Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
02.08.2015. Прачнуўся а пятай. Гадзіны паўтары ляжаў і думаў, што трэба сказаць у Пугачах на свяце вёскі. Вырашыў доўга не гаварыць і пачытаць два вершы, напісаныя трыццаць пяць гадоў таму пра Пугачы. Разбудзіў Людмілу. Хутка сабраліся і паехалі на чыгуначны вакзал. З электрычкі патэлефанаваў у Пугачы і паведаміў, што ў Аляхновічах мы будзем у дзесяць. У вагоне сабралася шмат народу. У асноўным пажылыя жанчыны, якім трэба на лецішчы. Ехалі гадзіну. У Аляхновічах нас ужо чакала Наталля Жызнеўская. На машыне ў Пугачы заехалі за хвілін дваццаць. Праязджаючы праз Еленку, згадаў школьных сяброў, якія тут нарадзіліся. Шмат пустых хат. Людзей зусім не бачна, нібыта ніхто ў вёсцы не жыве. На заездзе ў Пугачы спыніліся. Мы з Людмілай падарылі Наталлі свае кніжкі з аўтографамі, а яна дала мне пачытаць, калі будзе вольны час, кіпу сваіх вершаў…
Сустрэлі нас каля Дома культуры, як самых вялікіх гасцей. Тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі булачкамі, якія нядаўна былі спечаны. Завялі ў бібліятэку, паказалі куток з маімі кнігамі і партрэтам, які ў свой час намаляваў Алесь Квяткоўскі. Для бібліятэкі мы з Людмілай падарылі свае новыя выданні…
На свята вёскі сабралася сотні паўтары людзей. Былі артысты з Валожына і ракаўскі фальклорны гурт “Гасцінец”. Першым выступіў старшыня Ракаўскага сельвыканкама, потым я і Людміла. Нам падарылі чайны сервіз з гравіроўкай “Жыві, мая вёска Пугачы. 2015”…
На сённяшні дзень самая старэйшая жыхарка Пугачоў – Валянціна Іосіфаўна Шніп. Ёй 88 гадоў. Яна ў школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэта на яе ўроку я даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў у Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, да якога ў час летніх вакацый я і хадзіў з вершамі…
Падарунак атрымала і мая першая настаўніца Марыя Вікенцьеўна Шніп. У школе яна была строгай, патрабавальнай і справядлівай, як і належыць быць сапраўднаму Настаўніку…
Самы юны жыхар Пугачоў – Дзмітрый Сасноўскі. Ён нарадзіўся 1 студзеня 2015 года…
Дзякуючы святу вёскі, сустрэўся амаль з усімі сваякамі, якія яшчэ жывуць у Пугачах. З Навасёлак спецыяльна на свята прыехаў траюрадны брат майго бацькі Леанід Жыткевіч. Словам, сёння ўсе дарогі вялі ў Пугачы да Дома культуры…
Падарункаў на свяце вёскі было ўручана вельмі шмат. Гучалі песні, разам з “Гасцінцам” развучваліся танцы, дзеці малявалі, а хто хацеў, мог набыць вырабы мясцовых майстрых, а таксама пачаставацца юшкай з блінамі…
Перад ад’ездам у Аляхновічы з Людмілай зайшлі дадому. Падкруціў у гадзінніку спружыну. Няхай у хаце не будзе мёртвай цішыні…
На палях жніво. Камбайны гудуць, буслы ходзяць, і сонца ў небе, як вялікая кропля мёду… Сёння Ілля. Павінна быць куча гнілля, а тут горача, як каля адчыненых дзвярэй лазні…
Наталля Жызнеўская адвезла нас у Аляхновічы на электрычку. Было крыху сумна, што свята вёскі прайшло, і адначасова радасна, што мае аднавяскоўцы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і святкуюць, як належыць…
03.08.2015. Перад абедам на працу да мяне прыходзіў рэжысёр Валерый Анісенка. Энергічны, эмацыянальны, як вялікі творца. Пагаварылі пра літаратуру і тэатры. Развітваючыся, Валерый Данілавіч сказаў: “Будзем працаваць, а не плакаць!”
