15 студзеня 2023 года Мінскай вобласці споўніцца 85 гадоў
Сёння мы пачынаем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.
Міншчыну па праве называюць сэрцам Беларусі, яна – цэнтральная, самая вялікая па тэрыторыі вобласць Рэспублікі Беларусь, агульная плошча якой складае амаль 40 тысяч квадратных метраў.
Шлях станаўлення Мінскай вобласці досыць складаны, шматгранны, багаты на падзеі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на тэрыторыі Мінскай губерні ўсталявалася Савецкая ўлада. Была створана новая сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення, якая прадугледжвала стварэнне акруг замест паветаў, раёнаў – замест валасцей, стварэнне сельсаветаў. І вось 15 студзеня 1938 года Першая сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла Пастанову “Аб змяненні і дапаўненні ў артыкулы Канстытуцыі СССР “Аб увядзенні ў БССР абласнога адміністрацыйнага дзялення”, згодна з якім была створана Мінская вобласць. Тэрыторыя вобласці ахоплівала больш за 27 тысяч квадратных кіламетраў, абласным цэнтрам з’яўляўся горад Мінск. У склад Мінскай вобласці ўвайшоў 21 раён.
На сённяшні дзень у Мінскай вобласці 1 горад абласнога падпарадкавання (Жодзіна), 22 раёны, у тым ліку і наш, 23 гарады раённага значэння, 18 пасёлкаў гарадскога тыпу, 216 сельскіх Саветаў, 5 пасялковых Саветаў, 5177 сельскіх населеных пунктаў, у тым ліку 307 аграгарадкоў. Насельніцтва Мінскай вобласці на 1 студзеня 2022 года складала 1 мільён 465 тысяч 755 чалавек, з гэтай колькасці гарадское насельніцтва складае 803 тысячы 870, вясковае – 661 тысячу 885 чалавек.
Гісторыя Мінскай вобласці – гэта неад’емная частка гісторыі нашай краіны, нашай дзяржавы і беларускага народа, а таксама нашай любай Валожыншчыны.
15 студзеня 1940 года падпісаны Указ Вярхоўнага Савета БССР, згодна з якім быў утвораны
Валожынскі раён.
За ўсе дзесяцігоддзі, якія мінулі з таго часу, наша зямля перажыла цяжкія гады ваеннага ліхалецця, даволі працяглы перыяд аднаўлення, стабілізацыі народнай гаспадаркі і культурнага развіцця. Архіўныя дакументы данеслі да нас шмат цікавых і важных звестак з гісторыі Валожыншчыны.
У даваенны перыяд адбывалася развіццё сельскай гаспадаркі, прамысловасці, фарміравання сферы абслугоўвання. Былі створаны 4 калгасы, машынна-трактарная станцыя, 51 бясплатная школа, 8 лячэбных устаноў, 2 аптэкі. У Валожыне быў арганізаваны райпрамкамбінат, які вёў памол зерня і распілоўванне лесу для насельніцтва, меў механічны і кавальскі цэхі. У раёне дзейнічалі 12 прыватных млыноў, 4 лесазаводы, мэблевая фабрыка.
Аднак гэту мірную, стваральную працу абарвала Вялікая Айчынная вайна. Ужо 26 чэрвеня 1941 года ўся тэрыторыя раёна была акупіравана фашысцкімі захопнікамі. Жыхары Валожыншчыны са зброяй у руках падняліся на абарону роднай зямлі, а нашы лясы ператварыліся ў партызанскі край. Зямля Валожыншчыны з першых дзён гітлераўскага нашэсця апынулася ў агні пажарышчаў і жорсткіх абарончых баёў. З першых дзён немцы ўстанавілі тут жорсткі рэжым, так званы “новы парадак”.
Цяжка дасталася перамога над ворагам. За гады гітлераўскай акупацыі ў раёне былі знішчаны больш за 8 тысяч чалавек мірнага насельніцтва. У Валожыне, Ракаве, Івянцы, Вішневе, Забрэззі былі створаны канцэнтрацыйныя лагеры смерці, дзе па-зверску былі знішчаны каля 6 тысяч мірных грамадзян. Разам з жыхарамі спалены вёскі Доры, Кражына, Мішаны, Янушкавічы, дзясяткі іншых вёсак і сотні хутароў. Каля 2 тысяч маладых людзей вывезена на катаржную працу ў Германію, каля 1 тысячы валожынцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай.
