Нядаўна падумала, што нядрэнна было б з кімсьці абмеркаваць тэму парадку, бо, па маім трывалым перакананні, людзі дзеляцца на дзве групы: у адной – тыя, хто яго любіць, у другой – каму ён не патрэбен, хутчэй нават раздражняе. Адразу ж успомніла героя інтэрв’ю ў рамках рубрыкі “Сустрэчы па пятніцах” Анатолія БЕЛАКАБЫЛАВА, жыццёвае крэда якога фармулюецца наступным чынам: “Зберагай парадак, і парадак зберажэ цябе”. Мой даўні знаёмец, жыхар Ракава, прадпрымальнік і дабрачынец, чалавек, які больш за ўсіх сярод маіх знаёмых прыкладае намаганняў дзеля яго вялікасці парадку, згадзіўся на ўдзел у праекце.
В. Краўневіч: Анатолій, калісьці Вы далі нашым чытачам шыкоўную параду: “Усё, што можаш зрабіць менш, чым за дзве хвіліны, ніколі не адкладвай напасля”. Я, як кажуць, прыняла да ўвагі. Працуе! Вось бы кожны так меркаваў, грамадства існавала б у вельмі адрэгуляваным свеце.
А. Белакабылаў: Ну, Валянціна, Вы захацелі! Нельга ж забываць, што ўяўленне пра парадак у кожнага – выключна сваё. Так было, так ёсць і так будзе заўсёды. З фактам патрэбна мірыцца, як і з тым, што нельга спрачацца наконт густу, бо ён у чалавека індывідуальны. Я працаваў нядоўга, праўда, дырэктарам санаторыя “Дружба”. Прыйшоў у даволі (мякка сказана) запушчаную, забруджаную ўстанову. Разам з камандай заняўся навядзеннем парадку. Як зараз помню: мы вывезлі 10 прычэпаў хламу і смецця. А начальства не ацаніла! Яно падчас прыёмкі зрабіла заўвагу, быццам парадку не хапае. Цікава, што год таму прыняло санаторый з усім, чым мы запоўнілі тыя прычэпы… Значыць, парадак ва ўяўленні асобных людзей быў тады, а не пасля.
В. Краўневіч: І што Вы зрабілі?
А. Белакабылаў: Звольніўся. Зразумеў, што пры такой рознасці ўяўленняў нам не ў адным кірунку.
В. Краўневіч: Вось і я часта паўтараю: там, дзе я, там можа быць толькі адзін парадак – мой (толькі ў сэнсе асабістага жыцця, не работы). А гэта некаторым сваякам не падабаецца… Не магу жыць так, як адна мая знаёмая, якая ўсё жыццё прысвяціла пошуку чагосьці ў хаосе, што старанна “падтрымлівала” ў доме. Яна заўсёды штосьці шукала – іголкі, запалкі, лекі, мужыкову шапку. Бо яны ляжалі… Дзе б Вы думалі? Усюды! Не знайшла магчымасці адвесці рэчам іх месцы. Мне ў такой абстаноўцы проста балюча. Хвіліну пабыла – захварэла. Дарэчы, родныя спрабавалі гэтай жанчыне дапамагчы навесці сапраўдны парадак, і неаднаразова. Безвынікова! Яна хутка ўсталёўвала свой. І з радні больш хінулася да тых, хто падзяляў яе каштоўнасці.
А. Белакабылаў: Змагацца з такімі момантамі немагчыма. Разумееце, ёй так добра! Так і толькі так! Звычайна падобныя асобы, трапляючы ў чужыя дамы, дзе чыста, адчуваюць разгубленасць, не ведаюць, як стаць, як сесці, ім здаецца, што менавіта парадак іх прыгнятае. Занадта чыста – сумна, аж да дэпрэсіі.
В. Краўневіч: Так, а вось дома, у сядзібе Плюшкіна, ім – камельфо. Перафразаваўшы Горкага (“Мне здесь комфортно – тепло и сыро…”) – цёпла і брудна. Заўважана: часта такія людзі яшчэ і жывёл трымаюць…
А. Белакабылаў: О, ну гэта маё ўсё! Матывы такіх аматараў – па-за рамкамі разумення. Спачатку ўзялі ў палон ні ў чым не павінных істот, затым самі сталі іх рабамі. Іншай фармуліроўкі не маю.
В. Краўневіч: Ведаю, на Мальце на заканадаўчым узроўні замацавана: там, дзе жывуць людзі, жывёлам не месца. Маюцца заапаркі, гадавальнікі, дзе можна ўзяць апякунства над коцікам ці сабачкам, наведваць іх, карміць.
А. Белакабылаў: Вось-вось. І ўсе жывыя!
В. Краўневіч: Анатолій, калі свет дзеліцца на чысцёх і неахайнікаў, то ўзнікае пытанне: што рабіць сям’і, калі склалася: сышліся акуратыст і яго антаганіст?
