25 красавіка ў Валожынскім раённым цэнтры культуры “рунеўцы” ладзілі юбілейную вечарыну нашага земляка з вёскі Пугачы, вядомага беларускага паэта, пісьменніка, перакладчыка, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Лаўрэата прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага Савета Міністраў Грузінскай ССР, Лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура”, намесніка дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”, аднаго з заснавальнікаў калектыву “Рунь” – Віктара Шніпа.
У сакавіку бягучага года Віктар Анатольевіч святкаваў 65-годдзе з дня нараджэння. Шырока адзначыўшы гэту падзею ў сталіцы, юбіляр у чарговы раз святкаваў свой юбілей у адным з куткоў яго, як сам назваў, жыццёвага трохкутніка: Мінск – Пугачы – Валожын – сярод землякоў-валожынцаў. Сама назва імпрэзы «Валожынскія мы» падкрэсліла жыццёвыя і творчыя вытокі паэта, яго адданасць родным мясцінам, крыніцы натхнення аўтара для мноства вершаў, балад і дзённікавых раманаў…
На сустрэчу са славутым земляком прыйшло шмат гасцей, ад адданых прыхільнікаў яго творчасці да моладзі, якая ўпершыню знаёмілася з юбілярам і яго вершамі. Надзвычай цёпла, нават па-сямейнаму, ішла размова з паэтам. Прысутных, асабліва падлеткаў, кранала шчырасць, з якой Віктар Анатольевіч расказваў пра цікавыя выпадкі свайго дзяцінства, пра першыя спробы пяра, пра каханне і пра сям’ю…

Са сцэны глядзельнай залы гучалі вершы як у выкананні самога аўтара, так і ўдзельнікаў гуртка літаратурнага мастацтва «Летуценнік». А вось вучні 1 “А” класа гімназіі № 1 горада Валожына падрыхтавалі ў падарунак юбіляру цэлую нізку сваіх любімых вершаў з кнігі В. Шніпа “Кастусь і Міёна”. У якасці музычных падарункаў гучалі песні на словы Віктара Шніпа ў выкананні Людмілы Краснадубскай, вакальнага гурта “Вяснянка” Бабровіцкага СЦК, вакальнай групы Валожынскай ДШМ, самадзейнага музыканта і кампазітара з Івянца Аляксандра Малажавага.

На вечарыну прыехала і жонка паэта, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі – Людміла Рублеўская, якая ўзгадала творчы шлях юбіляра, некаторыя акалічнасці жыццёвых сцяжынак, а таксама падзялілася ўспамінамі пра маладосць і расказала цікавыя выпадкі з асабістага жыцця.

Фотамастак і журналіст, дарэчы, таксама наш зямляк Мікола Ліннік распавеў пра гады дружбы і сумесныя творчыя праекты. А яшчэ са сцэны ў адрас юбіляра гучала шмат шчырых слоў.

Ад імя ўсіх аднавяскоўцаў паэта віншавала член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Жызнеўская, якая прывезла ў падарунак не толькі вершы і песню, але і такі салодкі “васільковы” мёд.

З віншаваннямі і падарункамі на сцэну падымаліся карэспандэнт раённай газеты «Працоўная слава» Кацярына Кароль,

намеснік дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Юлія Барадака і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Святлана Букштуновіч. Ну і, безумоўна, удзельнікі народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь”, якія не толькі чыталі Віктару Анатольевічу свае вершы-прысвячэнні, але і падарылі яму зроблены на заказ макет бацькоўскай хаты, што і сёння чакае яго ў родных Пугачах.
Завяршальным акордам свята прагучаў “Гімн Валожынскай зямлі” ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Сваякі”, які быў падхоплены ўдзельнікамі мерапрыемства і гледачамі, што прыйшлі на вечарыну. Землякі яшчэ доўга не адпускалі Віктара Анатольевіча са сцэны і стоячы віталі яго апладысментамі.
А ў фае, ля выставы кніг юбіляра “Калі ты – паэт”, якую падрыхтавалі супрацоўнікі Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, стаяла вялікая чарга, каб набыць кнігу і ўзяць аўтограф у аўтара, а яшчэ зрабіць на памяць здымак з паэтам.
Наш кар.