У разгром фашысцкай Германіі свой уклад унеслі нашы землякі – генералы Міхаіл Букштыновіч і Антон Гасціловіч, партызанскія сувязныя з Івянца Казімір і Люцыя Дзяржынскія, пяршайская піянерка Ядзя Трацэўская, герой-разведчык Аляксей Бацян і сотні радавых грамадзян раёна. Сярод удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны 53 валожынцы ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, 307 – ордэнам Айчыннай вайны II ступені, 24 чалавекі – ордэнам Чырвонай Зоркі, 21 чалавек – ордэнам Славы, медалём “За перамогу над Германіяй” – 371 жыхар раёна.
Валожынскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкай акупацыі часцямі 3-га Беларускага фронта 7 ліпеня 1944 года.
Жыццё паступова вярталася ў мірнае рэчышча. Сельская гаспадарка раёна складалася з 11215 індывідуальных гаспадарак, 50 працэнтаў з якіх не мелі ўласнай зямлі, а 6 працэнтаў – наогул не мелі ніякай хатняй жывёлы.
У 1944 годзе пачалі працаваць раённая бальніца, сельскія амбулаторыі. У жніўні гэтага года пачаў сваю працоўную біяграфію масласырзавод, які ўжо ў першыя дні вырабляў па 50 кілаграмаў масла. Адкрываліся аўтобусныя маршруты, пачалася радыёфікацыя населеных пунктаў. У 1945 годзе працавалі 66 школ, пры якіх адкрываліся так званыя “школы граматы” для дарослага насельніцтва.
Да 1946 года адноўлены даваенныя пасяўныя плошчы, МТС, створаны тры новыя калгасы. Бедным і малазямельным сялянам раздадзены 4521 гектар зямлі, адбудаваны 1186 дамоў, уведзены ў дзеянне 6 млыноў, 4 маслазаводы. Адкрыты 9 медыцынскіх устаноў.
У чэрвені 1946 года выканкам Валожынскага Савета дэпутатаў працоўных і бюро райкама партыі прынялі рашэнне ўключыцца ў работу па нарыхтоўцы і вывазцы лесу для ўзнаўлення горада Мінска і будаўніцтва Мінскага трактарнага завода. На працягу трох летніх месяцаў тут працавалі сотні падвод.
У верасні 1946 года ў Валожыне запрацаваў кінатэатр “Радзіма”, які знаходзіўся па вуліцы Савецкай (зараз тэрыторыя СШ № 1). Глядзельная зала была разлічана на 200 месцаў. Кожны дзень дэманстраваліся 3 сеансы, паказваліся 2 кінафільмы: “Волга-Волга”, “Давід-Бек”.
У 1947 годзе ў Валожынскай машынна-трактарнай станцыі працавалі 5 колавых трактароў, 4 зерневыя малатарні, 1 лакамабіль, 12 трактарных плугоў.
Да сярэдзіны 1948 года цалкам былі ліквідаваны зямлянкі, у якіх пасля вайны жылі людзі. Пачалі працаваць колава-абозныя і слясарна-кавальская майстэрні, устаноўлены 3 піларамы, сталярна-бандарны цэх, 3 цэглавыя заводы. У гэтым жа годзе быў арганізаваны прамкамбінат пры райспажыўтаварыстве і ўступіла ў дзеянне торфапрадпрыемства “Дубіна”.
У 1948 годзе ў Стайкаўскім сельсавеце ўтвораны тры новыя калгасы. 85 гаспадарак вёскі Стайкі аб’ядналіся ў калгас “Чырвоны Кастрычнік”. У вёсцы Чартавічы арганізаваны калгас імя Варашылава. Калгас “Перамога” створаны ў вёсцы Петрашунцы. У гэты ж час 27 сем’яў жыхароў вёскі Лоск аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку. Калгас быў названы імем Ф. Э. Дзяржынскага.
У маі 1948 года ў зале кінатэатра “Радзіма” адбыўся першы раённы піянерскі злёт. На ім былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшага юнага садавода, у якім піянеры Валожынскага раёна заваявалі 1-е месца.
У кастрычніку 1949 года адкрылася гарадская, а ў хуткім часе і дзіцячая бібліятэкі.
(Працяг будзе)