Интервью

Ніна Жданюк: “Маё жыццё складвалася так, што ўвесь час хацела вучыцца»

Ніна Уладзіміраўна Жданюк усё працоўнае жыццё прысвяціла нашаму раёну: ад педагога вырасла да дэпутата парламента. І на якой бы пасадзе яна не працавала, заўсёды старалася быць эталонам – у ведах, паводзінах, рабоце. Вучыла іншых і пастаянна вучылася сама. У размове так і зазначыла: “Маё жыццё складвалася так, што ўвесь час хацела вучыцца. І нават калі мне было 50, і я паступіла ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце: разумела, што пайду на пенсію, але мела на мэце штосьці даведацца, чамусьці навучыцца, пазнаёміцца з новымі людзьмі, зарадзіць сябе маладым запалам”.

Нарадзілася Н. У. Жданюк у Мінску ў простай сям’і: была трэцяй па ліку з чатырох дзяцей. Бацька працаваў на тонкасуконным камбінаце, матуля займалася выхаваннем нашчадкаў. Але ў сталіцы пражылі нядоўга: памёр дзядуля па бацькавай лініі, і яны пераехалі ў вёску, што ў Дзяржынскім раёне, каб дапамагаць бабулі спраўляцца з гаспадаркай. Бацькі дзяцей вельмі любілі. Але гэта была не сляпая любоў, а з той працоўнай навукай, якая прывівалася практычна ў кожнай сям’і.

– Я ўспамінаю матулю – надзвычайную акуратыстку, – распавядае Ніна Уладзіміраўна. – Яна любіла парадак і заўсёды вучыла нас: “Калі ў вас будзе парадак у доме, тады будзе парадак паўсюдна – і ў душы, у тым ліку”. Бацька быў працаголікам. Лёс яго склаўся вельмі цяжка: ён прайшоў вайну, канцлагер у Нарвегіі.

Вельмі цікавыя ўспаміны засталіся пра першую пачатковую школу.

– Пайшла ў школу амаль у восем гадоў, – прыгадвае яна. – Мае аднагодкі – у сем гадоў. Мне не хапала некалькі месяцаў, каб пайсці вучыцца разам з імі. І вось усю тую восень я правяла пад вокнамі школы – не ведаю, чаму мяне туды цягнула. Захаплялася настаўніцай, якая ў далейшым стала маім педагогам: яе статнасцю, прыгажосцю, спакоем. І яна не вытрымала: дазволіла мне прысутнічаць у класе. Успамінаю, як быў перапынак, і нам давалі салодкі чай і хлеб. Атрымала такі пачастунак і я. Напэўна, ужо з таго моманту ў мяне зарадзілася гэта цяга да педагогікі.

Таму скончыўшы дзесяць класаў Праўдзінскай сярэдняй школы, у яе зусім не стаяла пытанне, куды пайсці вучыцца. Тады бацькі так дзяцей не апякалі: сама паехала ў Мінск, знайшла педагагічны інстытут, выбрала філалагічны факультэт – беларускую мову і літаратуру, паспяхова здала экзамены, хаця было шэсць чалавек на месца, і стала студэнткай.

– Я вельмі шчаслівы чалавек у тым плане, што на маім шляху сустракаліся цудоўныя людзі: вельмі эрудзіраваныя, адукаваныя, чалавечныя, – працягвае гераіня аповеду. – Прыгадваю, як была на прыктыцы ў 1976 годзе ў СШ № 2: хварэла настаўніца – давялося яе замяняць. Ніхто нада мной не апекаваўся, але мне вельмі хацелася навучыцца ў іншых людзей: сярод іх – намеснік дырэктара школы Марыя Рыгораўна Ляўко, настаўніца беларускай мовы Эльвіра Якаўлеўна Протас. Іх даўно няма, але яны не могуць знікнуць з памяці, бо пакінулі след у душы: настолькі далікатныя, тактоўныя, разумныя, спакойныя, ураўнаважаныя. Вось гэтыя якасці проста “заглытвала” з задавальненнем.

У Валожын Ніна Уладзіміраўна, па яе словах, патрапіла вельмі проста: будучы студэнткай, закахалася ў свайго Уладзіміра Ільіча, сям’я якога тут пражывала.

Пачынала працоўную дзейнасць у Філіпіняцкай, праз год перавялі ў Даўбенеўскую васьмігадовую школу. Пасля на дзесяць гадоў затрымалася выкладчыкам у Валожынскім ПТВ-208.

– Цудоўны малады калектыў здолелі арганізаваць і сабраць напачатку Леў Вадзімавіч Бяляўскі, а пасля Вячаслаў Вікенцьевіч Бурко. Я прыйшла, калі дырэктарам быў Вячаслаў Вікенцьевіч. Яго кіраўніцкі вопыт, разуменне людзей, адчуванне іх педагагічных здольнасцей дазволілі быць наперадзе: вучылішча нават на саюзным узроўні некалькі разоў станавілася пераможцам сацспаборніцтва, – распавядае Н. У. Жданюк.

