Такую высокую ўзнагароду ёй уручылі на сёлетняй жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. Зараз Ганна ўжо студэнтка 2 курса Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вучыцца яна па спецыяльнасці “выяўленчае мастацтва і абслуговая праца”.
Падчас вучобы ў школе Ганна Радзівілка на працягу трох гадоў (9-ы, 10-ы і 11-ы класы) прымала ўдзел у прадметных алімпіядах па працоўным навучанні. І тры гады запар уваходзіла ў тройку лепшых на вобласці. На яе рахунку – адзін дыплом 3-й і два дыпломы 1-й ступеняў, дыплом 2-й ступені на рэспубліцы ў 11 класе. Рыхтавала пераможцу настаўніца Іна Леанідаўна Кербедзь. Таленавітая школьніца марыла паступаць на дызайнера.
Пра поспех, славу, дзіцячыя мары і дарослае жыццё мы з ёй і пагутарылі:
– Безумоўна, стаўшы стыпендыяткай, была вельмі рада, тым не менш зоркай сябе не лічу. На жаль, паступіла не туды, куды хацела: на цэнтралізаваным тэсціраванні атрымала харошыя балы, аднак пабаялася, што іх не хопіць для таго, каб пайсці вучыцца на дызайнера ў Гродна. Вось так і стала студэнткай педагагічнага факультэта. На факультэце – пяць спецыяльнасцей. Мая будучая прафесія – настаўнік працы.
Вучыцца цікава: у групе ў нас 18 чалавек – амаль усе дзяўчаты і толькі 4 юнакі. Разам больш паглыблена вывучаем аднолькавыя прадметы: канструяванне ці малюнак, што характэрна для хлопцаў, тэхналогія швейнай вытворчасці, іншыя. На факультэце я “харашыстка”, хаця дзесьці бывае і складана. Прадаставілі інтэрнат – ехаць да навучальнай установы недалёка. Атрымліваю стыпендыю.
Баранавічы размешчаны ў Брэсцкай вобласці і чымсьці падобныя да Валожына, але ён большы за наш горад. Ёсць амаль што аднолькавыя вуліцы: ідзеш і часам адчуваеш, быццам бы дома. Па горадзе ходзяць аўтобусы – іх многа. Дадому прыязджаю адзін раз у два тыдні, дабірацца трэба чатыры гадзіны дзвюма маршруткамі.
Па маленькай радзіме не вельмі сумую – на алімпіяды ездзіла, таму да самастойнасці звыклая. Аднак дарослае жыццё – гэта зусім іншае. Трэба і прыбраць, і ежу згатаваць – ніхто за цябе нічога не зробіць.
Вось чаго насамрэч не хапае – алімпіяднага руху. Падабалася, калі ездзіла на інтэлектуальныя спаборніцтвы ў розныя гарады: разам з іншымі ўдзельнікамі абмяркоўвалі, вучыліся, падказвалі адзін аднаму, займалі прызавыя месцы. Такое непаўторнае пачуццё адзінства было, немагчыма перадаць словамі. Я і зараз падтрымліваю адносіны са сваёй настаўніцай Інай Леанідаўнай Кербедзь. Ад мары сваёй не адмовілася: па-ранейшаму хачу штосьці ствараць і стаць дызайнерам жаночага адзення. А пакуль мяне часта запрашаюць ад кафедры на розныя конкурсы і майстар-класы – як стыпендыята і пераможцу прадметных алімпіяд.
Спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў быў створаны ў 1996 годзе. За 26 гадоў яго дзейнасці стыпендыятамі сталі звыш 38 тысяч вучняў і студэнтаў Беларусі. У нашым раёне такога высокага звання дасягнулі 37 вучняў. Па выніках 2021-2022 навучальнага года да ліку ўладальнікаў далучылася вучаніца СШ № 1 г. Валожына, пераможца прадметнай алімпіяды па працоўным навучанні Алена Рубан.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Алёны ЧАКУР