Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
13.11.2014. За апошнія тры тыдні да мяне прыходзіла некалькі празаікаў, якія заявілі: “Я вам прынёс “Вайну і мір”! Друкуйце!” Гаворачы з імі пра “Вайну і мір”, я даведваўся, што ніхто з маіх новых знаёмых твор Талстога не дачытаў да канца…
14.11.2014. Ужо даўно рукапісы не змяшчаюцца на выдавецкія паліцы, і я новыя кладу на верх шафаў. Сёння зірнуў на пажаўцелыя папкі і чамусьці ўспомніў бацьку, і ўва мне прагучала бацькава: “Гэтых дроў хопіць на некалькі гадоў!”
15.11.2014. За сценкай забрынкала піяніна, і я ўспомніў сваё кватараванне ў цёткі Галі на вуліцы Мяндзялеева. Мне было пятнаццаць гадоў. Я вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме. Кожны вечар над намі па гадзіне, а то і болей нехта брынкаў на піяніне. Мае сваякі слухаць музыку перад сном не любілі, і я, ведаючы гэта, вырашыў падпільнаваць музыканта і адвучыць яго іграць па вечарах. Праз некалькі дзён я высветліў, што на піяніне брынкае даўганосы хлапчук, на пяць гадоў маладзейшы за мяне. І вось аднойчы я падпільнаваў яго ў пад’ездзе і, узяўшыся за штрыфлі піджака, запытаўся: “Хто ты такі, што кожны вечар не даеш людзям спакойна легчы спаць?” — “Я Дзіма…” — прашаптаў даўганосы. “Я зараз цябе паб’ю, калі ты не паклянешся, што болей не будзеш іграць па вечарах!” — грозна заявіў я. “Добра. Але мне трэба іграць, бо я здымаюся ў фільме пра Бураціну”, — сказаў Дзіма. Казка пра Бураціну была адной з маіх любімых, і яшчэ некалькі гадоў таму я з сёстрамі ў вёсцы ставіў спектакль па гэтым творы. Хлапчук быў вельмі падобны на Бураціну, і мне раптам расхацелася яго біць, бо, б’ючы яго, я б пабіў свайго літаратурнага любімца, а любімых жа не б’юць. І ўжо недзе праз паўгода ў кінатэатры я глядзеў фільм «Золотой ключик, или Приключения Буратино», дзе ў галоўнай ролі быў Дзмітрый Іосіфаў, які жыў нада мной і якога я хацеў адвучыць іграць на піяніна…
17.11.2014. Некалькі тыдняў таму адной паэтцы я сказаў, што над яе рукапісам яшчэ трэба добра папрацаваць, каб атрымалася кніга, вартая выдання. У пятніцу паэтка патэлефанавала і адразу заявіла: “Я ўсю ноч не спала пасля размовы з вамі!” Падобнае ад паэтак чую не ўпершыню. Некаторыя старыя творцы, якія ў свой час нешта паспелі выбіць у выдавецтвах, палохаюць тым, што яны памруць і будуць мёртвымі прыходзіць да мяне і пытацца: “Чаму не выдаў кніжку?”. Такіх, дзякуй богу, нямнога, але яны ёсць. І шкада іх, і дапамагчы ім цяпер амаль немагчыма, і самае галоўнае— яны не разумеюць, што, калі іх гадамі нідзе не друкуюць, то і выдавецтва не выдасць кнігу. Чацвёрты дзень думаючы пра слёзы паэткі, захацелася дажыць да таго часу, калі знойдзецца чалавек, які пасля размовы (не толькі са мной!) пра яго слабенькія творы, патэлефануе і скажа : “Я ўсю ноч не спаў і вырашыў, што болей пісаць не буду, а калі буду, то не буду хадзіць па рэдакцыях і не буду займацца скаргамі!”…