Пасля два гады адпрацавала інструктарам райкама партыі, загадчыкам аддзела агітацыі і прапаганды. Гэта таксама была школа жыцця: партыйныя лідары Канстанцін Канстанцінавіч Хвянько, Ніна Уладзіміраўна Пташнік, Софія Ігнацьеўна Кавяза, Сяргей Сяргеевіч Маляўскі, Вацлаў Аляксандравіч Харук ішлі далёка наперадзе, а яна – за імі.

Але вучэбная дзейнасць перасіліла: яна вярнулася назад у вучылішча і пяць гадоў з’яўлялася намеснікам дырэктара. Ніна Уладзіміраўна заўважыла, што метадычная работа, работа з маладымі рабятамі – тая навука, якая ўмацоўвала не толькі псіхалагічна, але пашырыла веды па ўсіх кірунках. Далей ёй прапанавалі пасаду намесніка начальніка раённага аддзела народнай адукацыі. Бываючы ў школах, увесь час мела зносіны з людзьмі, што ўзбагачала яе саму.

А калі паўстала пытанне, каму ўзначаліць школу-інтэрнат, адзіны раз, калі яна сама папрасілася на гэту пасаду: унутрана адчувала, што мала зрабіла, а можа намнога больш. Ёй вельмі хацелася стаць гаспадыняй гэтага дома і матуляй для дзяцей.

– Калі б у мяне запыталіся, што галоўнае ў маім жыцці, я б адказала: гады, пражытыя ў школе-інтэрнаце. Гэта насамрэч была сям’я – вельмі вялікая: не з чатырох-пяці-сямі чалавек, а з 240. У ёй былі свае тайны, сакрэты, і мы ўсё рабілі самі. Да маёй вялікай радасці педагагічны калектыў усёй душой аддаваў сябе школе. Так, было няпроста – часам вельмі складана, але нам дапамагалі дзеці – у рамонце школы, у конкурсе пакояў. І калі ў 2004 годзе мяне вылучылі ў дэпутаты, я знаходзілася летам у Ірландыі, а рамонт рабілі ў школе без мяне. Памятаю, прыехала, у нядзелю раніцай прыйшла ў школу і заплакала – ад таго, што калектыў так пастараўся. Тады ім сказала: “Я ўжо вам не патрэбна – вы ўсё самі ведаеце, умееце, усяму навучыліся”, – расказвае Ніна Уладзіміраўна.

Дэпутацкая дзейнасць стала яшчэ адной важнай старонкай жыцця. Па словах Ніны Уладзіміраўны, у парламенце вучышся палітычнай мудрасці, набіраешся кіраўніцкага вопыту – гэта не азначае, што глядзіш на людзей зверху: наадварот, ты з імі як быццам у адной звязцы. Работа дэпутата дала магчымасць ёй пазнаёміцца з вельмі адданымі сваёй краіне людзьмі – людзьмі ад зямлі, ад жыцця, ад простага чалавека. А яшчэ – дапамагла бліжэй даведацца пра родную Беларусь.

Я палюбіла Валожыншчыну ўсёй душой: мне здавалася, што яна – частка майго жыцця, любімая і дарагая сэрцу. Бо тут мая сям’я, сябры, калегі, людзі, якіх паважаю, люблю і цаню. Мне пашчасціла не сустрэць здрадніцтва на сваім шляху, людзей, якія маглі б моцна пакрыўдзіць. Хаця, безумоўна, надараліся складанасці, цяжкасці, але ўсё гэта загартоўвала ўнутрана і знешне, бо разумела, што павінна ў гэтым жыцці нешта пакінуць. І ў большай ступені не для кагосьці, а для сябе.

– Сказаць, што я яе люблю – вельмі мала: не ўяўляю, што магу жыць у іншай краіне і штосьці там рабіць. Дзякуючы старшыні парламента Уладзіміру Мікалаевічу Канаплёву, мы пабывалі ва ўсіх абласцях, наведалі многія прадпрыемствы, калгасы, фермы, працоўныя калектывы. І вось гэта блізкасць да людзей давала магчымасць прымаць законы так, каб максімальна прыблізіць іх да чалавека, – кажа Н. У. Жданюк.

Пасля парламента заставаўся адзіны год да пенсіі, які яна таксама прысвяціла школам: працавала ў Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі.

…Успаміны – гэта адзіны рай, з якога ты не можаш быць выгнаны. Таму для мяне ўспаміны – не толькі прыемныя моманты, цеплыня, душэўная асалода, а, канешне, і хвіліны засмучэння, і цяжкасці, і трагедыі. Але ні адну гадзіну не шкадую аб тым, які Бог мне паслаў лёс – са сваімі складанасцямі, са сваім хараством і радасцю. Бо, напэўна, гэты лёс зрабіў мяне такім чалавекам, які я ёсць сёння.

…Сёння Ніна Уладзіміраўна Жданюк знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Як трапна заўважыла: “Жыву адна, але не ў адзіноце”. І гэта, напэўна, самае важнае для чалавека ў мудрым узросце. Яе цешыць, што прозвішча Жданюк на Валожынскай зямлі не знікла – яно годна працягваецца ў нявестцы, загадчыцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірыне Жданюк, і ў пляменніцы Алене Жданюк, якая працуе псіхолагам у Валожынскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Алена ЗАЛЕСКАЯ