У мінулую суботу ў раённым цэнтры культуры прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў раённага літаратурнага конкурсу “Маладыя галасы”, які штогод ладзіцца па ініцыятыве народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама.

На суд журы, а гэта члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Лідзія Гардынец, Наталля Жызнеўская, Кацярына Роўда, член Еўразійскай творчай гільдыі Марыя Мучынская і метадыст народнага калектыву “Рунь” Галіна Гражынская, было прадстаўлена звыш 20 вершаў на беларускай і рускай мовах.

Прыемна адзначыць, што на цырымонію ўзнагароджвання прыехалі канкурсанты з розных куточкаў нашага раёна. Былі сярод іх і тыя, хто спрабуе свае паэтычныя здольнасці ўжо на працягу некалькіх гадоў, і тыя, хто ў гэтым годзе рабіў першыя спробы пяра.
Журы адзначыла высокі ўзровень дасланых на конкурс вершаў і вызначыла пераможцаў. У намінацыі “Шляхамі Перамогі” лепшымі сталі: Уладзіслава Савук (другое месца) і Дзмітрый Андрэеў (першае). Свае ўзнагароды яны атрымалі з рук члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Лідзіі Гардынец, якая горача павіншавала канкурсантаў, пажадала творчых поспехаў і прачытала ім свой верш-пажаданне маладым творцам. А саліст Бабровіцкага сельскага цэнтра культуры Аляксандр Шакун у падарунак для ўсіх прысутных выканаў песню “Дзень Перамогі”. У адзіным парыве зал устаў і спяваў разам з выканаўцам.

Наступную намінацыю “Ганаруся, што я з Беларусі” адкрывала песня нашага земляка Уладзіміра Данчанкі на словы ўдзельніка народнага калектыву “Рунь”, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі
Яўгена Зялкоўскага “Я нарадзіўся ў беларускай хаце”, якую выканаў саліст Вішнеўскага СДК Рычард Рыснік. А ўзнагароджвала пераможцаў вышэй азначанай намінацыі член Еўразійскай творчай гільдыі Марыя Мучынская. Трэцяе месца ў намінацыі “Ганаруся, што я з Беларусі” заняла Вера Такушэвіч, другое падзялілі паміж сабой Марыя Барысава і Дзіяна Кулак. Ну а пераможцам стаў Міхаіл Мендрэлюк.
“Шчасця няма без кахання…” – намінацыя, якая прынесла перамогу Ксеніі Родзевіч і другое месца Марыі Голуб, дыпломы якім уручала самадзейная паэтка Галіна Гражынская, а музычны падарунак – саліст раённага цэнтра культуры Дзмітрый Завацкі.


У намінацыі “Уецца думак карагод” канкурсантаў было больш за ўсё, менавіта таму намінацыя была падзелена на тры ўзроставыя катэгорыі. Самыя юныя паэты, што даслалі вершы ў дадзеную намінацыю, а гэта Марыя Дземідовіч – трэцяе месца, другое – Дар’я Чараповіч і Наталля Пасека і пераможца Павел Жылевіч, атрымалі ўзнагароды з рук члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Жызнеўскай, якая ўласнай песняй “Бацькаўшчына” вітала не толькі ўсіх канкурсантаў, але і ўсіх прысутных.
У сярэдняй узроставай катэгорыі, згодна з набранымі баламі, на трэцім месцы замацаваліся Валерыя Аўтушкова, Вера Такушэвіч і Міхаіл Мендрэлюк, на другім – Арына Калеснікава, а першае месца па праве атрымала Варвара Мельнікава. Узнагароды ім уручала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Кацярына Роўда, якая сваімі вершамі, што прагучалі са сцэны, натхніла моладзь на новыя творчыя дасягненні.
Юрый Пратасевіч, Ксенія Родзевіч і Марыя Голуб занялі адпаведна трэцяе, другое і першае месцы сярод удзельнікаў старэйшай катэгорыі намінацыі “Уецца думак карагод”. Дыпломы адпаведнай вартасці ім уручыла член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” Наталля Жылевіч.

Хочацца адзначыць, што разам з дыпломамі пераможцы конкурсу атрымалі невялікія падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, спонсараў конкурсу: Мінскага дэльфінарыя “Нэма”, магазінаў нашага горада “Зеркало”, “Цветочные соблазны”, “Радуга”, індывідуальных прадпрымальнікаў Бітэль (“Бітрол-Валожын”), Кдырка (кавярня “Каva”), Падарэцкі (“Аўтазапчасткі”) і іншых, а таксама кнігі ад нашага земляка з вёскі Пугачы, вядомага беларускага паэта, пісьменніка, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктара Шніпа і ўдзельнікаў народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь”.
Каштоўныя падарункі ад спонсараў атрымала самая малодшая ўдзельніца конкурсу Наталля Пасека з Ракаўскай сярэдняй школы як самы актыўны ўдзельнік конкурсу.

Гэты дзень гледачам запомніўся як Свята паэзіі, таму што са сцэны адзін за адным гучалі не толькі вершы масцітых паэтаў, але і творы нашых канкурсантаў. А на завяршэнне цырымоніі ўдзельнікі конкурсу, члены журы, вядучыя і гледачы разам з салістамі раённага цэнтра культуры Вольгай Дзедуль, Аленай Санюковіч, Дзмітрыем Завацкім і Андрэем Язерскім натхнёна і пранікнёна спявалі “Гімн Валожынскай зямлі”. У фае цэнтра культуры працавала выстава кніг-навінак, якую арганізавала цэнтральная раённая бібліятэка. А на фоне банера конкурсу “Маладыя галасы” можна было зрабіць памятныя здымкі.
Падрыхтаваў і правёў мерапрыемства малады, таленавіты “руневец” Аляксей Герман.
Спадзяёмся, прызы і цудоўная цырымонія ўзнагароджвання паслужаць добрым стымулам для творчасці.
Наш кар.