Працягваем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.
Перыяд з 1960 па 1965 гады стаў для раёна часам выпрабаванняў і эксперыментаў.
20 студзеня 1960 года ліквідавалася Маладзечанская вобласць, і раён перайшоў у склад Мінскай вобласці. Праз тры гады, 25 снежня 1963 года, ліквідуецца Валожынскі раён, а яго тэрыторыя ўваходзіць у склад Маладзечанскага і Іўеўскага раёнаў. Яшчэ праз 2 гады, 6 студзеня 1965 года, раён адноўлены, да яго далучыліся часткі Івянецкага, Радашковіцкага і Іўеўскага раёнаў.
Настойлівая праца людзей і граматнае кіраўніцтва садзейнічалі выхаду ў сярэдзіне 60-х гадоў на якасна новы ўзровень гаспадаркі Валожынскага раёна.
У сельскагаспадарчай галіне выразна вызначаюцца кірункі – мяса-малочная жывёлагадоўля, ільнаводства, вырошчванне зерня і бульбы. Узначальвалі гаспадаркі ініцыятыўныя, адданыя сваёй справе кіраўнікі: Міхаіл Іванавіч Уласік, Канстанцін Вікенцьевіч Захарэвіч, Іван Васільевіч Брылеўскі, Сяргей Данілавіч Сіпач, Сяргей Паўлавіч Супрон. За дасягнутыя поспехі ў вырошчванні льну першай у раёне званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымала Лізавета Трафімаўна Валадкевіч.
У 1962 годзе ў Валожыне пачаў працаваць бальнічны гарадок.
У 1966 годзе ўтвораны Івянецкі кансервавы завод, які выпускаў натуральныя пладова-ягадныя сокі, цукеркі, кансервы з агародніны. Прадукцыя пастаўлялася па ўсім Савецкім Саюзе.
Вясной 1967 года тканыя вырабы Івянецкай фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі ўпрыгожылі павільён Савецкага Саюза на выставе “Экспа-67” у горадзе Лейпцыгу. Некалькі відаў тавараў гэтага прадпрыемства рыхтаваліся для пастаўкі на Сусветную выстаўку ў горад Манрэаль.
У гэты ж час на Івянецкай птушкафабрыцы налічвалася 15 тысяч галоў дарослай птушкі і 1500 куранят. Фабрыка пастаўляла сваю прадукцыю ў 33 гаспадаркі Беларусі, а таксама на птушкафабрыкі Іванаўскай і Уладзімірскай абласцей.
У 1968 годзе была пабудавана Пяршайская ўчастковая бальніца.
Старэйшыя жыхары Валожына добра памятаюць тую пару, калі на зялёных утульных вуліцах і ў парках роднага горада, як грыбы пасля дажджу, з’яўляліся манументальныя творы адоранага прыродай чалавека Пятра Скарынкі. Ён актыўна займаўся музыкай, тэатральным мастацтвам, пісаў вершы, арганізаваў студыю выяўленчага мастацтва. Творчая спадчына Пятра Скарынкі шматгранная і разнастайная. Гэта помнікі-манументы ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, манументальна-дэкаратыўныя скульптуры, барэльефы і скульптурныя партрэты, дэкаратыўныя фантаны.
У 1968 годзе пачала працаваць раённая машынна-вылічальная станцыя, работнікі якой выконвалі рахункавыя, планава-эканамічныя і іншыя вылічальныя работы.
У верасні 1969 года ў Валожыне прайшла 3-я Рэспубліканская спартакіяда. У ёй прымалі ўдзел лепшыя спартсмены з усёй Беларусі, якія прадэманстравалі сваё майстэрства ў шматлікіх відах спаборніцтваў. Лідарам у камандным заліку стала Мінская вобласць.
У канцы 60-х гадоў асвойвалася новая тэхніка для сельскай гаспадаркі, распрацоўваліся новыя тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў.
(Працяг будзе)