А. Белакабылаў: Разбягацца ці цярпець. Інакш нічога не зробіш. Можна старацца ўсё браць на сябе. Гучыць так сабе, але гэта адзінае выйсце. Я падобнае ў сваім жыцці праходзіў. Прыхільніка бардака перавыхоўваць – вялікая праца. Многія людзі, што прывыклі да бруду, і ён для іх – камфорт, увогуле такіх, як я, лічаць шызафрэнікамі.
В. Краўневіч: Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, зараз шмат езджу па сельскай мясцовасці. Заўважыла: маюцца населеныя пункты, Дайнава, напрыклад, дзе здаўна людзі паважалі гігіену. Будавалі дом і адрузу ж узводзілі лазню. А ў іншых месцах пра гэта нават і не ўзгадвалі. Хата-пяцісценак, густа населеная людзьмі, а ў ёй ніводнага закутка няма, каб памыцца. Часта думаю: ну не ведалі пра водаправод і каналізацыю, але ж проста вугал з тазікам і занавескай можна было б адвесці…
А. Белакабылаў: Так. Скажу больш. Зараз іх нашчадкі жывуць у кватэрах з выгодамі і там умудраюцца ўстроіць штосьці накшталт таго, што бачылі ў дзяцінстве.
В. Краўневіч: Сапраўды. У адных маіх знаёмых ванна – для таго, каб трымаць там рыбу. Кажу: “А мыецеся дзе?” Адказ: “А што ж, мыцца хіба кожны дзень?”
А. Белакабылаў: Без каментарыяў. Навошта марнаваць час на душ, лепш у гэты час пайсці і наваколле забрудзіць. Бо хто гэта робіць? Такія ж. Акуратны ў адносінах да сябе чалавек – акуратны ва ўсіх праявах. Напэўна, у нас у Ракаве кожны ведае, што я сам наводжу парадак на дзіцячай пляцоўцы, якую ўзвёў па ўласнай ініцыятыве. Так, мяне ніхто не прасіў, не даручаў. Мне захацелася, каб было прыгожа, каб людзі прыходзілі і культурна адпачывалі. Што ў выніку? Гады затраціў на заклікі… Не, не прыбіраць! На такое і не разлічваю. Проста не кідаць смецце.
В. Краўневіч: Я пра гэта пісала два гады таму. Які вынік на сёння? Зрухі маюцца?
А. Белакабылаў: Вы ведаеце, маюцца! Дажаў большасць. Засталося працэнтаў 5. Што ж, ёсць такія, каму смеціць, як дыхаць. Я прыбяру. У ланцужку “зямля – я – парадак” паважаю ўсе звёны.
В. Краўневіч: Увогуле мяркую, што перашкода парадку – якраз-такі недахоп самапавагі, якая непарыўна звязана з унутранай культурай чалавека. Жыць, быццам свіння, – асабісты выбар асобных.
А. Белакабылаў: А мне так часта хочацца сказаць: «Жывіце вы людзьмі, свіннямі яшчэ нажывецеся!»
В. Краўневіч: Крыўдна, канешне, у XXI стагоддзі гаварыць “прописные истины”.
А. Белакабылаў: Як бачыце, не лішняе. Не старэе тэма. Я заўважыў, што зараз культ неакуратнасці насаджаецца нават праз моду. Каму патрэбна? Адказ яшчэ не прыдумаў. Не хапае фантазіі. Хоць забіце мяне, не разумею, чаму рваныя ці абрэмтаныя порткі – прыгожа!
В. Краўневіч: Нядаўна бачыла на адным з модных сайтаў дарагія дызайнерскія кеды. Там не толькі парванасць, але і высокамастацкі бруд…
А. Белакабылаў: І як гэта зразумець? Якім бокам гэта – прыгажосць? Разумею, камфорт. Але чаму камфорт павінен быць нейкі недарэчны ці ўвогуле пачварны? Чаму нельга спалучыць паняцці “прыгожы” і “зручны”? Выпадак. Ідзе жанчына. Уся такая “адцюнінгаваная” – валасы, бровы, вейкі, вусны… Усё на ўзроўні. А джынсы… Як Вам апісаць? 85% нагі – голыя. Пытаюся: “Навошта Вы так са сваёй прыгажосцю?” А яна шчыра здзівілася: “Вам не падабаецца?!”
В. Краўневіч: Ох, гэтыя, так званыя, трэнды… Не хачу выглядаць рэтраградам, таму не імкнуся выказвацца. Тут, напэўна, справа ў жаданні быць сучасным любой цаной.
А. Белакабылаў: Як тату і пірсінг, пра які Вы, дарэчы, таксама пісалі. Пазначыў сябе і красуецца. А што, для чаго і навошта, нават пры катаванні не адкажа. А чаму? А таму, што адказу няма! Як па мне, дык замест любой наколкі можна смела пісаць слова “дурань”. Я нават удзячны кожнаму, хто мяне загадзя папярэджвае, маўляў, не падыходзь, са мной кашы не зварыш.
В. Краўневіч: Давайце ўсё ж пра парадак. Як да яго прывучыць юных, не ведаеце?
