У памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” праходзіць выстава “У творчасці няма ўзросту” Станіславы Пятруцкай.
Станіславу Іосіфаўну з яе саламянымі вырабамі добра ведаюць як у раёне, так і за яго межамі. Майстрыха ўдзельнічала не толькі ў шматлікіх выставах, але і ў раённых, абласных конкурсах “Саламяныя дзівосы”, “Саламяны цуд”, рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці і інш. Вырабленыя ёй рэчы адрозніваюцца непаўторнасцю, высокай якасцю і прыгажосцю.
Жанчына нарадзілася ў далёкім 1934 годзе ў вёсцы Войштавічы Валожынскага раёна. У мінулым годзе яна адзначыла 88-годдзе, але, нягледзячы на такі паважаны ўзрост, без справы не сядзіць – займаецца саломапляценнем, канструяваннем з пластыкавых трубачак і паперы, вязаннем на прутках і шыдлоўкам. Пачатковыя навыкі яна пераняла ў дзяцінстве ад бацькоў, а пасля на працягу ўсяго жыцця ўдасканальвала іх. Цяпер Станіслава Іосіфаўна з’яўляецца таленавітым майстрам па саломапляценні.
У свой час наша гераіня закончыла тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, але займалася больш выкладчыцкай дзейнасцю. Шмат гадоў працавала ў агульнаадукацыйнай школе. Пазней рамяству саломапляцення вучыла дзяцей у цэнтры дзіцячай творчасці і Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце.
Разнастайнасць саламяных вырабаў на выставе ўражвае. Мноства павукоў, абярэгі, шкатулкі, вазы, дэкаратыўныя кветкі, капелюшы, самавар, аб’ёмныя фігуркі, лялькі ў саламяных уборах затрымліваюць на сабе позірк. Адмысловыя залацістыя рэчы нібы ўтрымліваюць гарачыню сонца, спеласць жытнёвай нівы, цяпло чалавечых рук.
Падчас адкрыцця выставы Станіслава Пятруцкая расказала пра ўласны жыццёвы шлях, сваё захапленне саломкай, пра рэчы, прадстаўленыя на выставе. Метадыст народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” Таццяна Кісель правяла майстар-клас па вырабе элементаў саламянага павука.
20 лютага 2020 года беларускія мастацкія практыкі саломапляцення як адметная праява нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А 1 снежня мінулага года саломапляценне Беларусі ўключана ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, куды ўжо ўваходзілі беларускія абрады “Калядныя цары” і “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст і традыцыі бортніцтва.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара