Интервью

Тут мае 40 гадоў…

Нядаўна ў Маладзечне прайшла вялікая ўрачыстасць, прымеркаваная да 85-годдзя ўтварэння Мінскай вобласці. На мерапрыемстве за вялікі ўклад у развіццё сталічнага рэгіёну Падзякай міністра працы і сацыяльнай абароны быў узнагароджаны выхавацель Івянецкага дома-інтэрната Валянцін САБАЛЕЎСКІ. Ва ўстанове ён працуе 41-ы год. Прыйшоў пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, але гадзін настаўніка геаграфіі не хапала, і яму прапанавалі работу выхавацеля. Ні разу аб гэтым не пашкадаваў – наадварот, за дзесяцігоддзі інтэрнат стаў для яго другім домам.

– Валянцін Антонавіч, памятаеце той час, калі прыйшлі на працу ў Івянецкі дом-інтэрнат?

– Безумоўна. На тэрыторыі размяшчаліся 6 драўляных домікаў, што называлі карпусамі, а да іх далучаліся шматлікія прыбудовы, якіх налічвалася 26. Знаходзіліся тут на выхаванні 180 дзяцей.

Сустрэлі мяне добразычліва. Многаму навучыўся ў колішняга дырэктара Фёдара Лазаравіча Гольдшмідта – франтавіка, чалавека энергічнага, аддадзенага любімай справе: ён прыходзіў на работу ў 7 гадзін раніцы, а заканчваўся яго дзень каля 10 вечара. Сам шмат працаваў і іншым не даваў “сумаваць”. На заслужаны адпачынак пайшоў у 80 гадоў! Можна сказаць, жыла домам-інтэрнатам і завуч Марыя Максімаўна Багель. Шмат сіл і старання ў навучанне і выхаванне ўклалі настаўнікі Генадзій Вікенцьевіч Лапуцкі, Анатолій Уладзіміравіч Басько, Уладзімір Іванавіч Казакоў.

Мне далі групу з 8 дзяцей – некаторыя з іх былі мае равеснікі: па 20-23 гады. Таму агульную мову знайшлі хутка. Адразу стаў актыўным удзельнікам мастацкай самадзейнасці – і ў гэтым вялікая заслуга Дзмітрыя Краскоўскага. Пеў у хоры, танцаваў, іграў на бас-гітары і ўдарных інструментах – усяму навучылі нашы выхаванцы Андрэй Жукаў і Саша Таранчук. Любіў расказваць юмарыстычныя маналогі, за што жартам называлі “Петрасян”. А ў снежні 1982-га ўпершыню стаў Дзедам Марозам – з таго часу гэта роля “праследуе” мяне па жыцці ўжо пяты дзясятак.

У 1990 годзе быў уведзены ў строй новы будынак інтэрната – працаваць стала намнога камфортней. У гэты ж перыяд завязаліся цесныя гуманітарныя сувязі з іншаземцамі. Даводзілася шмат суправаджаць іх у паездках, займацца афармленнем прывезеных грузаў, арганізоўваць сустрэчы з жыхарамі Івянца і наваколля. Тэрыторыя інтэрната была вялікая і заўсёды ўтрымлівалася ў ідэальным парадку, дзякуючы дзецям. Асабліва хочацца адзначыць Таню Собалеву, Аксану Клемантовіч, Сяргея Грышаёнка, Валеру Галомзіка – усіх і не пералічыць! Таксама ў 90-я гады ўдалося пашырыць экспазіцыю гісторыка-краязнаўчага музея. Шмат паездзілі па аддаленых вёсках і хутарах, збіраючы экспанаты, а затым афармляючы новыя залы.

– Вы ж вучыліся на педагога, а тут давялося займацца выхаваннем, ды яшчэ і асаблівых дзяцей? Як знаходзілі падыход?

