Першыя пасляваенныя навучальныя гады, якiмi яны былi?
Наш край быў вызвалены ад нямецка-фашысцкiх акупантаў з 3 па 7 лiпеня 1944 года ў ходзе Мiнскай, Вiльнюскай i Беластоцкай наступальных аперацый, якiя вялiся армiямi 3-га Беларускага фронта i партызанскiмi атрадамi Баранавiцкага злучэння. Адной з асноўных i першапачатковых задач было аднаўленне сiстэмы народнай адукацыi, якое адбывалася ў складаных умовах.
Валожынскi раённы аддзел народнай адукацыi (РАНА) пачаў гэту працу з першых дзён вызвалення раёна. Перад супрацоўнiкамi аддзела стаяла шмат важных задач, сярод якiх на першым месцы – аднаўленне заняткаў у школах. Для яе вырашэння былi патрэбны будынкi, педагагiчныя кадры, падручнiкi i г. д. Праводзiлася iнвентарызацыя школьнай маёмасцi, дырэктарамi i загадчыкамi школ састаўлялiся акты аб знiшчэннi нямецкiмi акупантамi школьных памяшканняў i iнвентару. Што маглi, рамантавалi сваiмi сiламi. У тых населеных пунктах, дзе школы былi знiшчаны, заняткi арганiзавалi ў вясковых хатах.
Востра адчуваўся недахоп педагагiчных кадраў. Многiя настаўнiкi не мелi спецыяльнай педагагiчнай адукацыi. Загадам Валожынскага РАНА № 252 ад 08.12.1944 такiх настаўнiкаў абавязалi пачаць вучобу ў Пастаўскiм педагагiчным вучылiшчы (завочная форма навучання), а настаўнiкаў з сярэдняй педагагiчнай адукацыяй – павышаць сваю квалiфiкацыю ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце (завочная форма навучання) на фiзiка-матэматычным, гiстарычным, геаграфiчным i фiлалагiчным факультэтах, а таксама ў Мiнскiм педагагiчным iнстытуце на аддзяленнях гiсторыi, мовы i лiтаратуры i фiзiка-матэматычным.
З матэрыялаў РАНА за снежань 1944 года бачна, што ў раёне працавалi 64 школы: сярэдняя школа (СШ) – 1, няпоўныя сярэднiя школы (НСШ) – 10, пачатковыя школы (ПШ) – 53.
Спiс школ у загадзе № 251 ад 8 снежня 1944 года даецца на рускай мове:

У 1945 годзе ў раёне налiчвалася каля 170 настаўнiкаў.
Школы актыўна ўключылiся ў грамадскае жыццё краiны. У снежнi 1944 года Валожынскi РАНА iнiцыяваў збор сродкаў на пабудову танкаў i самалётаў. Гэтыя сродкi патрэбна было здаць па спiсах у РАНА да 15 снежня 1944 года.
РАНА трымаў на кантролi i метадычную работу сярод настаўнiкаў. 8 снежня 1944 года быў падпiсаны загад аб аднаўленнi метадычных аб’яднанняў школ. Спачатку заняткi ў iх праводзiлiся па выхадных днях з мэтай павышэння сваiх ведаў па рускай i беларускай мовах, а таксама для вырашэння метадычных пытанняў. Затым устанаўлiвалiся пэўныя днi. Праводзiлiся адкрытыя ўрокi i рыхтавалiся даклады. Напрыклад, на адным з аб’яднанняў былi два адкрытыя ўрокi ў першым класе: па беларускай мове i арыфметыцы i даклад на тэму «Метады выхаваўчай работы ў савецкай школе». Тэма была раздзелена на тры падтэмы: выхаванне ў час навучання, пазашкольнае выхаванне (праца ў гуртках, з бацькамi), прывiццё санiтарна-гiгiенiчных навыкаў. Кiраўнiкамi прызначалiся вопытныя настаўнiкi, якiя мелi сярэдне-педагагiчную або вышэйшую адукацыю. Iм патрэбна было да 15 снежня 1944 года саставiць праграму работы метадычнага аб’яднання i пераслаць у РАНА. За работу i наведванне пасяджэнняў аб’яднанняў адказвалi iх загадчыкi, а таксама дырэктары i загадчыкi школ. Быў уведзены iнстытут грамадзянскiх iнспектараў. У раёне працавалi 22 грамадзянскiя iнспектары. Яны вылучалiся з лепшых настаўнiкаў раёна. Iм было даручана абследаванне гатоўнасцi школ да пачатку навучальнага года.