19.11.2014. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы мастака Валерыя Сенчанкі. За час працы ў выдавецтве я прывык да яго, як да добрага традыцыйнага дызайнера кніг, і таму тое, што ўбачыў на выставе, было для мяне прыемнай нечаканасцю. Валерый Іванавіч на мастака не вучыўся, хоць і спрабаваў паступіць. Пасля вучобы ў Маскве трапіў інжынерам на завод “Інтэграл”. Там было літаб’яднанне. Пасябраваўшы з завадскімі паэтамі і аздабляючы іх падборкі вершаў у завадской газеце, звярнуў на сябе ўвагу таго начальства, якое разбіралася ў мастацтве. І ўжо ў 90-тыя гады Валерый Сенчанка на “Інтэграле” працаваў дызайнерам гадзіннікаў “Электрон”. Аднавясковец і сябра Валерыя Іванавіча расказаў, як трыццаць пяць гадоў таму яны былі ў кафэ, дзе паблізу сядзелі дзяўчаты, сярод якіх адна спадабалася яму. Як пазнаёміцца? І ён папрасіў Валерыя Іванавіча, каб той на сурвэтцы намаляваў партрэт прыгажуні. Калі партрэт быў гатовы, сябра дапісаў свой тэлефон і просьбу патэлефанаваць. Праз два тыдні дзяўчына патэлефанавала, і вось ужо 35 гадоў яны жывуць разам і сябруюць з сям’ёй Валерыя Сенчанкі…
26.11.2014. Па справах хадзіў да Ніла Гілевіча. Думаў, пабуду хвілін 10—15 і пайду дамоў, але Ніл Сымонавіч пачаў распытваць, “што там робіцца на волі?”. Ён ужо даўно не выходзіў з кватэры, і ўсе навіны ведае з сарочынага хваста. Прагаварылі больш за гадзіну. Ніл Сымонавіч падарыў мне 18-ы том са Збору твораў: “Маім добрым сябрам Людміле Іванаўне і Віктару Анатольевічу — на ўспамін аб сустрэчах, аб гутарках пра Беларусь, аб нашых абавязках перад Ёю. Ад сэрца — Ніл Гілевіч. 26.11.14.” У гэтым томе змешчаны артыкул пра мае вершы. Ён быў напісаны ў 2002 годзе. На маё пытанне ”Ці адведваюць вас пісьменнікі?” Ніл Сымонавіч адказаў: “Часта прыходзіць мой аднакурснік. Анатоль Вярцінскі. З Маладзечна, прыехаўшы па справах у сталіцу, заходзіць Міхась Казлоўскі. Ён надта слаўны хлопец! Сёння вы прыйшлі…” Развітваючыся, Ніл Сымонавіч папрасіў: “Калі будуць пытацца, як я сябе пачуваю, вы зманіце, што Гілевіч вельмі бадзёры, працуе шмат і на здароўе яшчэ не скардзіцца…”
27.11.2014. Прыходзіў стары. У кажуху і ў валёнках. У торбе прыносіў раман. Напісаны ад рукі. Амаль не прачытаць. Стары глухаваты. Яму 80 гадоў. На маё пытанне “Адкуль вы?” ён сказаў: “Я цяпер жыву ў Мінску, а так усё грэўся ў Сібіры…”
28.11.2014. Быў у камісіі па абароне курсавых прац студэнтамі другога курса інстытута журналістыкі. Пятро Жаўняровіч кіраваў працэсам, а я вучыўся і дапамагаў яму. Першай абаранялася мая студэнтка. Кацярына Забела. Яна з Ракава. Зямлячка. Я ўпершыню ў сваім жыцці ставіў адзнакі ў студэнцкую залікоўку. Зямлячцы паставіў дзевятку. У яе была праца пра нашу раёнку “Працоўную славу”. Другой дзяўчыне васьмёрку, а трэцяй дзевятку. Чацвёртая студэнтка не прыйшла на абарону. Пятро сказаў, што цяпер яна павінна будзе шукаць мяне і, калі нават усё зробіць па курсавой на выдатна, я павінен ёй паставіць ніжэйшую адзнаку, бо праца зроблена не ў тэрмін…
28.11.2014. У інстытуце журналістыкі размаўляў з Пятром Жаўняровічам пра тое, як студэнты з інтэрнэту спісваюць курсавыя і, перакладаючы іх з рускай на беларускую мову праз гугл, трапляюць у камічныя сітуацыі. Найбольш пасмяяліся з курсавой, дзе старонка “Заключэнне” была пазначана словам “Зняволенне”…