– Ведаеце, зрабіць гэта бывае даволі складана, асабліва калі прыязджаюць новыя выхаванцы: яны замкнутыя ў сабе, заціснутыя, зацыкленыя. Вось пазалетась прыехала да нас у 10 клас Вольга Вінель – няпроста было яе вывесці нават на размову. Цяпер ужо адаптавалася, прызвычаілася, раззнаёмілася, у яе з’явілася добрая сяброўка Насця Радзюк – здружыліся, вадой не разальеш. Стараюся прыслухоўвацца да іх: штосьці сказаць так, як яны хацелі б пачуць, каб дзіця зразумела, што ты яго бок падтрымліваеш, не выступаеш супраць, не забараняеш, дзесьці паслабленне робіш. Але ўсё ў меру.

– Можаце сказаць, што ў такіх дзяцей ёсць чаму павучыцца?

– Так. І ў першую чаргу – імкненню да жыцця, імкненню пераадольваць перашкоды. Вось літаральна ў мінулую нядзелю быў на рабоце з 7 раніцы да 14 дня, і дзеці разам з бібліятэкарам арганізавалі канцэрт. Яны пелі, танцавалі і нават паставілі невялікі спектакль “Рэпка на новы лад”. І ў нас ёсць невялікі хлопчык на інваліднай калясцы – ён так выдатна выступаў: спачатку на падножку ўскочыў, пасля – на каляску, затым ізноў саскочыў. У яго роля сабачкі Жучкі была. Настолькі ўсё хутка рабіў, што я пахваліў: “Ян, ну ты і малайчына, так хораша ў цябе атрымліваецца!” А ён у адказ: “Я ўжо навучыўся, для мяне гэта нескладана”. Таму яны насамрэч умеюць пераадольваць цяжкасці, якія ім давялося зведаць, ды і яшчэ ў жыцці давядзецца перанесці.

Бо не ўсе аднолькава адносяцца да інвалідаў. Хаця, калі ездзім па Івянцы, нас ведаюць, ведаюць, што ёсць такі дом-інтэрнат, таму мы не прыцягваем увагі. А вось нядаўна ездзілі на пробнае цэнтралізаванае тэсціраванне ў Валожынскі каледж, заўважыў: школьнікі, пакуль не раззнаёмяцца, крыху іншымі вачамі глядзяць на нашых выхаванцаў.

– А яшчэ яны, напэўна, умеюць сябраваць, быць шчырымі, адкрытымі, непасрэднымі – такімі, якія ёсць на самай справе?

– Большая частка дзяцей сапраўды харошыя: яны дружныя, заўсёды дапамогуць – нават старшакласнікі штосьці падкажуць. На іх можна паспадзявацца – безумоўна, па меры іх магчымасцей.

– Зразумела, лёс кожнага выхаванца – непадобны да іншага. Тым не менш за працяглы час Вашай работы ёсць такі, што асабліва запомніўся: чалавек вытрымаў усё і ўладкаваўся ў жыцці?

– Канешне ж, ёсць. Вось, напрыклад, Андрэй Шкуткоў, далёка жыве, у Касцюковічах. Арганізаваў і па гуманітарнай лініі прыязджаў сюды разам з валанцёрамі з невялікімі падарункамі. Дзецям, ды і нам было вельмі прыемна. Некалькі дзён таму тэлефанаваў мне з Дамачава, што каля Брэста, на мяжы з Украінай і Польшчай, Коля Зань. Скончыў наш дом-інтэрнат даўно, але сувязь не губляе. Хочацца ўзгадаць Сашу Грышаёнка: харошы хлопец, крышачку накульгваў, узначальваў камсамольскую арганізацыю – быў настолькі актыўным і ў грамадска-карысных справах, і ў мастацкай самадзейнасці. Прайшло шмат гадоў, як яны пакінулі сцены дома-інтэрната, але ім усё роўна цікава ведаць, што тут новага.

Гэтыя бярозкі і рабінкі, якія растуць каля дома-інтэрната… Калісьці мы з дзецьмі і івянецкімі ветэранамі вайны, якіх, на жаль, ужо ніводнага не засталося на зямлі, садзілі разам. Вясной 1984 года закладвалі парк у гонар 40-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Цяпер даглядаем за імі. Новым дзецям, якія прыязджаюць да нас, заўсёды кажу: “Калі садзілі гэтыя дрэўцы – яны былі танюткія і маленькія, вышынёй усяго 70-80 сантыметраў ад сілы. А сёння якія прыгожыя і вялікія выраслі!” Гледзячы на іх, адразу ў маёй памяці ўсплывае: “Вось твае 40 гадоў…”

 – Валянцін Антонавіч, а што Вы асабіста атрымліваеце ад зносін з імі?