Пасля абеду зайшоў зямляк Язэп. У шортах, сандалях на босыя ногі, у саколцы, у капелюшы. Загарэлы. Словам, прыгожы, як каўбой у час адпачынку. Набыў у аддзеле рэалізацыі дзявяты том Уладзіміра Караткевіча. Наш Ракаў рыхтуецца да свайго 550-годдзя. Я пішу “наш Ракаў”, бо ўжо трэці год, як Пугачы адносяцца да Ракаўскага сельсавета. Уся святочная праграма названа радком з майго верша “Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем…”
Гадзіннік на руцэ, як кайданка, якой ты прыкаваны да часу, у якім жывеш…
05.08.2015. Некалькі аўтараў прыходзілі ў выдавецтва. Сказалі, што на вуліцы горача…
06.08.2015. З Дзмітрыем Пятровічам удзельнічаў у літаратурным марафоне, які праходзіў у рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” у кнігарні “Светач”. Калі прыйшлі прыняць эстафету ад пісьменніцы, якая піша для дзяцей, на крэслах сядзелі сем чалавек. Праз дзве гадзіны, калі мы пакідалі кнігарню, перадаючы слова Алене Церашковай з дзецьмі, слухачоў было каля пяці дзясяткаў…
Вечарам да нас з Людмілай у госці прыходзілі нашы добра знаёмыя масквічы-пісьменнікі Аляксандр Закурэнка і Ірына Гурская з дачкой. У свой час мы з Аляксандрам паралельна вучыліся ў Літінстытуце, а Ірына наогул мінчанка. Гаварылі да гадзіны ночы пра вандроўкі, пра літаратуру…
08.08.2015. Нягледзячы на гарачыню, з Людмілай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі ў Пугачы, каб дафарбаваць плот…
Зайшлі ў хату. На стале два букеты руж у вадзе стаяць, нібыта толькі што зрэзаныя. Мы з Людмілай тыдзень таму, атрымаўшы іх на свяце вёскі, пакінулі тут, бо яны ўжо былі амаль завялыя. “Мама любіла кветкі, таму яны і ажылі!” – сказала Людміла, гледзячы на букеты…
Агрэст амаль увесь чырвоны. Вельмі шмат. Суседзям казалі, каб рвалі, колькі хочуць, а яны рвалі слабавата. У дзяцінстве мы з бацькам вазілі мяшкамі агрэст у Гарадок здаваць. Атрымлівалі грошы, на якія нам, дзецям, бацькі куплялі сёе-тое з абновак перад школай…
Пад вечар на машыне прыехалі дачка Валі Надзя з сябрам Сашам. У садзе зрабілі шашлыкі. Збегліся суседскія каты і малады сабака. Пачаставалі і іх…
З дому выехалі пасля дзевяці. Каля сялібы Ліды Шніп па вуліцы ішло чалавек пятнаццаць. “Відаць, нейкае вяселле…” – сказаў швагер. “Магчыма…” – выказаў сваю думку я. Праязджаючы каля людзей, я ўбачыў Ліду і яе мужа Валодзю, якому памахаў рукой. Швагер прыпыніў машыну, думаючы, што я выйду, але я не выйшаў. Вярнуўшыся ў Мінск, з Фэйсбука даведаўся, што да Ліды з Масквы прыехалі сваякі, з некаторымі і я знаёмы праз інтэрнэт. Цяпер шкадую, што сустрэча не адбылася…
09.08.2015. Спёка. 36 градусаў. Людміла прапанавала паехаць у Палац мастацтваў на выставу. Паехалі. У метро я даведаўся, што мы едзем на выставу адзення. Пасмяяўшыся з сябе, я вярнуўся дамоў, а Людміла пайшла ў Палац…
10.08.2015. Каторы дзень у галаве круцяцца радкі:
Лета пачалося. Не танцуй!
І яно аднойчы адвіруе.
Ад самоты сонца нас ратуе,
Ад спякоты сам сябе ратуй!
11.08.2015. Спякота. На Свіслачы чайкі, як воблака, якому добра на вадзе, а не ў небе…
Летам, калі мне было дванаццаць гадоў, з Гарадка бацькі прывезлі кнігу Івана Сяркова “Мы з Санькам у тыле ворага”. Я адразу яе прачытаў за некалькі вечароў. І потым, пакуль вучыўся ў школе, перачытваў шмат разоў. Кніга стала маёй любімай. Сёння, рыхтуючы яе перавыданне, звярнуў увагу на тое, што на 160 старонках аповесці слова “можа” паўтараецца разоў пяцьсот: “можа, заўтра”, “можа, холадна”, “можа, немцы”, “можа, партызаны”, “можа, паліцыя”, “можа, граната”, “можа, мёртвы”, “можа, свае” і г. д. І ўсё ж, перачытаўшы “Мы з Санькам у тыле ворага”, я не сказаў сабе: “Можа, цяпер не варта было чытаць…”
13.08.2015. Быў на Вайсковых могілках. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Прыехаўшы на паўгадзіны раней, чым трэба было, абышоў пісьменніцкія магілы. Пакланіўся Кузьму Чорнаму, Міхасю Клімковічу, Паўлюку Трусу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Алесю Гурло, Валянціну Таўлаю, Аркадзю Моркаўку…
Сярод магіл – апалае лісце, як тое, што засталося ад паперы, якая была на пісьмовых сталах у той дзень, калі пісьменнікі пайшлі ў лепшы свет…
Ад помніка да помніка павуцінка, як тэлефонны дроцік…
Зайшоў у царкву Аляксандра Неўскага. Прыцемкі. Запаліў дзве свечкі. Пасвятлела ў храме і ў маёй душы…
Да магілы Якуба Коласа прыйшлі яго родныя, супрацоўнікі музеяў, пісьменнікі і карэспандэнты. Пасля ўскладання кветак каля помніка гучалі словы ўдзячнасці Песняру і вершы. Людзі, якія праходзілі міма, прыпыняліся на хвіліну, слухалі. Сярод прысутных, відаць, яшчэ не разумеючы, што адбываецца, бегала маленькая праўнучка Якуба Коласа. Прыгожая і непасрэдная, як сапраўдная Паэзія…
З інтэрнэту даведаўся, што памёр мастак Георгій Скрыпнічэнка. Апошні раз мы з ім бачыліся 7 мая 2013 года ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на адкрыцці выставы жывапісу Алеся Квяткоўскага “Песні дрыгвы”. Георгій Сяргеевіч, ведаючы, што я прыйду выступіць у сябра на свяце, спецыяльна прынёс свой таўшчэзны (438 старонак) мастацкі альбом, загадзя падпісаўшы: “Віктару Шніпу, паэту, грамадзяніну, з вялікай павагай і ўдзячнасцю!!! Працуйма на карысць
БАЦЬКАЎШЧЫНЫ!!! Георгі. Мінск. 7.5.2013 г.”. Дорачы выданне, Георгій сказаў: “Ты прыйшоў, хоць мы і не дамаўляліся сустрэцца. Дзякую. Цяпер мне не давядзецца валачы назад гэту таміну, як некалькі разоў ужо валок, бо не прыйшлі паэты…”, і ён назваў імёны двух паэтаў…
14.08.2015. На 62-м годзе жыцця пакінуў гэты свет народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. За свой творчы шлях артыст сыграў і Сальвадора Далі, і Несцерку, і Тарцюфа. І ў кожнай ролі быў беларусам…
15.08.2015. Былі за горадам… Зялёная арда кукурузы чакае свайго часу… Заяц каля дарогі ласаваўся жытам. Малады і непалоханы. За пару метраў ад машыны ляніва схаваўся ў жыта, а мы яму ўслед добразычліва пасмяяліся…
Побач з лецішчам на зжатым полі перапёлкі. Штук дваццаць. І ў кожнай ножкі не баляць, бо ад нас пабеглі, нібы прапануючы: “Паспрабуйце дагнаць!”
Сланечнікі ў агародзе. А дзе Ван Гог? Прыляцеў чмель. Вялікі і прыгожы. Сеў на галаву сланечніку і не звяртае на нас увагу…
Агуркі ўжо не растуць. І трава не расце. Апалае лісце ў баразне, як рудая вада…
Прыйшоў кот. Худы, нібыта толькі што вярнуўся з марцавання…
Гронкі зялёнага вінаграду, як кроплі зялёнага бурштыну…
У азярыне купаюцца людзі. Машыны на беразе, як іх жалезная вопратка…
Чорная сліва на срабрыстай талерцы, як пляма на поўні…
На зжатым полі ходзяць буслы. Дзюбы іхнія, як стрэлкі, што паказваюць на восень…
16.08.2015. Хадзіў да Алеся Квяткоўскага. Ён рыхтуецца да выставы ў Гародні. Гаворачы пра творчасць, я прапанаваў Алесю намаляваць карціну “Чорны квадратасланечнік”, і падарыў яму для натхнення свой верш.
Дваццаць пяць гадоў жыву ў доме на вуліцы Волаха. Гадоў пятнаццаць таму пазнаёміўся з мастаком з суседняга пад’езда. Пазнаёміцца пазнаёміўся, а як завуць яго – забыўся. Сустракаючыся ў двары, мы віталіся, пыталіся пра жыццё-быццё. Гадоў дзесяць таму ў нашым доме быў капітальны рамонт. Доўгі час мы разам “ваявалі” з будаўнікамі, а потым зноў схаваліся ў сваіх кватэрах, зрэдку сустракаючыся на вуліцы. Мастак даглядаў хворую маці. І ў мяне дажывалі свой век
бацькі, якія тры гады таму пакінулі гэты свет. Нядаўна памерла і маці мастака. І, магчыма, я і далей не ведаў бы, як яго завуць (перапытвацца няёмка), калі б сёння ў Фэйсбуку на старонцы Яўгена Колчава не ўбачыў фотапартрэт свайго суседа з подпісам: “Мастак – Слава Лемачко”…
17.08.2015. Сёння пахаладала. І ўсе, як пару дзён таму адзін аднаму скардзіліся, што спякотна, скардзімся, што пахаладала… Нам не дагодзіш…
Лета адыходзіць ад нас, як мора ад берага, і апалае лісце, як пясок…
Сніцца родная хата, як пусты Ноеў каўчэг…
На дзявяты паверх выдавецтва, як на дзявятае неба, прыйшоў аўтар. Стаўшы на калідоры каля акна, ён убачыў аблокі, як Альпійскія горы, на якіх пасуцца швейцарскія авечкі. Прыгожыя і безабаронныя. І аўтару захацелася кінуць сваю пісаніну і пайсці ў пастухі. Але раптам падышоў рэдактар і запытаўся: “Вы да мяне?”
Млечны Шлях, як лёска. Поўня, як грузік. Зямля, як прынада…
19.08.2015. У мастакоў сярод старых выданняў знайшоў зборнік паэзіі (448 старонак) Радзіслава Лапушына “Взрослее облаков” (1996), які рэдагаваў Рыгор Барадулін. Нічога незвычайнага ў тым, што кніга захавалася да сённяшняга дня, няма. Сумна, што кніга падорана была супрацоўніцы выдавецтва з подпісам: «Драгоценной Ларисе Николаевне Шлапо – доброму Гению этой книги – с сердечной признательностью. Р. Л. 25.08.», і не забрана дамоў. І гэта ўжо не першы падобны падарунак аўтараў, які мне трапіўся ў рукі. Кажуць, што Радзіслаў на пачатку 90-х з’ехаў у Амерку. Ці піша ён там цяпер вершы – не ведаю. А паэт ён быў харошы. Абы-каго Рыгор Барадулін не рэдагаваў…
21.08.2015. Калі ў час вайны туркі хацелі разбурыць Парфенон, каб здабыць свінец, грэкі, даведаўшыся пра гэта, прыслалі ім кулі, каб яны маглі страляць, не знішчаючы Парфенон…
Па скверы следам за мной бяжыць белы сабака. Малы, як цацачны. Жанчына крычыць услед: “Не бойцеся! Я нядаўна яго карміла!”
Пішыце і гаварыце пра мае творы, што хочаце! З імі ад гэтага нічога не здарыцца.
22.08.2015. Прачнуўся а сёмай. Дзень пачаўся з радкоў:
Мы пойдзем у горад з табою гуляць,
У люднай кнігарні не купім нічога.
Там кнігі, як мёртвыя людзі, стаяць
У вечнай чарзе, зачакаўшыся Бога…
Працягу не напісалася.