29.11.2014. Алесь Квяткоўскі прапанаваў з’ездзіць у Гарадскую мастацкую галерэю твораў Леаніда Шчамялёва. Там працуе выстава ягоных карцін “Зімовыя сны пчол”. Паехалі. Далекавата ад майго дома, але не шкадую, што пабыў у галерэі. Сабралася крыху людзей, якім у мароз захацелася памаляваць першы снег пад наглядам Алеся. Сярод маладых жанчын і маладых мам з дзецьмі быў Вітаўт Чаропка. Ён мне падарыў сваю новую кнігу “Геркулес, Руды і Пярун (Радзівілы-пераможцы)”. Перад тым, як пачалося маляванне, я пачытаў цыкл хоку “Зімовае”. За сталом, які быў складзены маладзіком, сядзела дванаццаць мастакоў, як дванаццаць апосталаў. Усе малявалі, а я сядзеў каля Чаропкі і натхняў яго ўспамінамі пра нашы маладыя гады. Алесь Квяткоўскі хадзіў кругамі каля стала і падказваў, як трэба маляваць. Гледзячы на яго, мне чамусьці ўспомніўся Астап Бэндар, які даваў сеанс адначасовай гульні ў шахматы ў вёсцы Васюкі. Я пра гэта сказаў Вітаўту, і ён запытаўся: “А дзе Панікоўскі?”. “Ён каля цябе сядзіць!” — адказаў я. Калі скончыўся наш пленэр, Вітаўт падпісаў сваю работу “Ранні снег” і падарыў мне. Развітваючыся з гаспадыняй галерэі Крысцінай Лядскай, я прапанаваў, пакуль працуе выстава Алеся, яшчэ раз зладзіць падобны пленэр. Супраць не было нікога…
29.11.2014. З Людмілай глядзелі фільм. Адзін з эпізодаў распавядае пра фотавыставу, на якую прыйшла карэспандэнтка. У час размовы, стоячы каля фотаздымка, дзе кат растрэльвае ахвяру, арганізатар выставы запыталася ў журналісткі: “А вы ў глыбіні душы на якім месцы хацелі б быць: на месцы ахвяры ці ката?” Дзяўчына не адказала і пакінула памяшканне. Людміла паўтарыла пытанне для мяне. І я адказаў: “Пры гэтым пакаранні, што на здымку, быў трэці чалавек — фатограф…”
02.12.2014. Пад канец працоўнага дня прыйшоў мастак Уладзімір Лукашык. Мы з ім рыхтуем цікавы кніжны праект, да якога далучаны кітаец Лі Цзо. Спадзяюся, што задума Лукашыка ажыццявіцца. Мне трэба напісаць для кнігі верш “Залатое і чырвонае”. Каб даведацца, у якім плане павінен быць твор, я пачытаў некалькі вершаў. Уладзіміру спадабалася слухаць, а мне чытаць, і мы амаль гадзіну прасядзелі. Ад чытання ў мяне аж горла забалела. Відаць, калі б мне не трэба было ісці на вечарыну да Людмілы, Лукашык яшчэ б слухаў мае вершы, а я чытаў яму…
02.12.2014. Удзельнічаў у прэзентацыі трэцяй кнігі “Авантуры Пранціша Вырвіча” Людмілы Рублеўскай. Дзякуючы Ярашу Малішэўскаму і ягоным музычным інструментам, у “Кніжным салоне” быў створаны антураж 18 стагоддзя, і я праз некалькі хвілін забыўся, што на вуліцы мароз і вечар. У імпрэзе ўдзельнічалі Адам Мальдзіс, Алесь Карлюкевіч, Ганна Запартыка, Ганна Кісліцына, Ганна Бутырчык, Ксенія Шталянкова, дырэктар «Кніжнага салону» Ала Зміёва і інш. Падчас прэзентацыі адбыўся віртуальны кастынг на ролі галоўных герояў “Авантур”. Большасць прысутных выказалася за тое, каб у цыкла пра прыгоды Вырвіча быў працяг. Прапаноўвалі пазбавіцца ад жонак і нявест галоўных герояў рознымі садысцкімі спосабамі. Адаслаць герояў у Рым, Амерыку, Афрыку. Зрабіць сенатарамі, піратамі, вандроўнікамі. На працягу ўсёй прэзентацыі я адчуваў няёмкасць з-за таго, што некаторым Людміліным чытачам давялося стаяць больш двух гадзін, бо, на жаль, у кнігарні ім не хапіла крэслаў…
04.12.2014. Па выдавецкіх справах хадзіў у мастацкі ліцэй, які ў свой час закончылі мае дачка і сын. Апошні раз там быў тры гады таму. Паўгадзіны размаўляў з дырэктарам Ліліяй Аляксееўнай. Потым паглядзеў дзіцячыя малюнкі, што вісяць на калідорах. Праходзячы каля класа, у якім першы клас заканчвалі Вераніка і Максім, сустрэў іх першую настаўніцу Зінаіду Кірылаўну. Абняліся, пацалаваліся. Зінаіда Кірылаўна заплакала. Паўспаміналі, паўздыхалі. Я заплакаў на вуліцы…
