Интервью

Веліч чалавека ў яго працы

Палі —  яе вялізны дом,

                                                                                    Яна заўсёды дома.

                                                                                    Яна з юнацтва аграном,

                                                                                    І гэта ўсім вядома…

                                                                                                  Пятрусь Броўка

Самым вялікім багаццем Валожыншчыны  з’яўляюцца людзі, працавітыя і таленавітыя, якія праславілі наш край  ваеннымі і працоўнымі подзвігамі ў мінулым, якія ствараюць цяперашняе, закладваючы фундамент будучага.Лёс такіх людзей цесна звязаны з лёсам краіны. Пра іх расказвае наша рубрыка.

 Зоя Макараўна Задора — Герой Сацыялістычнай Працы,  кавалер ордэнаў Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. У розныя часы наша раёнка пісала пра яе. Старэйшыя жыхары рэгіёна добра ведаюць гэтую  знакамітую  жанчыну.   А вось сучасная моладзь наўрад  што можа пра яе расказаць. Таму свой артыкул я прысвячаю жанчыне – працаўніцы, чые дасягненні атрымалі залаты і два бронзавыя медалі на ВДНГ СССР у Маскве і адзначаны  самымі высокімі  дзяржаўнымі ўзнагародамі.  Хочацца, каб маладое пакаленне больш ведала пра такіх людзей і раўнялася на іх.

Зоя Макараўна пачала свой працоўны шлях на валожынскай зямлі ў 1953 годзе. Маладая дзяўчына прыехала ў раён па размеркаванню пасля заканчэння Смальянскага  сельскагаспадарчага  тэхнікума, дзе  атрымала прафесію агранома.  Праз некалькі гадоў яе сталі   называць паважана —  Макараўна.

Няхай узрост і малады
Ды слаўна яна працай!
Дзяўчына шчырае душы,
Хоць ёй крыху за дваццаць…

Спачатку працавала аграномам па ільну, потым – аграномам у Вішнеўскай МТС, у калгасе імя А.Неўскага, імя Ракасоўскага і нарэшце – начальнікам участка ў саўгасе “Падбярэззе”. Гэта  сельгаспрадпрыемства стала для Зоі Макараўны родным.  

У народзе кажуць, што праца чалавека трымае і ўздымае, а гультайства псуе.  Для нашай гераіні  работа заўсёды была галоўным сэнсам  жыцця. Вырошчвала хлеб і бульбу, лён і насенне кармавых буракоў.

                       Ды вось нялёгка ўсё прыдбаць,
             Што просіць праца тая –
                 І позна легчы, рана ўстаць.
                        Усяк яно бывае…                                               

Сапраўды, дарога да поспеху была няпростай. Калі Зоя Макараўна  стала працаваць брыгадзірам, ўраджайнасць   зернавых  складала ўсяго 8-9 цэнтнераў з гектара. Яна разумела, што праца земляроба  не даруе абыякавасці, расхлябанасці і няўвагі. Зямлі патрэбен клопат і цёплыя адносіны, з ёй трэба сябраваць. Таму Зоя Макараўна  ішла на работу, калі суседзі яшчэ спалі, а вярталася, калі яны ўжо спалі. Дачка нашай гераіні — Ала Аляксандраўна расказвае: “Мы  маці дома бачылі рэдка. Здаецца, што яна працавала дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Зімой ездзіла па палях і фермах  на кані, вясной, летам і восенню – на веласіпедзе, пазней на матацыкле…”

Дзякуючы напору, адказнасці і прынцыповасці,  выкарыстанню новых  падыходаў і  тэхналогій  у  раслінаводстве, яе хлебны каравай  з кожным годам станавіўся больш важкім. У хуткім часе ураджайнасць зернавых павялічылася  ў пяць разоў і дасягнула  40-50 цэнтнераў, а  ўраджайнасць бульбы вырасла з 80 да 400 цэнтнераў з  гектара. Насенне  кармавых  буракоў з га склала 20 ц. Гэты паказчык быў самы высокі ў краіне. 

Вось так на зямлі саўгаса “Падбярэззе” прарасло  зерне Зоі Макараўны і дало багатыя ўраджаі. Тут яна стала сапраўдным уладаром саўгасных палеткаў, навучылася радавацца  ўзыходу сонца, абложным веснавым дажджам.З заміраннем сэрца назірала, як паднімаецца ад узаранай нівы  пара, прыслухоўвалася да подыху  зямлі, да першых птушыных галасоў. Нахілялася і брала ў далонь наліты жыццёвай сілай колас. З сумам праводзіла жураўліны клін, што цягнуўся ўдалеч над апусцелымі палямі. Тады Зоя Макараўна адчувала сябе неяк няёмка. Быццам нешта адышло, адарвалася ад яе. І яна зноў чакала вясну, каб убачыць, як зелянеюць палі, як ідуць у рост пакуль яшчэ кволыя расліны, як яны набіраюць моц.

Вось так усё сваё жыццё наша гераіня  прысвяціла любімаму  саўгасу, вёсцы, калгаснай ніве. І ніколькі аб гэтым не пашкадавала. Тут яна  набіралася жыццёвай моцы і сілы.На гэтай зямлі яна дасягнула высокіх вынікаў у працы, заваявала давер і павагу  калгаснікаў.Яназаўсёды імкнулася разумець людзей і дапамагаць ім. Яе грамадзянская пазіцыя была такая: “Служыць народу і дзяржаве аддана і чэсна!”  Наша гераіня  прадстаўляла Валожынскі раён на XXVI з’ездзе КП Беларусі і XXVI з’ездзе Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, была членам Мінскага абкома і Валожынскага райкома КПБ, намеснікам сакратара парткома саўгаса, дэпутатам Падбярэзскага сельскага Савета.

Як нельга жыць без любові да Радзімы, работы, сяброў, так немагчыма пражыць  без свайго дома і  сям’і.  У жыцці  Зоі Макараўны сям’я была надзейным тылам і крэпасцю.Муж, Аляксандр Канстанцінавіч, заўсёды дапамагаў жонцы па дому, ва ўсім яе падтрымліваў. Дзеці ( іх трое:  дзве дачушкі – Ала і Людміла і сын Саша) з дзяцінства раслі  самастойнымі і адказнымі, добра вучыліся ў школе,  атрымалі вышэйшую адукацыю,  сталі паважанымі людзьмі. 

Лёс ставіўся да нашай гераіні станоўча, надзяляючы талентам жыць, а разам з ім і здольнасцю шмат працаваць. Усё гэта былоў жыцці Зоі Макараўны  і назаўсёды захоўваецца ў памяці, пакуль яе ногі ходзяць па зямлі. Чым больш яна  жыве на свеце, тым больш міма волі ўзнікае жаданне прайсціся па сваім жыцці назад. У думках узгадаць даўно перажытае, каб усвядоміць патрэбнасць і вартасць усяго, што калісьці адбывалася. І сёння яе  погляды на жыццё не змяніліся.  Яна добра ведае, што з неба нічога не падае.  Таму кожны чалавек павінен многа працаваць,  каб жыць камфортна і дастойна.  Гэтаму яна вучыла сваіх дзяцей  і гэтаму  вучыць цяпер сваіх унукаў і праўнукаў.