А. Белакабылаў: А гэта таксама пра парадак! Тут трэба сказаць пра гены. Ёсць людзі, якіх не прывучыш, хоць катуй. Часта ўспамінаю эпізод з дзяцінства. Маці мые падлогу. Мой брат замінае ёй, круціцца, штосьці раскідае. То сюды яму трэба, то туды. Я ж сяджу на месцы, бо як можна ісці і пэцкаць там, дзе чыста? Заходзіць суседка ў карэлых ботах і шыбуе ў сярэдзіну пакоя. Я ўскакваю і не пускаю, кажу: “Куды Вы? Тут жа чыста!” І я, і брат такімі, як тады, засталіся…
В. Краўневіч: І што, выйсця няма?
А. Белакабылаў: Ёсць, калі пашанцуе. Выхаванне. Пажадана прыкладам. Лічу, што для дзяўчынкі галоўны арыенцір – маці ці якая-небудзь аўтарытэтная жанчына старэйшага пакалення. А хлопца ў гэтым сэнсе чалавекам робіць армія. Дарэмна матулі так баяцца яе. Маладыя людзі там да акуратнасці хутка прывыкаюць. На мой погляд, усеагульная воінская павіннасць (ёсць у некаторых краінах) здорава павышае культурны вобраз краіны.
В. Краўневіч: Тэма парадку здаўна хвалюе грамадства, у пэўным сэнсе, расколваючы яго на два лагеры. Таму ў гэтым кірунку існуе мноства крылатых выразаў. Мой любімы: “Чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не брудзяць…” Хоць сама ўпэўнена: не будзеш “драіць”, зарасцеш…
А. Белакабылаў: Мне падабаецца выказванне кагосьці з японцаў: “Прыбіраючы свой дом, уяўляй, быццам наводзіш бляск на ўласную душу”. А нотку гумару можна? Як Вам такая прымаўка: “У лазню ходзіць той, хто лянуецца чэмхацца”.
В. Краўневіч: Сапраўды, у кожным жарце ёсць доля жарту. Ірэн Агінскі напісала наступнае: “Беспарадак не люблю… Парадак – тым больш”. Думаю, тут маецца рацыянальнае зерне. Ва ўсім патрэбен баланс. У што ператворыцца наша жыццё, калі ўсё запусцім? Але ж якім яно стане і ў выпадку, калі будзем толькі з анучкамі і пыласосамі лётаць? Дарэчы, мяркую, патрэбна развесці паняцці “парадак” і “чысціня”. Яны могуць супярэчыць. У доме, дзе ўсё раскладзена па сваіх месцах, можа быць не вельмі чыста, а ў выключна чыстым доме рэчы могуць валяцца абы-дзе.
А. Белакабылаў: Магчыма, але гэта рэдкасць. Хто цэніць чысціню, не дапускае і бедлам. Я, напрыклад, яго не выношу.
В. Краўневіч: Неабходна закрануць яшчэ і такі аспект, як чысціня ва ўсласным жыллі і клопат пра тэрыторыі, якія табе не належаць. Вы ў гэтым сэнсе ўнікальны чалавек. Узялі на сябе значны пласт работы, а яе, відавочна, павінны выконваць пэўныя службы.
А. Белакабылаў: Мне шмат разоў казалі: “Цябе не прасілі. Зрабіў – глядзі”. Вось і гляджу. Камусьці пакажацца высакамоўным, усё ж заяўляю з чыстым сумленнем: люблю сваю краіну, зямлю, на якой жыву, мне дастаўляе задавальненне клапаціцца пра яе, песціць.
В. Краўневіч: Вось бы так некаторыя мае суседзі. Калісьці па сваёй волі вырашылі ўскапаць кветнік сярод газона. Я асабіста была супраць. Газон прыгожы, догляд за ім просты. Да таго ж я зусім раўнадушная да кветак. Ну, добра, зрабілі. Эстэтыка – на грані фантастыкі: з цэглай, пастаўленай па крузе. Пагулялі нейкі час у работніц і закінулі. Зараз былы кветнік стаіць запушчаны. Чула ад адной з “гаспадынь” выраз: “Навошта мне, калі іншым не патрэбна?” Дык, пачакай, ты ж сама захацела! Іншым падабаўся газон. Вось зараз прыбяры за сабой, вярні ўсё на зыходную. Наеліся сваёй “эстэтыкі”, вярніце мне мой парадак!
А. Белакабылаў: Гэта ўжо пытанне добраўпарадкавання, яно шырэй за парадак. І значна больш спрэчнае. Тут справа ў густах. Вы мне аднойчы сказалі, што любіце мінімалізм, а мне падабаецца яркасць, розныя дэталі. У сваёй прасторы маем права тварыць, што жадаем. Таму і не крыўдую, калі мне не дапамагаюць у доглядзе за тэрыторыямі, якія сам добраўпарадкаваў. Удзячны, канешне, тым, хто хаця б не брудзіць. Я – аптыміст, думаю, калі паступова прывучаць людзей да парадку, ён абавязкова стане часткай іх жыцця.
В. Краўневіч: Парадак стварае жыццё, а жыццё – парадак… Прыгожы цыкл. Спадзяюся, некалі ён замкнецца…
Размаўляла Валянціна КРАЎНЕВІЧ
Фота аўтара