 – Прасцей сказаць – прыкіпеў. Я, напрыклад, у выхадны дзень не магу ўседзець дома – чакаю рабочага тыдня. Ідучы на працу, ведаю, што мне трэба рабіць, якія пытанні вырашаць. Гэта дапамагае жыць, узнімае настрой, а самі зносіны даюць магчымасць даведвацца штосьці новае, па-іншаму зірнуць на тое, што здавалася звыклым.

    За гады працоўнай дзейнасці ездзіў на падпрацоўку ў Курдуноўскую, Пральніцкую, Сівіцкую базавыя школы. Шмат гадоў працую педагогам дадатковай адукацыі ў Івянецкай адзінаццацігодцы, а таксама ў Івянецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі на базе інтэрната – праводжу заняткі па інтарэсах у гуртках “Спадчына”, “Тэатр мініяцюр”. Але застаюся аддадзены першапачатковаму выбару.

– Што Вас тут прыцягвае?

– Самае галоўнае – гэта дзеці: да іх прывыкаеш, пачынаючы з маленства. У нас вельмі добрая матэрыяльна-тэхнічная база – ёсць усё неабходнае і для вучобы, і для адпачынку, і для лячэння.

 Ужо 20 гадоў дырэктарам працуе Алена Петрашкевіч, і я рады, што мне давялося з ёй працаваць. Дзякуючы Алене Сігізмундаўне, ды і ўсяму калектыву, наш дом-інтэрнат пастаянна ў ліку лепшых устаноў сацыяльнай сферы Беларусі. Працаваць з чалавекам, што заўсёды знаходзіцца ў пошуку, побач з дзецьмі, імкнецца зрабіць для іх усё, што только можна, прымушае і самога ісці следам.

Чаго толькі каштавала апошняя рэканструкцыя музея – зараз нават цяжка ўявіць, колькі часу і сіл было ўкладзена ў гэту справу! Затое цяпер мы можам ганарыцца тым, што наш музей – на вышыні, з’яўляецца, можна сказаць, нашай адметнасцю і своеасаблівасцю, пра што сведчаць запісы ў кнізе водгукаў, захопленыя словы наведвальнікаў і неаднаразова паказаныя сюжэты па розных каналах. Вось рыхтуем конкурс юных экскурсаводаў – падрыхтавалі ўжо адзін відэаролік, напагатове другі. Рады, што ў гэтым ёсць і часцінка маёй заслугі. Побач з работай у музеі ідзе знаёмства са сваім родным краем: мы пастаянна наведваем прамысловыя прадпрыемствы Івянца, брацкія магілы і пахаванні, гістарычныя месцы, знаёмімся з архітэктурнымі помнікамі і асаблівасцямі прыроды пасёлка і наваколля.

– Як лічыце, у вашым доме-інтэрнаце своеасаблівы свет – ён адрозніваецца ад таго, што за сценамі ўстановы?

 – Несумненна: тут лунаюць цяпло і дабрыня – дабрыня ўсіх работнікаў да дзяцей. Ніхто ў нас дзіця не кіне: дапаможа каляску падвесці куды-небудзь, пакарміць у сталовай, завезці на медыцынскія працэдуры. Калі трэба – ніхто не палічыцца з уласным часам. А яшчэ – нашы выхаванцы тут усе роўныя, няма такога, каб хтосьці вылучаўся. Нам даводзілася бываць у школе – дарэчы, бывалі там неаднаразова, выступалі нават з канцэртамі, сумесныя мерапрыемствы праводзілі, ёсць задумка і сёлета правесці разам з гурткоўцамі. І школьнікі пакуль іншымі вачамі глядзяць на нашых выхаванцаў. Безумоўна, дзіцячая непасрэднасць пасля згладжвае бар’еры – і гэта вельмі добра.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА