Авторская колонка Виктора ШНИПА

Каляды

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

***

У нашы хаты
Прыйшлі Каляды
З куццёй багатай,
З Казой рагатай.
І стала светла
У кожнай хаце.
Далёка лета,
Ды маем шчасце
Страчаць Каляды,
Спяваць калядкі.
Мы есці рады
Бліны й аладкі.
                               26.06.2018

30.01.2011. У старым сшытку знайшоў сваю занатоўку: “Каляды. Разаслалі каля дзясятка віншавальных паштовак. І ні слова ў адказ. Крыўдна… Знаходзім старыя віншаванні, перачытваем. Вяртаемся ў мінулае, у якім усе мы былі крыху бяднейшымі, але грошай заўсёды хапала на паштоўкі. Ды справа не ў паштоўках…”

07.01.2012. На вуліцы светла, як у Храме...

07.01.2015. Марозам пад 20 бацька паліў печку брыкетам. І мы, дзеці, падоўгу сядзелі каля цяпла моўчкі, слухаючы агонь. Не ведаю, што чулі мае сястра і брат, а я чуў музыку і вершы…

07.01.2015. Поўня, як адзіная цацка, што засталася на апошняй навагодняй ялінцы, якую мне ў маленстве ўпрыгожылі бацькі…

07.01.2017. Каляды. У наш двор прыляцела на дрэвы некалькі соцень вялікіх птушак. Крыху меншыя за галубоў. Шэрыя. Дзяўбуць рабіну. Выйшаў на балкон. Накідаў птушкам хлеба. Не ядуць. Што за яны? Не ведаю. Сорамна. Былі б бацькі побач, яны б сказалі, што гэта за птушкі…

07.01.2017. Палудзень. Мароз і сонца. Цэлую гадзіну з Міёнай гулялі на Мухлі. З намі былі Джэк з Анатолем і Алан з Алегам. Калі праходзіў ля машын, пах бензіну на марозе нагадаў вёску перадкалядную, калі калолі кабанчыка. Усё пачыналася ў гадзін дзевяць. Я дапамагаў смаліць, а потым разбіраў. Ніколі не калоў. Нейкі час гэта рабіў дзядзька Толя з Татар, а потым да апошняга разу швагер Віця. Я хаваўся ў хаце і ўключаў моцна музыку, каб больш нічога не чуць. Апошнім часам часцей за ўсё смалілі з газавага балона, а раней у 70-я гады саломай, а потым у 80-я бензінавай машынкай.
    Асмаліўшы кабанчыка (кілаграмаў 150), каля хаты мылі, скрэблі і разбіралі. У маразы заносілі ў сенцы. Цмочкі цыцак кідалі ў хлеўчык, дзе стаяць свінні. Гэта, каб свінні і далей вадзіліся. Галаву клалі на чыстую гурбу, каб сцякла кроў. Выразалася грудзіна. Даставаліся сэрца і лёгкія. Разразаўся жывот і выкочваліся ў начоўкі кішкі, пячонка, ныркі. З пячонкі я выдаляў жоўць. Часам выкідаў варонам, а часам выліваў у пляшачку, каб потым бацькі зрабілі нейкае лякарства. Выразалася каса, па якой вызначалі, якім будзе год. Мама каля ганку чысціла трыбух і кішкі. Бацька назіраў за намі і нешта сабе бурчэў пад нос. Праўда, і ён сёе-тое дапамагаў (падносіў гарачую ваду, заносіў у вараўню сала), хоць мама казала яму, каб не перашкаджаў нам. Бацька слухаўся.
    Малюнак вымалёўваецца жудасны, але гэта звычайнае вясковае жыццё. Пакуль мы з дзядзькам Толем ці са шваграм Віцем заканчвалі разбіранне кабанчыка, мама ці сястра Валя пяклі свежаніну. На асобнай патэльні былі мазгі. Потым усе садзіліся за стол. Пілі самагонку і закусвалі свежанінай. Каля хаты, дзе нядаўна быў заколаты і разабраны кабанчык, хадзілі па акрываўленым снезе і лёдзе вароны і вясковыя сабакі. Наш сабака спакойна ляжаў у будцы. Ён ужо наеўся. За сталом доўга не сядзелі. Да вечара быў яшчэ час і можна было зрабіць каўбасы. Наперадзе былі Каляды і яшчэ доўгая сцюдзёная зіма.

06.01.2018. За пятнаццаць гадоў “Літаратурнага прадмесця” (літаб’яднанне, якім мы з Людмілай кіравалі), на Каляды ў нас дома, бывала, збіралася пад чалавек трыццаць маладых і немаладых пісьменнікаў. Дачакаўшыся першай зоркі, сядалі за стол. Напачатку елі куццю, часта падрыхтаваную Аксанай Спрынчан, яе дачушкай Альжбетай, а пасля ўсё, што каму хацелася.

Кожны раз на Каляды Людміла развешвала папяровыя самалёцікі, на якіх раздрукаваны вершы, што ў свой час праз розныя літаратурныя конкурсы трапілі да нас дадому. Зрываеш самалёцік з ніткі і зачытваеш твор. Потым Людміла тлумачыць, што будзе ў новым годзе ў таго, каму выпаў сарваны верш. Калі адзін паэт пачаў чытаць з пажаўцелай паперы, я падумаў: “Нешта вельмі знаёмае…” І калі прагучала:

“А пацукі ўцякаюць з карабля,
Чарнее ў моры залатое дно.
Ніхто не помніць, дзе яго зямля,
Ды кожны помніць, дзе
                               стаіць віно…”,

я ўсклікнуў: “Гэта ж мой верш!”. 
Мой. Ён, здаецца, нідзе не друкаваўся.

Падчас каляднага застолля наш Максім распавядаў, як служыў памежнікам. Таццяна Пратасевіч, якая сядзела паблізу, найбольш яго слухала, чым хто. Кацярына Тарасава, акрамя паэтычнага таленту, мае здольнасць вызначаць, якому колеру адпавядае чый голас. Мой голас светла-шэрага колеру. У Людмілы жоўты, у Максіма сіні, а ў нашай Міёны – чорны.

Варажылі не толькі па вершах, а і па травінках, якія выцягвалі з-пад абруса. У кожнага 2018 год будзе добрым. А Таццяна Барысюк выцягнула травіну на новага мужа.

Міёна ўсё наша святкаванне прасядзела са сваімі цацкамі ў іншым пакоі. Акрамя Аксаны, якая паабдымалася з Міёнай, ніхто з гасцей не адважыўся зайсці да аўчаркі. Потым Міёна казала, што яна крыху пакрыўдзілася: “Я ж добрая! А тое, што я гаўкала, дык я ж так віталася!”

07.01.2018. Чую, міжгорад тэлефануе. Падымаю слухаўку. Мужчына. Голас крыху знаёмы. Не адгадаў. Мікола Сцепаненка. Ён цяпер жыве ў Ветцы. 28 студзеня паэтцы Ларысе Раманавай будзе 50. Запрашаюць на святкаванне. Збіраюць народ з Гародні, з Гомеля і Мінска. Хочуць правесці літаратурную імпрэзу. Дай Бог, каб атрымалася. З Ларысай пагаварылі пра дзяцей і пра даўніх сяброў і знаёмых. Я прапанаваў ёй вечарыну рабіць вясной, калі дзень будзе даўжэйшы.
    Учора быў год, як Ларыса з Міколам Сцепаненкам пабраліся шлюбам. Гэта добра. Кепска, што ўчора з вулля ў бацькоў Ларысы выляцеў рой.

07.01.2018. На мінулыя Каляды было 25 градусаў марозу. Сёння толькі пад вечар градусамі трыма прыхапілася гразь пад нагамі. Неба зорнае. Месяца няма. Хаджу па Мухлі з Міёнай, задзёршы галаву, і думаю пра бацькоў: “Можа і яны цяпер недзе гэтак глядзяць на зоры…”

02.01.2019. Учора доўга сядзеў з тэлефонам, але так і не павіншаваў усіх, каго збіраўся, з Новым годам. Павіншую на Каляды. Праз тэлефон сёй-той (паспеў раней за мяне пазваніць) павіншаваў і мяне. У гэты раз не атрымаў аніводнай святочнай паштоўкі. І сам нікому не паслаў. Традыцыя віншаваць праз пошту амаль памерла. Недзе ў маіх тэчках захоўваюцца старыя віншавальныя паштоўкі ад родных, ад сяброў, ад калег. Іх няшмат. Я іх не выкінуў і не выкіну. Яны цяпер для мяне, як узнагароды. Нават больш каштоўныя і ганаровыя…

07.01.2019. Каляды. Шэсць гадзін раніцы. З Міёнай гуляем па Мухлі. Дрэвы чорна-белыя. Неба пажаўцелае ад гарадскіх ліхтароў. Снег свеціцца. Нідзе нікога. Толькі сляды чалавечыя, сабачыя і птушыныя. Можна спяваць, і ніхто не пачуе. Нават вецер не прачнецца. І мы ідзём па Мухлі, як па іншай планеце, дзе жыве святочная цішыня…

07.01.2019. Што змянілася з прыходам Новага года? Лічбы памяняліся. Прыкладна, як рэйкі на мяжы, калі едзеш у Еўропу.

07.01.2019. З кожным годам усё меней і меней гасцей. І самі ўжо радзей ходзім. Аднак цяпер малы ўнук замяняе амаль дзясятак гасцей, а магчыма і ўсіх, хто больш не прыходзіць…

06.01.2020. У госці прыходзілі Яраш Малішэўскі, Аксана Спрынчан і іх дачушка Альжбэта. З добрым настроем за багатым сталом сустрэлі Каляды. Наўспаміналіся. Варажылі на вершах, якія віселі ў выглядзе папяровых самалёцікаў. Потым быў імправізаваны канцэрт (Яраш – варган, Альжбэта – званочак, Людміла – свісцёлка-каза і я – акарына). Зазняла Аксана. Са свайго пакоя час ад часу, каб пачаставацца, зазіралі да нас Максім з Міёнай.

07.01.2021. Каляды. Учора вечарам праз Вайбер павіншаваў чалавек 50 знаёмых. Віншаваў з думкай, што некаторых мала хто і павіншуе, і я са сваім віншаваннем буду ў радасць. На вуліцы нарэшце затрымаўся снег. Але яго не так шмат, каб было ўсё белым. Тэлефанаваў Аляксандр Катовіч з Більдзюгоў, у якога мы летам адпачывалі ў лясной хаціне. Цяпер там ніхто не жыве, і Аляксандр Аляксандравіч час ад часу ходзіць туды, каб упэўніцца, што ўсё там у парадку. Казаў, што снегу ў лесе поўна. Прыгожа. Сапраўдная зіма. І не дзіўна – на Віцебшчыне заўсёды халадней.

07.01.2023. У дзяцінстве з малодшымі сястрой і братам некалькі разоў да Калядаў выпускалі хатнюю насценгазету. Я прыдумляў вершы, а Валя і Вова малявалі. Адзін верш, якому пяцьдзясят гадоў, з нашай насценгазеты я і сёння памятаю. Ён быў напісаны да малюнка, які зрабіла сястра:

Я над горадам ляцеў,
Да каровы заляцеў.
А карова піражкі
Засыпае у мяшкі…

Дарэчы, пра Марка Шагала, які намаляваў закаханых, што лятуць над Віцебскам, і чароўных віцебскіх козаў, у дванаццаць гадоў я нічога не ведаў…

*     *     *
Калядная зорка свяціла
                                    і свеціць.
Яе не загасіць ніякі ўжо вецер.
Наш Бог нарадзіўся, 
                          і сёння Каляды,
І шчасцем напоўнены душы
                                         і хаты,
І песні калядныя ў неба
                                 ўзлятаюць,
Дзе птушкі й анёлы пра
                        Свята спяваюць.
І ты ў адзіноты нябачнае клетцы
На зорку глядзіш, і яна 
                            ў тваім сэрцы
Знаходзіць крывінку, якая
                                      ад Бога.
І перад табою сусвет і дарога,
І ты ўжо шчаслівы – з табою 
                                       Каляды,
І ты ўжо, як птушкі ў нябёсах,
                                     крылаты,
І ты вылятаеш з нябачнае клеткі.
І снег, што на дрэвах – 
                         бялюткія кветкі.
І неба далёкае блізка, так блізка,
А ў ім маладзік – нашых 
                         продкаў калыска.

                                       07.01.2024
З Калядамі!