Цудоўныя работы ў тэхніцы выцінанкі Алены Мурашовай прадстаўлены на выставе “На крылах фантазіі”, што праходзіць у памяшканні народнага калектыву дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Скарбніца”.
Палюбавацца на экспазіцыю сюды з задавальненнем прыходзяць як дарослыя, так і дзеці. Падчас адкрыцця выставы хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з майстрам, што зрабіла гэтыя непаўторныя, дзівосныя вырабы.
Алена Уладзіміраўна выкладае ў Дорскай і Яршэвіцкай школах мастацтваў. Яна з радасцю дзеліцца са сваімі падапечнымі ўсімі прамудрасцямі рамяства. Можна з упэўненасцю сказаць, што гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам сапраўды пашчасціла вучыцца ў такога выдатнага і неардынарнага педагога.
Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў Віцебску. У 1979 годзе яна закончыла школу і паступіла ў Бабруйскае мастацкае вучылішча. Навука давалася лёгка, бо яе творчая натура цягнулася да прыгожага, хацелася дабіцца дасканаласці на шляху, што выбрала. Гады вучобы праляцелі хутка. Дзяўчына выйшла замуж у Мінск, і разам з мужам некалькі гадоў працавалі мастакамі ў аблкнігагандлі.
Праз пару гадоў маладой сям’і прапанавалі паехаць у вёску Яршэвічы Валожынскага раёна, дзе адкрывалася першая ў СССР школа мастацтваў. Гэта знакамітая падзея адбылася ў 1986 годзе. Усе газеты распавядалі пра такую навіну. Ва ўстанове выкладалі харэаграфію, вучылі ігры на музычных інструментах, праходзілі ўрокі хору, малявання, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. За гэты час Алена і яе муж Сяргей закончылі мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта.
Мурашовы грунтоўна асталяваліся ў Яршэвічах, усё жыццё самааддана працавалі, вучылі сваіх выхаванцаў народным відам рамёстваў. Людзі адной прафесіі, яны ўсё рабілі ўдваіх, дзейнічалі, як гаворыцца, “у чатыры рукі”, ва ўсіх патаннях стараліся прыйсці да агульнага назоўніка. На жаль, тры гады назад муж памёр. Сяргей быў выдатным разьбяром па дрэве. Дзве апошнія работы – драўляныя гербы – былі зроблены да аднаго з Усебеларускіх народных сходаў і цяпер знаходзяцца ў Палацы Рэспублікі. Час ад часу іх можна ўбачыць падчас навінавых тэлеперадач, што транслююцца адтуль.
Алена Уладзіміраўна працягвае займацца любімай справай. Гаворыць, што не ўяўляе жыцця без школы мастацтваў і без выцінанкі, у якой знаходзіць вытокі для натхнення. Для майтрыхі яе творчыя працы – гэта ўсведамленне асабістых перажыванняў, пачуццяў, эмоцый, уражанняў. У сваіх творах яна звяртаецца да фальклору, міфалогіі, сімволікі і прыродных сюжэтаў. Работы Алены Мурашовай адрозніваюцца прыгажосцю, пяшчотай, арыгінальнасцю. Убачыўшы іх, міжволі ловіш сябе на думцы, што перад табой не папера, а па-майстэрску намаляваная карціна.
Для юных наведвальнікаў выставы Алена Уладзіміраўна з задавальненнем правяла майстар-клас па выразанні птушачак.
Хлопчыкі і дзяўчынкі таксама з цікавасцю наведалі музейную экспазіцыю “Родам з СССР”.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара