Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
27.05.2012. Вярнуўся з VІІІ абласнога семінара маладых паэтаў Міншчыны “Слова Купалы да творчасці кліча”, які арганізавала і правяла Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна. У семінары ўдзельнічалі 29 літаратараў узростам ад 16 да 30 гадоў. Акрамя мяне, з семінарыстамі займаліся Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская і Рагнед Малахоўскі. Усё было добра, але засмуціла мяне тое, што амаль усе пішуць рэдка і нават вельмі рэдка, і тое, што з 29 паэтаў былі толькі тры хлопцы. Парадавала, што амаль усе семінарысты добра валодаюць беларускай мовай…
31.05.2012. У Музеі гісторыі беларускай літаратуры рыхтуецца выстава, прысвечаная 40-годдзю выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сёння завёз у музей нашы ўзнагароды і кнігі, за якія мы іх атрымалі. Паглядзеў выставу “Апякункі паэтычных нябёсаў”, прысвечаную паэткам Еўдакіі Лось, Яўгеніі Янішчыц, Раісе Баравіковай, Веры Вярбе, Дануце Бічэль, Ніне Мацяш, Галіне Каржанеўскай, Валянціне Коўтун і Таісе Бондар. Якія ўсё ж яны ў час сваёй маладосці былі ветлыя і прыгожыя, светлыя і наіўныя! Але ўсё гэта было даўно! І ўспамінаюцца радкі Янішчыц:
Дзе час былы з паводкай весялосці,
Дзе шчыры поціск вернае рукі?
Саманаіў расстайнай маладосці
Агнём на сэрцы выпіша радкі.
І змые час дурных здзіўленняў пену,
І пачуццё абвугліцца датла.
…Паэзія – яна не знае тлену,
Калі ў душы хоць прыгаршчы святла.
Усё мінае. Паэзія застаецца!
Ідучы з працы, сустрэўся са скульптарам Іванам Міско, які адразу ж сказаў: “Я вас даўно чакаю ў госці, а вас няма ўсё і няма!” І я абяцаў, што ў хуткім часе з Людмілай і дзецьмі заглянем да яго ў майстэрню. Крыху прайшоўшыся разам па вуліцы, я ад Івана Якімавіча даведаўся, што ён нядаўна быў у Маскве і цяпер працуе над скульптурай расійскага касманаўта – беларуса, які ў канцы гэтага года павінен паляцець у космас…
01.06.2012. Выйшаў першы том (534 старонкі) Збору твораў у 25 тамах Уладзіміра Караткевіча. У ім змешчаны вершы з кніг “Матчына душа” і “Вячэрнія ветразі”, а таксама паэтычныя творы 1950-х гадоў і 1960 года, якія не ўвайшлі ў свой час у зборнікі паэзіі. Прадмова, падрыхтоўка тэкстаў і каментарыі Анатоля Вераб’я. І я веру, што той, хто падпісаўся на Збор твораў, не пашкадуе, бо “творчасць Уладзіміра Караткевіча – гэта мастацкі летапіс трагічнай і велічнай гісторыі беларускага народа, напісаны сумленна, шчыра, з любоўю і таленавіта”!
02.06.2012. У выдавецтве ёсць цэлая шафа, закладзеная блакнотамі паэткі Алы Церахавай. Гэта плён яе апошняга пяцігадовага рыфмавання. Нам яна пісала амаль кожны тыдзень. Паштальёны злаваліся на паэтку і на нас, што мы несвоечасова прыходзім на пошту па яе бандэролі, а яна кожны дзень пытаецца, ці аднеслі яе вершы ў выдавецтва. Напачатку мы адказвалі Але Церахавай, што немагчыма з-за яе почырку прачытаць тое, што яна нам дасылае, а потым нават звярнуліся да яе з просьбай, каб яна больш не загружала пошту сваімі бандэролямі. Наша просьба падзейнічала, але наадварот, і нам у тыдзень сталі прыходзіць дзве, а то і тры бандэролі ад Церахавай. І вось недзе года паўтара назад паэтка знікла, і мы ўжо думалі, што назаўсёды, але на мінулым тыдні ў выдавецтва прыйшла бандэроль ад Алы з блакнотам, у якім запісаны вершы, якія нельга прачытаць з-за неразборлівага почырку…
У “ЛіМе” Яўген Гарадніцкі ў артыкуле “На крылах рамантыкі” напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцы Тамары Чабан. Гэта імя час ад часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вершы. Тое-сёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 года) надрукавана ў альманаху “Дзень паэзіі”. Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася. І не ведаю, як часта цяпер Яўген наведвае Тамару, але калі б ён не быў яе мужам, то наўрад сёння ў “ЛіМе” ўспомніў бы хто пра яе юбілей, і не таму, што яна не вартая добрага ўспаміну, а таму, што няма ў нас асабліва каму ўспамінаць нашых памерлых…
03.06.2012. Ранак. Гляджу ў акно на вуліцу, як у вочы новага дня…
З прыемнасцю прачытаў у “Звяздзе” за 30 мая сказанае настаўніцай беларускай мовы Таццянай Красоўскай: “Вырашыла, што лета я прысвячаю Уладзіміру Караткевічу і яго непаўторным творам. Я “падсела” на гэта яшчэ з “Каласоў пад сярпом тваім”, цяпер чытаю “Чорны замак Альшанскі”. Буду чытаць усяго Караткевіча і нават перачытаю тое, з чым пазнаёмілася раней, калі была студэнткай. Мне падабаюцца яго творы за праўду жыцця, сардэчнасць і цудоўную беларускую мову. З ужо прачытанага хачу таксама параіць кнігу Людмілы Рублеўскай “Золата забытых магіл”. Проста немагчыма адарвацца! Кожную вольную хвіліну аддаю чытанню. Гэты твор трымае цябе ад першай да апошняй старонкі. А яшчэ Людміла Рублеўская можа пісаць пра каханне проста і, разам з тым, вельмі велічна”.
Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны холадам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі праглядзеў некалькі фільмаў. Фільм рэжысёра Вячаслава Роса “Сібар. Монамур” расказвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, калі дзядзька вяртаўся дамоў ад старавера, яго з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўваліўся ў перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, я ўспомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў калодзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і хлопчык яго назваў “татам”…
Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране…
04.06.2012. Раісе Баравіковай 11 мая было 65 гадоў. З гэтай нагоды ў часопісе “Маладосць” № 5 змешчаны матэрыялы, прысвечаныя юбілярцы. Сярод іх надрукаваны і мой верш. Сёння ўдзячная Раіса Андрэеўна патэлефанавала мне і нагаварыла кучу прыемных слоў за “Сад Раісы Баравіковай”.
05.06.2012. “Деревья, как зрелые женщины, казались тщательно напудренными” – так пачынаецца раман, рукапіс якога ў мяне сёння з’явіўся на працоўным стале…
Хадзіў у музей гісторыі беларускай літаратуры. У кабінеце дырэктаркі Лідзіі Макарэвіч сустрэў Леаніда Дранько-Майсюка. 12 чэрвеня ў музеі адбудзецца прэзентацыя ягонай “Кнігі для спадарыні Эл”. Дранько-Майсюк быў з вялікім чорным парасонам, як з чорнымі складзенымі крыламі…
10.06.2012. Чорныя бліскучыя легкавікі ў высокай траве, як велізарныя каляровыя жукі…
Вечарам бацька сустрэў мяне словамі: “Ты не крыўдуй, што я цябе, бывае, называю Славікам! Я ведаю, што ты Віця, але, гледзячы на цябе, успамінаю свайго малодшага брата, які быў такі ж добры, як і ты…”
11.06.2012. Мой дзень прайшоў, як сонца праглынуўшы…
14.06.2012. Еду ў аўтобусе. Побач два хлопцы, відаць, учарашнія школьнікі, абмяркоўваюць здачу тэсціравання па рускай мове. Адзін пытаецца ў другога: “А як правільна пісаць, “мальберт” ці “мольберт”?” І чую адказ: “Калі “маляваць”, то “мальберт”, а калі “моль душыць”, то “мольберт”…
У кнігарні “Светач” сустрэўся з Анатолем Вярцінскім. Я прыйшоў, каб купіць агульны сшытак, а Анатоль Ільіч, каб паглядзець на новыя выданні. Ён хадзіў у выдавецтва “Беларусь”, дзе ў серыі “ШБ” выходзяць ягоныя вершы. Скончылася наша сустрэча тым, што Вярцінскі купіў сваю кнігу “Выбраныя творы”, якая ў 2009 годзе ўбачыла свет, і падпісаў мне. А я пра сшытак, які збіраўся купіць, успомніў, вярнуўшыся на працу…
Дорачы свае “Выбраныя творы”, Анатоль Вярцінскі тут жа выправіў у кнізе дзве памылкі. На старонцы 48 у радках: “Колькі святла навокал! А мама туды пайшла, Дзе ні рам, ні вокан, дзе ні школы, ні святла”. Замест слова “школы”, трэба “шкла”. А ў паэме “Даруйце!” замест “Даруйце, мая мама!” трэба “Даруй, мая мама!”…
15.06.2012. З летніка адной са ждановіцкіх школ да нас у выдавецтва з настаўнікамі наведаліся вучні, якія перайшлі ў шосты клас. Аксана Спрынчан і я правялі для іх невялікі ўрок сучаснай беларускай літаратуры. На маё пытанне: “Можа хто сярод вас піша вершы?” руку падняла чарнявая дзяўчынка Насця. Я папрасіў яе пачытаць што-небудзь, і Насця гучна і выразна прачытала свой верш на беларускай мове, прысвечаны Максіму Танку…
18.06.2012. З ранку да мяне на працу прыехала тэлебачанне з просьбай, каб я расказаў пра Веру Вярбу, якой 14 студзеня было 70 гадоў. На шчасце, я з Гертрудай Пятроўнай знаёмы, таму гаварыць было лёгка. Праўда, я назваў яе не Гертрудай Пятроўнай, а чамусьці Маркаўнай. Магчыма, таму, што з ёй пазнаёміўся яшчэ ў 1980 годзе ў рэдакцыі часопіса “Беларусь”, дзе яна працавала ў аддзеле літаратуры, куды я прынёс вершы, і з памяці выветрылася дакладнае імя па бацьку. Вера Вярба запомнілася ў элегантным капелюшы, з такімі ж элегантнымі сумачкай і парасонам. Яна выглядала так, як, я ўяўляў, і павінна была выглядаць паэтка. Словам, нагаварыў пра Веру Вярбу кучу харошых слоў. Магчыма, яна і пачуе іх, калі паглядзіць перадачу пра сябе…
19.06.2012. З самага ранку мне на працу патэлефанаваў незнаёмы і папярэдзіў, каб я сёння чакаў яго, бо ён хоча мне паказаць свае геніяльныя творы. Праз некалькі гадзін пасля тэлефанавання прыйшоў незнаёмы гадоў пяцідзесяці і прынёс рукапіс рамана. Гаварылі доўга, на развітанне мужчына сказаў: “Калі не надрукуеце да канца года, я зап’ю і буду піць да таго часу, пакуль ці я памру, ці вы надрукуеце мой геніяльны твор!”
21.06.2012. Яшчэ далёка восень, а лістота ўжо ападае. І ты наступаеш на лістоту, як на дні, не табой пражытыя…
24.06.2012. У Вязынцы каля музея Янкі Купалы над скошанай травой лётае белы матылёк, як белы верш…
27.06.2012. Прыходзіў алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь – у нас выйшла кніга пра яго. Я ад выдавецтва падарыў яму адзін экзэмпляр і тут жа пачуў: “А чаму так мала?” Давялося тлумачыць Аляксандру Васільевічу: “У нас, як і ва ўсіх вытворцаў, уся прадукцыя на ўліку і яе можа кожны супрацоўнік выдавецтва або наведвальнік купіць або ўкрасці. Красці нельга! Купіць можна!” Аляксандр Васільевіч хітра ўсміхнуўся і паўтарыў: “Адна – мала…”
28.06.2012. Гляджу ў акно, нібы ў ваду, дзе лета цячэ…
30.06.2012. Патэлефанавалі з родных Пугачоў з Дома культуры і запрасілі прыехаць 15 ліпеня на святкаванне Дня вёскі і выступіць. Я адразу даў згоду, бо родныя ж людзі запрашаюць і да ўсяго кажуць: “Вы наш здабытак!” Цяпер трэба будзе думаць, як дабрацца ў Пугачы і вярнуцца своечасова ў горад, каб бацьку не кінуць на суткі аднаго…
01.07.2012. Высока-высока ў небе самалёт, як мамін срэбны крыжык у вадзе вечнасці…
15.07.2012. Ездзіў у родныя Пугачы на свята вёскі… З аўтобуса выйшаў каля Ракаўскіх могілак і пайшоў да мамы. Адчуваў спінай, як услед мне з аўтобуса глядзелі людзі… Маміна магілка прыбрана. Прыбрана так, як быццам яе прыбірала сама мама…
На Ракаўскім аўтавакзале мяне чакала загадчыца Пугачоўскага клуба Наталля Сасноўская з маладой дырэктаркай Пугачоўскай школы Аксанай Віктараўнай Сафронавай, якая ў нашы мясціны трапіла з Гомельшчыны па размеркаванні і цяпер жыве каля Ракава ў Выганічах, з якіх амаль пяць гадоў ездзіць на працу ў Пугачы. Раней яна некалькі гадоў выкладала замежную мову. Усю дарогу да Пугачоў з Наталляй, якая была за рулём, гаварылі пра вёску.
Святкаванне пачалося а палове дванаццатай. Аднавяскоўцаў сабралася вельмі шмат. Мікрафоны стаялі на ганку Дома культуры. Пасля старшыні сельсавета выступаў я. Глядзеў на людзей і сярод іх бачыў маму…
На сённяшні дзень у Пугачах жывуць 500 чалавек. З іх 100 дзяцей… Самая старэйшая жыхарка Пугачоў – Марыя Адамаўна Багіна. Ёй – 88. Самы малы жыхар – Дзяніс Дзмітрыевіч Шымель, які нарадзіўся 3 ліпеня 2012 года…
Пасля свята да мяне набегла дзяцей, каб разам сфатаграфавацца, а ўсе сваякі сталі мяне клікаць у госці. Абяцаў, што наступным разам прыеду спецыяльна і ўсіх адведаю…
16.07.2012. Каардынаты маіх Пугачоў: 54°04’60» паўночнай шыраты і 27°00’00» усходняй даўгаты. Вёска знаходзіцца на 282 метрах над узроўнем мора…