У 1944/1945 навучальным годзе пераводныя i выпускныя экзамены ў пачатковых i няпоўных сярэднiх школах праходзiлi з 20 жнiўня па 1 верасня 1945 года. Вынiкi гэтых экзаменаў былi падведзены ў вераснi 1945 года, адзначаны недахопы i выпрацаваны меры па iх ухіленнi, пра што сведчыць загад № 123 ад 12.09.1945.
1945/1946 навучальны год пачаўся з актыўнай працы ўсiх звёнаў сiстэмы народнай адукацыi. Загадчык РАНА Шчарбак (iнiцыялы невядомы) i школьныя iнспектары I. А. Селiвон i А. М. Шаўлюк праверылi работу метадычных аб’яднанняў. Мэтай яшчэ адной праверкi быў усенавуч. У першыя пасляваенныя гады дзецi разам з дарослымi працавалi на сваiх гаспадарках, многiя сем’i былi няпоўнымi, а цяжкая сялянская праца патрабавала рук, хоць бы i дзiцячых. Адзначалiся выпадкi, што першага верасня 1945 года ў некаторых школах да заняткаў прыступiлi не ўсе дзецi, якiя значылiся ў спiсах вучняў школ. Напрыклад, у Поцях з 84 вучняў толькi 13, у Люцiнцы з 95 – 15 вучняў.
На строгiм кантролi аддзела народнай адукацыi знаходзiлася вучэбная дысцыплiна ў школах. У загадзе ад 12 верасня 1945 года было падкрэслена, што «охват детей всеобучем не частное дело, а дело великой государственной важности». Дырэктары i загадчыкi школ павiнны былi падаваць звесткi ў РАНА аб наведвальнасцi заняткаў кожныя дзесяць дзён (10-ы, 20-ы i 30-ы дзень) кожнага месяца. Настаўнiкi праводзiлi растлумачальную работу з насельнiцтвам аб ахопе дзяцей усеагульным навучаннем. Да гэтай справы прыцягвалi таксама бацькоўскiя камiтэты. Да бацькоў, якiя не пускалi дзяцей у школу, прымянялiся строгiя меры. На iх складалi акты i перадавалi ў пасялковыя саветы для накладання штрафу, памер якiх быў ад 200 да 500 рублёў. Справы самых злосных парушальнiкаў адпраўлялi ў народны суд.
На працягу 1945/1946 навучальнага года на кантролi РАНА знаходзiлася выхаваўчая работа ў школах. Класныя кiраўнiкi павiнны былi састаўляць на кожную чвэрць план выхаваўчай работы, весцi дзённiк класнага кiраўнiка, журнал па ўлiку пазакласнай i пазашкольнай работы. Дырэктары, загадчыкi школ i завучы павiнны былi кожны дзень правяраць канспекты ўрокаў настаўнікаў. Пры iх адсутнасцi настаўнiкi не дапускалiся да правядзення ўрокаў, а звесткi пра такія выпадкі перадавалiся ў РАНА.
Згодна з загадам мiнiстра асветы БССР, раённым аддзелам адукацыi з 1 снежня 1946 года была праведзена рэарганiзацыя пачатковых класаў (1-4 класы) з мэтай павелiчэння напаўнення класаў i скарачэння камплектаў.
У якасцi прыкладу разгледзiм Вiшнеўскую НСШ. На 1 снежня 1946 года сiтуацыя выглядала наступным чынам: 1а – 26 вучняў, 1б – 26 вучняў, 2а – 26 вучняў, 2б – 26 вучняў, 3а – 26 вучняў, 3б – 26 вучняў, 4 – 36 вучняў, усяго – 192 вучнi, 7 камплектаў. Пасля рэарганiзацыi: 1а (26 вучняў) + 2а (12 вучняў), 1б (26 вучняў) + 3а (12 вучняў), 2б (40 вучняў), 3б (40 вучняў), 4 (36 вучняў), усяго – 192 вучнi, 5 камплектаў.
Дырэктарам СШ, НСШ i загадчыкам ПШ было даручана прызначыць у падвоеныя класы лепшых настаўнiкаў, а вызваленых настаўнiкаў накiраваць у распараджэнне РАНА.
Пачынаючы з 1945/1946 навучальнага года, быў здзейснены пераход на вясеннiя пераводныя i выпускныя экзамены. Загад РАНА № 34 ад 18 красавiка 1946 года вызначыў парадак завяршэння 1945/1946 навучальнага года i склад экзаменацыйных камiсiй выпускных класаў. Навучальны год у 4-м i 7-м класах закончыўся 15 мая, а ў пераводных класах – 1-м, 2-м, 3-м, 5-м, 6-м, 8-м i 9-м – 17 мая. 18 мая ва ўсiх СШ i НСШ прайшлi пасяджэннi педагагiчных саветаў, на якiх абмяркоўвалася пытанне аб допуску навучэнцаў 4-х i 7-х класаў да экзаменаў, а 5-х, 6-х, 8-х i 9-х класаў – да пераводных экзаменаў, вучняў с першага па трэцi клас – аб пераводзе ў наступны клас. У гэты ж дзень загадчыкi метадычных аб’яднанняў, у якiя ўваходзiлi пачатковыя школы, правялi пасяджэннi, на якiх абмяркоўвалася пытанне аб пераводзе вучняў 1-га, 2-га, 3-га класаў у наступны клас i аб допуску вучняў 4-га класа да выпускных экзаменаў. Па кожнай школе абмеркаванне праводзiлася асобна. Загадчыкi школ павiнны былi з’явiцца на пасяджэнне са звесткамi аб паспяховасцi вучняў за кожную чвэрць. Копii пратаколаў пасяджэнняў педсаветаў i метадычных аб’яднанняў адразу перадавалiся ў РАНА. Для прыёму выпускных экзаменаў былi створаны камiсii.
Напрыклад I. А. Матысяк узначалiў камiсiю, якая прымала iспыты ў вучняў 4-х класаў Навасёлкаўскай ПШ, Каралiноўскай ПШ, Поцеўскай ПШ, Анцэлеўскай ПШ, Ластаянскай ПШ, Рымавiцкай ПШ. У склад камiсii ўваходзiлi таксама настаўнiцы В. Вайцяхоўская i М. П. Слiжэўская.
Пасля 7-га класа навучэнцы здавалi экзамены па беларускай i рускай мовах i лiтаратурным чытаннi; матэматыцы; гiсторыi, Канстытуцыi, геаграфii; фiзiцы; заалогii; замежнай мове.
Школьнiкi прымалi ўдзел у грамадска-карыснай працы: збiралi плады дзiкарослых дрэў i кустоў, лекавыя травы; працавалi на азеляненнi школ: кожны вучань павiнен быў пасадзiць 3 пладовыя дрэвы i 2-3 кусты, як было сказана ў адным з загадаў за сакавiк 1946 года; прыводзiлi ў парадак магiлы байцоў Чырвонай Армii i партызан Вялiкай Айчыннай вайны. Згодна з iнструкцыяй, Наркамасветы БССР вясной 1946 года ў кожнай школе пачалi арганiзоўваць прышкольныя ўчасткi, з лiку старшакласнiкаў былi створаны брыгады па правядзеннi на iх пасяўных работ. Таксама вучнi займалiся вырабам iнвентару, нарыхтоўкай угнаення, зборам насення, закладкай парнiкоў i г. д. Справа азелянення, пасадкi садоў i лясоў не сыходзiла з парадку дня кожны год. У адным з загадаў адзначалася, што настаўнiкi павiнны растлумачваць вучням, «какое большое значение имеет для нашей социалистической Родины насаждение садов и лесов».
