у 5-м. Мы праводзім практычна ўвесь вольны час разам: гуляем, ходзім у кіно, у тэатры, на выставы. Наш самы любімы сямейны адпачынак – паездка на мора: тут забываюся аб усім. Ахінаюся ў цяпло пяску, якое струменіць і абвалаквае, подых ветру, што блытае валасы, чую супакойлівы шум прыбою, удыхаю невыказны водар шчасця.
– Што прыносіць задавальненне, акрамя працы?
– Маё хобі – лецішча. Гэта лепшае зняцце стрэсу пасля працоўнага тыдня. Я вырасла ў вёсцы, таму цяпер мне неабходна акунацца ў гэта асяроддзе, каб пакінуць убаку праблемы і клопаты.
– Ці часта бываеце на сваёй маленькай радзіме? Якія пачуцці адчуваеце, прыязджаючы туды?
– Стараюся прыязджаць у Валожын часцей, бо тут жыве мая матуля. Прыязджаючы сюды, быццам ізноў станаўлюся маленькай дзяўчынкай, якой лёгка схавацца за мамай, папрасіць дапамогі, парады. Тут адчуваю сябе ў бяспецы.
Выдатна разумею, што пачуццё малой радзімы пачынаецца са стаўлення да сям’і і сваіх продкаў – менавіта гэтыя ніці звязваюць чалавека з родным домам і сваёй малой радзімай. Нельга абрываць гэтыя ніці – трэба дома бываць часцей!
– Мы размаўляем з Вамі ў прыгожыя зімовыя святы. Што б пажадалі землякам?
– Дарагія сябры! Ад усяго сэрца віншую вас з Новым годам і Калядамі! Традыцыйна хочацца ўсім вам пажадаць здароўя, любові і дабрабыту. Няхай у вашых сем’ях заўсёды будзе цёпла і ўтульна, хай любоў і ўзаемаразуменне саграваюць вас.
Хочацца сказаць “Да пабачэння” 2022 году з надзеяй, што Новы год прынясе нам многа душэўнага спакою і здароўя. Ніколі не пераставайце верыць у сябе, не бойцеся марыць, заўсёды ўсміхайцеся, нават калі ёсць многа прычын для слёз, ніколі не здавайцеся, таму што перамагае толькі той, хто змагаецца.
Шырокіх магчымасцей, фантастычнага шанцавання, ашаламляльных сюрпрызаў, хвалюючых эмоцый, чароўных момантаў! Хай шчасціць!
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