04.12.2014. Cёння праходзіў першы дзень паўфінальнага адбору на “Еўрабачанне-2015”. У ім удзельнічаў дзявочы гурт “FіBі”, дзе на бас-гітары грае мая дачка Вераніка. Прайсці ў фінал ім, відаць, не свеціць, але дзяўчаты маладцы, што не чакаюць, калі нехта прыйдзе да іх на рэпетыцыю і за рукі пацягне на вялікую сцэну. Сфатаграфаваліся з Аляксандрам Рыбаком, які у свой час быў пераможцам гэтага конкурсу. А можа, ён з імі…
07.12.2014. Снілася вёска. Родная хата. Усе дома. Да нас прыйшла ў госці мая стрыечная сястра Ірына з малымі дзецьмі. Яе меншы сын скраў у майго бацькі кашалёк з грашыма. Я заўважыў, але прамаўчаў, думаючы, а што будзе далей. Праводзячы гасцей дадому, я запытаўся ў хлопчыка: “Навошта ты дзедаў кашалёк узяў?”. Малы апусціў галаву і дастаў з кішэні скрадзенае, каб аддаць. “Забірай сабе! Табе болей грошы патрэбны!” — сказаў бацька і пайшоў у бок Ракава. 25 снежня будзе два гады, як памёр мой бацька…
10.12.2014. З таго часу, як выпаў снег, амаль кожную раніцу па дарозе на працу каля кнігарні “Светач” сустракаю сініцу. Яна ходзіць па сцежцы і не ўцякае ад мяне. Можа, гэта нейкі паэт, які, памёршы, стаў сініцай?
11.12.2014. Кожнаму з нас даецца магчымасць быць шчаслівым, а не шчасце…
12.12.2014. Быў у майстэрні скульптара Івана Міско. Пра яго Міхась Кенька і Зіновій Прыгодзіч ствараюць кнігу. Ужо шмат зроблена. Міхась Паўлавіч і Зіновій Кірылавіч абяцалі да канца студзеня здаць рукапіс. Сам Іван Якімавіч працуе над скульптурай Льва Сапегі. У час нашай размовы нячутна адчыніліся дзверы, і перад намі з’явіўся невысокі з сівой вялікай барадой стары. Павітаўся і, адмовіўшыся ад запрашэння далучыцца да вячэры, пакінуў нас. “Гэта скульптар Коля Бельскі. Вучань Азгура. Яму ўжо пад дзевяноста. Ні кватэры, ні майстэрні. У яго яшчэ захоўваецца дыпломная работа ў пластыліне. Нядрэнная праца. Я колькі разоў казаў яму, каб давёў задуму да канца. Ён толькі ўсміхаецца. Ні разу не быў афіцыйна жанаты, а дзяцей цэлая куча. Бадзяецца. То ў адной каханкі пажыве, то ў другой, то пабудзе ў дзяцей. Яго мы завём Леў Талстой…” — Іван Якімавіч крыху расказаў пра нечаканага наведвальніка. Як пачало цямнець, да нашай кампаніі далучыліся егіпцяне — Самір і яго сябра, а Кенька і Прыгодзіч пакінулі нас. Праз паўгадзіны прыйшла кампазітар Ганна Казлова са сваім вучнем Уладам. Хлопец нам паспяваў і пабег на працу — па вечарах зарабляе грошы ў нейкім рэстаране. Гадзіны дзве гаварылі пра Егіпет, пра Бога і мастацтва. Дамоў вяртаўся з пытаннем: “Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?”
13.12.2014. Сама густа населенае памяшканне ў Мінску— гэта майстэрня скульптара Івана Міско…
15.12.2014. Амаль усе савецкія пісьменнікі паўміралі, а тыя, што яшчэ не сыйшлі ў лепшы свет, толькі і целяпаюцца ў нашым часе, як гузікі на гнілых нітках на паношаным шынялі, а не ствараюць шэдэўры, якіх чакае савецкі чытач. Савецкі чытач яшчэ жывы, і яму хочацца савецкіх твораў, якія яму зразумелыя і родныя, як сусед, у якога здохла карова. Новых савецкіх шэдэўраў няма і ўжо ніколі не будзе. А новая, беларуская, літаратура ёсць, але яна яшчэ цалкам не выйшла з савецкага ценю. Ёсць і новы, беларускі, чытач і ён ужо ў кнігарні…
18.12.2014. У інстытуце журналістыкі прымаў залікі, да якіх трэба было паставіць у ведамасць рэйтынгавую адзнаку. Паставіў дзве дзевяткі, адну васьмёрку, чатыры сямёркі і дзве шасцёркі. Выкладчык, ё-пэ-рэ-сэ-тэ…
18.12.2014. Чайкі лётаюць над Свіслаччу, як снег, які не ведае куды яму ўпасці…