Так, па рашэнні выканкама Валожынскага райсавета дэпутатаў працоўных ад 15 снежня 1948 года ў раёне праводзiлася «дэкада саду i лесанасаджэнняў», у якой школы раёна прынялi актыўны ўдзел. Згодна з загадам № 116 ад 18 кастрычнiка 1948 года, гэта дэкада праводзiлася ў школах з 17 па 27 кастрычнiка 1948 года. Дзецi пасадзiлi пладовыя дрэвы, дэкаратыўныя кусты i дрэвы ўздоўж дарог каля школ, заклалi гадавальнiкi пладовых i ягадных кустоў. Звесткi аб ходзе дэкады кожны дзень перадавалiся школамi ў РАНА.
Не засталiся без увагi i пытаннi гарманiчнага развiцця асобы дзiцяцi, арганiзацыi iх вольнага часу. У сакавiку 1946 года быў падпiсаны загад РАНА аб арганiзацыi культурнага адпачынку дзяцей на час вясеннiх канiкул: укамплектаванне школьных бiблiятэк, адкрыццё пакояў-чытальняў у школах, арганiзацыя калектыўных праглядаў кiнастужак, экскурсii, лекцыi на навукова-папулярныя тэмы. Было рэкамендавана таксама наладзiць выпуск школьных i класных насценгазет.
А ў маi 1946 года для паляпшэння выкладання фiзiчнай падрыхтоўкi ў 1-4 класах СШ, НСШ i ПШ былi прызначаны адказныя i выкладчыкi фiзiчнай падрыхтоўкi ў 1-4 класы. Напрыклад, у Валожынскую СШ № 2 быў прызначаны А. А. Навiцкi.
Яшчэ адным важным напрамкам дзейнасцi сiстэмы адукацыi з’яўлялася лiквiдацыя непiсьменнасцi. Паводле загаду Валожынскага РАНА № 40 ад 18 мая 1946 года, дырэктарам i загадчыкам школ да 1 чэрвеня 1946 года патрэбна было правесцi ўлiк непiсьменнага насельнiцтва па школьных раёнах. Спiсы непiсьменных састаўлялiся ў двух экзэмплярах: адзiн – у РАНА, другi – для адказных па лiквiдацыi непiсьменнасцi, якiя гэтым жа загадам былi прызначаны ў раёне, усяго 23 чалавекi (21 – па колькасцi сельсаветаў i 2 чалавекi – г. Валожын). Яны павiнны былi падабраць культармейцаў з лiку пiсьменнага насельнiцтва, камсамольцаў i навучэнцаў старэйшых класаў. Дырэктарам СШ i НСШ да 5 чэрвеня 1946 года патрэбна было таксама правесцi ўлiк падлеткаў i моладзi, якiя падлягалi навучанню ў школах рабочай моладзi, i да 10 чэрвеня перадаць спiсы ў РАНА.
Пасляваеннае жыццё ў раёне наладжвалася. Разам з iм аднаўлялася адукацыйная сiстэма: паляпшалася матэрыяльна-тэхнiчная база школ, калектывы настаўнiкаў папаўнялiся першымi пасляваеннымi выпускнiкамi педагагiчных вучылiшчаў, настаўнiцкiх iнстытутаў i іншых вышэйшых навучальных устаноў, павышаўся ўзровень вучэбна-метадычнай работы, умацоўвалася школьная дысцыплiна. Школа ўпэўнена глядзела ў будучыню.
З павагай, Iрына ПУПА